Зорка Давіда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Зорка Давіда

Зо́рка Даві́да (на іўрыце: מָגֵן דָּוִד — Маген Давід, «Шчыт Давіда», у ідышы вымаўляецца могендовід) — эмблема ў форме шасьціканцовай зоркі (гексаграмы), у якой два роўнабаковыя трыкутнікі накладзеныя адзін на другі: верхні — вяршыняй уверх, ніжні — вяршыняй уніз, утвараюць структуру з шасьці роўнабаковых трыкутнікаў, далучаных да бакоў шасьцікутніка.

Зорка Давіда намаляваная на сьцягу Дзяржавы Ізраіль і зьяўляецца адным з асноўных яго знакаў. Паводле паданьня, гэты знак быў намаляваны на шчытах ваяроў цара Давіда.

У старажытнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гексаграма — інтэрнацыянальны сымбаль старажытнага паходжаньня. Ад пачатку гексаграма не зьяўлялася адмысловым сымбалем жыдоў і юдаізму. На Сярэднім і Блізкім Усходзе яна была сымбалем багіні Іштар. Пачынаючы з бронзавага веку гексаграма часта выкарыстоўваецца ў дэкаратыўных і чарадзейных мэтах у шматлікіх народаў, якія знаходзіліся на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго. На Ібэры́йскім паўво́страве знойдзеныя выявы гексаграм датычных па часе да жалезнага веку. Трэба адзначыць, што пентаграма значна часьцей выкарыстоўвалася ў якасьці чарадзейнага сымбаля. Тым ня менш абодзьве геямэтрычныя фігуры мажліва знайсьці на старонках шматлікіх сярэднявечных кніг па алхіміі і чараўніцтву.

Шасьцікутная зорка на камяні з сынагогі ў Кафарнаўмі

Найболей раньняя на Блізкім усходзе выява гексаграмы сустракаецца на габрэйская пячаці 7 ст. да н. э., якая належыла Ісусу Бэн Асаяху і знойдзеная ў Сідоне. Пазьней падобнымі зоркамі ўпрыгожвалі як рэчы хатняга побыту (у тым ліку лямпы і пячаткі), так і шматлікія старажытныя сынагогі, пачынаючы з пэрыяду Другога Храму. У якасьці прыкладу можна пазначыць сынагогу ў Кафарнаўмі (2-3 ст. н.э.), фрыз якой аздоблены арнамэнтам, у якім чаргуюцца шасьцікутныя зоркі і свастыкі. Гексаграмы ўпрыгожваюць падлогу рымскай вілы, накапанай у Эйн-Эяле пад Ерусалімам. Такім чынам верагодна, што шасьцікутнай зорцы ў гэты пэрыяд на Блізкім Усходзе яшчэ не надвалася якога-небудзь значэньня, акрамя дэкаратыўнага. Апроч таго вядома, што ў эліністычны пэрыяд гэты сымбаль з габрэямі ня асацыяваўся.

Задоўга да гексаграмы як сымбалю габрэяў гэтую ролю выконвала менора — храмавы сьвяцільня. Менорай з 2 стагодзьдзя н. э. пазначаюцца габрэйскія пахаваньні ў дыяспары і ў Палестыне, з гэтага ж часу яна стала атрыбутам афармленьня сынагогаў.

У сярэднявеччы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэднявеччы шасьцікутная зорка шырока выкарыстоўвалася ў Старым Сьвеце. Каралі Навары зьмяшчалі яе на сваіх пячатках. Шматлікія пісары ў Эўропе ў тыя часы таксама выкарыстоўвалі гексаграму ў якасьці элемэнта пячаткі. Таксама трэба адзначыць, што ў арабаў гексаграма сустракаецца значна часьцей. І ўпершыню трапляе на старонкі габрэйскіх кніг менавіта ў мусульманскіх краінах.

У 13-14 стагодзьдзях Зорка Давіда зьяўляецца на франтонах нямецкіх сынагогаў. Першае сьведчаньне таго, што гексаграма выкарыстоўвалася ў якасьці адмысловага габрэйскага сымбалю, датуецца 1354 годам, калі імпэратар Карл IV дараваў габрэям Прагі прывілей мець уласны сьцяг. Гэты сьцяг уяўляў сабой чырвонае палотнішча з выявай шасьціканцовай зоркі.

Новы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб сямейства Ротшыльдаў. Шасьцікутная зорка ўверсе зьлева.

У далейшым гексаграма выкарыстоўвалася ў якасьці габрэйскага друкарскага знаку (у асаблівасьці на праскіх выданьнях 16 стагодзьдзя і на кнігах, якія выдаваліся ў Італіі і Нідэрляндах), а таксама складовай часткі сямейных гербаў.

У Чэхіі таго пэрыяду магчыма было сустрэць шасьцікутныя зоркі як дэкаратыўны элемэнт у сынагогах, кнігах, на афіцыйных пячатках. Пазьней, у 17-18 ст. гексаграма ўвайшла ва ўжытак габрэяў Маравіі і Аўстрыі, а пазьней Італіі і Нідэрляндаў. Некалькі пазьней яна распаўсюдзілася сярод суполак Усходняй Эўропы.

Толькі напрыканцы 18 ст. Маген Давід стаў выяўляцца на габрэйскіх надмагільлях. Ужо пачынаючы з 1799 Маген Давід зьяўляецца як адмысловы габрэйскі знак у антысэміцкіх карыкатура. А чвэрцю стагодзьдзя пазьней Шчыт Давіда ўключаецца ў герб сямейства Ротшільдаў.

У 19 ст. Зорка Давіда была прынятая амаль усімі супольнасьцямі габрэяў. У 1897 годзе на сусьветным габрэйскім кангрэсе ў Базэлі Шчыт Давіда быў зацьверджаны ў якасьці афіцыйнага сымбалю габрэйскага руху.

Дадатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У табліцы Юнікод сымбалю Зорка Давіда адпавядае U+2721 ().

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Зорка Давідасховішча мультымэдыйных матэрыялаў