Расейская рулетка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Расейскі рэвальвэр сыстэмы «Наган»

Расейская рулетка (па-расейску: Русская рулетка), таксама гусарская рулетка[1][2][3] — экстрэмальная рызыкоўная гульня[4] ці заклад са сьмяротным зыходам[5]. Па правілах гульні ў пусты барабан рэвальвэру зараджаецца адзін патрон, пасьля чаго барабан некалькі разоў пракручваецца так, каб гульцы ня ведалі, дзе разьмяшчаецца адзіны патрон. Пасьля гэтага гульцы па чарзе падносяць рулю рэвальверу да ўласнай галавы і націскаюць на спускавы гаплік. У розных мадыфікацыях колькасьць патронаў у барабане можа быць рознай, ад аднаго да пяці (бо звычайна мяркуецца шасьцізарадны рэвальвэр). У звычайных рызыкоўных гульнях для імітацыі расейскае рулеткі выкарыстоўваецца цацачны рэвальвэр. Колькасьць сьмерцяў ад гэтае гульні невядомая.

Выраз «расейская рулетка» часам ужываецца ў пераносным сэнсе для пазначэньня нейкіх патэнцыйна небясьпечных дзеяньняў з цяжкапрадзказальным зыходам, а таксама для пазначэньня адвагі, якая мяжуе з неразважлівасьцю.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У расейскай дарэвалюцыйнай літаратуры няма ніводнага згадваньня гэтае гульні. Адзіны трук, аддалена падобны на расейскую рулетку, апісаны ў «Герою нашага часу» Лермантава.

Існуе некалькі вэрсіяў-легендаў, якія тлумачаць узьнікненьне гэтае гульні. Большасьць зь іх злучае ўзьнікненьне расейскае рулеткі з Расеяю, расейскімі салдатамі і афіцэрамі. Вось некаторыя з вэрсіяў.

  • У XIX стагодзьдзі расейскіх зьняволеных прымушалі гуляць у расейскую рулетку, у той час як ахоўнікі рабілі стаўкі на сьмерць ці выжываньне вязьня.
  • Яшчэ адна вэрсія абвяшчае, што афіцэры расейскага войску гулялі ў гэту гульню па ўласным жаданьні, каб зьдзівіць астатніх сваёю адвагаю.

Паводле апошняй вэрсіі, расейская рулетка зьявілася, як эфэктны, але ў цэлым досыць бясьпечны трук. Тлумачылася гэта тым, што ў некаторых рэвальвэраў, калі цынгель не ўзьведзены, барабан нібы круціцца вольна. Таму, калі барабан добра змазаны, то пры вольным кручэньні ён пад дзеяньнем масы адзінага патрона ўстане такім чынам, што патрон апынецца ў ніжняй частцы, і камэра барабану, сувосевая са ствалом, будзе з высокаю верагоднасьцю пустой. Аднак слабым месцам гэтае вэрсіі зьяўляецца той факт, што далёка не ва ўсіх рэвальвэраў пры неўзьвядзёным цынгелі барабан круціцца вольна, у тым ліку і ў таго ж рэвальверу сыстэмы Наган, асноўнага рэвальвэра расейскага войска напачатку XX стагодзьдзя: ягоны барабан пры неўзьвядзеным цынгелі спыняецца ў баявым становішчы спружынаю адмысловага фіксатара і, такім чынам, маса патрону ня можа аказаць на яго прыкметнага ўплыву, што і аспрэчвае гэтую вэрсію.

Першае пісьмовае згадваньне тэрміну «расейская рулетка» ставіцца да 30 студзеня 1937 году. Джордж Сурдэз (па-ангельску: Georges Surdez) у артыкуле «Расейская рулетка» ў амэрыканскім часопісе «Collier’s Weekly» прыводзіць наступны дыялёґ з францускім сэржантам, які служыў ў расейскім войску ў Замежным легіёне:

«Фэльдхэім… Ты калі-небудзь чуў пра „расейскую рулетку“?» Калі я сказаў, што ня чуў, то ён распавёў мне ўсё пра яе. Калі ён служыў у расейскім войску ў Румыніі, прыкладна ў 1917 годзе, калі вакол усё развальвалася, расейскія афіцэры лічылі, што губляюць ня толькі прэстыж, грошы, сям’ю, краіну, але і гонар перад тварам Саюзьнікаў. Некаторыя зь іх, седзячы дзе заўгодна — за сталом, у кафэ, у сяброў, — нечакана даставалі рэвальвэр, вымалі патрон з барабану, круцілі яго, прыстаўлялі рулю да сваёй галавы і націскалі спускавы гаплік. Верагоднасьць таго, што стрэл будзе і мазгі афіцэру разьляцяцца паўсюль, складала пяць шанцаў з шасьці. Часам так і здаралася, часам не.

Цікава, што ў прыведзеным урыўку апісваецца найболей экстрэмальны і найболей «сьмяротны» варыянт расейскае рулеткі — калі ў барабане рэвальвэру застаецца толькі адно пустое гняздо, але характэрна, што лік патронаў паказана не для рэвальвэру Нагана (7 штукаў), які быў асноўным рэвальвэрам расейскага войска ў 1917 годзе, што дазваляе выказаць здагадку чыста літаратурнае паходжаньне легенды пра «расейскую рулетку». З іншага боку, 4,2-лінейны рэвальвэр сыстэмы Сьміта-Вэсана, вядомы таксама, як «Сьміт-Вэсан-расейскі» і які зьяўляўся асноўным рэвальвэрам расейскага войска да «Нагана», меў барабан ёмістасьцю шэсьць патронаў.

Разнавіднасьці расейскае рулеткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі разнавіднасьцяў расейскай рулеткі. Галоўным чынам, тэхнікі гульні адрозьніваюцца па наступных прыкметах:

  • Па колькасьці патронаў у барабане
    Мінімальная колькасьць патронаў у барабане — адзін, максымальная — на адзін менш колькасьці камэраў у барабане. Пры гэтым зразумела, што рызыка ўзрастае прама прапарцыйна колькасьці патронаў у барабане.
  • Па кручэньні барабану
    Пасьля кожнае спробы барабан рэвальвэру можа (дадаткова да аўтаматычнага заваротку барабана) круціцца рукою. Матэматычна падобная апэрацыя робіць гульню некалькі меней рызыкоўнай, але ў той жа час і меней прадказальнай.
  • Па калецтву, які наносіцца
    У «клясычным» варыянце пасьля заваротку барабану руля рэвальверу прыстаўляецца да скроні, гэта значыць стрэл зь вялікаю верагоднасьцю азначае сьмерць. Аднак існавалі і больш «бясьпечныя» варыянты, калі рэвальвэр прыстаўляецца, напрыклад, да далоні. У «бяскроўным» варыянце стрэл вырабляецца ў бок.

Пры гэтым «клясычным» варыянтам расейскай рулеткі лічыцца гульня з наяўнасьцю аднаго патрона ў барабане рэвальвэра, дадатковым кручэньнем барабана далоньню пасьля кожнага стрэлу і прыстаўленьнем рулі рэвальвэру да скроні (да галавы).

Матэматычная мадэль расейскае рулеткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская рулетка падпарадкоўваецца агульным законам матэматычнае статыстыкі.

Калі лічыць рэвальвэр шасьцізарадным з адным патронам у барабане і калі барабан не круціцца рукою пасьля кожнага спуску цынгеля, то верагоднасьць стрэлу P з кожнаю новаю спробаю будзе павялічвацца прапарцыйна памяншэньню пакінутай колькасьці хадоў.

P=1/(N-n),

дзе P — верагоднасьць стрэлу, N — колькасьць гнёздаў у барабане, n — колькасьць зробленых хадоў.

Гэта значыць, верагоднасьць стрэлу разьмяркуюцца наступным чынам:

Ход Верагоднасьць стрэлу
1 1/6 = 0,1(6) = 16,(6)%
2 1/5 = 0,2 = 20%
3 1/4 = 0,25 = 25%
4 1/3 = 0,(3) = 33,(3)%
5 1/2 = 0,5 = 50%
6 1/1 = 1 = 100%

Такім чынам, калі пяць разоў рэвальвэр не стрэліў, то вядома, што ён стрэліць пры шостай спробе. Вядомы варыянт гульні, пры якім барабан круцяць пасьля кожнага ходу, ураўноўваючы верагоднасьці на кожным ходзе. Тады верагоднасьць P выжыць пасьля n-ай спробы пры верагоднасьці стрэлу на кожным ходзе, роўнае p, складае:

P(n)=(1-p)^n (глядзіце Памылка гульца)

Прыклад Выкарыстоўваецца 6-зарадны рэвальвэр з адным патронам. Верагоднасьць p стрэлу на кожным ходзе складае 1/6. Адпаведна:

Колькасьць хадоў Верагоднасьць выжыць
1 5/6 = 83,3%
2 (5/6)^2 = 69,4%
3 (5/6)^3 = 57,9%
4 (5/6)^4 = 48,2%
5 (5/6)^5 = 40,2%
6 (5/6)^6 = 33,5%

і т. д.

Паколькі адзін з удзельнікаў гульні пачынае першым, другі атрымлівае істотную перавагу — ён не павінен выпрабоўваць лёс у выпадку няўдачы першага. Для выраўноўваньня рызыкі другі ўдзельнік НЕ павінен круціць барабан пасьля пасьпяховага ходу першага. У гэтым выпадку верагоднасць згубы першага ўдзельніка роўная 1/6, а другога роўная (верагоднасьць атрымання ходу) * (верагоднасьць выпадзеньня патрона)= 5/6 *1/5=1/6. Гэта значыць, рулетка без дадатковых кручэньняў барабана зьяўляецца сумленнаю гульнёю ў матэматычным сэнсе.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У 1978 годзе савецкі спадарожнік Космас-954 зь ядравай крыніцаю энэрґіі на борце сышоў з арбіты і зваліўся на тэрыторыі Канады. За час, які прайшоў з моманту сходу з арбіты да моманту падзеньня, замежная прэса ахрысціла спадарожнік расейскаю рулеткаю, бо дакладна не было вядома, дзе ён зваліцца.
  • Арґанізатары прэміі Дарвіна — адной з гумарыстычных прэміяў, якія ўручаюцца за найболей недарэчныя спосабы сыходу з жыцьця — сьцвярджаюць, што расейская рулетка зьяўляецца адным з найболей прывабных спосабаў арыґінальнага сыходу з жыцьця, пры гэтым увесь час вынаходзяцца новыя разнавіднасьці. У прыватнасьці,
    • 22 сакавіка 1999 году трое камбоджыйскіх сялянаў падчас прыняцьця сьпіртных напояў бавіліся варыянтам расейскай рулеткі, па чарзе націскаючы нагою на процітанкавую міну, пастаўленую імі пад сталом у бары. Магутны выбух прынёс значныя разбурэньні, рэшткаў гульцоў знайсьці не атрымалася. Як ні дзіўна, загінуў ня толькі які прайграў, але і астатнія гульцы. (Прэмія 1999 году).
    • У 2000 годзе 19-гадовы юнак пасьмяротна атрымаў прэмію за гульню ў «расейскую рулетку» самазарадным пісталетам.
  • Існуе студэнцкая гульня, якая нагадвае расейскую рулетку. З пакаваньня слоікавага піва адзін слоік моцна трасуць. Гульцы адкрываюць піва, трымаючы слоік як мага бліжэй да галавы. «Нешчасьлівы» слоік апырсквае адкрылага яе.
  • Галяндзкі слабаалкагольны напой Russian Roulette прадаецца ў пакаваннях па чатыры бутэлькі, зьмесьціва аднае зь якіх афарбоўвае язык таго, хто выпіў у зялёны колер. Па задуме вытворцаў, група з чатырох чалавек адначасова выпівае свой напой і паказвае языкі; той, у каго ён апыняецца зялёным, лічыцца прайгралым і выконвае штрафное заданьне. Кардонная скрынка з напоем мае 8-вугальную форму і вонкавае падабенства з рэвальвэрным барабанам, узмоцненае дызайнэрскім афармленьнем (верхняе вечка скрынкі малюе тыльны бок барабана з пяцьцю пустымі каморамі і патронам у шостае).[6]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Руская рулетка
  2. ^ Gusarskaja Ruletka
  3. ^ энцыклапедыя рызыкоўных гульняў<
  4. ^ Большой толковый словарь русского языка. — 1-е изд-е: СПб.: Норинт. С. А. Кузнецов. 1998.
  5. ^ Толковый словарь Ефремовой. Т. Ф. Ефремова. 2000.
  6. ^ Russian Roulette vodka liquor

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]