Сынтэзатар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Сынтэза́тар — клявішны электра-музычны інструмэнт, які шырока выкарыстоўваецца ўва ўсіх стылях сучаснае музыкі. Сучасныя сынтэзатары маюць вялікую колькасьць арыгінальных гукаў і таксама імітуюць разнастайныя жывыя музычныя інструмэнты.

Музычны тэлеграф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шчыра кажучы, гэтую прыладу цяжка назваць музычным інструмэнтам, але ён несумненна зьяўляецца іх паўнапраўным прабацькам.

Музычны тэлеграф быў створаны ў 1876 годзе амэрыканскім інжынэрам і вынаходнікам Элайшам Ґрэям (Elisha Gray), які падчас экспэрымэнтаў з электра-магнітнымі ланцугамі знайшоў, што зь іх дапамогаю можна атрымаць мэлядычны гук. Дзеля гэтых жа мэтаў ён сабраў зь вібруючай дыяфрагмы прымітыўны дынамік.

Ґрэй прапанаваў з дапамогаю сваёй вынаходкі спрасьціць працу звычайнага тэлеграфа, але калі прыйшоў ў патэнтнае бюро, высьветлілася, што за дзьве гадзіны да яго нейкі брытанскі інжынэр Аляксандар Бэл запатэнтаваў больш зручную для карыстаньня прыладу — тэлефон.

Тым ня менш вынаходкі, выкарыстаныя пры стварэньні музычнага тэлеграфа, знайшлі свайго спажыўца ў іншых сфэрах, а ён сам даў жыцьцё першым электра-музычным інструмэнтам.

Тэлярмоніюм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым сапраўдным электра-музычным інструмэнтам стаў запатэнтованы ў 1897 і сканструяваны празь дзевяць год амэрыканцам Тадэвусам Кэхілам (Thaddeus Cahill) тэлярмоніюм.

Інструмэнт уяўляў сабой набор са 145 электрагэнэратараў і складанае сыстэмы пераключальнікаў і індуктараў. Меў тры сяміактаўных клявіятуры. Гралі на тэлярмоніюме ў чатыры рукі.

Праз адсутнасьць, якіхсьці узмацьняльнікаў (нават лямпавыя былі створаны толькі праз 20 год) гук тэлярмоніюма выводзіўся празь вялізарных памераў трубы, кшталту грамафонных, а пасьля перадаваўся ў тэлефонныя лініі. Праслухаць канцэрт тэлярмоніюма можна было праз звычайныя тэлефонныя лініі, дзеля чаго на слухалку трэба было апрануць адмысловы ражок.

З прычыны неверагодных памераў (агульная вага інструмэнта была 200 тон) складанасьці вытворчасьці і перавозак было створана толькі тры экзэмпляры. Не апошнюю ролю ў зьнікненьні тэлярмоніюму згулялі таксама тэлефонныя кампаніі т.ч. гук перадаваўся праз тэлефонныя лінніі, а моцнасьць інструмэнту была большая за іх магчымасьці, таму сыгнал тэлярмоніюму даваў моцныя памехі і перашкаджаў тэлефонным размовам. У 1916 ён быў разабраны.

Няма аніводнага запісу гэтага ўнікальнага інструмэнту, тым ня менш вядома, што ён надоўга апярэдзіў свой час. Напрыклад, тэлярмоніюм меў дынамічныя клявіятуры, сучасныя сынтэзатары атрымалі падобную амаль праз 100 год

Тэрмэнвокс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмэнвокс

Этэрафон расейскага фізыка й вынаходніка Льва Тэрмэна (пазьней у яго гонар перайменаваны на тэрмэнвокс) ня надта падобны на тое, што мы прызвычаліся лічыць за сынтэзатар, але тым ня менш менавіта ён быў моцным крокам да стварэньня гэтае лініі музычных інструмэнтаў.

Тэрмэнвокс уяўляе з сябе невялічкую скрынку з дзьвума антэнамі, якія ствараюць вакол сябе электрамагнітнае поле, на патрапленьне рук выканаўцы ў гэтае поле інструмэнт адказвае гукам, вышыню гука можна зьмяняць рухамі рук, нібы выканаўца дырэжыруе.

У адрозьненьні ад папярэднікаў, тэрмэнвокс быў прасьцей у вытворчасьці і колькі часу меў камэрцыйны посьпех, пакуль яго месца не занялі першыя электраарганы.

Электраарганы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы 1930-х гадоў малады амбіцыйны інжынэр і ўладар невялікага заводу па вытворчасьці электронных гадзіньнікаў Лорэнс Гаманд (Laurens Hammond) зразумеў, што яго справа перастала прыносіць прыбытак і трэба тэрмінова пераарыентаваць прадпрыемства на іншую галіну.

Пасьля шэрагу экспэрымэнтаў і некалькіх даволі вялізных прататыпаў, у Гаманда атрымливаецца стварыць даволі кампактны электра-музычны інструмэнт, які добра імітаваў гук касьцёльнага аргану, флейты і некаторых іншых блізкіх па гучаньни інструмэнтаў. А пасьля таго, як ў 1960-х Гаманд прыбраў са свайго інструмэнта вялікую і цяжкую акустычную сыстэму, яго электраарган стаў амаль што абавязковым атрыбутам шматлікіх рок-музыкаў

Тады ж у 1950-я1960-я гады індустрыя па вытворчасьці электраарганаў пачала рэзка разьвівацца й свае пазыцыі саступіла толькі ў 1970-х, калі электраарганы спачатку пацясьнілі аналягавыя, а потым лічбавыя сынтэзатары.

Новы віток цікавасьці да электраарганаў пачаўся ўжо ў 21 стагодьдзі, але з большага гэта лічбавыя сынтэзатары імітуючыя іх гук.

Электрапіяны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьявіліся ў 1940-я1950-я гады, дзякуючы вынаходцы-аматару Ґаральду Родасу. У хуткім часе да яго далучыўся шэраг фірм, якія займаліся падобнай вытворчасьцю. Шырока разьвілася ў 1970-я, калі вытворчасьцю электрапіянаў займаліся разнастайныя фірмы з Італіі, Японіі, Германіі і ЗША і страціла свае пазыцыі толькі ў 1980-х, падчас зьяўленьня лічбавых сынтэзатараў.

Сёньняшнія электрапіяны — гэта з большага лічбавыя копіі сваіх продкаў.

Аналягавыя сынтэзатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя спробы зрабіць гук сынтэзатараў больш разнастайным рабіліся яшчэ ў 1940-я1950-я гады, але тагачасная прамысловасьць ня ведала больш-менш кампактных паўправаднікоў, а паўправадніковыя лямпы мелі надзвычай вялікі памер і моцна грэліся, таму першыя аналягавыя сынтэзатары мелі памер з даволі вялікі пакой, граць на іх можна было даволі абмежаваны час, таму выкарыстоўвалі іх альбо ў вялікіх студыях гуказапісу, альбо ў кінаіндустрыі. Такім напрыклад быў савецкі сынтэзатар АНС, што існаваў у двух экзэмплярах, адзін зь якіх разьмяшчаўся на студыі-гуказапісу фірмы «Мэлёдыя».

Адным зь першых, хто паспрабаваў зрабіць больш-менш кампактныя сынтэзатары, быў амэрыканскі фізык і вынаходнік галяндзкага паходжаньня Робэрт Мооґ (Robert Moog). Пазнаёміўшыся на пачатку 1960-х гадоў з кампазытарам Гербэртам Дойчам (Herbert Deutsch), а пазьней з музыкам і інжынэрам Ўолтэрам Карласам (Walter Carlos), Мооґ стварае свой першы сынтэзатар, які першапачаткова меў назву Модульная Сыстэма (Modular Systems). Але ён таксама быў прыгодны толькі для студыйнае працы, хаця быў значна кампактнейшым за сваіх папярэднікаў. Дапамагло зьяўленьне паўправаднікоў новага пакаленьня — транзыстараў і ў 1970-м на рынку аб'яўляецца першы кампактны сынтэзатар МініМуґ (прозьвішча стваральніка памылкова прачыталі на ангельскі манер, а пасьля дадзеная памылка ператварылася на брэнд).

У 1970-я гады, адчуўшы патрабавальнасьць менавіта ў канцэртных сынтэзатарах стварыўся шэраг новых брэндаў, якія падхапілі ідэі і навацыі Мооґа. Да іх далучыліся і частка старых кампаніяў, што дагэтуль займаліся вытворчасьцю электраарганаў і электрапіянаў.

Аналягавыя сынтэзатары пачалі масава вярабляць у ЗША, Японіі, Германіі, СССР і краінах Соцлягера.

Але са зьяўленьнем у 1980-х, першых інтэгральных мікрасхемаў, эра аналягавых сынтэзатараў завяршылася.

Новае жыцьцё аналягавым сынтэзатарам дало зьяўленьне ў 2000-я гады электроннае музыкі, выканаўцы якой пачалі выкарыстоўваць старыя клявішныя інструмэнты праз больш цёплае гучаньне.

Лічбавыя сынтэзатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Амаль з самага пачатку зьяўленьня першых канцэртных сынтэзатараў разнастайныя фірмы, лябараторыі і вынаходнікі-аматары спрабавалі палепшыць яго магчымасьці і пазьбегнуць шумоў якія непазьбежна суправаджалі іх працу.

Вялікім прарывам на гэтым шляху было зьяўленьне ў сярэдзіне 1970-х гадах першых мікрасхемаў, а пасьля першых пэрсанальных кампутараў. Пасьля шэрагу экспэрымэнтаў і паўаматарскіх спроб зьявіліся першыя сынтэзатары, створаныя па лічбавай тэхналёгіі.

Ужо ў 1975 годзе амэрыканская кампанія «New England Digital» прэзэнтуе навінку лічбавы сынтэзатар «Сынклавэр» (Synclavier). Ён быў даволі даступным па кошце, але дастаткова дзіўна выглядаў, бо меў як фартэпіянную, так і кампутарную клявіятуры.

Падобныя сынтэзатары каштавалі вязізных грошаў і займалі шмат месца, таму доўгі час да навінкі ставіліся зь недаверам.

Пераломны момант дзеля лічбавых сынтэзатараў пачаўся напрыканцы 1970-х гадоў, калі адначасова некалькі кампаніяў з розных краінаў сьвету прэзэнтавалі значна спрошчаныя кампактныя сынтэзатары. Яны маглі прайграваць некалькі не складаных мэлёдыяў, імінаваць гук дзесятка разнастайных музычных інструмэнтаў і на іх можна было запраграмаваць некалькі простых сэмплаў, якія захоўваліся ў памяці сынтэзатара пакуль ён быў уключаны.

Сытуацыя значна палепшылася, калі па замове адначасова двух буйных вытворцаў сынтэзатараў, Роланда й Ямахі, быў створаны адзіны пратакол праграмаваньня, які атрымаў назву MIDI. Праз колькі часу да іх далучыліся іншыя вытворцы і MIDI атрымаў усеагульнае карыстаньне.

З гэтага моманту і па сёньняшні дзень лічбавыя сынтэзатары зьяўляюцца фаварытамі на рынку клявішных інструмэнтаў, але ў іх маюцца дастаткова моцныя канкурэнты.

Працоўныя станцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ з часоў стварэньня Сінклавера вытворцы мроілі канчаткова спалучыць сынтэзатар з кампутарам, але першы ўдалы рэзультат быў прэзэнтаваны карпарацыяй Корґ, толькі ў 1988-м годзе, калі зьявілася мадэль Korg M1.

З далейшае ж разьвіцьцём Працоўных Станцый стала мажліва ператварыць іх на міні-студыю, якія ня толькі маглі запісваць і граць мэлёдыі й сэмплы створаныя на інструмэньце, але й прайграваць запісаныя ў іншым месцы жывыя гукі, што яшчэ больш пашырыла мажлівасьці электронных музыкаў і калектываў з абмежаваным саставам, якім дагэтуль прыходзілася, альбо карыстацца паслугамі запрошаных музыкаў, альбо фанаграмай.

Канчатковага разьвіцьця Працоўныя станцыі дасягнулі ў 1990-я, калі Ямаха прэзэнтавала першуя Партатыўную Працоўную Станцыю, ці Walkstation (гульня слоў "Walk" - "Хадзіць" і "Workstation" - "Працоўнае станцыя"). У адрозненьні ад іншых Працоўных Станцый, Партатыўнае ня мела клявіятуры і ўяўляла сабой нейкая спалучэньне кампутара, сэмплера, сэквенсара й драм-машыны. Партатыўная Станцыя як мага больш падыхлдзіла для тых музыкаў, якія не любяць працаваць з кампутарнымі праграмамі, але жадаюць кантраляваць працэс стварэньня кампазіцыі на выснове забітых, ці ўласна створаных лупаў і сэмплаў. А наступнае пакаленьне Партатыўных Станцый - Ґрувбоксы атрымалі шырокі распаўсюд сярод выканаўцаў танцэвальнае музыкі, музыкаў эксперыментатараў і DJяў, якім было неабходна ў online-рэжыме ствараць простыя кампазіцыі на выснове сэмплаў ды лупаў загружаных у памяць інструмэнта, але не хацелася цягнуць з сабой гору апаратуры.

Віртуальныя сынтэзатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віртуальны сынтэзатар, альбо эмулятар - па сутнасьці кампутарны софт, прызваны дапамагчы музыкам і аранжыроўшчыкам працуючым у студыі. Замест таго, каб мець шэраг сынтэзатараў (часьцей аналягавых) розных вытворцаў, дастаткова запусьціць праграму імітуючую іх працу і падключыць да MIDI-клявіятуру. Пры гэтым на экране кампутара будзе бачна працоўная панэль сынтэзатара і празь яе мажліва стварыць неабходны ўнікальны гук, як і на "жывым", аналяге й захаваць дадзеныя наладкі.

Адзіны мінус эмулятара - не мажлівасьць карыстаньня ім на канцэртах.

Аналяга-мадэлюемыя і аналягавыя сынтэзатары новага пакаленьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 21 стагодьдзя з разьвіцьцём розных стылей электроннае музыкі, а таксама з жаданьнем зрабіць гук больш цёплым, сярод выканаўцаў нанова пачуўся попыт на старыя аналягавые сынтэзатары, але тыя адначасова з больш цёплым гучаньнем давалі старыя праблемы (нізкая якасьць гука), да таго ж ад часу шмат якія зь іх сапсаваліся.

Розныя фірмы адказалі на запыт патрабавальнікаў па рознаму.

Прадстаўнікі Трох Кітоў Сынтазатарабудаваньня выпусьцілі кожны па колькі мадэляў сынтэзатараў і працоўных станцыяў, якія дазвалялі эмуляваць аналягавый гук і апрацаваць іх згодна з правіламі, якія існавалі ў аналягавых сынтэзатараў. такія сынтэзатары атрымалі назву Аналягава-мадэлюемыя

Таксама актываваліся прадстаўнікі старых вытворцаў, прадукцыя якіх нанова стала карыстацца попытам. Аднавілі сваю дзейнасьць «Муґ», «Арганы Гаманда», «Родас» і іншыя.

Некаторыя ж фірмы пачалі вытворчасьць аналягавых сынтэзатараў створаных з улікам сучасных тэхналёгіяў, што пазбавіла дадзеныя сынтэзатары ад старых праблемаў з якасьцю гука і шумамі. Гэтыя сынтэзатары атрымалі назву Аналягавыя сынтэзатары новага пакаленьня.

Апошнім часам распачаўся выпуск аналягавых працоўных станцыяў і аналягавых модуляў, якія маюць толькі прыборную панэль без клявіятуры.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сынтэзатарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў