Тэатар Фарнэзэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сучасны выгляд адрэстаўраванага тэатру, 2008

Каардынаты: 44°48′15″ пн. ш. 10°19′33″ у. д. / 44.80417° пн. ш. 10.32583° у. д. / 44.80417; 10.32583 Тэа́тар Фарнэ́зэ (па-італьянску: Teatro Farnese) — адзін зь першых крытых тэатраў Італіі эпохі барока, які знаходзіцца ў месьце Парма.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднявечны палац Пілёта, Парма

Нагодаю для ўладкаваньня тэатру стаў заплянаваны візыт у Мілян вялікага герцага Тасканскага Казімы ІІ дзеля пакланеньня сьвятому Карлё Барамэа, кананізаванаму каталіцкаю царквою ў 1610 року. Казіма ІІ меў спыніцца ў Парме на шляху ў Мілян. Прывітаць вяльможнага госьця ў тэатры і пажадаў уладар Пармы і П’ячэнцы Ранучча Фарнэзэ. Урачыстасьці мелі праходзіць у старым палацы Пілёта.

Праектаваньнем памяшканьня заняўся інжынэр і архітэктар Джаван Батыста Алеёцьці (1546—1636), вучань знакамітага Палядыё. Тэатар разьмясьціўся на першым паверсе палацу герцага Рануччы Фарнэзэ ў залі, якая дагэтуль выкарыстоўвалася для правядзеньня рыцарскіх турніраў і захоўваньня зброі й дасьпехаў. Пры пабудове тэатру архітэктар карыстаўся досьведам тэатраў «Алімпіка» (Вічэнца) і аль-Антыка (Саб’янэта).

Пабудаваны ў 1618—1619 роках тэатар Фарнэзэ ў Парме стаў найбольшай сярод тэатральных пабудоваў Алеёцьці, і, імаверна, яго найбольш удалым творам. Гэта першы значны прыпалацавы тэатар у Эўропе арыстакратычнага напрамку. Да стварэньня інтэр’еру далучылі лепшых майстроў, што былі ў Парме: Ліянэльля Спаду, Сіста Бадалёкіё, Антоніё Бяртою, П’ера Антоніё Бэрнабэі і інш. У глядацкай залі маглі разьмясьціцца 3000 асобаў.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казіма ІІ захварэў і адмовіўся ад падарожжа ў Мілян. Тэатар амаль 10 рокаў стаяў закінуты. Першае сьвяткаваньне адбылося 21 сьнежня 1628 року з нагоды вясельля сына Рануччы Фарнэзэ — Адаарда — і Маргарыты Мэдычы, дачкі Казіма ІІ. У тэатры паказалі спэктакль «Мэркурый і Марс» на тэкст Кляўдыё Акіліні, музыку напісаў кампазытар Кляўдыё Мантэвэрдзі. Каб пацешыць гасьцей, падлогу залілі вадою й імітавалі марскую баталію. У зьвязку зь вялікімі коштамі на правядзеньне прыдворных свят ладзіліся яны нячаста. Апошняе, толькі восьмае за ўсю гісторыю тэатру, адбылося ў 1732 року, з нагоды прызначэньня герцагам гішпанскага караля Карляса III.

Не зважаючы на нячастае выкарыстаньне, тэатар Фарнэзэ стаў разынкаю пармскага палацу. Ён выклікаў такія ўражаньні, што стаў узорам для пабудовы іншых прыпалацавых тэатраў у розных краінах. Найдалейшы з тэатраў, што капіяваў ягоную залю, знаходзіўся ў палацы магнатаў Сапегаў у мястэчку Ружаны. Прынцыпы ўладкаваньня «Фарнэзэ Тэатра» былі выкарыстаныя ў праектах стварэньня «Вялікага драматычнага тэатру»(de) ў Бэрліне (1919) і «Муніцыпальнага аўдыторыюму»(en) ў Сэнт-Люісе, ЗША (1934).

XX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2-ю сусьветную вайну пад час бамбаваньня Пармы войскамі антыгітлераўскай кааліцыі 13 траўня 1944 року тэатар быў зруйнаваны.

Аднаўленьне і рэстаўрацыя тэатру адбыліся ў 1956—1960 па арыгінальных рысунках архітэктара Алеёцьці. Цяпер тэатар Фарнэзэ ёсьць часткаю музэйнага комплексу Нацыянальная галерэя Пармы. Першы канцэрт пасьля амаль чатырохсотгадовага перапынку адбыўся зусім нядаўна: 12 чэрвеня 2011 року ў тэатры выступіў аркестар Кляўдыё Абада.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памеры ўсяго палацу-памяшканьня складалі 87,22 м ў даўжыню, 32,15 м у шырыню і 22,67 м у вышыню. Ён падзяляўся на 2 часткі — сцэну-каробку з ар’ерсцэнай і глядацкую залю на 3000 месцаў. Глыбіня сцэны складала 40 м, шырына — 32,15 м, люстра сцэны — 12x12 м.

Амфітэатар складаўся з 14 шэрагаў і быў пабудаваны на высокім цокалі ў форме простакутніку, завершанага паўколам. Ягоныя памеры ўдвая перавышалі амфітэатар у «Алімпіка». Ззаду амфітэатру разьмяшчаліся два ярусы арак з ложамі ў першым ярусе і галерэяй у другім.

Аркады і амфітэатар былі вырабленыя з дрэва (выкарыстаныя яліны зь мясцовасьці Фрыулі), а зьверху патынкаваныя і расфарбаваныя пад мармур. Партал сцэны быў упрыгожаны калёнамі, пілястрамі, скульптурамі ў нішах і сваёй раскошаю нагадвалі партал тэатру «Алімпіка». Скульптуры ў тэатры таксама імітавалі мармур — саламяныя пудзілы пакрывалі тоўстым слоем гіпсу, які старанна фармавалі звонку.

Сцэна была аздобленая шматплянавымі зьменнымі кулісамі, што для XVII стагодзьдзя зьяўлялася тэхнічнай інавацыяй. Заднік, які складаў адзінае цэлае з бакавымі дэкарацыямі і напісаны згодна з законамі пэрспэктывы, палягчаў магчымасьць частых і хуткіх пераменаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Bruno Adorni. L'architettura farnesiana a Parma 1545–1630. — Parma: Battei, 1974.
  • Gianni Capelli. Il Teatro Farnese di Parma. Architettura, scene, spettacoli. — Parma: Public Promo Service, 1990.
  • Adriano Cavicchi e Marzio Dall'Acqua. Il Teatro Farnese di Parma. — Parma: Orchestra Sinfonica dell'Emilia-Romagna «Arturo Toscanini», 1986.
  • Paolo Donati. Descrizione del gran teatro farnesiano di Parma e notizie storiche sul medesimo. — Parma: Blanchon, 1817.
  • Vittorio Gandolfi. Il Teatro Farnese di Parma. — Parma: Battei, 1980.
  • Pietro de Lama. Descrizione del Teatro Farnese di Parma. — Bologna: Pubblicato da A. Nobili, 1818.
  • Luca Ronconi e altri. Lo spettacolo e la meraviglia. Il Teatro Farnese di Parma e la festa barocca. — Torino: Nuova ERI.
  • Jadranka Bentini. Il Teatro Farnese: caratteristiche e trasformazioni // a cura di Lucia Fornari Schianchi Il Palazzo della Pilotta a Parma. Dai servizi della corte alle moderne istituzioni culturali. — Franco Maria Ricci, 1996. — С. 113–123. — ISBN 88-216-0930-8.
  • Milena Fornari. Il Teatro Farnese: decorazione e spazio barocco // La pittura in Emilia e in Romagna. — Milano: Il Seicento, II, 1993. — С. 92-101.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]