Навіны грозные а жалостлівые…

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Навіны грозные а жалостлівые…
Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562
Аблога Полацка ў 1563 годзе, гравюра з Аўгсбургскага «лёткага лістка».
Тып газэта
Выдавец Нясьвіская друкарня
Краіна Вялікае Княства Літоўскае Вялікае Княства Літоўскае
Заснаваная 1563
Закрытая 1563
Мова старабеларуская
Штаб-кватэра Нясьвіж
Наклад невядома

«Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562» ― першая беларуская газэта, першая газэта Вялікага Княства Літоўскага; прысьвечаная трагічным падзеям у Полацку у 1563 годзе.

Перадгісторыя выданьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ходзе Лівонскай вайны маскоўскія войскі Івана IV 15 лютага 1563 пасьля аблогі захапілі горад Вялікага Княства Літоўскага Полацак. Купецкія дамы былі разрабаваныя; як паведамляюць Пскоўскі летапіс і польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, полацкім юдэям пад страхам сьмерці было загадана хрысьціцца, хто працівіўся ― тапілі ў Заходняй Дзвіне.

Некаторыя крыніцы кажуць аб забойстве татарамі з маскоўскага войска полацкіх каталіцкіх манахаў. Частку каталікоў прадалі ў рабства мусульманам. Некаторыя гістарычныя крыніцы, зрэшты, гэтыя зьвесткі лічаць несапраўднымі. Нямецкіх наймітаў расейцы не кранулі, некаторыя зь іх нават уступілі ў расейскае войска.

Весткі аб падзеях у Полацку прыйшлі ў Нясьвіж, дзе ў 1562 годзе пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо дзейнічалі кіраваныя Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнціем Крышкоўскім друкарня і паперня, якія выпусьцілі за 1562—1571 гады шэраг выдатных кніг: «Нясьвіскі песеньнік» з 40 псальмамі і 110 песьнямі, «Катэхізіс» і «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» на старабеларускай мове, тут Астафей Валовіч выдаў на старабеларускай мове частку Эвангельля, Сымон Будны ― для кальвінісцкіх супольняў Біблію і Новы Запавет з рэлігійна-філязофскімі камэнтарамі. У нясьвіскай друкарні пачаў выдавецкую працу Васіль Цяпінскі, ён пераклаў Эвангельле на старабеларускую мову.

Невядома, у каго ў Нясьвіжы ўзьнікла ідэя аб выпуску навін з Полацку. Магчыма, гэта быў сам Мікалай Радзівіл Чорны, ― ва ўсякім выпадку, безь ягонай згоды гэта наўрад ці адбылося бы.

Першая газэта Вялікага Княства Літоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У энцыкляпэдыях першай беларускай газэтай звычайна называецца «Gazeta Grodzieńska (1776)»Горадзенская газэта», 1776—1783), але гэта няправільна[1][2].

Нават калі вызначаць газэту як першае пэрыядычнае беларускае выданьне, то ім ёсьць «Нясьвіская газэта» (1707)[3].

У Вялікім Княстве Літоўскім часам пачынаюць выходзіць газэты-аднадзёнкі, прысьвечаныя якім-небудзь значным грамадзкім падзеям: «Новіна іста а правдіва…» (1571), «Эдыкт з замку Полацкага» (1597), «Новіны аб узятыі Смаленска …» (1610), «Новіны аб шчаслівом поступаньні на царства Маскоўскае Найясьнейшаго Владыслава, Караля Польскага, 1617».

Першай аднаразовай газэтай стала нясьвіская ― «Навіны грозные а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю русску, которі то князь паленьнем, тыранством, мордованьнем мест, замков добываньнем веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьнем релацый Его Мілості Гетмана ВКЛ княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкого, 1562». Газэта была знойдзеная ў архівах Оксфардскага ўніверсытэта. Згадваючы пра яе ў гісторыі беларускай журналістыкі, гісторыкі спасылаюцца ў асноўным на публікацыю Рыгора Максімовіча (Вітаўта Тумаша) у Мюнхену (1966), якую пазьней перадрукавалі ў Менску (1994).

Іншыя беларускія дасьледнікі гэтай газэты ня бачылі.

Газэта распавядае пра «поражцы месцы Полацка», памылкова называючы дату ― 1562. Захоп Полацка расейскімі войскамі быў 13 лютага 1563 году. Імаверна, гэта памылка друку ― або ў газэце ці ў Р. Максімовіча.

Выдадзена на старабеларускай мове, уяўляе сабой старонку памерам у разварот сучаснага школьнага сшытка. Наклад невядомы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Gazeta Grodzieńska. — 1980. — Т. 3.
  2. ^ Jerzy Łojek. «Gazeta Grodzieńska» 1776—1783. W., Zakład Narodowy im. Ossolińskich. 1966
  3. ^ Дарашчонак П. Л. Ля вытокаў беларускай журналістыкі. — Мн.: выд. цэнтар БДУ, 2013.