Вігілія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Вігі́лія (ад лац. vigilia — варта), вігілія Божага Нараджэньня, посная куцьця — традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 сьнежня, напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сьціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

У адрозьненьне ад Велікодных сьвятаў, якія сьвяткаваліся максымальна публічна, Вігілія мела падкрэсьлена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госьця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусьціў пераначаваць Сьв. Сям’ю перад нараджэньнем Хрыста. На вячэру зьбіраліся пасьля зьяўленьня на небе першых зорак, пад выбелены абрус сьцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэньне Хрыста ў стайні. Перад пачаткам вячэры гаспадар хаты дзяліўся зь сям’ёю асьвечанымі ў касьцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабою астатнія сямейнікі. Па выцягнутых з-пад абруса сьцяблінках варажылі аб тым, якім будзе будучы год; пасьля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. На В. плялі саламяных «павукоў», якіх вешалі ў хаце ці перад уваходам, упрыгожвалі хату або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі сямейнікам і слугам падарункі («каляду»).

У залежнасьці ад дабрабыту сям’і, на В. падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страваў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым самым ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сымбалізуючы адзінства ўсіх людзёў як дзяцей Божых. Асноўнымі складнікамі вігілійных страваў лічыліся пшаніца, мак і мёд (сымбалі дабрабыту і пладавітасьці). Галоўнымі стравамі былі куцьця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушоных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г. д.), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сьліжыкі і інш. У заможных хатах традыцыйнымі былі поліўка зь мігдалаў, розныя дэсерты («цукры»), арэхі, віно, з ХІХ ст. — гарбата.

Многія стравы і рытуалы Вігіліі, асабліва куцьця, маюць вельмі архаічны характар, і прыстасаваныя касьцёлам да патрэбаў хрысьціянскае рэлігіі пад час працяглага змаганьня з паганствам.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вігіліясховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»