Peanuts

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гарэ́шкі (па-ангельску: Peanuts) — амэрыканскі штодзённы комікс, які выходзіў ад 2 кастрычніка 1950 да 13 лютага 2000. Аўтар коміксу — Чарлз Шулц. За пяцьдзесят гадоў выйшла 17897 стрыпаў, у лепшыя гады Гарэшкі зьяўляліся ў 2600 газэтах. Комікс быў перакладзены на 21 мову ды публікаваўся ў 75 краінах. Перадрукі старых выпускаў дагэтуль прысутнічаюць амаль у кожнай амэрыканскай газэце. Мультфільм паводле коміксу, «Каляды Чарлі Браўна», атрымаў узнагароду Эмі.

Гэты комікс называюць «Вялікай амэрыканскай гісторыяй беспасьпяховасьці». Галоўны герой — Чарлі Браўн (анг. Charlie Brown) — гэта лагодны й знаходлівы, але няўпэўнены ў сабе хлопчык. У яго не выходзіць выйграць бэйсбольны матч, трапіць па мячы ці нават запусьціць паветранага зьмея. Першапачатковы склад пэрсанажаў быў невялічкі — сам Чарлі Браўн, чарнявы Шэрмі, клапатлівая Пэці ды чарлеў сабака-бігль Снупі. Хутка да сяброў далучыліся ганарыстая і грубаватая Віялета, піяніст-вундэркінд Рыхард, самалюбка і ўладалюбка Люсі ван Пэлт, яе малодшы брат Лінус, юны філёзаф, няздатны разьвітацца са сваёй любай коўдраю, ды мурза Піг-Пэн.

Гэтыя дзеці жывуць у сярэднестатыстычным амэрыканскім прадмесьці, ходзяць да школы, сварацца, лагодзяцца ды гуляюць у бэйсбол (Чарлз Браўн ёсьць падаючы, Рыхард — прымаючы).

У 1960-я гады ўвага засяроджваецца на сабаку Снупі і ягоным уяўным жыцьці: ён уяўляе сябе то пілётам-асам у Першую сусьветную вайну, то вядомым пісьменьнікам.

Шулц працягвае ўводзіць новых пэрсанажаў, напрыклад васпаватую свавольніцу Пэпэрмінт-Пэці. За ёй падцягваюцца сябры другое бэйсбольнай каманды — першы чарнаскуры пэрсанаж у коміксе хлопчык Франклін і пэціна таварышка кніжніца Мэрсі. Комікс нельга ўявіць бяз Сэлі Браўн, малодшай сястры Чарлі, закаханай у Лінуса, ды жоўтае птушкі Ўудстака, таварыша Снупі, які размаўляе з дапамогаю рысак і злучкоў.