Шатляндыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Шатляндыя
Scotland (па-ангельску і ангельска-шатляндзку)
Alba (па шатляндзка-гэльску)
Сьцяг Шатляндыі Герб Шатляндыі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: In My Defens God Me Defend
Дзяржаўны гімн
«Flower of Scotland»
Месцазнаходжаньне Шатляндыі
Афіцыйная мова ангельская
ангельска-шатляндзкая
шатляндзкая гэльская
Сталіца Эдынбург
Найбуйнейшы горад Глазга
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Лізавета II
Алекс Сэлманд
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады

78 772 км²
1,9
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць

5 194 000
65,9/км²
СУП
 • агульны (2006)
 • на душу насельніцтва
Сьпіс краінаў паводле СУП
$194 млрд
$39 680
Валюта Фунт стэрлінгаў (GBP)
Часавы пас
 • улетку
GMT (UTC0)
BST (UTC+1)
Дамэн верхняга ўзроўню .uk
Тэлефонны код +44
Мапа Шатляндыі

Шатляндыя, Шкоцыя (ангельская і ангельска-шатляндзкая: Scotland, шатляндзкая гэльская: Alba) — у мінулым незалежнае каралеўства ў Паўночнай Эўропе, цяпер — адзіны з чатырох рэгіёнаў-складнікаў Злучанага Каралеўства, які зьяўляецца аўтаномнай манархіяй (улучаючы ўласны парлямэнт). Шатляндыя займае поўнач выспы Вялікабрытанія і мяжуе па сушы з Ангельшчынай. Сталіца Шатляндыі — Эдынбург.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньняя гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што першыя людзі зьявіліся ў Шатляндыі прыблізна 8 тысяч гадоў таму. Першыя сталыя паселішчы датуюцца 4 тысячагодзьдзем да н. э. Пісьмовая гісторыя Шатляндыі пачынаецца з рымскай заваёвы Брытаніі, калі былі акупаваныя і атрымалі статус рымскіх правінцыяў і сталі менавацца Брытаніяй тэрыторыі сучаснай Англіі і Ўэльсу. Частка паўднёвай Шатляндыі была на нядоўгі час узятая пад няпросты кантроль Рыму, але паўночныя землі былі вольныя ад рымскай заваёвы і зваліся Каледонія. Каледонія была населеная піцкімі і гэльскімі плямёнамі, на яе тэрыторыі месьціліся гэльскае каралеўства Дальрыяда і піцкае — Фортрыў. Але гісторыя Шатляндзкага каралеўства традыцыйна бярэ свой адлік з 843 году, калі Кэнэт Мак’Альпін стаў каралём аб’яднанага каралеўства шкотаў і піктаў. На працягу наступных стагодзьдзяў тэрыторыя Шатляндзкага каралеўства пашырэла да плошчы прыблізна адпаведнай плошчы сучаснай Шатляндыі. Гэты пэрыяд адзначаны параўнальна добрымі адносінамі з ўэсэцкімі ўладарамі Англіі і моцнай раздробленасьцю, якая, аднак, не замінала правядзеньню пасьпяховай экспансіянісцкай палітыкі. Празь некаторы час пасьля ўварваньня ў 945 годзе ў Стратклайд ангельскага караля Эдмунда I правінцыя была перададзеная Малькальму I. Падчас кіраваньня караля Індульфа (954962) шкоты занялі крэпасьць, пазьней названую Эдынбургам, — свой першы апорны пункт у Лётыяне. Падчас ўладарства Малькальма II адзінства Шатляндыі ўмацавалася. Пераломным годам, магчыма, быў 1018, калі Малькальм IV нанёс Нартумбрыі паразу ў бітве пры Карэме.

Заваёва Англіі нарманамі (1066) сталася прычынаю ланцуга падзеяў, празь якія Шатляндыя зьмяніла сваёй гэльскай культурнай арыентацыі. Малькальм III пабраўся шлюбам з Маргарытай, сястрой Эдгара Этлінга, зрынутага англа-саксонскага прэтэндэнта на ангельскі трон, які пасьля атрымаў падтрымку з боку Шатляндыі. Маргарыта згуляла важную ролю ў паніжэньні ўплыву кельцкага хрысьціянства. Яе сын, Давыд I стаў важным англа-нарманскім уладаром. Ён спрыяў увядзеньню ў Шатляндыі фэадалізму і заахвочваў прыток насельніцтва зь Нідэрляндаў у гарады, каб умацаваць гандлёвыя сувязі з кантынэнтальнай Эўропай. Да канца 13 стагодзьдзя шматлікія нарманскія і англа-нарманскія сем’і атрымалі маёнткі ў Шатляндыі. Пасьля сьмерці Маргарыты, апошняй прамой спадчыньніцы Аляксандра III, шатляндзкая арыстакратыя зьвярнулася да караля Англіі, каб ён разважыў спрэчкі паміж прэтэндэнтамі на шатляндзкі пасад. Замест гэтага Эдўард I паспрабаваў уладкаваць на шатляндзкі пасад свайго вылучэнца і ўзяць Шатляндыю пад поўны кантроль, аднак таго не атрымалася праз супраціў шатляндцаў, якім кіравалі спачатку Ўільям Ўолес і Эндру дэ Марэй, якія падтрымлівалі Яна I Баліёля, а затым — Робэрт Брус. Брус узышоў на пасад як кароль Робэрт I 25 сакавіка 1306 году і атрымаў канчатковую перамогу над ангельцамі ў бітве пры Бэнакбэрне ў 1314 годзе. Але пасьля ягонае сьмерці падчас другой вайны за незалежнасьць Шатляндыі (13321357) зноў пачалася міжусобная барацьба, у якой Эдўард Баліёль беспасьпяхова спрабаваў адваяваць трон у спадчыньнікаў Бруса пры падтрымцы ангельскага караля. Толькі з прыходам дынастыі Сьцюартаў у 1370-х сытуацыя ў Шатляндыі пачала стабілізавацца.

Да канца сярэднявечча Шатляндыя была падзеленая на дзьве культурныя зоны: дольную, жыхары якой размаўлялі на ангельска-шатляндзкай мове, і горную Шатляндыю, насельніцтва якой карысталася шатляндзка-гэльскай мовай. Тым ня менш, галаўэйскі гэльскі дыялект захоўваўся магчыма аж да 18 стагодзьдзя ў аддаленых частках паўднёвага захаду краіны, якія ўваходзілі ў графства Галаўэй. Гістарычна, дольная Шатляндыя ў культурным пляне была бліжэйшая да Эўропы. У горнай жа Шатляндыі сфармавалася адна з адметных рыс рэгіёну — Шатляндзкая клянавая сыстэма.

Пэрыяд пасьля XVII стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1603 годзе кароль Шатляндыі Якаў VI пераняў ангельскі пасад і стаў каралём Англіі Якавам I. За выключэньнем пэрыяду існаваньня Садружнасьці, Шатляндыя заставалася асобнай дзяржавай, але разам з тым мелі месца значныя канфлікты паміж манархам і шатляндзкімі прэсьвітэрыянамі з нагоды формы царкоўнага кіраваньня. Пасьля Слаўнай рэвалюцыі і зьвяржэньня каталіка Якава VII Вільгэльмам III і Марыяй II Шатляндыя кароткі час пагражала абраць уласнага манарха-пратэстанта, але пад пагрозай разрыву гандлёвых і транспартных сувязяў з Ангельшчынай шатляндзкі парлямэнт сумесна з ангельскім у 1707 годзе прыняў «Акт аб Уніі». У выніку аб’яднаньня было створана каралеўства Вялікабрытанія. У 1715 годзе на поўначы Шатляндыі падняліся два буйныя паўстаньні якабітаў, але Гановэрская дынастыя зьдзюжала. Якабіцкія прэтэндэнты на пасад захоўвалі папулярнасьць у горных і паўночна-ўсходніх абласьцях, асабліва сярод не прэсьвітэрыян.

Пасьля прыняцьця «Акту аб Уніі», Шатляндзкай Асьветы і прамысловай рэвалюцыі краіна стала магутным эўрапейскім камэрцыйным, навуковым і індустрыйным цэнтрам. Пасьля Другой сусьветнай вайны Шатляндыя выпрабавала на сабе рэзкі спад вытворчасьці, але ў апошнія дзесяцігодзьдзі адбываецца культурнае і эканамічнае адраджэньне рэгіёну за кошт разьвіцьця сфэры фінансавых апэрацыяў і вытворчасьці электронікі, а таксама прыбыткаў ад здабычы нафты і газу на шэльфу Паўночнага мора. У 1997 году былі праведзеныя выбары ў Парлямэнт Шатляндыі, стварэньне якога было замацавана ў «Шатляндзкім акце» ў 1998 годзе.

З пачатку 2000 году ў Шатляндыі ўзмацняецца ўплыў нацыяналістаў. У 2007 годзе Нацыянальная партыя выйграла выбары ў шатляндзкі парлямэнт, а ў 2011 году павялічыла сваё прадстаўніцтва. Яе лідэр абвясьціў, што будзе дамагацца правядзеньня ў 2014 годзе рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі.

15 кастрычніка 2012 году прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэйвідам Кэмэранам і першым міністрам рэгіянальнага ўраду Шатляндыі Алексам Сэлмандам падпісаная дамова, якая вызначае парадак правядзеньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі ўвосень 2014 году.

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шатляндыя — гэта добра разьвіты турыстычны край. Турызм дае 200 000 працоўных месцаў (каля 9% ад агульнай колькасьці працаздольных) галоўным чынам у сэктары абслугоўваньня, выдаткі турыстаў склалі 4,4 більёны фунтаў стэрлінгаў за 2003 год. Галоўную масу наведвальнікаў складаюць турысты з Аб’яднанага Каралеўства. У 2002 годзе яны наведалі Шатляндыю 18,5 мільёнаў разоў, пражыўшы 64,5 мільёнаў дзён і страціўшы 3,7 більёнаў фунтаў стэрлінгаў. Замежнікі наведалі Шатляндыю 1,58 мільёнаў разоў, пражыўшы 15 мільёнаў дзён і страціўшы 806 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Зь іх грамадзяне ЗША склалі большасьць — 24%, Нямеччыны — 9%, Францыі — 8%, Канады — 7% і Аўстраліі — 6%.

Шатляндыя ўвогуле ўяўляецца як чысты несапсаваны край з прыгожымі краявідамі, якія маюць доўгую і грунтоўную гісторыю і спалучаныя з тысячамі гістарычных месцаў і прывабаў. Гэта ўключае старадаўнія каменныя колы, стаячыя камяні і пахавальныя пакоі, разнастайныя рэшткі з Каменнага, Бронзавага і Жалезнага вякоў. Таксама маецца шмат старажытных замкаў, хатаў, палёў бітваў, руінаў і музэяў. Мноства людзей вабіць культура Шатляндыі.

Гарады Эдынбург і Глазга становяцца ўсё большай касмапалітычнай альтэрнатывай да пэрыфэрыі. Турысты прыяжджаюць увесь год, але галоўным турысцкім сэзонам зьяўляецца пэрыяд з красавіка па кастрычнік уключна. У дадатак да гэтых чыньнікаў, Нацыянальнае турысцкае агенцтва «VisitScotland» («Наведай Шатляндыю») разгарнула стратэгію нізкавага маркетынгу, які накіраваны на выкарыстаньне, апрача іншага, моц Шатляндыі ў гольфавым, рыбацкім і харчовым і пітным турызьме. Іншым папулярным чыньнікам наведваньня Шатляндыі, асабліва з Паўночнае Амэрыкі, зьяўляецца генэалёгія, шмат турыстаў прыяжджае, каб дасьледаваць карані сям’і і продкаў.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шатляндыя злучаная з астатнім Аб’яднаным Каралеўствам дарогамі, чыгункай і паветранымі шляхамі. Аэрапорты ў Эдынбургу, Глазга, Прэстўіку і Абэрдыне служаць галоўным міжнароднымі брамамі ў Шатляндыю. Сетка маршрутаў стала пашыраецца. Краіна добра зьвязаная паветранымі шляхамі з Эўропай, зьдзяйсьняюцца штодзённыя рэйсы ў шэраг эўрапейскіх гарадоў, такіх як Парыж, Бэрлін, Рым, Барсэлёна, Дублін і Стакгольм. Таксама дзейнічаюць простыя пералёты ў Паўночную Амэрыку (Нью-Ёрк, Бостан, Філядэльфія, Таронта, Ванкувэр і Калгары).

Краіна таксама зьвязаная з мацерыковай Эўропай паромамі, якія выходзяць штодня з Росыту (Rosyth) у раёне Файф (Fife) да бэльгійскага порту Бруге (Zeebrugge). Паромы таксама злучаюць Шатляндыю з Паўночнай Ірляндыяй, ходзячы паміж Странраэрам (Stranraer) і Бэлфастам, Каірнрыянам (Cairnryan), Лярнам (Larne).

Месцы для наведваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эдынбург зьяўляецца сталіцай і шырока вядомы як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў у Эўропе. Старое і Новае мястэчкі гораду ўваходзяць у сьпіс аб’ектаў сусьветнае спадчыны ЮНЭСКА. Эдынбург зьяўляецца самым вялікім месцам наведваньня ў Шатляндыі й займае другое месца ў Аб’яднаным Каралеўстве пасьля Лёндану. Галоўныя прывабы гораду ўключаюць замак, палац Халірудхаўс (Holyroodhouse), комплекс «Our Dynamic Earth» («Наша дынамічная зямля») і Каралеўскую Мілю. Ёсьць тры ўнівэрсытэты, уключаючы Ўнівэрсытэт Эдынбургу, які быў заснаваны ў 1583 годзе.

