Аль-Газалі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Абу-Хамід Мухамад ібн-Мухамад Аль-Газалі
ابو حامد محمد بن محمد الغزالى
Нарадзіўся 1058
Тус
Памёр 1111
Тус
Навуковая сфэра рэлігія, філязофія
Месца працы Багдад
Вядомы як адзін з заснавальнікаў суфізму

Аль-Газалі́ (па-арабску: الغزالى), поўнае імя Абу-Хамі́д Мухама́д ібн-Мухама́д Аль-Газалі́́ (па-арабску: ابو حامد محمد بن محمد الغزالى; 10581111) — ісламскі багаслоў і філёзаф пэрсыдзкага паходжаньня[1], нарадзіўся ў мястэчку Тус (Харасан). Адзін з найбольш аўтарытэтных настаўнікаў, уваходзіць у лік пачынальнікаў суфізму. З 1091 году ўзначальваў багаслоўскую школу ў Багдадзе па запрашэньні сэльджуцкага султана. Дзейнасьць аль-Газалі была накіравана на фармаваньне ўсебаковага й сыстэматычнага вучэньня суфізму, ён сфармуляваў тэарэтычную базу суфізму й дамогся ягонай інтэграцыі з агульнапрызнаным ісламам.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абу-Хамід аль-Газалі нарадзіўся ў беднай сям’і й рана страціў бацьку. Перад сьмерцю бацька даручыў свайму сябру-суфію заняцца выхаваньнем і навучаньнем сваіх сыноў. Ягоны сябар некаторы час займаўся малымі, але, потым, аддаў хлопцаў у мэдрэсе, бо грошай на малых яму не хапала. Новым настаўнікам аль-Газалі стаў імам Ахмад ар-Разікані ў Тусе, але дзеля працягу навучаньня ён пераехаў у Джурджан і Нішапур, дзе там навучаўся пад кіраўніцтвам імама аль-Харамайна. Аднойчы маладога Абу-Хаміда прыкмеціў сэльджускі візыр Нізам аль-Мульк, і дзякуючы ягонай дапамозе Газалі патрапіў у Багдад, дзе атрымаў высокія пасады пры двары й стаў аўтарытэтным навукоўцам і багасловам. З 1091 па 1095 аль-Газалі выкладаў ў мэндрэсы аль-Нізамія. У гэты час у 1092 годзе ад забойцы-асасына загінуў Нізам аль-Мульк.

У 1095 годзе аль-Газалі выправіўся ў хадж і пакінуў Багдад, закінуўшы службовую кар’еру ў самым ейным росквіце. 11 гадоў да 1106 году ён жыў як самотнік. Ён растлумачваў гэты свой учынак тым, што сярод багасловаў і законаведаў пачалося разлажэньне, і яго ахапіла «боязь пекла». Ён наведаў сьвятыя месцы як то Мэку, Мэдыну, а таксама Ерусалім, Дамаск, Багдад і зноўку вярнуўся ў Тусу. У гэтыя гады ён напісаў найболей значныя свае творы. У 1106 годзе Фахр аль-Мульк змусіў Газалі вярнуцца да выкладаньня й Абу-Хамід зноўку пачаў чытаць лекцыі ў мэдрэсы аль-Нізамія ў Нішыпуры. Неўзабаве перад сьмерцю ён зноўку кінуў выкладаньне й вярнуўся ў Тус, дзе пасяліўся ў кельлі й навучаў маладых пасьлядоўнікаў суфійскаму вобразу жыцьця. Аль-Газалі памёр у сьнежні 1111 году ўва ўзросьце 55 гадоў.

Характарыстыка вучэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аль-Газалі належыў да артадаксальнай суніцкай школы аш-Шафіі. Ён спалучаў у сабе знаўца фікха з суфізмам, пад які ён падвёў тэарэтычную базу.

Калі ён стаў старанна вывучаць навукі, як то калам, філязофію, ісмаілізм, суніцкія дагматыкі, асабліва ў гады адзіноты, ён прыйшоў да высновы, што рацыянальна сканструяваная вера нежыцьцёвая, і сур’ёзна зьвярнуўся да суфізму. Ён зразумеў, што маральныя асновы павінны грунтавацца на непасрэдных зносінах з Алагам, а таксама на асабістым вопыце перажываньняў. Пры гэтым важна здабыцьцё прасьвятленьня альбо чароўнай ласкі, дзеля якой трэба вызваліцца ад усяго штучнага.

Вядомыя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошні ліст аўтабіяграфіі аль-Газалі

Газалі напісаў больш за 70 кнігаў па ісламскай навуцы, філязофіі й суфізму.

Непасьлядоўнасьць філёзафаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кніга аль-Газалі XI стагодзьдзя пад назвай «Непасьлядоўнасьць філёзафаў» азначае важны паварот у ісламскай тэорыі пазнаньня. Сустрэча са скептыцызмам прывяла Газалі да шляху боскага аказіялізму, альбо перакананьня, што ўсе прычынныя падзеі й узаемадзеяньні не прадукт матэрыяльнай сувязі, а неадкладнай і бягучай волі Божай.

Непасьлядоўнасьць і стала паваротным пунктам у ісламскай філязофіі, што выявілася ў форме лютай адмовы ад Арыстотэля й Плятона. Кніга асуджала «falasifa», вольную групу ісламскіх філёзафаў VIIIXI стагодзьдзяў (найболей прыкметнымі сярод іх былі Авіцэна й аль-Фараб), якая інтэлектуальна зьвярталася да філязофіі старажытных грэкаў. Газалі асудзіў Арыстотэля, Сакрата й іншых грэцкіх пісьменьнікаў, як няверуючых, а таксама тых, хто карыстаўся іхнымі мэтадамі й ідэямі, што на ягоны пункт гледжаньня разбэшчвае ісламскую веру.

У наступным стагодзьдзі, Авэроэс падрыхтаваў абвяржэньне гэтай працы Газалі, назваўшы яго «Непасьлядоўнасьць непасьлядоўнасьці», аднак эпістэмалягічны курс ісламскай думкі ўжо былі ўсталяваны.

Аўтабіяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Газалі напісаў аўтабіяграфію пад канец свайго жыцьця, назваўшы яе «Збаўца ад памылак». Гэтая праца лічыцца адным з самых значных ягоных твораў[2]. У ім Газалі распавядае, што аднойчы ягоная крыза эпістмалягічнага скептыцызму была вызвалена «сьвятлом, які Бог кінуў у мае грудзі... ключ да найбольшых ведаў»[3]. Ён вывучыў і асвоіў аргумэнты каламу, ісламскай філязофіі й ісмаілізму. Ацэньваючы іх, ён прыйшоў да высновы, што ўсе тры падыходы былі недастатковымі й вызначыў вышэйшую каштоўнасьць толькі ў містычным досьведзе й інтуіцыі, гэтак званы стан прароцтва, ён распрацаваў такім чынам суфійскую школу. Аўтабіяграфія лічыцца таксама важным дакумэнтам, які дазваляе пазнаёміцца з сутнасьцю рэлігіі, выдатнай ад хрысьціянскай, бо аўтабіяграфічнай літаратуры гэтага пэрыяду па-за хрысьціянскай традыцыі амаль не існавала.

Адражэньне рэлігійных навук[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншай буйной працай аль-Газалі зьяўляецца «Адраджэньне рэлігійных навук» (Ihya'ul Ulumuddin). Яна ахоплівае амаль усе вобласьці ісламскай навукі: фікх (ісламскае права), калам (багаслоўе) і суфізм. Праца складаецца з чатырох асноўных разьдзелаў: «акты пакланеньня» (Rub' al-'ibadat), «нормы паўсядзённага жыцьця» (Rub' al-'adatat), «шляхі гібелі» (Rub' al-'muhlikat) й «шляхі выратаваньня» (Rub' al-'munjiyat). Многія выбітныя дзеячы пазьней казалі пра гэтую кнігу: «Калі б усе ісламскія навукі зьніклі, яны маглі зноўку паўстаць з "Адражэньня рэлігійных навук"». Акрамя таго аль-Газалі напісаў кароткую вэрсію гэтай кнігі на пэрсыдзкай мове пад назовам «Алхімія шчасьця» (Kīmyāye Sa'ādat).

Ерусалімскі трактат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па патрабаваньні ягоных вучняў у Ерусаліме, аль-Газалі напісаў сьціснутае тлумачэньне ісламу азагалоўленае як «Ерусалімскі трактат»[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ghazali, The Columbia Encyclopedia, Sixth Edition 2006
  2. ^ Gerhard Böwering, Encyclopedia Iranica, Ghazali
  3. ^ Richard Joseph McCarthy. Freedom and Fulfillment, Boston: Twayne, 1980, стар. 66
  4. ^ Walid Khalidi (1984). Before Their Diaspora. Institute for Palestine Studies, Washington D.C.. p. 29.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Аль-Газалісховішча мультымэдыйных матэрыялаў