Бой за Вострава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бой за Вострава
Дата: 3 красавіка 1944 году
Месца: Вострава
Вынік: Перамога партызанаў, захоп імі зброі
Супернікі
Сьцяг Трэцяга райху ГарнізонСьцяг СССР Партызанская брыгада «Перамога»
Камандуючыя
невядомаСьцяг СССР Павел Булак
Сьцяг СССР Рыгор Кірылаў
Сьцяг СССР У. І. Абрамаў
Колькасьць
да 200 чалавеккаля 190 чалавек
Страты
15 чалавек забітыя
26 чалавек палонныя
невядома

Бой за Вострава — бой беларускіх прасавецкіх партызанаў супраць нямецкага гарнізону ў Востраве.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напярэдадні вайны ў вёсцы Востраве налічвалася больш за 300 сялянскіх двароў. Зь першых дзён пачаліся расстрэлы актывістаў калгаснага руху, чальцоў партыйнай і камсамольскай арганізацыі. Усяго за кругабег вайны было зьнішчана больш за 200 чалавек.

Невыпадкова асноўны склад партызанскага атраду імя Будзёнага брыгады «Перамога» складалі жыхары Вострава, якія ўліваліся ў партызанскі рух цэлымі сем’ямі. Партызаны называлі вёску «Сталіцай».

Расстрэлы, пагромы, карныя апэрацыі не прыносілі нацыстам жаданых вынікаў. Тады нямецкае камандаваньне прымае рашэньне аб разьмяшчэньні ў Востраве гарнізону.

Нямецкі гарнізон знаходзіўся ў Навінах (адна з вуліцаў вёскі). Штаб абсталявалі ў хаце Мікалая Захарчука (тутэйшага вяскоўца). Навокал штабу былі вырытыя акопы. Недалёка, у засьценку Груд, знаходзілася паліцыйная дзялянка. Паліцыянты кантралявалі дарогу, якая вяла да ляснога масіву «Бор».

Нямецкі гарнізон ўяўляў вялікую небясьпеку для партызанаў, бо нацысты маглі ў любы момант пачаць наступленьне.

Партызанскі плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камандовец атраду імя Будзёнага Рыгор Лазаравіч Кірылаў ў 1997 годзе згадваў:

Раз за разам атраду імя Будзёнага даводзілася адбіваць спробы акупантаў прарвацца ў лес. У атрадзе патроны былі на зыходзе. На кожны кулямёт заставалася па адным дыску, а то і па адной абойме. Я далажыў абстаноўку з боепрыпасамі камандоўцу брыгады Паўлу Іванавічу Булак і прапанаваў разграміць гарнізон у Востраве. У штабе брыгады з маёй прапановай пагадзіліся. Плян апэрацыі быў старанна распрацаваны

Плян апэрацыі быў наступны:

  • Атрад імя Будзёнага (100 змагароў) займае зыходную мяжу на ўскрайку лесу за восем сотняў мэтраў ад Навінаў і адтуль вядзе наступ дзьвюма суполкамі. Першая суполка колькасьцю да 60 чалавек зьнішчае варожы штаб і агнявыя пункты на невялікіх хутарах, другая суполка (40 змагароў) атакуе пастарунак на хутары Грудзе;
  • Атрад імя Суворава (камандовец У. І. Абрамаў, 90 змагароў) павінны быў выставіць дзьве засады. Адну — каля могілак на хутары Мошках, з задачай не дапусьціць падыходу дапамогі ворагам з боку Галынкі. Іншую — у раёне вёскі Лабзовага. Гэтая суполка мусіла абясшкодзіць нацыстаў, калі яны прыйдуць на дапамогу з боку Дзярэчына. Акрамя таго Абрамаў мусіў вылучыць дзьве суполкі партызанаў для нападу разам з атрадам Будзёнага на варожы гарнізон ў Навінах;
  • Атраду імя Молатава (камандовец І. Т. Мядзьведзеў) трэба было ўтойліва падысьці да вёскі Тамашоў і ў момант агульнага наступу атакаваць разьмешчанае варожае падразьдзяленьне, скаваць ягоныя дзеяньні.

Бой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атрад імя Будзёнага мусіў абмінуць вёску ўздоўж рэчкі Луконіцы й атакаваць супраціўніка з процілеглага ад лесу боку. У разгар бою павінны быў падысьці са сваім атрадам У. І. Абрамаў. Але напачатку бою трэба было абясшкодзіць вартаўнікоў. Гэтая задача была пастаўленая перад партызанам-французам Леонам Эерам, які выдатна валодаў нямецкай мовай. Для выкананьня заданьня ён пераапрануўся ў нямецкую форму. Усё гэтае дазволіла яму хутка выканаць задуманае. Атрад на сыгнал зялёнай ракеты хутка разьвярнуўся ў ланцуг і бясшумна ўварваўся ў Навіны. Асноўны бой разгарэўся каля хаты, дзе разьмяшчаўся штаб гарнізону. Каля яго ў акопе былі ўсталяваныя 45-мілімэтровая гармата, 72-мілімэтровы мінамёт і станкавы кулямёт. Немцы, як ўспамінаў удзельнік бою, люта супраціўляліся, аднак усе былі перабітыя.

Другая суполка змагароў атрада авалодала пастуранкам на хутары Грудзе. Дзясяткі паліцыянтаў былі ўзятыя ў палон. Галоўная задача — зьнішчэньне гарнізону — была выкананая.

Вынік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў зьнішчаны нямецкі гарнізон, чый склад партызаны ацэньвалі колькасьцю да 200 жаўнераў. Паводле справаздачы партызанаў, яны забілі толькі 15 гітлераўцаў і 26 узялі ў палон. Таксама адзаначалася, што партызаны захапілі дзьве 45-мілімэтровыя гарматы й 100 снарадаў да іх, 2 батальённыя мінамёты і 80 мінаў да іх, 5 ручных кулямётаў, аўтамат, 40 гранатаў, 20 стрэльбаў, 40 тысячаў патронаў.

Пасьля разгрому гарнізону ў Востраве акупанты хутка зьнялі й іншыя гарнізоны, якія блякавалі лес у зоне дзеяньняў брыгады «Перамогі». Да прыходу савецкіх войскаў на Зэльвеншчыну заставалася яшчэ 100 здён.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]