Холмеч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Холмеч
лац. Chołmieč
Дата заснаваньня: перад 1511 годам
Былая назва: Калодчычы (Калачычы, Калотчычы, Калодчыцы), Холміч
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Рэчыцкі
Сельсавет: Холмецкі
Вышыня: 106 м н. у. м.
Насельніцтва: 1169 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2340
Паштовы індэкс: 247505
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°9′9″ пн. ш. 30°37′31″ у. д. / 52.1525° пн. ш. 30.62528° у. д. / 52.1525; 30.62528Каардынаты: 52°9′9″ пн. ш. 30°37′31″ у. д. / 52.1525° пн. ш. 30.62528° у. д. / 52.1525; 30.62528
Холмеч на мапе Беларусі ±
Холмеч
Холмеч
Холмеч
Холмеч
Холмеч
Холмеч
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Хо́лмеч[1] — вёска ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Цэнтар сельсавету Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1169 чалавек. Знаходзіцца за 29 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Рэчыцы (лінія Гомель — Каленкавічы), за 2 км на ўсход ад шашы Р32 (Лоеў — Рэчыца).

Холмеч — даўняе сяло Калодчычы ў Рэчыцкай воласьці, пазьней мястэчка Калодчычы альбо Холміч гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), памежны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваё пачатковае найменьне мястэчка, напэўна, запазычыла ў сяла Калочын, а ранейшых Калодчычаў. Прычым, сяло тое ў XVI ст. і разьмяшчацца магло ніжэй па Дняпру, паблізу сучаснага Холмеча. Зьмена назвы адбылася пасьля 1583 году[a]. А перанос (і адраджэньне) сяла, магчыма, — адно з наступстваў ліхалецьця, выкліканага «хмяльніччынай» і далейшымі падзеямі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 1 км ад вёскі ў урочышчы Дубовіца, дзе калісьці існаваў аднаймённы фальварак, археолягі выявілі курганны могільнік X — XII стст. Яшчэ ў XIX ст. ён налічваў 113 насыпаў, зь якіх захаваліся рэшткі дзесяці[3].

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт мапы Беларускія землі ў канцы XVI ст. ВГАБ.
Герб Адравонж паноў Стужынскіх.
Урывак з прывілею караля Стэфана Баторыя 1583 г.
Мястэчка Холмеч на мапе ВКЛ 1613 г.

Найраней, паводле Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі, сяло Калодчычы названае ў крыніцы 1511 году[4]. У рэестры межаў Любецкай воласьці 1527 году зазначана, што палова Калодчычаў на Дняпры належала ўладальніку Любеча Альбрэхту (Альбэрту) Гаштольду, а другая палова — князю Івану Сенскаму[5]. З судовага дакумэнту ад 29 студзеня 1541 году вынікае, што сяло Калодчычы, якое спрадвеку знаходзілася ў складзе Рэчыцкай воласьці (ня Любецкай[b]) было падаравана каралём Жыгімонтам Старым князю Івану Сенскаму. Пасьля яго сьмерці «старец и вси люди волости Речицкое» пачалі патрабаваць вяртаньня Калодчычаў. Але манарх, разгледзеўшы найперш прысуд у гэтай справе нябожчыка Канстанціна Астроскага († 1530), троцкага кашталяна, а потым нябожчыка Альбрэхта Гаштольда († 1539), віленскага ваяводы,

рачыл тые люди, выслугу князя Иванову Сеньског(о) прысудити жоне и детемъ его и зоставити на томъ, што жъ мают(ь) имъ служыти и дани, и вси доходы давати яко колодчичане, такъ новосельцы и орътюховичы, а з волост(ь)ю Речыцкою не мають они жадныхъ подачокъ давати ани поплатовъ платити, подле листа-данины его м(и)л(о)сти.

Яшчэ была праблема прыналежнасьці земляў «за Днепромъ, на ймя Кисловичы и Тименъцы», якімі карысталіся людзі калодчыцкія. Але і яны, з падачы князя Дзьмітра Відыніцкага, другога мужа ўдавы па князю І. Сенскаму Фенны Палазоўны, але з волі караля, засталіся за дзецьмі нябожчыка[8].

8-м жніўня 1583 году датаваны прывілей караля Стэфана Баторыя пану Касперу Стужынскаму, войскаму кіеўскаму, на арганізацыю торгу і двух кірмашоў на год на Сьвятога Міхайлу і на Грамніцы (Стрэчаньне) ў ягоным «ыйменью... Колачычахъ, в повете Речыцъкомъ лежачомъ, на татарскомъ шляху», дзе ён «замокъ и местечко ново забудовал»[9].

Пад новай ужо назвай Холміч/Холмеч мястэчка пазначана на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 году. Вядома, аднак, што на ёй адлюстраваныя пераважна тыя паселішчы, што прысутныя ў іншых краніцах станам на канец XVI ст. і раней[10].

Герб Багорыя роду Валовічаў.

Прынамсі, з XVII ст. Холмеч знаходзіўся ў валоданьні паноў Валовічаў. У нямецкай хроніцы «Тэатар Эўропы» апісана, як войска наказнога гетмана Міхайлы Крычэўскага, напярэдадні бітвы пад Лоевам 1649 году, захапіла Холмеч. Тутэйшыя жыхары, змовіўшыся з казакамі, зрабілі выгляд, нібы ім трэба выгнаць быдла на пашу, адчынілі браму і ўдарылі ў званы. Па гэтаму сігналу казакі ўварваліся ў мястэчка. Залога ў 100 жаўнераў ротмістра Сакалоўскага была тады амаль уся перабітая[11].

Гайдамацкія рабункі ў Холмечы. 1750 г.

Праз сто гадоў зьявіліся сьведчаньні пра наведваньне ваколіцаў Холмеча гайдамакамі. Адно зь іх — у паказаньньнях 4 верасьня 1750 году ў Нежынскім палкавым судзе Піліпа Кліменкі, які разам зь іншымі гайдамакамі браў удзел у нападах на мястэчкі Брагін і Хо(л)мічы, пасьля чаго быў схоплены на тэрыторыі названага палка[12]. Пра згаданыя рабаўніцтвы паведамляў 8 верасьня і пан Францішак Ракіцкі, ротмістар ашмянскі, зазначыўшы, што Холмеч належаў пану Дамініку Валовічу, рэфэрэндару вялікаму літоўскаму[c][14]. Але 27 сьнежня 1750 году Дамінік Марцін памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Напэўна, Холмецкія добры менавіта тады і перайшлі да яго брата Юрыя, жанатага з Эльжбэтай Важынскай, зь якой меў сыноў Станіслава, Вінцэнта, Бэнэдыкта, Францішка Ксавэрыя, дачок Зофію Тэрэзу і Ганну. Холмеч дастаўся сынам пасьля спачыну бацькі 28 сьнежня 1768 году[15].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

м. Холмічы, в. Калодчына, Артукі, ф. Дубовіца на схематычным пляне Рэчыцкага павету. Каля 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Холмеч — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. На 1795 год у мястэчку быў 31 двор, 2 царквы[17]. У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, засьведчана, што мястэчка Холмеч з фальваркам Дубовіцай, вёскі Артукі, Калочын і інш. належалі панам Віцэнцію, Станіславу, Бэнэдыкту і Ксавэрыю, сынам Юрыя, Валовічам[18]. З шляхецкай рэвізіі 1795 году, аднак, вынікае, што з усіх названых паноў Валовічаў у Холмечы жыў толькі шамбялян Ксавэры з жонкай Тэкляй і аднагадовым сынам Ігнацыем[19]. І ў мэтрычных запісах Багародзіцкай і Праабражэнскай цэркваў у Холмечы аднаасобным уладальнікам называны пан Валовіч альбо пан шамбялян Ксавэры Валовіч[20]. На мяжы XVIII—XIX стагодзьдзяў тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[21].

Апошнія згадкі пра Багародзіцкую і Праабражэнскую цэрквы сустрэтыя ў кнігах 1810 году, пасьля чаго іх будынкі зьнішчыў пажар. Ужо з наступнага году запісы вяліся ў кнігах Пакроўскай царквы, перанесенай да Холмечу зь сяла Вятхінь[17].

Паводле рэвізіі 1811 году, пані шамбялянава Тэкля Валовіч у мястэчку Холмічы і ў прылеглых вёсках валодала 1820 душамі «мужеска пола». Сын Ігнацы вучыўся тады ў Віленскім унівэрсытэце[22]. На 1816 год уласьнікам Холмецкіх добраў зьяўляўся Ігнацы, сын Ксавэрыя, Валовіч[23]. Астатні раз знаходжаньне яго ў такой якасьці засьведчана мэтрычнымі запісамі Пакроўскай царквы 1831 году[d][24]. З 1832 году ўладальнікам маёнтку названы граф Міхал Ракіцкі[25].

У 1855 годзе граф Ракіцкі валодаў у Холмечы і ваколіцах 6204 дзесяцінамі зямлі, броварам і 2 корчмамі[17]. На 1859 год у мястэчку было 127 двароў[26].

Герб Равіч шляхты Ракіцкіх.
У мястэчку

У парэформавы пэрыяд мястэчка Холмеч стала цэнтрам аднайменнай воласьці. У сувязі з вызвольным паўстаньнем 1863—1864 гадоў расейскія ўлады ўзмацнілі ціск на каталіцызм. У Холмечы яны адабралі будынак касьцёлу і перарабілі яго на Аляксандранеўскую царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўсай царквы). У 1864 годзе дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іхных бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у мястэчку была адкрыта народная вучэльня. Дзейнічалі прыстань і паромная пераправа праз раку Дняпро. На 1885 год — 95 двароў, 2 крамы. З 1888 году працавала паштова-тэлеграфная кантора. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 284 двары, 2 царквы, капліца, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, паштовая станцыя, прыстань, хлебазапасны магазын, 60 крамаў, 3 гандлёвыя рады, 2 заезныя дамы, 3 харчэўні, карчма. Побач існавала сядзіба Холмеч (яна ж Дубовіца); меліся пільня (паравы рухавік, 18 працоўных) і аптэка[17]. На 1909 год у мястэчку налічвалася 167 двароў з 913 жыхарамі[e]. У суседнім маёнтку Дубовіца — 1 двор і 20 жыхароў[27].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Холмеч занялі войскі Нямецкай імпэрыі[28].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Холмеч у складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[29].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

У 1926 годзе Холмеч вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы працавалі пачатковая школа, хата-чытальня, лякарня, аддзел спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, паравы млын і цагельня. На 1930 год тут было 293 двары.

На 2003 год у Холмечы было 502 двары, на 2004 год — 500.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 962 чал.[17]; 1880 год — 700 чал.[30]; 1897 год — 2304 чал.[17]
  • XX стагодзьдзе: 1959 год — 641 чал.[17]; 1999 год — 1212 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 1263 чал.[31]; 2004 год — 1232 чал.[32]; 2010 год — 1169 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Холмечы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Холмеча складаецца з 3 простых, паралельных паміж сабой вуліцаў, блізкіх да шыротнай арыентацыі; іх перасякаюць 2 кароткія вуліцы. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу. У 1987—1991 гадох збудавалі 348 цагляных дамоў, катэджнага тыпу, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Шпіталь (пачатак XX ст.)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца
  • Касьцёл
  • Царква

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ці не пры зьмене ўладальніка? Каспер Стужынскі памёр недзе пасьля 1592 г.[2]
  2. ^ І. В. Кандрацьеў інакш інтэрпрэтаваў зьмест дакумэнту: «Przynależność administracyjna wsi Kołodczyce zmieniła się 29 stycznia 1541 roku, gdy przeszła z powiatu lubeckiego do powiatu rzeczyckiego...»[6]. Ці не на падставе таго, што пэўны час палову Калодчычаў трымаў Альбрэхт Гаштольд? Але гэты ўраднік быў адным з двух, абапіраючыся на прысуды якіх, кароль упэўнена захаваў сяло за нашчадкамі Івана Сенскага. Любечане ж пасьля сьмерці А. Гаштольда ні на што прэтэндаваць і не падумалі. Тут І. В. Кандрацьеў яшчэ больш, чым раней, аддаліўся ад гістарычных рэаліяў, пар.:[7]
  3. ^ Марцін Матушэвіч, акрамя іншага, заўважыў пра пана рэфэрэндара: быў нагэтулькі аблытаны даўгамі, што ўсяляк ухіляўся ад вайсковых попісаў, хоць і зьяўляўся каралеўскім палкоўнікам; каб не давялося ўтрымліваць тую годнасьць уласным коштам[13].
  4. ^ Дзіўна, але ў тых кнігах пана Ігнацыя ўпарта запісвалі ня сынам Ксавэрыя, а — Савелевым.
  5. ^ Уражвае разыходжаньне, што да колькасьці двароў і жыхароў, у параўнаньні зь перапісам 1897 г.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 294
  2. ^ Літвін Г. З народу руського. Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569-1648) / Пер. з польськ. Лесі Лисенко. – Київ: Дух і Літера, 2016. С. 218
  3. ^ Штыхаў Г. Холмеч. // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 1993. С. 635
  4. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 140, 213
  5. ^ Русіна О. Сіверська земля у складі Великого князівства Литовського. – Київ, 1998. С. 211
  6. ^ Kondratiew I. Wyznaczanie granic międzypaństwowych i administracyjnych na ziemi czernihowsko-siewierskiej w XVI–XVII wieku. // Realne i wyobrażone granice i rubieże Wielkiego Księstwa Litewskiego. / pod redakcją Doroty Michaluk. – Ciechanowiec: Muzeum Rolnictwa im. ks. Krzysztofa Kluka w Ciechanowcu-Instytucja Kultury Województwa Podlaskiego-Archiwum Główne Akt Dawnych, 2021. S. 140
  7. ^ Кондратьєв І. В. Любецьке староство (XVI – середина XVII ст.). /І. В. Кондратьєв – Чернігівський національний педагогічний університет ім. Т. Г. Шевченка; Історико-археологічний музейний комплекс «Древній Любеч». – Чернігів: Видавець Лозовий В. М., 2014. С. 62, 75, 79, 313
  8. ^ Lietuvos Metrika (1540–1541). 10-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija), par. S. Lazutka, I. Valikonytė, S. Viskantaitė, L. Steponavičienė, J. Karpavičienė, Vilnius 2003. № 191
  9. ^ Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга запісаў 70. (1582—1585). / Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск: Беларуская навука, 2008. № 2
  10. ^ Спірыдонаў М. Беларусь на карце Вялікага княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічны зборнік. Вып. 2. Навук. рэд. А. К. Краўцэвіч; уклад. В. У. Шаблюк. — Мінск: Беларуская навука, 1997. С. 135 — 136
  11. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 2 (1650—1651). — Київ, 2013. С. 621
  12. ^ Гайдамацький рух на Україні в XVIII ст. Збірник документів. — Київ: Наукова думка, 1970. № 78
  13. ^ Pamiętniki Marcina Matuszewicza, kasztelana brzeskiego-litewskiego: 1714-1765 / Wydał Adolf Pawiński. – Warszawa, 1876. T. I. S. 153, 226
  14. ^ Исторические материалы из архива Киевского губернского правления. Выпуск 5. / Сост. ред. неофициальной части Ал. Андриевский. — Киев, 1883. С. 30—32
  15. ^ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. – Poznań, 1889. Rocznik XІ. S. 270 – 272
  16. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  17. ^ а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 367—368
  18. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 72
  19. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 3
  20. ^ Гл., напрыклад, мэтрыкі 1796 і 1801 гадоў: НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 493. А. 280, 289. Спр. 499. А. 54 і наст., 63 і наст.
  21. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 121
  22. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 41
  23. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 72. А. 531адв. і наст.
  24. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 533. А. 767 і наст.
  25. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 534. А. 804 і наст.
  26. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  27. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 56, 210
  28. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  29. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  30. ^ Jelski A. Chołmecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 624.
  31. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 45.
  32. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]