Глазга — гэта самы вялікі горад у краіне, і другі паводле велічыні месца наведваньня. Ягоныя прывабы ўключаюць калекцыю Burrell, касьцёл, навуковы цэнтар і музэй Кэльвінгроў (Kelvingrove). У дадатак, шмат турыстаў прыяжджаюць у Глазга дзеля знакамітае гатычнае і віктарыянскае архітэктуры, як і дзеля пакупак. У горадзе тры ўнівэрсытэты, улучаючы ўнівэрсытэт Глазга.

Стырлінг вядомы як гістарычнае мястэчка ў цэнтральнае Шатляндыі, блізу 30 міляў на паўночны захад ад Эдынбургу, і як «брама ў Высокія землі», праз сваё геаграфічнае знаходжаньне паміж высокімі і дольнымі землямі Шатляндыі (Highlands and Lowlands). Сярод прывабаў вылучаюцца замак і манумэнт National Wallace.

Абэрдын знакаміты як «Гранітны горад» і сваёй гатычнай архітэктурай. Насельніцтва складае каля 210 000 чалавек, горад служыць галоўным адміністрацыйным цэнтрам для паўночнага ўсходу Шатляндыі. Са сваім вялікім партом і гаваньню, Абэрдын служыць пунктам адпраўкі для шматлікіх паромаў, што злучаюць брытанскую Шатляндыю з паўночнымі абтокамі Оркні і Шэтлянд. У Абэрдыне ёсьць два ўнівэрсытэты і вялікае студэнцкае насельніцтва.

Сьв. Эндру зьяўляецца маленькім, але мітусьлівым мястэчкам у паўночна-ўсходнім Файфе. Эканоміка засяроджаная вакол індустрыі гольфа, бо мястэчка зьяўляецца радзімай сучаснае гульні. Унівэрсытэт Сьв. Эндру (найстарэйшы ў Шатляндыі) мае каледжы, што раскіданыя па мястэчку.

Пэрт — гэта маленькае, але гістарычнае мястэчка на ўсходнім узьбярэжжы, якое стаіць на рацэ Тэй. Пэрт вядомы багатымі паркамі. Паблізу знаходзіцца вёска Скон, старажытная сталіца Шатляндыі і былая радзіма шатляндзкіх каралёў.

Інвэрнэс зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам Высокіх зямель, знаходзіцца блізка да лока Нэс (Loch Ness) і служыць транспартным вузлом для большасьці Высокіх зямель. Гэта папулярнае месца наведваньня для турыстаў, якім жадаюць дасьледаваць поўнач Шатляндыі.

Іншыя папулярныя сярод турыстаў мясьціны ўключаюць Высокія землі і Гэбрыды (абток Скай, напрыклад). У Шатляндыі можна добра папаляваць, асабліва пасьпяховыя аблавы на аленяў і стральба па цецеруках.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1996 годзе рашэньнем Парлямэнту Вялікабрытаніі Шатляндыя была падзеленая на 32 вобласьці.

Тэрыторыя Шатляндыі ўключае ў сябе паўночную траціну выспы Вялікабрытанія і прылеглыя выспы — Гебрыдзкія, Аркнэйскія і Шэтляндзкія. Працягласьць берагавой лініі Шатляндыі — 9911 км. На поўдні мяжуе з Англіяй. Працягласьць мяжы ад ракі Цьвід на захадзе да затокі Салўэй-Фэрт на ўсходзе — каля 96 км. У 30 км на паўднёвы ўсход ад узьбярэжжа разьмешчана выспа Ірляндыя, у 400 км на паўночны ўсход — Нарвэгія, на поўнач ад Шатляндыі ляжаць Фарэрскія выспы і Ісьляндыя. Усходні бераг Шатляндыі абмывае Атлянтычны акіян, заходні — Паўночнае мора.

Асноўная тэрыторыя складаецца з трох галоўных геаграфічных і геалягічных зонаў. Два буйныя масівы — Паўднёвая ўзгорыстасьць (Southern upland) на поўдні і Высокія землі (Highlands) на поўначы — падзеленыя нізінаю Нізкіх зямель (Lowlands), дзе жыве дзьве траціны насельніцтва Шатляндыі.

Клімат умераны акіянічны. Дзякуючы цёплай атлянтычнай плыні Гальфстрым тэмпэратуры ў Шатляндыі вышэй, чым у краінах, якія месьцяцца на той жа паралелі, але ніжэй, чым у іншых рэгіёнах Вялікабрытаніі. З-за нераўнамернага рэльефу паверхні надвор’е адрозьніваецца крайняй няўстойлівасьцю. У самыя халодныя месяцы году — студзень і люты — сярэдні тэмпэратурны максымум складае 5 — 7 °C. У самыя цёплыя месяцы — ліпень і жнівень — 19 °C. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў вагаецца ад 3000 мм на поўначы да 800 мм на поўдні. Для рэгіёну характэрны паўднёва-заходні вецер, частыя штормы на ўзьбярэжжа і выспах.

Бэн Нэвіс (1343 м) зьяўляецца найвышэйшай гарой у Аб’яднаным Каралеўстве, але ёсьць шмат іншых выбітных гор у Шатляндыі, хаця паводле міжнародных стандартаў усе горы адносна малыя. Гара Кўілін на абтоку Скай прапануе колькі няпростых схілаў, такіх як Недасягальная вяршыня.

У Шатляндыі шмат локаў (азёр), уключаючы Ламонд і Нэс, які мяркуецца некаторымі як хата лакнэскага монстра. Таксама шмат рэкаў, добрых для рыбалоўства (Тэй — 188 км, Тўід, Дон, Ды).

Найвышэйшыя горы:

  • Бэн-Нэвіс (Ben Nevis) — (1343 м)
  • Бэн Макдуі (Ben Macdhui) — (1309 м)
  • Брэрыяк (Braeriach) — (1296 м)
  • Карнтаўл (Cairntoul) — (1293 м)
  • Карнгорм (Cairngorm) — (1245 м)
  • Бэн Лаўэрс (Ben Lawers) — (1214 м)

Найдаўжэйшыя рэкі:

  • Тэй (Tay) — (188 км)
  • Спэй (Spey) — (177 км)
  • Клайд (Clyde) — (170 км)
  • Тўід (Tweed) — (154 км)
  • Ды (Dee) — (154 км)
  • Дон (Don) — (132 км)
  • Форт (Forth) — (106 км)

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва краіны складае ўсяго 12% ад насельніцтва Вялікабрытаніі, ды і яно паступова меншае, што выклікае сур’ёзную турботу. Зьмяншэньне насельніцтва зьвязанае, у першую чаргу, з адміраньнем традыцыйных галінаў прамысловасьці, такіх як суднабудаваньне і рыбалоўства, і вельмі абмежаванымі інвэстыцыямі ў новы высокатэхналягічны сэктар. Такім чынам, траціна тэрыторыі краіны фактычна пакутуе на бязьлюдзьдзе, што спрыяе разьвіцьцю турызму і падарожжаў, але зусім не стымулюе разьвіцьцё эканомікі рэгіёну, якая засяроджаная ў чатырох буйных гарадох — Эдынбургу, Глазга, Абэрдыне і Дандзі.

Асноўнымі галінамі шатляндзкай эканомікі зьяўляюцца электронная прамысловасьць (каля паловы ўсяго таварнага экспарту), марская здабыча нафты і газу, вытворчасьць віскі, турызм, лясная прамысловасьць і рыбалоўства.

Добра разьвітая фінансавая сфэра, чатыры шатляндзкія клірынгавыя банкі маюць права выпускаць у зварот уласныя банкноты, што часьцяком выклікае непакой у ангельскіх гандляроў.

Віскі вырабляюць у Шатляндыі каля 90 фірмаў, экспартуючы прадукцыі на 1,3 більёны фунтаў стэрлінгаў. Падатковыя палёгкі ды іншыя формы фінансавай падтрымкі рэгіёнаў павялічыліся ад 12 млн фунтаў у 1960 годзе да 500 млн фунтаў у 1979 годзе. Затым, з прыходам да ўлады Маргарэт Тэтчар, рэгіянальнае інвэставаньне рэзка скарацілася з адначасовым павелічэньнем аб’ёмаў пэўных адрасных інвэстыцыяў.

У структуры эканомікі Шатляндыі варта заўважыць, што дзель дзяржаўнага сэктара ў ёй большая ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Вялікабрытаніі. Шатляндыя мае разьвітую абаронную прамысловасьць. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады істотна скарацілася вытворчасьць тэкстылю, аўтамабіляў, віскі, здабыча вугольля і суднабудаваньне, значны рост атрымалі электронная прамысловасьць, у тым ліку вытворчасьць ЭВМ і нафтаздабыча. Замежныя інвэстыцыі ў эканоміку Шатляндыі складаюць 17% ад агульнага аб’ёму замежных інвэстыцыяў Вялікабрытаніі, У той жа час вялікай праблемай Шатляндыі зьяўляецца беспрацоўе, якое стала павялічваецца асабліва сярод мужчынскага насельніцтва. Галоўнымі ворганамі кіраваньня эканамічнага разьвіцьця Шатляндыі зьяўляецца цэнтральны ўрад, а менавіта шатляндзкае аддзяленьне (Scottish Office), якое ўключае ў сябе два аддзелы, якія займаюцца разьвіцьцём: адзін — па Шатляндыі, другі — па рэгіёне Высокіх зямель і абтокаў (Highlands & Islands).

Вялізнае значэньне для разьвіцьця эканомікі Шатляндыі мае прыцягненьне прамых замежных інвэстыцыяў (FDI). З 1996—1997 гадоў Шатляндыя прыцягнула 86 праектаў з плянаваным аб’ёмам інвэстыцыяў роўным 3121,6 млн фунтаў стэрлінгаў, было створана амаль 15 тысячаў новых працоўных месцаў. Такім чынам, у Шатляндыю прыцягваецца адна траціна ўсіх замежных інвэстыцыяў Вялікабрытаніі, прычым 65% гэтых інвэстыцыяў прыходзіцца на электронную прамысловасьць. Унутранае стымуляваньне інвэстыцыйнай дзейнасьці ў Шатляндыі ажыцьцяўляецца праз агенцтва LIS («Размяшчэньне на тэрыторыі Шатляндыі»). Асноўнай задачай LIS зьяўляецца максымізацыя прытоку інвэстыцыяў, стварэньне новых працоўных месцаў сродкамі маркетынгу, кансультацыяў і дапамогі патэнцыйным фундатарам, пастаўкі найбольш пэрспэктыўных мэтавых пакетаў, абароны фундатараў.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па выніках перапісу 2001 году насельніцтва Шатляндыі складае 5 062 011 чал. Паводле падлікаў 2005 году яно ўзрасло да 5 094 800 чал. Калі б Шатляндыя была незалежнай дзяржавай, яна займала бы 114 месца па колькасьці насельніцтва ў сьвеце.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацыянальная царква Шатляндыі — царква Шатляндыі, арганізаваная па прэсьвітэрыянскім тыпе.

Рэлігія Дзель насельніцтва
Царква Шатляндыі 42%
Атэісты 28%
Каталіцкая царква 16%
Іншыя хрысціянскія цэрквы 7%
Не адказалі 5%
Мусульманства 0,8%
Будызм 0,1%
Сыкхізм 0,1%
Юдаізм 0,1%
Індуізм 0,1%
Іншыя рэлігіі 0,5%

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У цяперашні час у Вялікабрытаніі няма афіцыйна прынятай дзяржаўнай мовы, аднак на тэрыторыі Шатляндыі выкарыстоўваюцца тры мовы — ангельская (якая дэ-факта зьяўляецца галоўнай), шатляндзка-гэльская і ангельска-шатляндзкая. Шатляндзка-гэльская і ангельска-шатляндзкая мовы былі афіцыйна прызнаныя ў 1992 годзе Эўрапейскай Хартыяй рэгіянальных моваў і моваў меншасьцяў, якую ў 2001 годзе ратыфікавала Вялікабрытанія.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шатляндзкая літаратура мае багатую гісторыю. Клясыкай свайго жанру зьяўляюцца творы Робэрта Бэрнза і Вальтара Скота, Робэрта Люіса Стывэнсана і Джэймса Хога.

Кланы і тартаны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаворачы аб традыцыях Шатляндыі, трэба адзначыць самую галоўную — клан. Клан у Шатляндыі перакладаецца як «дзеці» альбо «нашчадкі». Гэта — гурт сем’яў, якія носяць адно прозьвішча і маюць агульнага продка (напрыклад, Друман). Да 1745 году шатляндзкія кланы кіраваліся чыфтэйнамі (chieftains), якія зьяўляліся старэйшымы сябрамі клану, тэарэтычна, тым, які мае найвышэйшую ступень сваяцтва з агульным продкам.

Цікава, што ў Шатляндыі, дзякуючы сыстэме кланаў, у грамадзтве былі мацнейшымі сацыяльныя адрозьненьні паміж рознымі кланамі, чым паміж рознымі грамадзкімі клясамі. Варта зазначыць, што сыстэма кланаў папулярная дагэтуль і захавалася яна больш як нацыянальная. У Шатляндыі кланавая прыналежнасьць вызначалася паводле строю, асабліва мужчынскага кілта. Расфарбоўка спадніцы павінная быць пэўнай — у адпаведнасьці з тартанам.

Тартан зьяўляецца ваўнянай матэрыяй з узорам лініяў рознай шырыні і розных колераў, якія перасякаюць адно аднаго пад пэўнымі кутамі.

Маецца шмат розных тартанаў, кожны зь якіх зьвязаны з пэўным шатляндзкім кланам. Кожны клан у Высокіх землях мае пэўны, зьвязаны зь ім колер і правераны ўзор, які сябры клана носяць на кільтах і пледах. Апрануць чужыя колеры зьяўляецца сацыяльным парушэньнем (gaffe) і гэта таксама недапушчальна, як караблю ўзьняць замежны сьцяг. За гэтым строга назірае ў Шатляндыі адказная асоба, галоўны герольд, захавальнік гербаў і старшынства кланаў. У ягоныя складаныя абавязкі ўваходзіць сачыць за тым, каб ніхто не прысвоіў сабе недазволеныя тытулы, чужыя тартаны, не завёў на дудзе (bag-pipe) падчас цырыманіяльнага маршу мэлёдыю іншага клана. З усіх канцоў сьвету прыходзяць да яго запыты адносна кланавае прыналежнасьці і сымболікі. У кожнага клана маецца сваё сьвята, і ў гэты дзень усе сябры клана апранаюць свой строй, дзе б яны ні былі.

Таксама бываюць міжнародныя сустрэчы кланаў у Эдынбургу. На сустрэчы кланаў зьяжджаюцца людзі, якія носяць адное і тое ж шатляндзкае імя. Дэлегаты такіх сустрэчаў апранаюцца ў нацыянальныя строі. На сустрэчах кланаў заўсёды прысутнічаюць дуды, музыка якіх цешыць слых прадстаўнікоў кланаў, адбываюцца спаборніцтвы ў кіданьні бярвеньня — кэбэра, у бегу ўгару, танцы, адным зь якіх зьяўляецца танец з падскокваньнем над скрыжаванымі шаблямі, ядуць хагіс — вэнджаны авечы страўнік, які набіты кавалкамі мяса са спэцыямі — з бульбяным пюрэ альбо пюрэ з рэпы.

Новы Год ці Hogmanay[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улічваючы ўплыў пурытанства на шатляндзкія традыцыі, можна сказаць, што, у адрозьненьне ад большасьці іншых краінаў Эўропы, на працягу доўгага пэрыяду гісторыі ў Шатляндыі зімовыя сьвяты пачыналіся не напярэдадні Калядаў. Ажно да сярэдзіны XX стагодзьдзя, банкі, офісы і фабрыкі працавалі нават 25 сьнежня. Асноўным зімовым сьвятам шатляндцаў зьяўляўся Новы Год альбо Гогманэй (Hogmanay).

Сёньня Гогманэй таксама найважнейшы дзень у шатляндзкім каляндары. Гэта ня толькі масавыя гуляньні. У гэтага сьвята, якое зьявілася ў часы нашэсьця вікінгаў, вялізныя традыцыі. Кожная хата дбайна прыбраная да звону з бліжэйшай царквы, які абвяшчае аб наступе новага году. Людзі апранаюць самыя лепшыя ўборы. Некаторыя ідуць у царкву на начную службу.

Па вуліцах рухаюцца шэсьці з паходнямі — цяпло на цэлы год выганіць злы дух з гарадоў і вёсак. Шатляндцы запальваюць у бочцы смалу і коцяць бочку па вуліцах. Гэта сымбалізуе спаленьне старога году. Пасьля гэтага дазваляюць пачацца новаму году. Кажучы аб навагодніх шэсьцях, нельга не згадаць аб тым, што на працягу стагодзьдзяў у некаторых гарадах Шатляндыі 11 студзеня гэтак жа праводзяцца розныя «агністыя» сьвяты. 11 студзеня — дзень, на які выпадаў Гогманэй, паводле старога стылю (стары каляндар быў скасаваны ў 1752 годзе, але дагэтуль некаторыя сьвяты адзначаюцца паводле яго).

Калі гадзіньнік прабівае поўнач, людзі, якія сабраліся на цэнтральным пляцы гораду, бяруцца за рукі і сьпяваюць «Auld lang syne», песьню, назоў якой азначае «ў памяць мінулага». Бутэлька зь віскі ходзіць па коле, а затым час выконваць звычай «first foot» або «першы госьць» — самы старажытны звычай. Шатляндцы мяркуюць, што першы чалавек, які ўваходзіць у хату ў Новы Год прыносіць шчасьце альбо няўдачу. Вельмі добрай прыкметай лічыцца, калі першым у Новы Год у хату ўвойдзе цёмнавалосы мужчына з падарункам.

