Сьцяг Беларускай ССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяг Беларускай ССР
БССР
Сьцяг Беларускай ССР
Прапорцыі 1:2
Прыняты 25 сьнежня 1951
Скасаваны 19 верасьня 1991
Дызайн Чырвоная і зялёная палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1, з выявай у верхнім левым куце чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі з залатой аблямоўкай. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, белы на чырвоным фоне
Аўтар Мікалай Гусеў

Сьцяг Беларускай ССР — рэспубліканскі сымбаль Беларускай ССР, зацьверджаны 25 сьнежня 1951 году. Гэта палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1, з выявай у верхнім левым куце чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, апраўленай залатой аблямоўкай. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, белы на чырвоным фоне. Праіснаваў да выхаду Беларусі з складу СССР.

З 1995 году рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю сьцяга БССР — каляніяльны[1] чырвона-зялёны сьцяг[1] (ЧЗ-сьцяг; рас. Красно-зеленый флаг, КЗ-флаг, флаг Белоруссии), de facto усталяваны ў якасьці дзяржаўнага сьцяга Беларусі ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Карэла-Фінскай ССР з карэльскім арнамэнтам, 1940 г.

У першай Канстытуцыі БССР (ССРБ), прынятай 3 лютага 1919 году, прысутнічала наступнае апісаньне сьцяга рэспублікі: «Гандлёвы і ваенны сьцяг ССРБ — прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“»[3]. Пры гэтым эталённай выявы сьцяга не існавала[3]. Пазьней сьцяг БССР некалькі разоў зьмяняўся, аднак адзінае яго адрозьненьне ад сьцяга СССР (як і сьцягоў іншых саюзных рэспублік) крылася ў надпісе «БССР» у левым верхнім куце. Такім чынам, узорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[4]. Тым часам савецкія ўлады ў Маскве ў 1928 годзе распачалі актыўнае змаганьне зь бел-чырвона-белым спалучэньнем колераў: у дакладзе АДПУ (пазьнейшага НКВД) у ЦК ВКП(б) ад 27 траўня адзначаўся загад да менскіх уладаў перафарбаваць вулічныя слупы і інтэр’ер Дому працы, раней расфарбаваныя ў беларускія нацыянальныя колеры (рас. белорусские национальные цвета)[5].

Работы Гусева: плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму» (1940 г., налева) і партрэт Гітлера для дэманстрацыі на трыбуне ў Менску (1943 г., направа)

Неўзабаве па сканчэньні Другой сусьветнай вайны савецкія ўлады ў Маскве[6] распачалі кампанію па зьмяненьні сьцягаў рэспублік Савецкага Саюзу (у тым ліку і БССР) на больш арыгінальныя. Імаверна, яе прычынай было ўтварэньне ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. На фоне шматколернасьці сьцягоў краінаў-удзельнікаў ААН савецкія рэспубліканскія палотнішчы выглядалі непаўнавартаснымі і безаблічнымі[6].

Дзеля адлюстраваньня нацыянальных асаблівасьцяў на палотнішчы новага сымбалю БССР надумалі зьмясьціць малюнак арнамэнту, вышытага ў 1917 году (год кастрычніцкага перавароту) сялянкай Матронай Маркевіч зь вёскі, якая на момант стварэньня сьцяга ўваходзіла ў склад Ульянаўскага (назва ў гонар Леніна) сельсавету[6]. Яшчэ да вайны ўзор узялі на захоўваньне ў архіў Белпрамсавету з прычыны магчымасьці яго выкарыстаньня ў лёгкай прамысловасьці[6]. Вялікую ролю пры абраньні менавіта гэтага арнамэнту адыграла ягоная назва «Ўзыходзячае сонца», якая імпанавала камуністычнай ідэалёгіі[6]. Увогуле, выкарыстаньне нацыянальнага арнамэнту на савецкай сымболіцы не было ўнікальным: раней чуваскі арнамэнт зьмясьцілі на сьцягу Чуваскай АССР (1926 год), а грузінскі, карэльскі і кіргіскі — адпаведна на гербах Грузінскай ССР (1921 год), Карэла-Фінскай ССР (1940 год) і Кіргіскай ССР (1937 год).

Абраньню адпаведнага варыянту беларускага арнамэнту не перашкодзіў той факт, што мужа Матроны Маркевіч арыштавалі ў 1937 годзе за антысавецкую прапаганду і расстралялі, па чым сям’я прайшла праз «раскулачваньне». Арыгінал вышытага Матронай Маркевіч ручніка не захаваўся, бо быў альбо канфіскаваны савецкімі карнымі органамі ў 1937 годзе, альбо згінуў у час Другой сусьветнай вайны. Брата Матроны Маркевіч Міхаіла Кацара, мастацтвазнаўцу і загадчыка сэктару этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР, у 1951 годзе ўлучылі ў склад камісіі па распрацоўцы новага сьцяга БССР[7][8].

На падставе абранага арнамэнту малюнак новага сьцяга БССР стварыў мастак Мікалай Гусеў[6][9], народжаны ва Ўладзімерскай губэрні расеец, які канчаткова перабраўся ў Беларусь у 1932 годзе. Адной з апошніх яго даваенных работ стаў плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму», тым часам за нямецкай акупацый (1941—1944) ён маляваў партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны і яе кіраўніка Гітлера[10].

У выніку, 25 сьнежня 1951 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў новы сьцяг БССР[6]. Форму закону гэтаму ўказу надалі 27 сакавіка 1952 году[11].

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Яшчэ ў 1990 году ўлады Менску (а таксама Радашкавічаў[12]) пачалі выкарыстоўваць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг побач зь сьцягам БССР (яны разам вывешваліся над будынкам гарсавету). У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[13]. 24 жніўня 1991 году дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет Беларусі[14]. На наступны дзень, 25 жніўня, дэпутаты надалі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. А 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў[13].

Галерэя сьцягоў Беларускай ССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падобныя савецкія сьцягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Сьцяг Чуваскай АССР
з арнамэнтам (1926)

Сьцяг Летувіскай ССР
(1953—1988)

Сьцяг Малдаўскай ССР
(1952—1990)

Сьцяг Карэла-Фінскай ССР
(1953—1956)

Сьцяг Таджыцкай ССР
(1953—1992)

Сьцяг РСФСР
(1954—1991)

Сьцяг Украінскай ССР
(1949—1991)

Сьцяг Казаскай ССР
(1953—1992)

Сьцяг Узбэцкай ССР
(1952—1991)

Сьцяг Туркмэнскай ССР
(1953—1992)

Сьцяг Грузінскай ССР
(1951—1990)

Сьцяг Азэрбайджанскай ССР
(1952—1991)

Сьцяг Армянскай ССР
(1952—1991)

Сьцяг Кіргіскай ССР
(1952—1992)

Сьцяг Латвійскай ССР
(1953—1990)

Сьцяг Эстонскай ССР
(1953—1990)

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  2. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  3. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 21.
  4. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
  5. ^ Славатинский А. Доклад ОГПУ в ЦК ВКП(б) о политических настроениях в среде белорусской интеллигенции (27 мая 1928 г.) // ЦК РКП(б)—ВКП(б) и национальный вопрос. Книга 1. 1918—1933 гг. / Составители Л. С. Гатагова, Л. П. Кошелева, Л. А. Роговая. — М.: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2005. С. 569.
  6. ^ а б в г д е ё Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 24.
  7. ^ У Сянне адкрылі помнік жанчыне, якая вышыла арнамент з дзяржаўнага сцяга, Budzma.org, 6 ліпеня 2015 г.
  8. ^ Адкрыты спіс — Маркевіч Аляксей Захаравіч (1885)
  9. ^ Гурневіч З. Ловім прапагандыстаў на фэйках. «Калі б закон у краіне працаваў, то першымі пацярпелі б самі прапагандысты», Салідарнасьць, 22 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг, TUT.BY, 8.12.2020 г.
  11. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 25.
  12. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 26.
  13. ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
  14. ^ 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг. Радыё свабодаПраверана 16 студзеня 2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]