Калегіюм езуітаў (Полацак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Каардынаты: 55°29′10.66″ пн. ш. 28°45′52.60″ у. д. / 55.4862944° пн. ш. 28.7646111° у. д. / 55.4862944; 28.7646111 Полацкі езуіцкі калегіюм — сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў, існавала з 1580 да 1812 гг.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і акадэмія езуітаў. Абмеры, 1828

Езуіцкі калегіюм быў заснаваны ў 1580 (у 1581 Пятром Скаргам)[1]) г. як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў.

У гэтым жа годзе на высьпе Заходняй Дзьвіны быў пабудаваны будынак калегіюму. У 1-й палове XVII ст. пасьля пажару быў пабудаваны драўляны касьцёл Сьвятога Стэфана і будынкі калегіюма і вучэльні на новым месцы паміж Верхнім замкам і пасадам. У 1750 годзе быў пабудаваны мураваны 3-павярховы будынак[1].

Калегіюм паступова разьвіваўся да 1772 г., калі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучаная да Расейскай імпэрыі. У ліку далучаных да Расеі гарадоў быў і Полацак. Праз год пасьля гэтай падзеі, гэта значыць у 1773 г., дзейнасьць ордэну езуітаў была забароненая рашэньнем папы рымскага. Аднак Кацярына II дадзенае рашэньне не падтрымала і на тэрыторыі імпэрыі езуіты працягнулі сваю дзейнасьць. Полацак фактычна стаў іхнай сталіцай. Больш за тое, з 1777 г. пры Полацкім калегіюме быў адкрыты адзіны ў тагачаснай Эўропе езуіцкі навіцыят (установа для падрыхтоўкі манахаў).

Пры калегіюме ствараўся і найбуйнейшы кнігазбор гораду. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіюму стала адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцьця Беларусі, была прадметам пастаяннага клопату полацкіх езуітаў. Пры калегіюме дзейнічала друкарня.

Ператварэньне ў акадэмію[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1812 г. калегіюм пераўтвараецца ў езуіцкую акадэмію навук і прыраўноўваецца да ўнівэрсытэту. Полацкая езуіцкая акадэмія была адзінаю вышэйшай навучальнай установаю на сучаснай тэрыторыі Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст. На час забароны дзейнасьці ордэна ў Расеі (1820) акадэмія налічвала 112 езуітаў.

Пасьля закрыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У былым калегіюме з 1835 г. разьмясьціўся Полацкі кадэцкі корпус. Да заходняга крыла галоўнага будынка далучаецца новая частка, узьведзены дом дырэктара і 6 службовых будынкаў.

Разбурэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1944 г. пасьля выгнаньня немцаў з Полацку, які часова зьўляўся абласным цэнтрам, у будынку былога калегіюма разьмясьціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем’яў палачанаў. У другой палове 1950-ых гг. адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскую вучэльню, але безвынікова. Стан помніку, пакінутага без нагляду, працягваў пагаршацца. У Полацак зачасьцілі рэспубліканскія і абласныя камісіі зь Менску і Віцебску. Апошняя зь іх, узначаленая тагачасным намесьнікам старшыні Савету Міністраў БССР В. Г. Каменскімі і старшынёй Дзяржбуда БССР архітэктарам У. А. Каралём прыняла рашэньне аб «немэтазгоднасьці і немагчымасьці» аднаўленьня комплексу. Будынкі былі зьняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх зьнішчэньне «целевым назначением» зь бюджэта вобласьці было вылучана 30 тысячаў рублёў. У студзені 1964 г. касьцёл сьвятога Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Пасьля разбурэньня атрымалася каля 50 тысячаў кубічных мэтраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу году былі выкарыстаны на добраўпарадкаваньне гораду». «За добра выкананыя працы па абрушэньні будынку кадэцкага корпусу ў горадзе Полацку» ўдзельнікам акцыі была аб’яўлена падзяка, двое зь іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакумэнты па рэалізацыі гэтага акта вандалізма, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваны ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976—1979 гг. узьведзены «прэстыжны» дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Частковае аднаўленьне будынкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак былога калегіюму

У 2005 годзе комплекс будынкаў былога калегіюма быў рэканструяваны і перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Сучасны Полацкі ўнівэрсытэт імкнецца да пераемнасьці з традыцыямі калегіюма і акадэміі езуітаў.[2]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калегіюм ствараўся як сярэдняя навучальная ўстанова клясычнага, пераважна філялягічнага тыпу. Ён быў створаны па ініцыятыве вядомага езуіта-прапаведніка Пятра Скаргі, які меў на мэце выхаваньне навучэнцаў у духу адданасьці каталіцызму і справе ордэна езуітаў. У пяці класах калегіюма выкладалася лацінская і грэчаская мовы, рыторыка і паэтыка, антычная літаратура і Сьвятое Пісаньне. У пэрыяд Рэчы Паспалітай выкладаньне вялося на польскай мове, пасьля яе падзелу — уведзена расейская мова. У адпаведнасьці з гнуткай ідэалягічнай стратэгіяй езуітаў, яны імкнуліся спалучаць схалястычную багаслоўскую адукацыю з гуманістычнай сьвецкай культурай.

У 1620-ых гг. лекцыі па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міталёгіі ў калегіюме чытаў паэт і мысьляр М. К. Сарбеўскі. У 1797 г. у калегіюме навучалася 336 студэнтаў і 31 малады манах, якія рыхтаваліся стаць прафэсарамі. Выкладаньнем займаліся 24 прафэсары.

У 1811 г. бібліятэка налічвала больш 40 тысячаў тамоў і зьяўлялася найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Аснову кніжнага фонду складалі выданьні XVI—XVIII стст. на польскай, лацінскай, францускай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная ў Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні акадэміі. Сярод іх падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы пісьменьнікаў Я. Каханоўскага, П. Скаргі, М. Карыцкага, Н. Мусьніцкага, А. Нарушэвіча і іншых. У бібліятэцы зьберагаліся таксама і старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакумэнты, дысэртацыі, энцыкляпэдычныя выданьні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны калегіюм у Полацку лічыўся самым вялікім сярод кляштараў Беларусі. Да велічнага мураванага касьцёла прылягалі драўляныя пабудовы. З 1750 г. на месцы зьнішчанага агнём манастыра ўзьведзены мураваны. Высокія грунтовыя воды прымусілі прыняць спэцыяльныя меры пры будаўніцтве: у аснаваньне галоўнага будынка былі закладзены надземныя мураваныя вадасьцёкі, якія дрэнавалі глебу, у сьценах убудаваны вэнтыляцыйныя хады, склепы абсталяваны вадаспускамі.

Агромністы Е-падобны ў пляне трохпавярховы калегіюм займаў плошчу 7180 м2. Перад яго доўгім без выступаў фасад|фасадам адкрываўся цудоўны краявід: пад вокнамі, на тэрасе, утворанай схілам, умацаваным мураванай падпорнай сьценкай, быў закладзены рэгулярны сад. Ніжэй цякла паўнаводная Дзьвіна, за ёй ляжала зарэчная, больш нізкая частка Полацка і далей — роўныя палі і лясы. У бок сада быў арыентаваны парадны ўваход у калегіюм. Вэстыбюль злучаўся зь вялікай параднай (летняй) сталоўкай, што знаходзілася ў сярэднім выступе калегіюма. Выступ дасягаў па вышыні іншыя трохпавярховыя часткі калегіюма. Падлога ў сталоўцы драўляная толькі каля сьцен, пасярэдзіне была з кафляў і з ацяпляльнымі каналамі. На сьценах віселі карціны, амбон направа ад увахода быў апрацаваны стукам. Да сталоўкі прылягала аднапавярховая кухня. Над ёй знаходзіўся музэй зь бібліятэкай, што ў разьбяных шафах з пазалочанымі бюстамі зьмяшчала больш 23 тысячаў тамоў. Астатнія памяшканьні падзяляліся мураванымі сьценамі. Зносіны ажыцьцяўляліся па калідоры, што агінаў увесь будынак. Перакрыцьці ўсіх паверхаў — скляпеністыя. Дах крыты дахоўкай. Пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі пракладзены ацяпляльныя каналы. Каміны і печы амаль ня ўжываліся.

Паралельна падоўжнай восі касьцёла, з поўдня, праз вуліцу будуецца трохпавярховы, бяз склепаў, корпус, скончаны да 1778 г. На першым паверсе знаходзілася друкарня з кнігарняй, на другім — вучэльня, на трэцім — тэатар з прыбіральнямі для актораў. У сувязі з узрослай колькасьцю вучняў з паўночнага боку прыбудоўваецца двухпавярховы канвікт (інтэрнат), павернуты ў пляне пад прамым вуглом ад касьцёла да пабудаванага раней галоўнага будынка.

У 1780 г. у Полацак прыязджае Кацярына II. Да гэтай падзеі адбудоўваюцца ў цэгле ўсе адна- і двухпавярховыя будынкі гаспадарчага двара. Яны разьмяшчаюцца ўздоўж рова Ніжняга замка, паварочваюць на поўдзень і завяршаюцца двухпавярховым флігель|флігелем з брамай, што вядзе на мост да Верхняга замка. Каля гэтага флігеля стаяў будынак аптэкі зь лябараторыяй і сушыльняй (на гарышчы) для траў. У склепах аптэкі знаходзіўся калодзеж, злучаны сыстэмай водаправодных труб з усімі маючымі патрэбу ў вадзе вытворчымі памяшканьнямі і іншымі манастырскімі калодзежамі. Акрамя лямусаў, стаен, рамізьніцкай, пякарні, вяндлярні, бровара тут працавалі майстэрні (сьлясарная, такарная, сталярная і г. д.), а таксама суконная фабрыка.

У 1785 г. у Полацак прыязджае архітэктар і матэматык Габрыель Грубер, у далейшым кіраўнік ордэна. Тэатральны і галоўны карпусы злучаюцца ўзьведзеным па яго ініцыятыве корпусам, у якім разьмяшчаюцца аздобленыя фрэскамі карцінная галерэя, музэй, хімічная лябараторыя, абсэрваторыя і кабінэты (архітэктурны, фізычны, прыродна-гістарычны, мінэралягічны, этнаграфічны і інш.). Побач з гэтым корпусам зрабілі цэнтральны ўваход у калегіюм. Апошнімі пабудовамі езуітаў у канцы XVIII ст. сталі два флігелі на поўдзень ад аптэкі: бурса (у 1797 г. на 24 чалавекі) і багадзельня.

Калегіюм і канвікт расчляняліся звонку тасканскімі пілястрамі, пастаўленымі ў прасьценках, — гэта скупы, але выразны дэкор, асабліва для будынка, што глядзіцца з далёкіх кропак. Падобны дэкор мелі грамадзянскія збудаваньні ў другой палове XVII ст. і шматлікія манастырскія пабудовы XVIII ст. Пабудаваныя пасьля 1773 г. на поўдзень ад касьцёла трохпавярховыя карпусы аздабляліся прыгожымі ордэн іянічнымі пілястрамі, а вокны атрымалі абрамленьні з трохкутнымі франтонамі.

Проці аддаленых у глыбіню тэрыторыі калегіюмаў XVII ст. тут пабудовы павернуты ня толькі да галоўнай плошчы гораду, як у калегіюмах XVIII ст., але і ядро калегіюма — галоўны корпус — мае плян, канфігурацыя якога вынікае з патрэбы стварыць грандыёзны, працяглы, адкрыты пэйзажу фасад. Падобныя прынцыпы пляніроўкі можна знайсьці ў шэрагу манастыроў XVIII ст. іншых ордэнаў.

Выбітныя выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкладчыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Беларусь: Энцыкляпэдычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5000 ас. — ISBN 985-11-0026-9
  2. ^ http://www.psu.by/index.php/universitet.html

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Страчаная спадчына. Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю.У Чантурыя, М. А. Ткачоў. Мн.,2003
  • Квитницкая Е. Д. Белорусские кольлегиумы XVIII века. В: Архитектурное насьледзтво. М., 1972.
  • Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 т.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]