Жанна Бічэўская
Жанна Ўладзімераўна Бічэўская (па-расейску: Бичевская Жанна Владимировна) — расейская нацыяналістычная сьпявачка, народная артыстка Расеі.
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася 14 чэрвеня 1944 году ў Маскве. У 1966—1971 вучылася ў дзяржаўнай вучэльні цыркавога і эстраднага мастацтва. Падчас вучобы пачала зьбіраць і запісваць расейскія народныя песьні. Адначасова працавала выкладчыкам па клясе гітары ў Загорскай вячэрней музычнай школе, затым — салісткай-вакалісткай у эстрадным аркестры. З 1971 па 1973 год — салістка вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Добры молодцы», з 1973 году працавала ў Москанцэрце.
У 1970-я гады ў рэпэртуар сьпявачкі ўвайшлі старажытныя расейскія народныя песьні, якія выконваліся бардаўскім спосабам: працоўныя і абрадавыя песьні вёскі, песьні-жарты, песьні-плачы, гарадзкая песьня, балада. Дзякуючы таленавітаму і арыгінальнаму выкананьню (яна выкарыстоўвае лепшыя дасягненьні стыляў «фолк» і «кантры») Бічэўская пачала імкліва набываць папулярнасьць. У 1973 годзе становіцца ляўрэаткай Усерасейскага конкурсу артыстаў эстрады. З гастролямі наведала Фінляндыю, Вугоршчыну, Румынію, Чэхаславаччыну, Югаславію, мноства гарадоў СССР. Пласьцінкі з запісамі народных песень разыходзіліся мільённымі тыражамі больш за ў 40 краінах сьвету.
Жанна Бічэўская — адзіная ў сьвеце выканаўца такога накірунку (сама яна яго заве «расейскі кантры-фолк»), якая 8 раз запар з аншлягам зьбірала прэстыжную ў Заходняй Эўропе парыскую залу «Алімпія». На Міжнародным конкурсе артыстаў эстрады ў Познані (Польшча) у 1980 годзе апроч званьня ляўрэата Жанна Бічэўская атрымала званьне «Міс творчая індывідуальнасьць». У 1989 годзе на Міжнародным конкурсе ў Сан-Рэма (Італія) за выбітнае ўкладаньне ў сусьветнае выканальніцкае мастацтва ёй быў прысвоены тытул «Залатая гітара», якога да яе з жанчын-гітарыстак удастоілася толькі вядомая выканаўца ў стыле «кантры», амэрыканка Джоан Баэз.
Рэпэртуар сьпявачкі налічвае некалькі сотняў твораў — песьні духоўнага і грамадзянскага зьместу, расейскія народныя песьні, а таксама песьні на вершы паэтаў «срэбнага веку».
У 1990-я гады на зьмену фальклёру ў творчасьць Жанны Бічэўскай прыйшлі белагвардзейскія (альбомы «Любо, братцы, любо…», «Русская Голгофа»), а затым духоўныя сьпевы — песьні іераманаха Рамана і песьні, напісаныя яе мужам, паэтам і кампазытарам Генадзем Панамаровым («Имени Твоему, Господи», «Песни иеромонаха Романа», «Осень музыканта»). У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў выдала некалькі альбомаў песень вядомых бардаў (А. Макарэвіча, А. Вярцінскага, Б. Акуджавы і інш.), а таксама шэраг альбомаў патрыятычнай тэматыкі («Мы — русские», «Царь Николай» і інш.).
Жыве і працуе ў Маскве.
Дыскаграфія [рэдагаваць]
- «Господа офицеры» (па-беларуску: Спадары афіцэры) (1994)
- «Слишком короток век» (па-беларуску: Занадта кароткае стагодзьдзе) (1997)
- «Любо, братцы, любо…» (па-беларуску: Люба, браткі, люба...) (1997)
- «Песни иеромонаха Романа» (па-беларуску: Песьні іераманаха Рамана) (1997)
- «Имени твоему, Господи» (па-беларуску: Імя твайму, Госпадзі) (1998)
- «Осень музыканта» (па-беларуску: Восень музыкі) (1998)
- «Русская голгофа» (па-беларуску: Расейская галгофа) (1998)
- «Старые русские народные, деревенские…» (па-расейску: Старыя расейскія народныя, вясковыя...) (1998)
- «Песни Булата Окуджавы» (па-беларуску: Песьні Булата Акуджавы) (1999)
- «Мы православные»
- «Грозный царь»
- «Царь Николай» (па-беларуску: Цар Мікалай) (1999)
- «Верую» (па-беларуску: Веру) (2000)
- «Мы — русские» (па-беларуску: Мы - расейцы) (2001)
- «Черный ворон» (па-беларуску: Чорны крумкач) (2002)
- «Боже, храни своих» (па-беларуску: Божа, захоўвай сваіх) (2003)
- «К-141» (2004)