Тэлефон
Тэлефон (па-грэцку: τῆλε, «далёка», і φωνή, «гук») — сродак камунікацыі, які перадае і атрымлівае гук, галоўным чынам — чалавечае маўленьне. У разьвітым сьвеце зьяўляецца адной з самых звычайных бытавых прыладаў, зьяўляецца адным з найгалоўнейшых сродкаў камунікацыі для бізнэсу, прамысловасьці і дзяржаўнага кіраваньня. Слова «тэлефон» было запазычана ў мноства моваў ва ўсім сьвеце і шырока пазнавальнае з-за свайго падабенства ва ўсіх мовах.
Асноўны прынцып дзеяньня тэлефону заключаецца ў пераўтварэньні гукавых хваляў у электрычныя сыгналы і наадварот — сыгналы ў гукі. Гэтыя сыгналы распаўсюджваюцца праз тэлефонныя сеткі, часта канвэртуюцца ў электронныя і/ці аптычныя сыгналы — гэтым чынам амаль кожны тэлефон у сьвеце можа скантактавацца зь любым іншым. У кодавай табліцы Юнікод маюцца графічныя сымбалі для падкрэсьленьня інфармацыі, датычнай тэлефонаў: ℡(U+2121), ☎(U+260E), ☏(U+260F) і ✆(U+2706).
Зьмест |
Гісторыя[рэдагаваць]
Неэлектрычныя правобразы тэлефону[рэдагаваць]
Агулам, тэлефонам можна назваць усё, што перадае гук на вялікія адлегласьці. Першыя правобразы тэлефонаў былі мэханічнымі прыладамі, якія ў адрозьненьні ад сучаных тэлефонаў перадавалі мэханічныя хвалі (якімі зьяўляецца і гук), у той час як зараз тэлефоны маніпулююць электрамагнітнымі.
Згодна зь лістом да Peking Gazette, у 968 годзе ў Кітаі выкарыстоўваўся аналяг тэлефону, які перадаваў гук праз трубы. Вядомы доўгі час і вяровачны тэлефон, у якім дзьве дыяфрагмы былі зьвязаныя вяроўкай, празь якую ваганьні адной дыяфрагмы перадаваліся да другой.
Электрычныя прылады[рэдагаваць]
Тэлефон стаўся лягічным працягненьнем стварэньня і ўдасканаленьня электрычнага тэлеграфу. Гэтак, каталёнскі навукоўца Францэск Сальва і Кампіліё стварыў у 1804 годзе электрахімічны тэлеграф.[1] Электрамагнітны тэлеграф быў быў створаны Паўлам Шылінгам у 1832. Іншы аналягічны тэлеграф у 1833 годзе распрацавалі Карл Фрыдрых Гаўс і Вільгельм Вэбэр.
Першы камэрцыйны тэлеграф быў выраблены Вільямам Кукам і выкарыстоўваўся на чыгунцы Great Western Railway у Вялікабрытаніі. Тэлеграфная лінія працягнулася на 13 км ад лёнданскай станцыі Пэдынгтан да Вэст-Дрэйтан (зараз захад Лёндану). Ён пачаў працу 9 красавіка 1839 году.
Незалежна ад брытанскай разробкі іншы электрычны тэлеграф быў разроблены і запатэнтаваны ў ЗША ў 1837 годзе Сэм’юэлам Морзэ. Альфрэд Вэйл, ягоны асыстэнт, і сам Морзэ распрацавалі адмысловы альфабэт кадаваньня, які атрымаў назву азбука Морзэ. Першая амэрыканская тэлеграмма была адпраўленая Морзэ 6 студзеня 1838 году па 2-мільнаму кабэлю.
На працягу другой паловы XIX ст. асноўнай задачай стала зрабіць магчымым адначасовую перадачу некалькіх паведамленьняў шляхам мадуляцыі сыгналаў. Аднымі з дасягнуўшых мэты былі Аляксандар Бэл і Томас Эдысан. Іх спробы стварэньня акустычнага (гарманічнага) тэлеграфу дзеля больш таннай тэлеграфіі ў выніку прывялі да стварэньня тэлефону, размоўнага тэлеграфу.
IP-тэлефанія[рэдагаваць]
Разьвіцьцё тэлекамунікацыйных і сеціўных тэхналёгіяў прывяло да стварэньня лічбавых тэлефонных сетак на аснове IP пад агульнай назвай VoIP (па-ангельску: Voice over Internet Protocol — літаральна «Голас праз Інтэрнэт-пратакол»). Да студзеня 2005 году ў Японіі і Паўднёвай Карэі каля 10% карыстальнікаў перайшлі на новую лічбавую тэхналёгію.
У аснове IP-тэлефаніі ляжыць перадача зашыфраваных пакетаў праз IP-сеткі ад апаратных IP-тэлефонаў ці сафтфонаў (праграмных рэалізацыяў IP-тэлефонаў). З надыходам бяздротавых сетак у IP-тэлефаніі зьявілася магчымасьць стаць канкурэнтам мабільнай тэлефоннай сувязі з-за танных ці навогул бясплатных кропак Wi-Fi.
Між тым, гэтая тэхналёгія мае сваі недахопы. Напрыклад, хоць падобныя прылады і абсталяваныя ў большасьці выпадкаў запаснымі акумулятарамі, яны працуюць ад сетак электраперадач, і ў самы патрэбны момант (няштатныя сытуацыі, катастрофы) тэлефон можа апыніцца ў непрацоўным стане, тады як звычайныя тэлефоны працуюць ад току, які падаецца праз тэлефонную лінію.
Выкарыстаньне[рэдагаваць]
Напрыканцы 2006 году ў сьвеце было 4 млрд абанэнтаў, што ўключала 1,27 млрд карыстальнікаў фіксаванай сувязі і 2,68 млрд карыстальнікаў мабільных сетак.
Кампаніі-тэлефонныя апэратары[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Сьпіс тэлефонных апэратараў
У некаторых краінах суіснуюць некалькі тэлефонных апэратараў (у бізнэс-сфэры звычайна «тэлекомы»[2]), паміж якімі існуе рэальная канкурэнцыя. У вышэй пазначаным асноўным артыкуле адлюстраваныя толькі тыя апэратары, якія маюць у актывах уласнае наладкаваньне і інфраструктуру, а ня тыя, якія арэндуюць.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Jones, R. Victor Samuel Thomas von Sömmering’s «Space Multiplexed» Electrochemical Telegraph (1808-10), Harvard University website. Attributed to «Semaphore to Satellite» , International Telecommunication Union, Geneva 1965.
- ^ Телекомы уравновесят, Ведомости (рас.)
Літаратура[рэдагаваць]
- Coe, Lewis (1995), The Telephone and Its Several Inventors: A History. Jefferson, North Carolina: McFarland & Co., Inc. ISBN 0-7864-0138-9
- Evenson, A. Edward (2000), The Telephone Patent Conspiracy of 1876: The Elisha Gray - Alexander Bell Controversy. Jefferson, North Carolina: McFarland & Co., Inc. ISBN 0-7864-0883-9
- Baker, Burton H. (2000), The Gray Matter: The Forgotten Story of the Telephone. St. Joseph, Michigan: Telepress. ISBN 0-615-11329-X
- Huurdeman, Anton A. (2003), The Worldwide History of Telecommunications. Hoboken: New Jersey: Wiley-IEEE Press. ISBN 978-0-471-20505-0
- Richard R. John Network Nation: Inventing American Telecommunications (Harvard University Press; 2010) 520 pages; traces the evolution of the country's telegraph and telephone networks.
- Josephson, Matthew (1992), Edison: A Biography. Hoboken, New Jersey: John Wiley & Sons, Inc. ISBN 0-471-54806-5
- Bruce, Robert V. (1990), Bell: Alexander Graham Bell and the Conquest of Solitude. Ithaca, New York: Cornell University Press. ISBN 0-8014-9691-8.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Тэлефон — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў- Early U.S. Telephone Industry Data
- 1911 Britannica "Telephone" article
- Virtual museum of early telephones
- The Telephone, 1877
- Modelling Telephone hybrids as 2 x 2 matrices