Кожны грукаецца ў хату да суседа або сябра, захапіўшы з сабою абавязковыя падарункі — соль і кавалачак вугольля. Лічыцца, што той, хто атрымаў такі навагодні падарунак у надыходзячым годзе, ня будзе адчуваць патрэбы ў ежы і паліве. Гэтак жа звычайна госьць прыносіць і бутэльку віскі. З госьцем да шатляндцаў прыходзіць дабрабыт.

У цяперашні час у Шатляндыі выпякаюць для навагодняга стала вялікі круглы пясочны торт, які ўпрыгожаны згатаваным у цукру міндалем, арэхамі, цукеркамі, цукровымі і марцыпанавымі фігуркамі. Кожны год вялізная колькасьць такіх тартоў рассылаецца ва ўсе куткі зямнога шара шатляндцам у эміграцыі. Іх звычайна ўпрыгожваюць нацыянальныя эмблемы — верас, шатляндзкі крыж, рукі, скрыжаваныя над морам, горы і іншае.

Шматлікія традыцыі Гогманэя сышлі ў мінулае, але дагэтуль усе шатляндцы ўпэўненыя: Новы год павінен быць сустрэты ў мажоры — з 1 студзеня пачынаецца новы адлік часу, не абцяжараны мінулымі нягодамі.

Нацыянальная вопратка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйна, акрамя кільта, у шатляндзкі нацыянальны строй (Highland dress) уваходзіць тўідавая куртка (tweed jacket), простыя доўгія панчохі, берэт і скураны споран (sporran) — гаманок, які вісіць на вузкай папружцы, што ахоплівае сьцёгны. Гэты варыянт гарнітура носяць удзень. Для вечара маецца іншы варыянт гарнітура — спадніца-кільт апранаецца з футравым споранам, панчохамі са сваім пэўным тартанам, тўідавай курткай і кашуляй. Шатляндзкі берэт (tam-o'-shanter) — гэта ваўняны капялюш без палёў з пампонам альбо пяром наверсе. Звычайна яго носяць зьлёгку ссунуўшы набок. Сваю назву берэт атрымаў ад імя героя верша Робэрта Бэрнза з аднайменным назовам. Варта згадаць і такую дэталь гарнітура як нож. Праўдзівы горац (Highlander) за сваёй правай панчохай павінны насіць нож, на тронку якога выграваваная кветка чартапалоху і апраўлены тапаз. Трэба зазначыць, што калі горац усоўваў нож з унутранага боку нагі, то паводле шатляндзкае традыцыі гэта азначала аб’яву вайны. Мірныя людзі носяць нож заўсёды са зьнешняга боку.

Адносна такой асноўнай дэталі шатляндзкага нацыянальнага строю, як спадніца-кільт, варта зазначыць, што насілі яе раней ня ўсе шатляндцы, а толькі горцы. Высокія землі ўключаюць у сябе самыя высокія горы Брытаніі. Кільт для некаторых горцаў і дагэтуль зьяўляецца паўсядзённай вопраткай. Да сярэдзіны нашага стагодзьдзя жыхары раўнін насілі нагавіцы і нават ня клецістыя. Усяго сорак зь лішнім гадоў прайшло з таго дня, калі яны завялі ў сябе горскі строй, але гэта ўжо стала традыцыяй.

Нацыянальныя сымбалі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Шатляндзкі сьцяг уяўляе сабою малюнак Андрэеўскага крыжа на нябёсна-сінім палотнішчы. Апостал Андрэй лічыцца апекуном Шатляндыі, паводле легенды, яго парэшткі былі перанесеныя ў 8 стагодзьдзі з Канстантынопалю ў шатляндзкі горад Сэнт-Эндрус. Малюнкі апостала, а таксама X-падобнага крыжа, на якім ён, па паданьні, быў укрыжаваны, служаць знакамі Шатляндыі.
  • Кветка чартапалоху зьяўляецца напаўафіцыйным нацыянальным сымбалем Шатляндыі і зьмяшчаецца, у прыватнасьці, на грашовых знаках. Паводле паданьня, у 13 стагодзьдзі ўзьбярэжныя паселішчы скотаў цярпелі ад рэйзаў нарманаў. Аднойчы атрымалася пазьбегнуць нечаканага начнога нападу дзякуючы таму, што нарманы басанож зашлі ў зарасьнікі шатляндзкага чартапалоху, чым выдалі сябе.
  • Тартан (кляцістая тканіна, «шкотка»), выкарыстоўваецца для вырабу кільтаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Шатляндыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў