Калгас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Калгас (калектыўная гаспадарка) — фармальнае аб’яднаньне сялянаў (на аснове грамадзкіх сродкаў вытворчасьці й калектыўнае працы) для сумеснага вядзеньня сельскай гаспадаркі. Галоўным чынам ў СССР уведзеная прымусова.

Зьмест

[рэдагаваць] З гісторыі калгасаў

Бальшыня калгасаў была створаная на Беларусі ў перыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі (1918—1930-я). Першыя аб’яднаныя сялянскія гаспадаркі пачалі стварацца яшчэ да ўвядзеньня калектывізацыі (да прыкладу арцелі па сумеснай апрацоўцы зямлі). Па 1927 годзе стварэньне калгасаў стала «генеральнай лініяй партыі». Бальшыня калгасаў была створаная з парушэньнем прынцыпаў добраахвотнасьці. Супраць праціўнікаў калектывізацыі й найбольш заможных гаспадароў (кулакоў) пачалі праводзіць «палітыку раскулачваньня», у выніку якой «кулацтва» павінна было зьнікнуць як кляса. Паводле некаторых дадзеных, было раскулачана — пазбаўлена правоў і падпала пад высяленьне — каля 700 тыс. сялянаў. Неўзабаве Беларусь была аб’яўленая зонай суцэльнае калектывізацыі. Заснаваньне калгасаў суправаджалася галадаморам на шматлікіх абшарах : Беларусі, Расеі, але перадусім ва Ўкраіне — дзе колькасьць ахвяраў вагаецца ад 2 да 6 мільёнаў чалавек.

[рэдагаваць] Калгасная сістэма

Калгаснікі працавалі на зямлі, што належала дзяржаве, але была перададзеная калгасу ў бестэрміновае і бескаштоўнае карыстаньне. Асноўную частку прадукцыі калгас павінен быў здаваць дзяржаве па закупачных коштах (даволі нізкіх). Тэарэтычна калгасы былі дабравольніцкія ды кіраваліся самастойна, але ж насамрэч старшыні калгасаў, як і гаспадарчыя планы назначаліся выканкамамі ды партыйнымі камітэтамі. Шмат гадоў калгасьнікі працавалі не за грашовыя заробкі, але за «працадні», што адмоўна ўплывала на матывацыю ды прадукцыйнасьць працы. Разам з частай гаспадарчай занядбанасьцю частыя крадзяжы рабілі з калгасаў неэфектыўную форму гаспадараньня. Калгас трэба адрозьніваць ад саўгаса (савецкая гаспадарка) — у асноўным буйных гаспадарак, створаных з мэтаю павелічэньня вытворчасьці сельска-гаспадарчай прадукцыі. Саўгасы ў асноўным мелі сьпецыялізацыю на вытворчасьць нейкага віду прадукцыі (зерне, малако, гародніна ці інш.)

[рэдагаваць] На сёньняшні дзень

Яшчэ напачатку 1990-х зьявіліся першыя фермерскія гаспадаркі, што, аднак, на сёньня ня маюць вялікага распаўсюджаньня. Таксама Беларусь не адмовілася ад калгаснай сыстэме: зямля зьяўляецца дзяржаўнай маёмасьцю. Паступова ў сельскай гаспадарцы краіны ідзе пераход на больш дасканалыя формы вядзеньня гаспадараньня: калгасы ператвараюцца ў СПК, ствараюцца сьпецыялізаваныя комплексы па жывёлагадоўлі. Але ж гэта не зьмяніла сутнасьці калгаснае сыстэмы, а сучасныя СПК і надалей застаюцца затратнымі ды датацыйнымі прадпрыемствамі, як гэта было пры СССР.

[рэдагаваць] У іншых краінах

Падобныя калектыўныя гаспадаркі былі распаўсюджаныя таксама й у іншых краінах камуністычнага табару.

Падобнага кшталту гаспадаркай зьяўляюцца ізраільскія кібуцы, што былі заснаваныя ўжо з канца ХІХ ст. У кібуцах першапачаткова супольнасьць маёмасьці й даходаў была пасунутая настолькі далёка, што ўсе чальцы, уключаючы й кіраўніцтва гаспадаркі харчаваліся разам у супольнай сталоўцы, ніхто не атрымліваў заробку ў грашовым выглядзе, a дзеці выхоўваліся разам у адмысловых інтэрнатах. Асноўным адрозьненьнем ізраільскіх кібуцаў ад камуністычных калгасаў зьяўляецца іх суцэльная добраахвотнасьць ды ідэйнасьць чальцоў, што разам уплывала на дастаткова добрыя гаспадарчыя паказьнікі.


Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах