Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 295-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
24 чэрвеня 1999 (24 гады таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
30 чэрвеня 1999 (24 гады таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
16 ліпеня 1999 (24 гады таму)[1]
Уступ у сілу 1 студзеня 2001 (23 гады таму)
Першая публікацыя 1999 г.
Ведамасьці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, № 28-29, ст. 433[2]

Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь — звод заканадаўства Беларусі аб парадку вядзеньня па матэрыялах і крымінальнай справе, які набыў моц у студзені 2001 году.

Паводле 1-га артыкула, «устанаўлівае парадак дзейнасьці органаў, якія вядуць крымінальны працэс, а таксама правы і абавязкі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу». На 2023 год налічваў 520 артыкулаў і падзяляўся на 3 часткі: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Дасудовае вядзеньне», 3) «Судовае вядзеньне», а таксама ўлучаў Дадатак. Дзейнічаў з 66-ю амаль штогадовымі зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, за выняткам 2001—2002, 2004 і 2013 гадоў[1]. Замяніў сабой Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларускай ССР ад 29 сьнежня 1960 году[3]. 3 лістапада 2022 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 9 студзеня 2019 г. № 171-З[4].

Агульныя палажэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая частка Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі зьмяшчала 165 артыкулаў у складзе 6 разьдзелаў: 1) «Асноўныя палажэньні», 2) «Дзяржаўныя органы і іншыя ўдзельнікі крымінальнага працэсу», 3) «Доказы і даказваньне», 4) «Захады працэсуальнага прымусу», 5) «Хадайніцтвы і скаргі», 6) «Іншыя агульныя палажэньні». Найбольшым зь іх быў 2-і разьдзел зь 57 артыкулаў (31—87) у складзе 5 главаў: «Суд», «Дзяржаўныя органы і службовыя асобы, якія ажыцьцяўляюць крымінальны перасьлед», «Удзельнікі крымінальнага працэсу, якія абараняюць свае ці прадстаўленыя правы і інтарэсы», «Іншыя ўдзельнікі крымінальнага працэсу», «Захады забесьпячэньня бясьпекі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу і іншых асобаў» і «Акалічнасьці, якія выключаюць магчымасьць удзелу ў вядзеньні па крымінальнай справе». Паводле 7-га артыкула, задачамі крымінальнага працэсу былі: хуткае і поўнае расьсьледаваньне злачынства і небясьпечнага грамадзтву дзеяньня ў стане бесьсвядомасьці; выкрыцьцё і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці вінаватага; справядлівае пакараньне ўчыняльніка злачынства і адсутнасьць асуджэньня невінаватага. Парадак вядзеньня па матэрыялах і крымінальнай справе прызначаўся для таго, каб «забясьпечыць законнасьць і правапарадак, папярэджаньне злачынстваў, абарону ад неабгрунтаванага абвінавачаньня ці асуджэньня, незаконнага абмежаваньня правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна, а ў выпадку абвінавачаньня ці асуджэньня невінаватага — неадкладную і поўную яго рэабілітацыю, кампэнсацыю яму фізычнай, маёмаснай і маральнай шкоды, аднаўленьне парушаных працоўных, пэнсійных, жыльлёвых і іншых правоў». Згодна з 8-м артыкулам «парушэньне закону пры вядзеньні па матэрыялах і крымінальнай справе недапушчальнае і цягне за сабой усталяваную законам адказнасьць і прызнаньне, што рашэньні ня маюць праўнай моцы». Пры гэтым падкрэсьлівалася, што «доказы, атрыманыя з парушэньнем парадку, усталяванага гэтым Кодэксам, ня маюць праўнай моцы і ня могуць быць падставай для прыцягненьня ў якасьці абвінавачанага і пастановы выраку»[1].

У 9-м артыкуле згадвалася, што «правасудзьдзе па крымінальных справах у Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляе толькі суд». Паводле 10-га артыкула, «ніхто ня мае прымушацца да даваньня паказаньняў і тлумачэньняў супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў». У выпадку прычыненьня злачынствам шкоды орган крымінальнага перасьледу, суд абавязаны прыняць захады забесьпячэньня цывільнай позвы. Пры гэтым шкода, прычыненая асобе ў выніку парушэньня яе правоў і свабодаў пры вядзеньні па крымінальнай справе, падлягае пакрыцьцю. Таксама орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны прадпрыняць захады для аховы жыцьця, здароўя і маёмасьці пацярпелага, сьведкі, экспэрта ці іншага ўдзельніка крымінальнага працэсу, а таксама чальцоў іх сем'яў, блізкіх сваякоў і іншых асобаў, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі, пры дастатковых дадзеных пра пагрозу ім забойствам, прымяненьнем гвалту, зьнішчэньнем ці пашкоджаньнем маёмасьці. Згодна з 11-м артыкулам орган крымінальнага перасьледу, суд абавязаны безадкладна вызваліць усялякага незаконна затрыманага ці ўзятага пад варту, хатні арышт або незаконна зьмешчанага ў арганізацыю аховы здароўя ці судова-псыхіятрычны экспэртны стацыянар, а таксама асобу, якая ўтрымліваецца пад вартай, хатнім арыштам больш за тэрмін, прадугледжаны законам ці выракам. Таксама «ніхто з удзельнікаў крымінальнага працэсу ня мае падвяргацца гвалту, іншаму жорсткаму ці зьневажальнаму чалавечую годнасьць абыходжаньню, а таксама безь яго згоды падвяргацца мэдычным і іншым досьледам». Пры гэтым «утрыманьне асобы, у дачыненьні да якой прыменены захад стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, хатні арышт, а таксама асобы, затрыманай праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства, мае ажыцьцяўляцца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу іх жыцьцю і здароўю»[1].

У 16-м артыкуле прадугледжвалася, што абвінавачаная асоба «лічыцца невінаватай, пакуль яе вінаватасьць ва ўчыненьні злачынства ня будзе даказана» і ня будзе ўстаноўлена выракам суду, які набыў у законную моц. Пры гэтым абвінавачаны не абавязаны даказваць сваю невінаватасьць, а сумненьні ў абгрунтаванасьці высунутага абвінавачаньня тлумачацца на карысьць абвінавачанага. Урэшце, «вырак ня можа быць заснаваны на здагадках». Паводле 17-га артыкула, орган крымінальнага перасьледу і суд абавязаны растлумачыць падазраванаму, абвінавачанаму іх правы і забяспечыць магчымасьць абараняцца, а таксама забясьпечыць ахову іх асабістых і маёмасных правоў. Згодна з 18-м артыкулам орган крымінальнага перасьледу абавязаны прадпрыняць захады для ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага дасьледаваньня абставінаў крымінальнай справы, «сабраць доказы, якія як выкрываюць, так і апраўдваюць абвінавачанага». Рашэньне аб вінаватасьці або невінаватасьці абвінавачанага суд выносіць толькі на падставе дакладных доказаў, усебакова, поўна і аб'ектыўна дасьледаваных і ацэненых. Пры гэтым «забараняецца прымус да даваньня паказаньняў і тлумачэньняў шляхам гвалту і пагрозаў». У 20-м артыкуле згадвалася, што «вядзеньне па матэрыялах і крымінальнай справе ажыцьцяўляецца на аснове роўнасьці грамадзян перад законам незалежна ад іх паходжаньня, сацыяльнага, службовага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасьці, палітычных і іншых перакананьняў, стаўленьня да рэлігіі, плоці, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства». Пры гэтым кожны мае права на праўную дапамогу, у тым ліку адвакатаў.

Паводле 21-га артыкула, вядзеньне па матэрыялах і крымінальнай справе ў Беларусі ажыцьцяўляецца на беларускай і расейскай мовах. Асобам, якія недастаткова валодаюць мовай, на якой вядзецца крымінальны працэс, забясьпечваецца права вусна ці пісьмова рабіць заявы, даваць тлумачэньні і паказаньні, заяўляць хадайніцтвы, падаваць скаргі, знаёміцца з крымінальнай справай, выступаць у судзе на роднай мове ці на мове, якой яны валодаюць. Працэсуальныя дакумэнты ўручаюцца падазраванаму, абвінавачанаму, а таксама іншым удзельнікам крымінальнага працэсу ў перакладзе на іх родную мову ці на мову, якой яны валодаюць. Згодна з 23-м артыкулам разбор крымінальнай справы на закрытым судовым паседжаньні дапускаецца толькі ў зацікаўленасьцях забесьпячэньня аховы дзяржаўных таямніцаў і іншай таямніцы, што ахоўваецца законам, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, які не дасягнулі 16-гадовага веку, па справах аб плоцевых злачынствах і іншых справах, каб прадухіліць раскрыцьцё зьвестак аб інтымных баках жыцьця асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, або зьвестак, што зьневажаюць іх годнасьць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забесьпячэньня бясьпекі пацярпелага, сьведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама чальцоў іх сем'яў ці блізкіх сваякоў і іншых асобаў, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі. Па справах, разгледжаных на закрытым судовым паседжаньні, абнародуюць толькі рэзалютыўную частку выраку, прысуду, пастановы суду. У 24-м артыкуле прадугледжвалася аддзяленьне паўнамоцтваў абвінавачаньня, абароны і ажыцьцяўленьня правасудзьдзя, якія мелі ўскладаць на розныя органы і розных службоўцаў. Бакі ў судовым разборы карыстаюцца роўнымі правамі ў прадстаўленьні і дасьледаваньні доказаў, заяве хадайніцтваў, выказваньні меркаваньня аб любым пытаньні, якое мае значэньне для крымінальнай справы, удзеле ў судовых спрэчках[1].

Паводле 25-га артыкула, пракурор наглядае за выкананьнем законаў пры вырашэньні заяваў і паведамленьняў аб злачынствах, у ходзе папярэдняга расьсьледаваньня, за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па крымінальных справах і іх выкананьнем. Таксама «пракурор абавязаны на ўсіх ступенях крымінальнага працэсу своечасова прадпрымаць прадугледжаныя законам захады для ліквідацыі парушэньняў закона, ад каго б гэтыя парушэнні ні зыходзілі»[1].

Дасудовае вядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая частка Крымінальна-працэсуальнага кодэксу налічваў 101 артыкул (166—266) і падзяляўся на 2 разьдзелы: 1) «Распачынаньне крымінальнай справы», 2) «Папярэдняе расьсьледаваньне». Большым быў другі разьдзел з 87 артыкулаў (180—266) у складзе 10 главаў: «Агульныя ўмовы папярэдняга расьсьледаваньня»; «Агляд, аглядзіны, сьледчы экспэрымэнт»; «Ператрус, вынятка, накладаньне арышту на паштова-тэлеграфныя і іншыя адпраўленьні, праслухоўваньне і запіс перамоваў»; «Допыт, вочная стаўка, прад'яўленьне для апазнаньня, праверка паказаньняў на месцы»; «Прызначэньне і правядзеньне экспэртызы»; «Прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага, выстаўленьне абвінавачаньня, допыт абвінавачанага»; «Прыпыненьне і аднаўленьне папярэдняга расьсьледаваньня»; «Спыненьне і аднаўленьне папярэдняга расьсьледаваньня па крымінальнай справе»; «Заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня зь перадачай крымінальнай справы пракурору для накіраваньня ў суд»; «Дзеяньні і рашэньні пракурора па крымінальнай справе, якая паступіла для накіраваньня ў суд». Паводле 166-га артыкула, нагодамі да распачынаньня крымінальнай справы служаць: 1) заява грамадзяніна; 2) яўка з пакаяньнем; 3) паведамленьне службоўца дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі; 4) паведамленьне аб злачынстве ў сродку масавай інфармацыі; 5) непасрэднае выяўленьне органам крымінальнага перасьледу зьвестак, якія паказваюць на прыкметы злачынства. Згодна са 167-м артыкулам падставамі да распачынаньня крымінальнай справы былі: 1) наяўнасць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, пры адсутнасьці акалічнасьцяў, якія выключаюць вядзеньне па крымінальнай справе; 2) зьнікненьне асобы, калі на працягу 10 содняў з моманту падачы заявы апэратыўна-вышуковымі мерапрыемствамі, праведзенымі ў гэты тэрмін, выявіць месцазнаходжаньне асобы не ўяўляецца магчымым[1].

У 168-м артыкуле прадугледжвалася магчымасьць вуснай і пісьмовай заявы аб злачынстве. Пісьмовая заява мела быць падпісанай асобай, ад якой зыходзіла. Вусную заяву мелі заносіць у пратакол, які падпісваецца заяўнікам і службоўцам органа дазнаньня, дазнавальнікам, сьледчым ці пракурорам, якія прынялі заяву. Пратакол меў таксама зьмяшчаць зьвесткі пра заяўніка. Пры гэтым заяўнік папярэджваецца аб крымінальнай адказнасьці за заведама лжывы данос, аб чым у заяве ці пратаколе робіцца адзнака, якая засьведчваецца подпісам заяўніка. Аднак безыменныя заявы ня могуць служыць нагодай да распачынаньня крымінальнай справы. У выпадку, калі ёсьць падставы меркаваць, што заяўніку, чальцам яго сям'і, блізкім сваякам і іншым асобам, якіх той абгрунтавана лічыць сваімі блізкімі, могуць пагражаць забойствам, прымяненьнем гвалту, зьнішчэннем ці пашкоджаньнем маёмасьці, у заяве не пазначаюцца анкетныя дадзеныя заяўніка і ня ставіцца яго подпіс. Паводле 171-га артыкула, службовец СМІ, які распаўсюдзіў паведамленьне аб злачынстве, на патрабаваньне органа крымінальнага перасьледу абавязана перадаць дакумэнты і іншыя матэрыялы, якія знаходзяцца ў яго распараджэньні і пацвярджаюць зробленае паведамленьне. Пры гэтым крыніца інфармацыі і імя асобы, якая падала зьвесткі, маюць назваць толькі на патрабаваньні органа, які вядзе крымінальны працэс, калі гэта патрэбна для папярэдняга расьсьледаваньня ці разгляду справы, якая знаходзіцца ў яго вядзеньні. Згодна са 172-м артыкулам орган крымінальнага перасьледу абавязаны прыняць, зарэгістраваць і разгледзець заяву ці паведамленьне аб любым учыненым ці рыхтаваным злачынстве. Заяўніку выдаецца дакумэнт аб рэгістрацыі прынятай заявы ці паведамленьня аб злачынстве з пазначэньнем службоўца, які прыняў заяву ці паведамленьне, і часу іх рэгістрацыі. Неабгрунтаваную адмову ў прыёме заявы ці паведамленьня можна абскардзіць пракурору. Заяву ці паведамленьне, якія паступілі ў суд, накіроўваюць пракурору, пра што маюць апавясьціць заяўніка[1].

У 173-м артыкуле згадвалася, што рашэньне па заяве ці паведамленьні мае быць прынята цягам 3-х содняў, а пры патрэбе праверкі падставаў да распачынаньня крымінальнай справы — цягам 10 содняў. Да распачынаньня крымінальнай справы могуць атрымаць тлумачэньні і ўзоры для параўнальнага дасьледаваньня, выпатрабаваць дадатковыя дакумэнты, прызначыць праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці, правесьці агляд месца здарэньня, трупа, мясцовасьці, прадметаў, дакумэнтаў, агледзіны, экспэртызу, затрыманьне і асабісты ператрус пры затрыманьні, а таксама могуць правесьці выманне трупа зь месца пахаваньня. Начальнік сьледчага падразьдзяленьня, а ў выпадку знаходжаньня матэрыялаў у пракурора або органа дазнаньня і пракурор могуць падоўжыць тэрмін распачынаньня крымінальнай справы да месяца, калі праверку немагчыма правесьці своечасова. Вышэйстаячы начальнік сьледчага падразьдзяленьня і вышэйстаячы пракурор могуць падоўжыць тэрмін праверкі па заяве ці паведамленьні аб злачынстве да 3-х месяцаў. Заяўніка апавяшчаюць пра падушэньня тэрміну праверкі цягам 24-х гадзінаў. Копію пастановы пра падаўжэньне тэрміну праверкі мелі цягам 24-х гадзінаў накіраваць пракурору. Паводле артыкула 173-1, у адным вядзеньні могуць злучыць заявы і паведамленьні аб злачынстве і матэрыялы праверкі па іх праз:

  • учыненьне адной асобай аднаго і таго самага ці некалькіх злачынстваў,
  • учыненьне некалькімі асобамі ў саўдзеле аднаго ці некалькіх злачынстваў,
  • учыненьне некалькімі асобамі ўзаемазьвязаных паводле прадмету злачынстваў,
  • не абяцанае загадзя ўкрывальніцтва гэтых злачынстваў ці неданясеньне аб іх,
  • зьнікненьне асобы і небясьпечнае грамадзтву дзеяньне, зьвязанае са зьнікненьнем гэтай асобы[1].

Згодна з артыкула 173-2 начальнік органа дазнаньня прымае матываванай пастановы аб накіраваньні заявы ці паведамленьня аб злачынстве і матэрыялаў праверкі па ім у орган папярэдняга сьледства пры дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства. Пры вяртаньні заявы або паведамленьня і матэрыялаў па іх органу дазнаньня адпаведную матываваную пастанову з заявай (паведамленьнем) і матэрыяламі накіроўваюць пракурору з адначасным пісьмовым паведамленьнем органу дазнаньня. Пракурор тады цягам 3-х дзён вырашае, ці накіроўваць заяву аб злачынстве ў орган дазнаньня. У артыкуле 173-3 прадугледжвалася, што орган дазнаньня, сьледчы і пракурор маглі прыпыніць праверку матываванай пастановай у выпадку: 1) неатрымання адказу на міжнародны запыт; 2) неатрымання вынікаў экспэртызы або праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. Агульны тэрмін прыпыненьняў праверкі мог складаць да 3-х месяцаў. Заяўніка мелі апавясьціць аб прыпыненьні і аднаўленьні праверкі цягам 24 гадзінаў. Копію адпаведнай пастановы цягам 24 гадзінаў накіроўвалі пракурору. Пастанову аб прыпыненьні праверкі можна абскардзіць начальніку сьледчага падразьдзяленьня і пракурору[1].

Судовае вядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяя частка Кодэксу ўлучала 254 артыкулы (267—520), што складалі 49 % ад іх агульнага ліку, і зьмяшчала 8 разьдзелаў: 1) «Вядзеньне ў судзе першай інстанцыі», 2) «Апэляцыйнае вядзеньне», 3) «Выкананьне выраку», 4) «Нагляднае вядзеньне», 5) «Вядзеньне па крымінальных справах па абставінах, якія нядаўна адкрыліся», 6) «Асаблівасьці вядзеньня па асобных катэгорыях крымінальных справаў», 7) «Міжнародная прававая дапамога па крымінальных справах на аснове прынцыпу ўзаемнасьці», 8) «Заключныя палажэньні». Найбольшым зь іх быў першы разьдзел са 103-х артыкулаў (267—369) у складзе 7 главаў: «Падсуднасьць», «Прызначэньне і падрыхтоўка судовага разбору», «Агульныя ўмовы судовага разбору», «Падрыхтоўчая частка судовага паседжаньня», «Судовае сьледзтва», «Судовыя спрэчкі і апошняе слова абвінавачанага», «Пастанова выраку». Паводле 267-га артыкула, судзьдзя гарадзкога і раённага суду аднаасобна разглядае справы аб злачынствах, за якія найбольшае пакараньне складае да 10 гадоў пазбаўленьня волі, за выняткам справаў аб злачынствах непаўналетніх. Згодна зь 268-м артыкулам абласномым і Менскаму гарадскому судам падсудныя крымінальныя справы аб злачынствах: 1) супраць міру і бясьпекі чалавецтва, 2) супраць дзяржавы, 3) за якія можа быць прызначана пакараньне сьмерцю, 4) іншага кшталту, у матэрыялах якіх зьмяшчаюцца дзяржаўныя таямніцы. У 269-м артыкуле прадугледжвалася, што Вярхоўнаму суду Беларусі падсудныя крымінальныя справы: 1) аб злачынствах, учыненых найвышэйшымі службоўцамі дзяржавы, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і судзьдзямі; 2) перададзеныя ў гэты суд са згоды абвінавачанага і яго абаронцы ў мэтах забесьпячэньня аб'ектыўнасці судовага разбору[1].

Паводле 271-га артыкула, крымінальная справа падлягае разгляду ў судзе паводле месца ўчыненьня злачынства. Калі злачынства пачалі ў месцы дзейнасьці аднаго суда, а скончылі ў месцы дзейнасьці іншага суда, справа падсудная суду паводле месцы заканчэньня злачынства. Калі месца ўчыненьня вызначыць немагчыма, справу разглядае суд паводле месца заканчэньня папярэдняга расьсьледаваньня. Калі некалькі злачынстваў ўчынілі ў розных месцах, справу разглядае суд паводле месца ўчыненьня апошняга або найбольш цяжкага са злачынстваў. Згодна зь 272-м артыкулам пры абвінавачаньні адной асобы ці групы асобаў ва ўчыненьні некалькіх злачынстваў, крымінальныя справы аб якіх падсудныя рознаіменным судам, справа аб усіх злачынствах разглядаецца вышэйстаячым судом. У 273-м артыкуле згадвалася, што суд, які выявіў, што справа, якая знаходзіцца ў яго вядзеньні, падсудная іншаму суду такога самага ўзроўню, мае права са згоды бакоў абвінавачаньня і абароны пакінуць крымінальную справу ў сваім вядзеньні, але толькі ў выпадку, калі ўжо распачаў яе разгляд на судовым паседжаньні. Аднак калі справа падсудная вышэйстаячаму суду, яна ва ўсіх выпадках падлягае накіраваньню паводле падсуднасьці. Пры гэтым перадача ў ніжэйстаячы суд справы, пачатай разглядам на судовым паседжаньні вышэйстаячага суду, не дапускаецца[1].

Згодна зь 276-м артыкулам цягам 14 дзён судзьдзя прымае рашэньне па крымінальнай справе, якая паступіла: 1) аб накіраваньні адпаведна падсуднасьці; 2) аб прыпыненьні вядзеньня; 3) аб прызначэньні папярэдняга судовага паседжаньня; 4) аб прызначэньні судовага разбору. Абласным, Менскаму гарадзкому і Вярхоўнаму судам даецца на гэта рашэньне месяц. З улікам асаблівай складанасьці і вялікага аб'ёму справы тэрмін можа быць прадоўжаны паводле пастановы старшыні суду адпаведна да 1-го і да 3-х месяцаў. у 277-м артыкуле згадвалася, што па крымінальнай справе, якая паступіла ў суд, судзьдзя мае высьветліць:

  1. ці падсудная справа гэтаму суду;
  2. ці ёсць абставіны, якія цягнуць за сабой прыпыненьне вядзеньня па справе;
  3. ці падлягае зьмяненьню або скасаваньню прыменены ў дачыненьні абвінавачанага захад стрыманьня;
  4. ці прадпрынятыя захады, якія забясьпечваюць пакрыцьцё шкоды, прычыненай злачынствам, і магчымую канфіскацыю маёмасьці;
  5. ці падлягаюць задавальненню заявы і хадайніцтвы;
  6. ці ёсьць падставы для правядзення папярэдняга судовага паседжаньня[1].

Паводле артыкула 277-1, судзьдзя праводзіць папярэдняе судовае паседжаньне паводле хадайніцтва бакоў або паводле ўласнай ініцыятывы:

  • пры наяўнасьці падставаў для вяртаньня крымінальнай справы пракурору;
  • пры наяўнасьці падставаў для спыненьня вядзеньня па крымінальнай справе;
  • для вырашэньня пытання аб прызначэньні судовага разбору па крымінальнай справе ў дачыненьні абвінавачанага, зь якім заключылі дасудовае пагадненьне аб супрацы[1].

Згодна зь 279-м артыкулам, прыняўшы рашэньне аб спыненьні вядзеньня па справе, судзьдзя скасоўвае захад стрыманьня і іншыя захады працэсуальнага прымусу, захады забесьпячэньня цывільнай позвы і канфіскацыі маёмасьці і вырашае пытаньне аб рэчыўных доказах. Копію пастановы судзьдзі аб спыненьні вядзеньня па справе накіроўваюць пракурору, а таксама ўручаюць асобе, якая прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, і пацярпеламу. У 280-м артыкуле прадугледжвалася, што судзьдзя прыпыняе вядзеньне па крымінальнай справе ў выпадках: 1) калі абвінавачаны ўцёк ад суду і яго месцазнаходжаньне невядомае; 2) часовага душэўнага захворваньня або іншага захворваньня абвінавачанага, якія перашкаджаюць яго ўдзелу ў правядзеньні працэсуальных дзеяньняў і пасьведчаныя лекарам, які працуе ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя. У першым выпадку судзьдзя абвяшчае вышук абвінавачанага, які ўцёк, і адначасова вырашае пытаньне аб зьмяненьні захаду стрыманьня. Пры гэтым прысуд (пастанова) суду аб вышуку абвінавачанага накіроўваюць пракурору для арганізацыі вышуку. Калі ў абвінавачанага ў вышуку застаюцца дзеці без апекі бацькоў, пра яго вышук не пазьней за наступны дзень пасьля прыняцьця рашэньня паведамляюць аддзелу адукацыі раённага або гарадзкога выканаўчага камітэту ці мясцовай адміністрацыі раёну ў горадзе па яго месцы жыхарства для забесьпячэньня дзяржаўнай абароны дзяцей[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о А. Лукашэнка. Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 1999 г. № 295-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 3 лістапада 2022 г. Праверана 26 верасьня 2023 г.
  2. ^ Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 1999 г. № 295-З (картка) (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 19 ліпеня 2023 г. Праверана 26 верасьня 2023 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2000 г. № 430-З «Аб увядзеньні ў дзеяньне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Валеры Леванеўскі, 2009 г. Праверана 26 верасьня 2023 г.
  4. ^ Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 3 лістапада 2022 г. Праверана 26 верасьня 2023 г.