Марцін Пачобут-Адляніцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марцін Пачобут-Адляніцкі
М. Пачобут-Адляніцкі. Мастак Ё. Аляшкевіч, 1810
М. Пачобут-Адляніцкі. Мастак Ё. Аляшкевіч, 1810

Герб «Малая Пагоня»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 30 кастрычніка 1728
Саломенка Гарадзенскага павету
Памёр 20 лютага 1810
Дзьвінск Віцебскай губэрні
Род Пачобуты-Адляніцкія
Бацькі Казімер Пачобут-Адляніцкі
Алена з Глябовічаў
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць матэматык, астраном
Рэгаліі
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла
Ордэн сьвятога Станіслава
Ордэн сьвятога Станіслава

Ма́рцін Пачо́бут-Адляні́цкі (польск. Marcin Poczobutt-Odlanicki; 30 кастрычніка 1728Саломенка Гарадзенскага павету — 21 лютага 1810, Дзьвінск Віцебскай губэрні) — астраном, асьветнік. Рэктар Віленскай акадэміі (17801799, з 1781Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага[прыбраць шаблён], чалец-карэспандэнт Лёнданскага каралеўскага таварыства (1771) і Францускай акадэміі навук (1778). Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1785) і Белага Арла (1793).

Калясальную працу Марціна Пачобута-Адляніцкага сучасьнікі адзначылі мэдалём зь ягоным партрэтам (1775), у 1919 імём М. Пачобута-Адляніцкага назвалі адзін з будынкаў (абсэрваторыю) адноўленага ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні («Дзядзінец Пачобута»), таксама імя вядомага астранома носіць адзін з кратэраў на Месяцы[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Пачобутаў-Адляніцкіх гербу «Малая Пагоня», сын Казімера, абознага гарадзенскага, і Алены з Глябовічаў.

Навучаўся ў Гарадзенскім езуіцкім калегіюме (17381745), па сканчэньні якога насуперак волі бацькоў уступіў у ордэн езуітаў і адбыў у Вільні двухгадовы навіцыят. Потым навучаўся на пэдагагічным курсе ў Слуцку, вывучаў філязофію ў Полацкім езуіцкім калегіюме, дзе таксама выкладаў у пачатковых клясах[2].

Атрымаў перавод у Вільню на пасаду выкладніка ў клясе сынтаксысу, слухаў матэматычныя лекцыі Т. Жаброўскага. У 1754 выехаў ў Прагу для ўдасканаленьня ў матэматыцы, грэцкай і лацінскай мовах. Аднак Сямігадовая вайна ў Эўропе перашкодзіла навучаньню, таму ў 1756 мусіў вярнуцца ў Рэч Паспалітую. З 1757 выслухаў 4-гадовы курс тэалёгіі ў Віленскай акадэміі.

Атрымаўшы ў 1761 ступень бакаляўра тэалёгіі, зноў выехаў за мяжу для працягу адукацыі. Праходзіў астранамічную практыку ў абсэрваторыях Марсэля, Авіньёна і Неапаля. Вынікі першых астранамічных назіраньняў М. Пачобута-Адляніцкага часткова апублікаваў францускі астраном Э. А. Паліян у кнізе «Мірная дамова паміж Дэкартам і Ньютанам» (Авіньён, 1763).

Па вяртаньні ў Вільню, у 1764 атрымаў тытул магістра філязофіі і свабодных навук і зрабіўся арганізатарам і першым дырэктарам (17651807) Віленскай астранамічнай абсэрваторыі. З 1764 працаваў прафэсарам Віленскай езуіцкай акадэміі, якую ў 1780 рэарганізаваў у Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага і быў яе рэктарам (17801803).

3 1780 рэктар Віленскай акадэміі. Асноўнай справай М. Пачобута-Адляніцкага ў 1780-я была арганізацыя сыстэмы адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім паводле праграмаў Адукацыйнай камісіі.

Вітаў прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня 1791. Падтрымаў паўстаньне Т. Касьцюшкі (1794), ахвяраваў значныя сродкі на патрэбы войска.

Па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) аўтарытэт М. Пачобута-Адляніцкага дапамагаў яму на некаторы час захаваць без кардынальных зьменаў становішча ў адукацыйных справах, але пагаршэньне адносінаў з расейскімі ўладамі прывяло ў 1799 да адстаўкі М. Пачобута-Адляніцкага з пасады рэктара[2].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

М. Пачобут-Адляніцкі. Мастак Ё. Аляшкевіч, 1810

Пад кіраўніцтвам М. Пачобут-Адляніцкага ў астранамічнай абсэрваторыі на працягу больш як 30 гадоў вяліся дасьледаваньні ў галіне астранамічнай навукі і практыкі, у тым ліку назіраньні за зоркамі і плянэтамі Сонечнай сыстэмы.

Заснавальнік навуковай школы, у якую ўваходзілі аб’яднаныя вакол Віленскай абсэрваторыі навукоўцы-астраномы Я. Сьнядэцкі, А. Стжэцкі, М. Глушневіч, П. Смыслоў, В. Карчэўскі і іншыя. Прадстаўнікі гэтай школы прызнавалі аб’ектыўнасьць навакольнага сьвету і магчымасьць яго ўсебаковага вывучэньня і пазнаньня. Вялікае значэньне яны надавалі эмпірычным і рацыянальным мэтадам дасьледаваньня, лічылі асьвету і авалоданьне ведамі асноўнымі сродкамі прагрэсу чалавецтва.

Выказваўся за неабходнасьць далейшага пранікненьня ў таямніцы Сусьвету, якія могуць быць раскрытыя аб’яднанымі намаганьнямі многіх людзей. Падтрымліваў ідэю існаваньня мноства сусьветаў, падзяляючы гіпотэзу пра іхную плянэтарную будову. Зыходзячы з прызнаньня руху як неад’емнай уласнасьці Сусьвету, Пачобут-Адляніцкі імкнуўся выявіць і прааналізаваць фізычную прыроду рэальных працэсаў, ператварыць кожную прызнаную гіпотэзу ў стройную тэорыю, закон. Ён падкрэсьліваў, што новая ідэя ці гіпотэза павінна быць пацьверджана практыкай, а для ўстанаўленьня сапраўднай прычыны руху Сонечнай сыстэмы адносна іншых сусьветаў патрэбны сыстэматычныя і працяглыя назіраньні. Нягледзячы на адсутнасьць у яго працах канкрэтных выказваньняў наконт вучэньня Мікалая Капэрніка, Пачобут-Адляніцкі фактычна лічыў правільнай распрацаваную ім геліяцэнтрычную сыстэму будовы Сусьвету, беручы адначасова ўдзел у дыскусіях па вызначэньні паняцьця «Бог».

М. Пачобут-Адляніцкі. Мастак Ф. Грэнёр, каля 18581860

Вынікі дасьледаваньняў, якія праводзіліся ў Віленскай абсэрваторыі, адлюстроўваліся ў спэцыяльных рукапісных журналах назіраньняў, якія сьведчаць пра велізарную працаздольнасьць М. Пачобута-Адляніцкага, яго навуковы фанатызм і адданасьць абранай справе. Штодзённа ў гэтых журналах ён і ягоныя памочнікі фіксавалі становішча плянэтаў Сонечнай сыстэмы, Месяцу, удакладнялі элемэнты руху нябесных целаў, становішча сузор’яў, аналізавалі зьвесткі комплексных дасьледаваньняў многіх праблемаў (напрыклад, адначаснае вызначэньне рознымі назіральнікамі каардынатаў Вільні, Горадні, Кракава).

Бюст М. Пачобут-Адляніцкага ў Віленскім унівэрсытэце

Па наведваньні ў 17681769 абсэрваторыяў Ангельшчыны, Даніі, Нямеччыны, Галяндыі і Францыі арганізаваў дасьледаваньні сонечных плямаў, спрабаваў вызначыць дакладную адлегласьць ад Зямлі і Сонца, выкарыстаўшы надзвычай рэдкую зьяву — праходжаньне Вэнэры паўз Сонца (гэтаму перашкодзіла дрэннае надвор’е). Вёў назіраньні сонечных і месячных зацьменьняў, дасьледаваў перамяшчэньне камэтаў, вывучаў зацьменьні кольцаў Сатурна і спадарожнікаў іншых плянэтаў, значную ўвагу надаваў вывучэньню сузор’яў Цяля і Скарпіёна, а таксама астэроідаў, працягваў працу па вызначэньні і ўдакладненьні геаграфічных каардынат розных мясьцінаў. Найбольшы вынік далі ягоныя спробы вызначыць разьмяшчэньне Мэркурыя. Яно было ўстаноўлена вельмі дакладна, і гэта паслужыла вядомаму францускаму астраному Ж. Ж. Лялянду матэрыялам для складаньня новых астранамічных табліц. Пра навуковую каштоўнасьць дасьледаваньняў Астранамічнай школы М. Пачобута-Адляніцкага францускі навукоўца напісаў у сваёй кнізе «Астранамічная бібліяграфія разам з гісторыяй астраноміі ад 1781 да 1802» (1803), дзе, у прыватнасьці, адзначыў выдзяленьне беларускімі астраномамі новага сузор’я — Быка Панятоўскага. 9 жніўня 1773 Марцін Пачобут-Адляніцкі разам зь Ю. Міцкевічам і А. Стжэцкім зафіксавалі адкрыцьцё новай зорнай асацыяцыі. Паведамляючы пра дзясятак новых, «дастаткова прыгожых зорак», яны пісалі ў сваім журнале назіраньняў: «Шчыт Сабескага, які зьзяе побач зь іншымі зоркамі, абуджае ў нас жаданьне паводле прыкладу вялікага польскага астранома аддаць належнае славе нашага гаспадара» (адсюль і назва першай зоркі новага сузор’я — Бык Каралеўскі). Гэтае адкрыцьцё астраномаў Рэчы Паспалітай зацьвердзіла Француская акадэмія навук, і ў 1878 яго ўлучылі ў вядомы каталёг Флэмстэда.

У 1793 удзельнічаў у комплексным дасьледаваньні сонечнага зацьменьня, якое праводзілася адначасна ў некалькіх пунктах зямное кулі, у тым ліку ў Вільні, Горадні, Варшаве і Кракаве Ён напісаў спэцыяльныя працы, у якіх тлумачыў сонечныя зацьменьні, рух плянэтаў, распавёў пра выкарыстаньне матэматычных мэтадаў у астраноміі, шмат увагі надаваў практычнаму выкарыстаньню дасягненьняў навукі. Таксама займаўся картаграфіяй, геадэзіяй ды інш.

Асьветніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная шыльда М. Пачобут-Адляніцкага ў Віленскім унівэрсытэце

Прыкметны ўнёсак зрабіў ў разьвіцьцё асьветы на Беларусі, у папулярызацыю астранамічных і матэматычных ведаў. Як рэктар Віленскага ўнівэрсытэту, браў удзел у дзейнасьці Камісіі народнай адукацыі (Адукацыйнай камісіі), у ажыцьцяўленьні захадаў для ўдасканаленьня навучальнага працэсу і выхаваньня навучэнцаў.

Дамогся перамогі над прыхільнікамі рэарганізацыі Віленскага ўнівэрсытэту ў народны ліцэй (з прычыны доўгай адсутнасьці мэдычнага факультэту і невялікіх катэдраў), арганізаваў ва ўнівэрсытэце 2 аддзяленьні — фізычнае (з факультэтамі матэматыкі, фізыкі і мэдыцыны) і маральнае (з факультэтамі лёгікі і права), адкрыў 4-гадовую школу падрыхтоўкі настаўнікаў.

У 1773 распрацаваў праект заснаваньня ў Вільні спэцыяльнага Таварыства (накшталт акадэміі навук), які прадугледжваў разьвіцьцё як фундамэнтальных тэарэтычных канцэпцыяў, так і канкрэтных ведаў у галіне геаметрыі, мэханікі, земляробства, анатоміі ды іншых навук. У мэтах пашырэньня навуковых ведаў сярод насельніцтва і больш эфэктыўнага кантролю за выдавецкай дзейнасьцю ўзначальваў унівэрсытэцкую друкарню, якую ў 1775 набыў падскарбі надворны літоўскі, кнігавыдавец Антоні Тызэнгаўз. На прапанову М. Пачобута-Адляніцкага на выкладніцкую працу ў Рэч Паспалітую запрасілі вядомых навукоўцаў Яна Жылібэра, І. Страйноўскага, П. Галанскага, І. Багуслаўскага і інш.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Лаўрэш Л. Марцін Пачобут-Адляніцкі // «Наша Слова» № 9—10, 2009.
  2. ^ а б Павел Космач. Пачобут-Адляніцкі Марцін // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 424.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марцін Пачобут-Адляніцкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў