Дэвоцыё модэрна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Дэво́цыё мо́дэрна (па-лацінску: Devotio moderna — «сучасная пабожнасьць») — рух духоўнай адновы ў каталіцтве ў канцы XIV — пачатку XVI стагодзьдзя. Гэты рух бярэ свой пачатак у манаскіх дамах Паўночнай Эўропы ў канцы XIV стагодзьдзя, разам з пачаткам росквіту гуманізму ў Італіі, і меў за мэту духоўнае адраджэньне.

Найбольш славутым прадстаўніком «devotio moderna» зьяўляецца Джэрард Грот. У 1374 годзе ён радыкальна зьмяняе сваё жыцьцё, прысьвячаючы яго практыкаваньню пабожнасьці, служачы Богу і чалавеку. Пажадаў стварыць супольнасьць пабожнасьці, накшталт манахаў, якая б не складала пры гэтым манаскіх шлюбаў. Сьцьвяржаў пры гэтым, што рэлігія палягае ў тым, каб ушаноўваць і любіць Бога, а ня ў тым, каб складаць спэцыяльныя шлюбы. Зь цягам часу, вакол паплечніка Джэрарда Грота — сьвятара Флорэнса Радэвійнса сфармафалася супольнасьць мужчын, якая складалася са сьвятароў і сьвецкіх, якіх пачалі называць «Братамі супольнага жыцьця». Браты маліліся, чыталі духоўныя творы і займаліся фізычнай працай.

Пасьля сьмерці Грота кіраўніком руху стаў Радэвійнс. З гэтага часу рух стаў называцца «devotio moderna».

У 1387 годзе быў закладзены кляштар у Нідэрляндах, дзе члены руху прынялі аўгусьцінскі манаскі статут. Папа Рымскі Баніфацы ІХ зацьвердзіў у 1395 годзе канстытуцыю руху. Распаўсюджаньне руху ў Нідэрляндах прывяло да стварэньня кангрэгацыі Віндэшэйм. Гэтая кангрэгацыя апрача ўсяго іншага, займалася адукацыяй. Каб утрымліваць сваю супольнасьць, яе члены перапісвалі кнігі, аздаблялі іх, пазьней заняліся кнігадрукаваньнем. Для «devotio moderna» характэрны мэтад простай і даступнай для кожнага малітвы, прага хрысьціянскай дасканаласьці, поўнага зьяднання з Богам праз давер да волі Бога. Рух спалучаў у сабе элемэнты схаластыкі і гуманізму.

Найбольш вядомым выражэньнем «devotio moderna» зьяўляецца кніга Тамаша Кемпійскага (Томаса Хэмеркена, каля 13801471) «Аб прыпадабненьні да Хрыста» («De imitatione Christi»). У гэтым творы, які абапіраецца на Біблію, паказаны шлях пошуку хрысьціянскай дасканаласьці. Кніга шмат разоў перавыдавалася ў розныя часы і на розных мовах. Рух «devotio moderna» быў распаўсюджаны ў Нямеччыне, Швайцарыі, Францыі і іншых эўрапейскіх землях.