Авіцэна
| Ібн Сіна Авіцэна |
|
| ابن سینا | |
| Помнік Авіцэне ў Душанбэ, Таджыкістан | |
| Імя пры нараджэньні | Абу Алі Хусайн ібн Абдала ібн Сіна |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 16 жніўня 980 |
| Месца нараджэньня | Афшані паблізу Бухары |
| Дата сьмерці | 18 чэрвеня 1037 |
| Месца сьмерці | Гамадан, Пэрсія |
| Кірунак | Усходні арыстотэлізм |
| Асноўныя зацікаўленасьці | мэдыцына, філязофія, ісламская тэалёгія, фізыка, астраномія, хімія, геалёгія, лёгіка, палеанталёгія, паэзія |
Абу Алі Хусайн ібн Абдала ібн Сіна (па-пэрсыдзку: ابو علی حسین بن عبدالله بن سینا — abu ali hossein ebn-e abdâllah ebn-e sinâ), Ібн Сіна (па-пэрсыдзку: بن سینا — ebn-e sinâ — адсюль «Авіцэна»; Афшані паблізу Бухары, 16 жніўня 980 — Гамадан, 18 чэрвеня 1037) — знакаміты пэрсыдзкі філёзаф, лекар, прыродазнавец, паэт, прадстаўнік усходняга арыстотэлізму.
Авіцэна вывучаў мэдыцыну у іншага пэрсыдзкага лекара Каш’яра. Ён напісаў амаль 450 трактатаў па шырокаму колу пытаньняў, зь якіх каля 240 дайшлі да нас. У прыватнасьці, 150 зь ягоных захаваўшыхся трактатаў засяроджваюцца на філязофіі і 40 зь іх — на мэдыцыне[1]. Ягоныя самыя вядомыя працы «Кніга лекаваньня», вялізарная філязофская й навуковая энцыкляпэдыя, і «Канон мэдычнай навукі», які выкладваўся ўва сярэднявечных унівэрсытэтах у якасьці стандартнага курсу[2], у прыватнасьці, ён быў выкарыстаны ў якасьці падручніка ўва унівэрсытэтах Манпэлье й Лёвэна ў XVII стагодзьдзі. Канон Авіцэны забясьпечваў поўную сыстэму ведаў па мэдыцыне ў адпаведнасьці з прынцыпамі Галена й Гіпакрата.
Ён таксама быў астраномам, хімікам, геолягам, хафізам, псыхолягам, тэолягам, лёгікам, палеантолягам, матэматыкам, фізыкам і паэтам[3]. Ён лічыцца самым вядомым і ўплывовым прадстаўніком ісламскага залатога веку[4].
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
[рэдагаваць] Раньнія гады
Авіцэна нарадзіўся каля 980 года у месце Афшані, непадалёк ад Бухары, сталіцы Саманідзкай імпэрыі, у рэгіёне Цэнтральнай Азіі й Вялікага Гарасану. Ягоны бацька паходзіў з гораду Балх, які зараз знаходзіцца ў сучасным Аўганістане, а ягоная маці была з Бухары, горада сучаснага Узбэкістану. Ягоны бацька, Абдула, быў паважаным ісмаілітам, маці звалі Сэтарэг. Бацька ў момант нараджэньня сына быў кіруючым у адным з маёнткаў імпэратара, таму маючы неабходныя сродкі бацька жадаў даць яму добрую адукацыю ў Бухары. Дзякуючы выдатнаму розуму й памяці, Авіцэна дасягнуў узроўня свайго настаўніка ўжо да чатырнаццаці гадоў. Як ён напісаў у сваёй аўтабіяграфіі, не было нічога, чаго б ён не даведаўся, калі дасягнуў васемнаццаці гадоў.
Існуюць некалькі тэорыяў наконт таго, да якой мазгаба належыў Авіцэна. Сярэднявечны гісторык Захір аль-Дзін аль-Байхакі лічыў, што Авіцэна быў пасьлядоўнікам «братоў чысьціні»[5]. З другога боку, шыіты факігі Нурула Шуштары й гісторык Саед Хасэйн Наср сьцьвярджалі, што ён, хутчэй за ўсё, меў дачыненьне да «шыітаў-двунадзесятнікаў»[6]. У апошні час Дзьмітры Гутас абвяргаў абодвы высновы й сьцьвярджаў, што Авіцэна прытрымліваўся ханафійскага мазгаба. Вядомы францускі тэоляг Анры Карбін лічыў, што Авіцэна, як і ягоны бацька, сам быў добрым ісмаілістам. Аналягічныя рознагалосьсі існуюць і наконт сям’і Авіцэны, у той час як некаторыя аўтары лічаць іх сунітамі, больш позьнія аўтары меркавалі, што яны шыіты[7].
Авіцэна пры сваім навучаньні праяўляў выключныя інтэлектуальныя здольнасьці й у хуткім часе атрымаў рэпутацыю вундэркінда, калі ўва ўзросьце 10 гадоў вывучыў на памяць Каран, а таксама шматлікія творы пэрсыдзкай паэзіі. Ён вывучыў індыйскую арытмэтыку ад індыйскага гандляра гароднінай, і, менавіта, ў той час пачаў навучацца ў блукаючых мысьляроў, якія жылі на сродкі ад лячэньня хворых і навучаньня маладых. Ён таксама вывучаў ісламскае права ў ханафійскага навукоўца Ісмаіла аль-Західа[8].
Будучы падлеткам, на яго вялікі ўплыў зрабіла «Мэтафізыка» Арыстотэля, якога ён ня змог зразумець, пакуль не прачытаў камэнтар аль-Фараба да працы. На працягу наступных паўтара гадоў, ён вывучаў філязофію, у якой ён сустракаў шмат перашкод і незразумеласьцяў. У такія моманты зьбянтэжанага запыту, ён зачыняў кнігу й ішоў у мячэт, дзе маліўся пакуль не пераадольваў свае цяжкасьці ў разуменьні. Да глыбокай ночы, і нават ува снох ён працягваў разважаць аб прачытаным. Сорак разоў, як ён потым пісаў, ён прачытаў «Мэтафізыку», пакуль усе словы з кнігі не адбіліся ў ягонай памяці, але іхны сэнс быў безнадзейна смутным для яго, пакуль у адзін цудоўны дзень ён не прачытаў маленькі камэнтар аль-Фараба. З нагоды вялікай радасьці адкрыцьця сэнсу ён пасьпяшаўся ў мячэт, дзякуючы Бога за прасьвятленьне, і даў на міластыню беднякам.
У 16 гадоў Авэціна прыступіў да вывучэньня мэдыцыні, прычым ён ня толькі вывучаў тэорыю, але й навучаўся на практыцы, задарма лячыўшы хворых, што па ягоных уласных словах, дапамагло яму выявіць новыя мэтады лячэньня. Авіцэна дасягнуў статуса кваліфікаванага лекара ўва ўзросьце 18 гадоў. Ён вызначыў для сябе, што «мэдыцына ня жорсткая й калючая навука, як матэматыка й мэтафізыка», таму ўсе высілкі ён прыклаў да таго, каб стаць выдатным лекарам. У хуткім часе слава аб маладым лекары хутка распаўсюдзілася, і ён пачаў прымаць шматлікіх пацыентаў, не пытаючыся на аплату.
[рэдагаваць] Сталае жыцьцё
У хуткім часе Авіцэна стаў лекарам эміра, які павінен быў дапамагчы яму пазбавіцца ад небясьпечнай хваробы, што Авіцэна і зрабіў. Галоўнай ўзнагародай за гэтую паслугу быў доступ да каралеўскай бібліятэцы Саманідаў, дзе захоўваліся працы вядомых дасьледчыкаў і навукоўцаў. Калі бібліятэка была зьнішчана пажарам неўзабаве пасьля гэтага, ворагі Авіцэны абвінавацілі яго ў спальваньні, для таго, каб схаваць крыніцы сваіх ведаў. Між тым, ён дапамагаў бацьку ў ягоных фінансавых працах, але ўсё ж знайшоў час, каб напісаць некаторыя зь ягоных раньніх твораў.
Калі Авіцэне споўнілася 22 гадоў, ён страціў бацьку, да таго ж была скінута дынастыя Саманідаў у сьнежні 1004 года. Авіцэна, верагодна, адхіліў прапанову Махмуда Газьневі застацца пры ягонам двары і пайшоў на захад у горад Ургенч, які знаходзіцца ў сучасным Узбэкістане, да візыра, які даў яму невялікую штомесячную стыпендыю. Грошаў было мала, таму Авіцэна часьцяком блукаў зь месца на месца праз раёны Нішапура й Мэрва да межаў Гарасану, шукаючы прыстасаваньне свайму таленту. Авіцэна шукаў прытулак у шчодрага кіраўніка цэнтральнай Пэрсіі Кабіса, які й сам быў паэтам і навукоўцам, але ён быў забіты сваім войскам падчас хваляваньняў у 1012 годзе. Авіцэна ў гэтым жа годзе цяжка захварэў. Нарэшце, у Горгане, на беразе Касьпійскага мора, Авіцэна сустрэўся з адным сваім сябрам, які купіў яму жыльлё непадалёк ад свайго ўласнага дома, у якім Авіцэна чытаў лекцыі па лёгіцы й астраноміі. Некаторыя зь ягоных трактатаў былі напісаны для гэтай мэты, а таксама ў гэты час ён распачаў працу над «Канонам мэдычнай навукі».
Авіцэна пасьля пасяліўся ў Рэй, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад сучаснага Тэгерана, у родны горад Разэса, дзе на той час панаваў эмір Маджа Адаўла пры рэгентстве сваёй маці. Каля трыццаці кароткіх працаў, як кажуць, Авіцэна склаў у Рэі. Сталая варожасьць, якая лютавала паміж рэгентам і ейным другім сынам, Шамс аль-Даўлой, аднак, вымусіла навукоўца кінуць месца. Пасьля кароткага знаходжаньня ў Казьвіні Авіцэна прайшоў на поўдзень у Гамадан, дзе панаваў эмір Шамс аль-Даўла. Спачатку Авіцэна саступіў на службу да заможнай жанчыны, але эмір, даведаўшыся аб ягоным прыбыцьці, назначыў яго ў якасьці лекара. Авіцэна атрымаў нават пасаду візыра пры эміры. Аднак зь цягам часу Авіцэна атрымаў ворагаў сярод вайсковых лідэраў і мусульманскіх прапаведнікаў у горадзе, эмір адхіліў іхнае патрабаваньне на пакараньне сьмерцю Авіцэну за іншадумства, але прыняў рашэньне зрушыць яго з займаемай пасады й выслаць за межы сваіх валадарстваў. Авіцэна, аднак, патаемна заставаўся на працягу сарака дзён у доме шэйха Ахмэда Фадэля, пакуль новы прыступ хваробы не патрывожыў эміра, які аднавіў яго на займаемай пасадзе. Нават на працягу гэтага часу Авіцэна працягваў свае дасьледаваньні й выкладаньні, нягледзячы на пратэсты з боку мусульманскіх прапаведнікаў. Кожны вечар ён чытаў урыўкі з сваіх вялікіх твораў, які потым растлумачваў сваім вучням. Пасьля сьмерці эміра, Авіцэна перастаў быць візырам і схаваўся ў доме аптэкара, дзе, з інтэнсіўнай уседлівасьцю, ён працягваў складаць свае працы.
Між тым, ён напісаў ліст Абу-Яфару, прэфэкту горада Ісфаган, зь якім Гамадан быў у стадыі вайны, прапаноўваючы свае паслугі. Новы эмір Гамадану, пачуўшы пра гэтую перапіску й выяўвіўшы месца знаходжаньне Авіцэны, зьняволіў яго ў крэпасьці. Пазьней, аднак, у суправаджэньні свайго брата, любімага вучня, і двух рабоў, Авіцэна зьбег з горада пераапрануўшыся ў сукенку суфійскіх аскетаў. Пасьля небясьпечнага падарожжа, яны дасягнулі Ісфагану.
[рэдагаваць] Апошнія гады
Астатнія дзесяць або дванаццаць гадоў жыцьця Авіцэна выдаткаваў на службе ў Абу Джафара Алы Адаўлы, якога ён суправаджаў у якасьці лекара й агульнага літаратурнага і навуковага кіраўніка, нават у сваіх шматлікіх кампаніях.
На працягу гэтых гадоў Авіцэна, рухомы крытыкай свайго стылю, зьвярнуўся да вывучэньня літаратуры й філялёгіі. Таксама ён працягваў плённую навуковую працу, завяршыўшы «Канон мэдычнай навукі». Многія ягоныя рукапісныя працы, у тым ліку «Кніга справядлівасьці» згарэлі падчас нападу на Ісфаган газьнійскага войска.
Падчас аднаго з вайсковых паходаў у Авіцэна захварэў на цяжкую страўнікавую хваробу, ад якой вылечыць сябе ён ня здолеў. На сьмяротным ложы Авіцэну ахапіла раскаяньне, ён падзяліў свае рэчы сярод бедноты, адпусьціў на волю сваіх рабоў і чытаў Каран тры дні пакуль не памёр у чэрвені 1037 году, у свой 58 год, у месяц Рамадану й быў пахаваны ў Гамадане, што зараз знаходзіцца ў сучасным Іране[9].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ «Avicenna (Abu Ali Sina)». Sjsu.edu.
- ^ «Avicenna 980-1037». Hcs.osu.edu.
- ^ «Avicenna, in Encyclopaedia Iranica, Online Version 2006». Iranica.com.
- ^ Avicenna на Брытаніке.
- ^ Janssens, Jules L. (1991). An annotated bibliography on Ibn Sînâ (1970-1989): including Arabic and Persian publications and Turkish and Russian references. Leuven University Press. стст. 89–90. ISBN 978-90-6186-476-9.
- ^ Seyyed Hossein Nasr, An introduction to Islamic cosmological doctrines" ст. 183. ISBN 0-7914-1515-5
- ^ Aisha Khan (2006). Avicenna (Ibn Sina): Muslim physician and philosopher of the eleventh century. ISBN 978-1-4042-0509-3.
- ^ Jorge J. E. Gracia and Timothy B. Noone (2003), A Companion to Philosophy in the Middle Ages, ст. 196. ISBN 0-631-21673-1.
- ^ Osler, William (2004). «The Evolution Of Modern Medicine». Kessinger Publishing. p. 72. ISBN 1-4191-6153-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Авіцэна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Авіцэна. Энцыкляпэдыя Іраніка
- Авіцэна. Біяграфія, паэзія й працы па мэдыцыне
- Авіцэна. ontology.co
- Авіцэна ў перадачы «In Our Time» на BBC
- Авіцэна. ukrcenter.com