Шахцёр Салігорск (хакейны клюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шахцёр
Заснаваны 2009
Адкуль Салігорск, Беларусь
Пляцоўка Лядовы палац спорту
Зьмяшчальнасьць: 1760
Дырэктар Ягор Кушнярэвіч
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Экстраліга
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
hcshahter.by

«Шахцёр» — беларускі хакейны клюб з Салігорску, выступае ў Беларускай экстралізе. Не зважаючы на тое, што клюб толькі аднойчы быў чэмпіёнам Беларусі ў 2015 годзе, «Шахцёр» лічыцца адным зь лідэраў айчыннага першынства. Ад самага стварэньня клюбу ўлетку 2009 году да сьнежня 2016 году галоўным трэнэрам каманды працаваў Андрэй Гусаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак як фарм-клюб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэя стварэньня хакейнага клюбу ў Салігорску была зьвязаная з будаўніцтвам у 2007 годзе Лядовага палацу ў горадзе. Палац быў узьведзены ўлетку 2008 году, а напрыканцы году на паседжаньні выканаўчага камітэту Фэдэрацыі хакею Беларусі была агучаная прапанова стварэньня клюбу ў Салігорску, які плянавалася ўкамплектаваць гульцамі моладзевай зборнай. Каманда была ўтвораная ўлетку 2009 году, але як фарм-клюб менскага «Дынама». Трэнэрскі штаб на чале з Андрэем Гусавым, быў запршаны зь менскага «Кераміну», былога фарм-клюбу менскіх «зуброў». З таго ж клюбу далучыліся хакеісты Дзьмітры Дудзік, Яўген Кавыршын, Вадзім Сушко і Ільля Шынкевіч. Акрамя таго да складу «гарнякоў» далучыўся цэлы шэраг выдатных хакейных майстроў, як то Міка Окса, Андрэй Башко, Яўген Нагачоў, Алег Шафарэнка ды іншыя. Клюб няблага стартаваў у Кубку Беларусі, але трапіў у фінал, які дарэчы ладзіўся на новай арэне ў Салігорску, ня здолеў. Добрыя «Шахцёр» пачаў першынство Эктралігі, выгуляўшы ў латвійскага «Дынама-Юніярс» зь лікам 5:1. Першую шайбу «Шахцёру» ў беларускім першынстве закінуў Дудзік. У наступным салігорцы перамаглі ліепайскі «Мэталюрг» і «Гомель», але бліжэй да сканчэньня рэгулярнага сэзону вынікі пагоршыліся празь недахоп кадравага рэсурсу. Тым ня менш, каманда здабыла квіток у плэй-оф, дзе прасунулася да фіналу, прагуляўшы ў сэрыі менскаму «Юнацтву». Вырашальны матч быў згуляны на Менск-Арэне ў прысутнасьці 10 тысячаў заўзятараў.

Пераўтварэньне клюбу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гулец салігорскага клюбу Яўген Кавыршын у матчы супраць кіеўскага «Сокалу».

Напачатку лета 2010 году, атрымаўшы падтрымку з боку Беларуськалію, «Шахцёр» пераўтварыўся ў асобны хакейны клюб, скасаваўшы свой статус фарм-клюбу «Дынама». Дырэктарам клюбу быў прызначаны Леанід Фацікаў. Клюб захаваў 11 гульцоў з папярэдняга сэзону, а замест фіна Оксу браму заняў славак Матуш Костур. Першы ж матч новага сэзону Экстралігі салігорцы пачалі зь перамогі над «Юнацтвам» зь лікам 5:1, але цягам сэзону чаргавалі перазы і перамогі, што было наступствам вялікай колькасьці траўмаў. Тым ня менш, «Шахцёр» забясьпечыў сабе ўдзел у плэй-оф, дзе ў чвэрцьфінале сустрэўся з «Гомлем». Гульні з «рысям» ня былі лёгкімі, у дадатак салігорцы страцілі праз пашкоджаньні свайго галоўнага брамніка Костура. Аднак, «гарнякі» здолелі прасунуцца ў паўфінал, дзе атрымалі паразу ў сэрыі ад менскага «Юнацтва». Напярэдадні пачатку сэзону 2011—2012 гадоў салігорскі клюб працягваў мацаваць каманду. У выніку ўвесь рэгулярны сэзон каманда правяла няблага, здабыўшы пяты радок у рэгулярным чэмпіянаце. У 1/4 фінале «гарнякі» сутыкнуліся зь «Юнацтвам», у доўгай сэрыі перамогшы супернікаў з агульным лікам 2:3. Аднак, стомленасьць ад вялікай колькасьці гульняў, а таксама дыскваліфікацыя Віктара Андрушчанкі сталіся аднымі з чыньнікаў паразы ў паўфінале жлобінскаму «Мэталюргу». Наступны сэзон быў падобны на папярэдні, то бок каманда заняла чацьвертае места ў рэгулярным сэзоне, але ў плэй-оф у паўфінале саступіла гарадзенскаму «Нёману». У сэзоне 2013—2014 гадоў «Шахцёр» празь фінансавыя складанасьці пакінулі лідэры каманды. У выніку пагоршыліся і вынікі каманды. Салігорцы ня трапілі ў першую пяцёрку клюбаў, але ўсё ж такі праз падгрупу Б забясьпечылі сабе права на ўдзел у плэй-оф. Перад чвэрцьфінальнымі матчамі з «Гомлем» траўму атрымаў Яраслаў Чупрыс. Першыя дзьве гульні на хатняй пляцоўцы «Гомлю» скончыліся перамогамі гаспадароў. Пасьля пераезду сэрыі ў Салігорск «Шахцёр» здолеў здабыць адную перамогу, але ў наступнай сутрэчы саступіў і скончыў выступы ў сэзоне.

У 2014 годзе фінансавыя справы клюбу наладзіліся з прыходам новым генэральным дырэктарам «Беларуськалію» Іванам Галаватым. Апякунства над клюбам узяў кіраўнік Менскай вобласьці Сямён Шапіра. Камандныя шыхты ўмацавалі Іван Вусенка, Канстанцін Дурноў, Аляксей Плотнікаў і Аляксандар Мацярухін. Вярнуліся да дружыны Чарнавок, Андрушчанка і Камбовіч. Да заканчэньня году «Шахцёр» пачаў чэмпіёнскі марш, але ў лістападзе менскае «Дынама» ўмыкнула ў «гарнякоў» Мацярухіна, які за 19 матчаў у Экстралізе здолеў пакласьці на свой рахунак 28 (20+8) пунктаў. У адваротным кірунку рушыў Арцём Дзямкоў. Таксама каманду ўзмацніў расеец Антон Дубінін. Не зважаючы на зьмены ў складзе, «Шахцёр» упэўнена скончыў рэгулярны сэзон на вяршыні турнірнай табліцы. А ў плэй-оф каманда пасьлядоўна перагуляла наваполацкі «Хімік-СКА», гарадзенскі «Нёман» і «Юнацтва», здабыўшы перамогу ў чэмпіянаце краіны. Пасьля ўдалага сэзону каманда, аднак, страціла шэраг важных гульцоў, як тым ліку Івана Вусенку, Паўла Чарнавока, Антона Дубініна і Арцёма Сянькевіча[2]. Умацавацца здолелі двума хакеістамі клюбу «Хімік-СКА» Алегам Станевічам ды Арцёмам Ляўшом. Крыху пазьней да клюбу далучыўся Кірыл Брыкун.

Пасьля здабыцьця чэмпіёнства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клюб няблага пачаў сэзон 2015—2016 гадоў. Пасьля паразу «Юнацтву» 12 кастрычніка «гарнякі» ажно 15 матчаў запар сканчвалі сваёй перамогай, пераірваўшы сэрыю толькі 24 сьнежня ў Жлобіне, дзе зь лікам 2:1 саступілі мясцоваму «Мэталюргу». Рэгулярны сэзон салігорцы скончылі на другім месцы. У чвэрцьфінале клюб лёгка перакрочыў «Ліду», але крыху выпала пазмагацца з «Гомлем». У фінале «гарнякі» саступілі свой тытул «Юнацтву». Выдатны сэзон правёў навак каманды Ляўша, зарабіўшы 36 (9+27) пунктаў у 42 матчах рэгулярнага сэзону і 8 (3+5) пунктаў у 15 матчах плэй-оф. Аднак, найлепшым гульцом скончанага першынства заўзятары абралі Дзямкова. Перад пачаткам новага сэзону да табару «Шахцёру» далучыліся чатыры фінскія хакеісты, а з «Мэталюргу» перайшоў нападнік Кірыл Нікулін[3]. Каманда як і заўжды была сярод лідэраў першынства. У пачатку лістапада 2016 году да складу «шахтароў» далучыўся канадзец Натан Робінсан, які меў быў досьвед выступаў у НХЛ[4]. У тым жа месяцы шэрагі клюбу ўмацаваў швэдзкі брамнік Кевін Ліндскуг. Напачатку сьнежня пасьля доўгіх гадоў працы з пасады галоўнага трэнэра быў звольнены Андрэй Гусаў. Ягонае месца заняў Уладзімер Цыплакоў. У хуткім часе зь неблагой статыстыкай зышоў з клюбу Робінсан, а клюб фінішаваў трэцім у рэгулярным сэзоне. У плэй-оф каманда дакрочыла да паўфіналу, дзе была выбітая «Юнацтвам». Наступнае беларускае першынство «Шахцёр» пачаў з сэрыі перамогаў, зьведаўшы першую паразу ў сэзоне толькі 15 кастрычніка ў хатнім матчы супраць «Юнацтва». Яшчэ ў верасьні Дзямкоў закінуў 100 шайбу ў кашулі «Шахцёру»[5]. Клюб скончыў рэгулярны сэзон на першым месцы, і без турботаў выгуляў жлобінскі «Мэталюрг» у чвэрцьфінале плэй-оф. У паўфінале клюб зноўку ня здолеў адужыць менскае «Юнацтва». У красавіку 2018 году Цыплакоў пакінуў пасаду галоўнага трэнэра[6], а ягонае месца заняў Дзьмітры Шульга.

Лядовы палац у Салігорску, дзе «Шахцёр» ладзіць свае хатнія матчы.

У 2018 годзе «Шахцёр» здолеў захаваць сваіх лідэраў Арцёма Дзямкова, які на некаторы час адлучыўся ў славацкі «Зволен», і Ільлю Камбовіча, але клюб значна паслабеў у параўнаньні з «Юнацтвам» і «Нёманам». У выніку дружына фінішавала трэцяй у рэгулярным розыгрышы зь вялікай колькасьцю пунктаў розьніцы з памянёнымі клюбамі. У плэй-оф салігорцы дасягнулі паўфіналу, дзе саступілі «Нёману». Па сканчэньні сэзону Шульга страціў пасаду галоўнага трэнэра. Улетку Дзямкоў склаў працоўную ўгоду зь менскім «Дынама». Таксама пакінуў клюб расейскі бамбардзір Раман Гарбуноў, які за 71 матч сэзону паклаў на свой рахунак 56 (22+34) пунктаў[7]. Клюб перад пачаткам новага сэзону ачоліў Юры Файкоў, а ў ягоны трэнэрскі штаб увайшоў Яраслаў Чупрыс. Сэзон 2019—2020 гадоў атрымаўся ў каманды амаль падобным на папярэдні, то бок зноўку трэцяе месца ў рэгулярным сэзоне, але гэтым разам клюб у паўфінале перамог сэрыю ў «Нёмана». Пры гэтым прасоўваньне ў фінал было забясьпечанае толькі ў апошнім сёмым матчы сэрыі ў Горадні (0:1). Салігорскі нападнік Ільля Камбовіч адзначыў, што ягоны гол у гэтым матчы быў найваўнейшых у кар’еры[8]. Не зважаючы на перамогу ў першым матчы, астатнія чатыры сустрэчы скончыліся перамогай «Юнацтва». Найлепшым гульцом плэф-оф заўзятары каманды абралі брамніка Максіма Малюціна, які ўжо доўгі час абараняў браму «Шахцёра». У міжсэзонны час у клюб вярнуўся Раман Маліноўскі, які два папярэднія сэзоны згуляў у гарадзенскім «Нёмане». У наступным сэзоне салігорскі сталі другімі ў рэгулярным першынстве і дасягнулі паўфіналу плэй-оф, саступіўшы «Гомлю». Сэзон 2021—2022 гадоў адзначыўся пашырэньнем лігі да звыклага фармату з 12 клюбамі. «Шахцёр» жа заняў жа нязвыклы для сябе 4 радок паводле вынікаў рэгулярнага сэзону, прапусьціўшы наперад «Юнацтва», «Мэталюрг» і «Гомель». Яшчэ падчас сэзону напачатку студзеня ў адстаўку быў выпраўлены галоўным трэнэр Юры Файкоў[9]. Ягонае месца заняў памочнік Яраслаў Чупрыс. Не зважаючы на добрую гульню Міхаіла Стэфановіча, які быў абраны заўзятарамі найлепшым хакеістам сэзону[10], і вяртаньне на матчы плэй-оф Дзямкова, клюб саступіў у паўфінале плэй-оф жлобінскаму «Мэталюргу»[11].

Напачатку сэзону 2022—2023 гадоў капітанам клюбу быў абраны Раман Маліноўскі[12]. 27 сьнежня 2022 году нападнік «гарнякоў» Аляксандар Жыдкіх згуляў свой тысячны матч у рэгулярных чэмпіянатах Экстралігі[13]. Той сэзон «Шахцёр» увосень займаў першы радок, але пазьней яго страціў. Тым ня менш, да сканчэньня рэгулярнага сэзону салігорцы вярнулі сабе першае месца і ўтрымалі яго. Пасьля чвэрцьфінальных матчаў супраць «Дынама-Маладэчна» клюб быў выбіты ў паўфінале жлобінскім «Мэталюргам». 1 верасьня 2023 стала вядома, што лідэр «гарнякоў» Міхаіл Стэфановіч далучыцца да складу жлобінскага «Мэталюргу»[14], да гэтага дасьведчаны форвард два гады абараняў колеры клюбу і быў найлепшым бамбардзірам клюбу. Тым ня менш, на замену нападніку да клюбу вярнуўся Дзямкоў[15]. У Кубку Беларусі «Шахцёр» у 2023 году ўпершыню ў гісторыі дасягнуў фіналу, але там саступіў пераможцу леташняга розыгрышу «Віцебску».

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле стану на 4 лютага 2024 году

Брамнікі
35 Сьцяг Расеі Георгі Анаркулаў 16.04.1998 37 Сьцяг Беларусі Аляксей Снытко 04.04.2002
41 Сьцяг Беларусі Мікіта Ляднік 14.05.2005
Абаронцы
3 Сьцяг Беларусі Арсень Сазановіч 16.11.2003 4 Сьцяг Беларусі Андрэй Краўчук 19.05.2005
10 Сьцяг Беларусі Ягор Іваноў 30.06.1996 13 Сьцяг Расеі Дзяніс Грыгаркевіч 13.06.1999
16 Сьцяг Беларусі Уладзіслаў Лупачоў 23.08.2004 22 Сьцяг Беларусі Кірыл Ярута 10.10.2002
27 Сьцяг Беларусі Мікіта Вусьціненка 22.04.1995 45 Сьцяг Беларусі Алег Пажыган 10.01.2002
48 Сьцяг Расеі Багдан Дзенісевіч 17.08.1999 89 Сьцяг Беларусі Данііл Ліпскі 06.02.2002
92 Сьцяг Расеі Георгі Жалдакоў 11.02.1992 Сьцяг Беларусі Іван Андрасенка 12.12.2004
Нападнікі
8 Сьцяг Беларусі Іван Лапін 20.06.2004 9 Сьцяг Беларусі Фёдар Калесьнікаў 29.12.2006
15 Сьцяг Беларусі Раман Маліноўскі 08.06.1991 17 Сьцяг Беларусі Уладзіслаў Радчанка 23.02.1998
19 Сьцяг Беларусі Вячаслаў Андрушчанка 04.07.1989 23 Сьцяг Беларусі Кірыл Брыкун 17.09.1990
26 Сьцяг Беларусі Даніл Лой 25.02.2003 32 Сьцяг Расеі Дзяніс Еркін 06.03.1998
33 Сьцяг Беларусі Марк Ярута 10.10.2002 51 Сьцяг Беларусі Міхей Новік 04.08.2003
54 Сьцяг Расеі Дзяніс Масалёў 28.02.1986 62 Сьцяг Расеі Уладзіслаў Куліеў 22.06.1998
76 Сьцяг Расеі Аляксей Сяргееў 22.05.2000 77 Сьцяг Беларусі Мікіта Вярэніч 02.04.2002
87 Сьцяг Беларусі Фёдар Пышкайла 11.11.1998 88 Сьцяг Расеі Міхаіл Шалагін 12.09.1999
91 Сьцяг Беларусі Арцём Дзямкоў 26.09.1989 97 Сьцяг Расеі Раман Крыкуненка 27.12.1997

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ХК «Шахтёр» утвердил главного тренера
  2. ^ ЧБ: ХК «Шахтер» покинут 9 хоккеистов. Беларусі хакей.
  3. ^ ЧБ: Стали известны подробности перехода форварда «Металлурга» в «Шахтер». Беларусі хакей.
  4. ^ Натан Робинсон: Нигде мне не игралось так легко, как в НХЛ. Беларусі хакей.
  5. ^ ЧБ: Форвард забил сотую шайбу за «Шахтер». Беларусі хакей.
  6. ^ ЧБ: «Шахтер» остался без главного тренера. Беларусі хакей.
  7. ^ Лучший бомбардир «Шахтера» перешел в тюменский «Рубин». Беларусі хакей.
  8. ^ Илья Камбович: Такой важной шайбы в карьере ещё не было. Беларусі хакей.
  9. ^ ХК «Шахтёр» объяснил причины расставания с Юрием Файковым. Беларусі хакей.
  10. ^ Лучший игрок сезона 2021/2022. БФХ.
  11. ^ Проигрываем седьмой матч в серии. БФХ.
  12. ^ Роман Малиновский: "Шахтер" всегда ставит перед собой максимальные задачи". Sport5.
  13. ^ Победа в юбилейный матч Александра Жидких! БФХ.
  14. ^ Михаил Стефанович определился с новым клубом в Betera-Экстралиге. Беларусі хакей.
  15. ^ Артём Демков – о возвращении в «Шахтёр», благодарности минскому «Динамо» и осечке в Кубке Салея. Беларусі хакей.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]