Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
кодэкс
Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 332-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
3 сьнежня 2015 (8 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
9 сьнежня 2015 (8 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
24 сьнежня 2015 (8 гадоў таму)
Уступ у сілу 30 сьнежня 2016 (7 гадоў таму)
Першая публікацыя 30 сьнежня 2015 (8 гадоў таму)
Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

Лясны́ ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб выкарыстаньні і ахове лясоў, якое набыло моц у сьнежні 2016 году.

Акрэсьлівае ўстойлівае выкарыстаньне лясных багацьцяў і захаваньне абароннага, адпачывальнага, асяродзьдзеўтваральнага, ачышчальнага і водаахоўнага прызначэньня лясоў. На 2020 год налічваў 114 артыкулаў у складзе 24-х главаў: 1) «Асноўныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае кіраваньне ў галіне выкарыстаньня, аховы, абароны і ўзнаўленьня лясоў»; 3) «Удзел грамадзянаў, грамадзкіх аб'яднаньняў, іншых некамэрцыйных арганізацыяў, органаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня ў рашэньні пытаньняў. Школьныя лясьніцтвы»; 4) «Асновы арганізацыі лясной гаспадаркі»; 5) «Вядзеньне лясной гаспадаркі»; 6) «Узнаўленьне лясоў»; 7) «Ахова і абарона лясоў»; 8) «Лесаўпарадкаваньне»; 9) «Віды лесакарыстаньня»; 10) «Арэнда дзялянак ляснога фонду»; 11) «Лясныя аўкцыёны і біржавы гандаль»; 12) «Абмежаваньне, спыненьне і пераход права лесакарыстаньня»; 13) «Правы і абавязкі лесакарыстальнікаў»; 14) «Асаблівасьці вядзеньня лясной гаспадаркі на асобных дзялянках ляснога фонду»; 15) «Водпуск драўніны на пні»; 16) «Нарыхтоўка жывіцы»; 17) «Нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў»; 18) «Пабочнае лесакарыстаньне»; 19) «Карыстаньне дзялянкамі ляснога фонду ў навукова-дасьледчых і адукацыйных мэтах, лесакарыстаньне ў мэтах правядзеньня культурнааздараўленчых, турыстычных і іншых рэкрэацыйных мерапрыемстваў»; 20) «Дзяржаўны лясны кадастр»; 21) «Дзяржаўная лясная ахова»; 22) «Эканамічны мэханізм аховы, абароны і ўзнаўленьня лясоў, устойлівага выкарыстаньня лясных рэсурсаў»; 23) «Кантроль, адказнасьць за парушэньне закадаўства і вырашэньне спрэчак»; 24) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Лясны кодэкс ад 14 ліпеня 2000 году і 4 законы[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад Кодэксу 2015 году[2].

25 чэрвеня 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 4 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 18 сьнежня 2018 году № 152-З [3]. У выніку Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь стаў 10-м кодэксам Беларусі ў перакладзе Экспэртнай рады[4].

Асноўныя палажэньні і дзяржаўнае кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая глава Ляснога кодэксу Беларусі зьмяшчала 8 артыкулаў датычна: складу ляснога фонду, права ўласнасьці на лясы і лясныя вырабы, дзейнікаў і прадметаў дачыненьняў, прынцыпаў выкарыстаньня і аховы лясоў. Паводле 3-га артыкула, у склад ляснога фонду ўваходзілі пакрытыя лясамі землі і нелясныя землі, аддадзеныя для вядзеньня лясной гаспадаркі. Згодна зь 5-м артыкулам «лясы складаюць выключную ўласнасьць дзяржавы». Адначасна лясная прадукцыя «зьяўляецца ўласнасьцю асобаў, якія яе нарыхтавалі, сабралі і адабралі». У 6-м артыкуле згадвалася, што прадметам дачыненьняў ёсьць дзялянка ляснога фонду, права вядзеньня лясной гаспадаркі і лесакарыстаньня, лясныя багацьці і вырабы. Паводле 8-га артыкула, дачыненьні мелі адпавядаць 8 прынцыпам:

  1. устойлівага выкарыстаньня лясных багацьцяў;
  2. захаваньня прызначэньня лясоў;
  3. захаваньня біялягічнай разнастайнасьці, прыроднага навакольнага асяродзьдзя, уласьцівых і рэдкіх прыродных краявідаў і біятопаў;
  4. перавагі ўзнаўленьня лясоў над лесакарыстаньнем;
  5. платнасьці лесакарыстаньня;
  6. вольнага доступу грамадзянаў на землі ляснога фонду для агульнага прыродакарыстаньня[1].

Другая глава Кодэксу ўлучала 5 артыкулаў (9—13) пра: дзяржаўнае кіраваньне і паўнамоцтвы прэзыдэнта, Савета міністраў, Міністэрства лясной гаспадаркі і мясцовых выканаўчых органаў. Паводле 13-га артыкула, мясцовыя выканаўчыя органы: 1) ладзяць распрацоўку і ажыцьцяўленьне абласных праграмаў і мерапрыемстваў; 2) прымаюць рашэньне аб аддаваньні дзялянак лесу ў арэнду юрыдычным асобам па ўзгадненьні зь Мінлясгасам Беларусі; 3) праводзяць лясныя аўкцыёны сумесна зь ляснымі гаспадаркамі; 4) ладзяць добраўпарадкаваньне і ахову аздараўленчых лясоў; 5) зацьвярджаюць пляны прыцягненьня сілаў і сродкаў для тушэньня лясных пажараў па прадстаўленьні лясных гаспадарак; 6) забясьпечваюць гатоўнасьць да неадкладнага выезду пажарнікаў да ачагоў узгараньня пры надзвычайным здарэньні; 7) узгадняюць пажаратушэньне; 8) прымаюць рашэньні аб паветранай абароне лясоў па прадстаўленьні лясных гаспадарак і апавяшчаюць пра яе насельніцтва; 9) прымаюць рашэньні аб забароне на знаходжаньне грамадзянаў у лесе і на ўезд у яго ў выпадку пагрозы пажара і здарэньня з адпаведным апавяшчэньнем насельніцтва. Згодна з 12-м артыкулам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:

  • «прымае рашэньні аб зьмяненьні межаў дзялянак ляснога фонду, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні лясьніцтваў» і лясных гаспадарак;
  • «прымае рашэньні аб аддаваньні дзялянак ляснога фонду для лесакарыстаньня»;
  • «устанаўлівае парадак вызначэньня разьліковай лесасекі;
  • зацьвярджае разьліковую лесасеку па ўзгадненьні з» Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь;
  • «устанаўлівае формы тэхналягічных картаў на распрацоўку лесасекі, нарыхтоўку пнёў і каранёў;
  • вызначае прыкладныя ўмовы грамадзянска-прававой дамовы на аказаньне паслуг па правядзеньні лесагаспадарчых мерапрыемстваў і лесакарыстаньні», па высечцы небясьпечных у дачыненьні аўтамабільных дарог, паветраных ліній сувязі і электраперадачы дрэваў;
  • устанаўлівае «парадак правядзеньня працаў па ўтрыманьні лясоў, разьмешчаных у межах палосаў шырынёй 100 мэтраў у абодва бакі ад восі рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі» па ўзгадненьні зь Міністэрствам транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь, Мінпрыроды Беларусі і абласнымі выканаўчымі камітэтамі;
  • зацьвярджае Палажэньне аб школьных лясьніцтвах па ўзгадненьні зь Міністэрствам адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі;
  • «устанаўлівае парадак стварэньня плянтацыйных лясных культураў», патрабаваньні па іх вырошчваньні і высечцы;
  • зацьвярджае «Правілы вядзеньня лясной гаспадаркі на тэрыторыях, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджваньню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» па ўзгадненьні зь Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях, Міністэрства аховы здароўя і Мінпрыроды Беларусі;
  • «зацьвярджае Правілы адводу і таксацыі лесасек у лясах Рэспублікі Беларусь, устанаўлівае парадак агляду лесасек і дзялянак ляснога фонду, аддадзеных для нарыхтоўкі жывіцы»;
  • зацьвярджае «Правілы высечак лесу ў Рэспубліцы Беларусь, санітарныя правілы ў лясах Рэспублікі Беларусь» па ўзгадненьні зь Мінпрыроды Беларусі;
  • зацьвярджае «Правілы пажарнай бясьпекі ў лясах Рэспублікі Беларусь» па ўзгадненьні з МНС Беларусі;
  • «устанаўлівае формы ўліковай дакумэнтацыі дзяржаўнага ляснога кадастру, зацьвярджае Палажэньне аб інфармацыйнай сыстэме дзяржаўнага ляснога кадастру;
  • вядзе дзяржаўны лясны кадастр;
  • праводзіць маніторынг лясоў;
  • ажыцьцяўляе кантроль у галіне выкарыстаньня, аховы, абароны і ўзнаўленьня лясоў;
  • прымае рашэньні аб абмежаваньні або аб спыненьні права лесакарыстаньня;
  • прад'яўляе прэтэнзіі асобам, гаспадарчая і іншая дзейнасьць якіх аказвае шкоднае ўзьдзеяньне на лясы, а таксама позвы ў суд аб пакрыцьці шкоды, прычыненай лясам»[1].

Грамадзкія аб'яднаньні і гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяя глава Ляснога кодэксу налічвала 2 артыкулы пра грамадзкія аб’яднаньні, тэрытарыяльнае грамадзкае самакіраваньне і школьныя лясьніцтвы. Паводле 14-га артыкула, дзяржаўныя органы даюць грамадзянам зьвесткі пра стан навакольнага асяродзьдзя ў лясах. Згодна з 15-м артыкулам «школьныя лясьніцтвы ствараюцца пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі»[1].

Чацьвертая глава зьмяшчала 4 артыкулы (16—19), якія вызначалі: віды лясоў, парадак аднясеньня лясоў да відаў і пераводу лясоў між імі, парадак лесакарыстаньня. Паводле 16-га артыкула, лес мог быць: 1) абаронны, 2) аздараўленчы, 3) прыродаахоўны, 4) эксплюатацыйны. «У склад прыродаахоўных лясоў уваходзяць: 1) лясы, разьмешчаныя ў межах асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў; 2) лясы, разьмешчаныя ў межах месцаў пражываньня дзікіх жывёлаў і вырастаньня дзікарослых расьлінаў, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, якія перадаваліся пад ахову карыстальнікам зямельных дзялянак і вадаёмаў»; 3) «лясы, разьмешчаныя ў межах тыповых і рэдкіх прыродных краявідаў і біятопаў, якія перадаваліся пад ахову карыстальнікам». У склад аздараўленчых лясоў уваходзілі: 1) «гарадзкія лясы; 2) лясы, разьмешчаныя ў межах палосаў шырынёй 5 км, 2 км, 500 мэтраў, 100 мэтраў ад межаў адпаведна Менску, абласных цэнтраў, гарадоў абласнога падпарадкаваньня, іншых населеных пунктаў, а таксама садаводчых таварыстваў і лецішчавых каапэратываў; 3) лясы, разьмешчаныя ў межах палосаў шырынёй 200 мэтраў ад межаў зямельных дзялянак, на якіх разьмешчаныя здраўніцы, дамы адпачынку, пансіянаты, аздараўленчыя летнікі, турыстычныя базы і іншыя лячэбныя, санаторна-курортныя, аздараўленчыя аб'екты». Урэшце да абаронных адносіліся лясы, разьмешчаныя ў межах: 1) водаахоўных зонаў; 2) 1-га і 2-га паясоў зонаў санітарнай аховы крыніцаў і сыстэмаў пітнога водазабесьпячэньня; 3) палосаў шырынёй 100 мэтраў у абодва бакі ад крайняга чыгуначнага шляху агульнага карыстаньня, ад восі рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі». У 19-м артыкуле прадугледжвалася, што ў аздараўленчым лесе забараняюцца: 1) «нарыхтоўка драўніны ў парадку правядзеньня высечак галоўнага карыстаньня; 2) нарыхтоўка жывіцы; 3) нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў; 4) нарыхтоўка дрэўных сокаў; 5) пасьба жывёлы»[1].

Лесаводзтва і ўзнаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пятая глава Кодэксу ўлучала 3 артыкулы (20—22) пра абавязкі і правы лясных гаспадарак. Паводле 20-га артыкула, «рашэньні аб аддаваньні дзяляняк ляснога фонду для вядзеньня лясной гаспадаркі і аб зьмяненьні межаў дзялянак ляснога фонду, аддадзеных для вядзеньня лясной гаспадаркі юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, прымае Савет міністраў Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым, права вядзеньня лясной гаспадаркі маюць:

  1. дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы, падпарадкаваныя Міністэрству лясной гаспадаркі і Міністэрству абароны Беларусі;
  2. досьледныя лясныя базы, падпарадкаваныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
  3. навучальна-досьледныя лясгасы, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі Беларусі;
  4. дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы, якія ажыцьцяўляюць кіраваньне запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі, і лесагаспадарчыя арганізацыі, падпарадкаваныя Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
  5. «Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік», падпарадкаваны МНС Беларусі;
  6. арганізацыі, падпарадкаваныя гарадзкім выканаўчым і распарадчым органам, у кампэтэнцыю якіх уваходзіць вядзеньне лесапаркавай гаспадаркі[1].

Шостая глава Ляснога кодэксу налічвала 8 артыкулаў (23—30), якія тычыліся: насеньняводзтва, лесанасеннай базы і сэлекцыйных мясьцінаў; вытворчасьці, збыту і выкарыстаньня насеньня; вырошчваньня пасадачнага матэрыялу, лесааднаўленьня і лесаразьвядзеньня; догляду за ляснымі насаджэньнямі і іх уводу ў лік каштоўных. Паводле 24-га артыкула, «пастаянная лесанасенная база на дзялянках ляснога фонду ўключае наступныя аб'екты: 1) лесанасенныя плянтацыі; 2) плюсавыя лясныя насаджэньні; 3) плюсавыя дрэвы; 4) пастаянныя лесанасенныя дзялянкі; 5) гаспадарчыя насенныя насаджэньні; 6) лясныя генэтычныя рэзэрваты». Згодна з 25-м артыкулам «сэлекцыйна-генэтычныя аб'екты ўключаюць: 1) архівы клонаў плюсавых дрэваў; 2) матачныя плянтацыі; 3) выпрабавальныя лясныя культуры; 4) геаграфічныя лясныя культуры; 5) папуляцыйна-экалягічныя лясныя культуры». У 27-м артыкуле згадвалася, што «вырошчваньне пасадачнага матэрыялу лясных расьлінаў для лесааднаўленьня і лесаразьвядзеньня ажыцьцяўляецца ў пастаянных (арганізаваных на пэрыяд больш як 5 гадоў) і часовых (арганізаваных на пэрыяд да 5 гадоў) лясных гадавальніках, а таксама ў цяплічных гаспадарках». Пры гэтым «да пасадачнага матэрыялу лясных расьлінаў адносяцца: 1) лясныя сеянцы; 2) лясныя саджанцы; 3) чаранкі; 4) прывіты пасадачны матэрыял; 5) пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сыстэмай; 6) пасадачны матэрыял мікракланальнага размнажэньня; 7) дзікарослыя расьліны». Паводле 28-га артыкула, «лесааднаўленьне на землях ляснога фонду, прыдатных паводле лесарасьлінных умоваў для стварэньня лясных культураў, праводзіцца ў 3-гадовы тэрмін з дня падпісаньня акта агляду лесасекі»[1].

Абарона і ўпарадкаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёмая глава Кодэксу зьмяшчала 4 артыкулы (31—34), якія апісвалі задачы і складнікі аховы і абароны лясоў, у тым ліку паветраную ахову. Згодна з 32-м артыкулам «ахову і абарону лясоў ажыцьцяўляюць: юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, з прыцягненнем дзяржаўнай лясной аховы»; падразьдзяленьні па надзвычайных сытуацыях». Паводле 31-га артыкула, «задачамі аховы і абароны лясоў зьяўляюцца: 1) папярэджаньне лясных пажараў, іх своечасовае выяўленьне, лякалізацыя і тушэньне; 2) папярэджаньне і стрыманьне незаконных высечак»; 3) «своечасовае выяўленьне ачагоў шкоднікаў і хваробаў лясоў, прагназаваньне іх распаўсюджваньня і разьвіцьця; 4) лякалізацыя і ліквідацыя ачагоў шкоднікаў і хваробаў лясоў; 5) папярэджаньне і стрыманьне пашкоджаньня або зьнішчэньня лясоў у выніку гаспадарчай і іншай дзейнасьці». Пагатоў, «на тэрыторыі ляснога фонду забараняюцца:

  1. узьвядзенне, эксплюатацыя, рэканструкцыя, капітальны рамонт аб'ектаў пахаваньня, абясшкоджваньня, захоўваньня адкідаў;
  2. складаваньне сьнегу, які ўтрымлівае пясчана-салявыя сумесі і рэагенты супраць лёду;
  3. мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў;
  4. разьмяшчэньне жывёльных могільнікаў;
  5. упарадкаванmне летнікаў для сельскагаспадарчых жывёлаў;
  6. складаваньне ўгнаеньняў і сродкаў абароны расьлінаў;
  7. забруджваньне лясоў сьцёкавымі водамі, хімічнымі і іншымі рэчывамі, разьмяшчэньне адкідаў, пабочных прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасьці і харчовай прамысловасьці (гною, памёту, малочнай сыроваткі, брагі і жамерынаў);
  8. гаспадарчая і іншая дзейнасьць, якая аказвае шкоднае ўздзеяньне на лясы»[1].

Восьмая глава Кодэксу складалася з 2 артыкулаў пра спосабы лесаўпарадкаваньня і лесаўпарадкавальны праект. У 36-м артыкуле згадвалася, што «тэрмін дзеяньня лесаўпарадкавальнага праекту пасьля яго зацьвярджэньня складае да 10 гадоў уключна». Паводле 35-га артыкула, «пры правядзеньні лесаўпарадкаваньня ажыцьцяўляюцца:

  • вызначэньне межаў аб'екта лесаўпарадкаваньня, яго ўнутрыгаспадарчага дзяленьня (лясніцтвы, майстроўскія дзялянкі, абходы і лясныя кварталы);
  • правядзеньне геадэзічных, лесабіялягічных і праектна-пошукавых працаў»;
  • «інвэнтарызацыя аб'екта лесаўпарадкаваньня з вызначэньнем відаў земляў ляснога фонду, пароднага і ўзроставага складу лясных насаджэньняў, іх стану, а таксама вызначэньне якасных і колькасных характарыстык лясных рэсурсаў;
  • ацэнка лесарасьлінных і эканамічных умоваў аб'екта лесаўпарадкаваньня;
  • выяўленьне дзялянак ляснога фонду, якія адчуваюць патрэбу ў правядзеньні лесагаспадарчых мерапрыемстваў, высечак галоўнага карыстаньня, вызначэньне спосабаў высечак лесу і аб'ёмаў гэтых высечак;
  • вызначэньне дзялянак ляснога фонду, прызначаных для лесааднаўленьня і лесаразьвядзеньня, і вызначэньне мэтадаў лесааднаўленьня;
  • удакладненьне межаў дзялянак ляснога фонду, аднесеных да пэўных катэгорыяў лясоў, якія пазначаюцца ў лесаўпарадкавальным праекце, у тым ліку ў мапаграфічных матэрыялах, і падрыхтоўка прапановаў аб іх зьмяненьні;
  • распрацоўка лесаўпарадкавальнага праекту;
  • аўтарскі нагляд за рэалізацыяй лесаўпарадкавальнага праекту»[1].

Карыстаньне і арэнда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзявятая глава налічвала 8 артыкулаў (37—44), дзе вызначаліся: асобы, віды і дакумэнты на права лесакарыстаньня; падставы, тэрміны афармленьня і выдачы дазвольных дакумэнтаў; аддаваньне дзялянак для карыстаньня, парадак іх аддаваньня для нарыхтоўкі драўніны, жывіцы і другарадных лясных багацьцяў, а таксама для пабочнага лесакарыстаньня; парадак аддаваньня дзялянак для адукацыйнага і дасьледчага карыстаньня; ажыцьцяўленьне права грамадзянаў на лесакарыстаньне. Паводле 37-га артыкула, «лесакарыстаньне ажыцьцяўляецца па наступных відах: 1) нарыхтоўка драўніны; 2) нарыхтоўка жывіцы; 3) нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў; 4) пабочнае лесакарыстаньне; 5) лесакарыстаньне ў навукова-дасьледчых і адукацыйных мэтах; 6) лесакарыстаньне ў мэтах правядзеньня культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і спартова-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і спартовых мерапрыемстваў». У сваю чаргу «нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў уключае нарыхтоўку: 1) пнёў і каранёў; 2) бяросты і галінаў дрэваў; 3) навагодніх дрэваў хвойных пародаў; 4) яловай серкі; 5) лубу і кары. Пры гэтым «пабочнае лесакарыстаньне ўключае: 1) нарыхтоўку дрэўных сокаў; 2) збор дзікарослых ягадаў і грыбоў; 3) збор дзікарослых пладоў і арэхаў; 4) нарыхтоўку дзікарослых расьлінаў і іх частак; 5) нарыхтоўку мху, збор лясной подсьцілкі і апалага лісьця; 6) разьмяшчэньне вульляў і пчальнікоў; 7) касьбу; 8) пасьбу жывёлы; 9) нарыхтоўку і збор лекавых і іншых расьлінаў, вырашчаных на пладоваягадных, арэхаплодных і іншых лясных плянтацыях; 10) вынятку дзікарослых расьлінаў». Грамадзяне могуць ажыцьцяўляць нарыхтоўку драўніны і другарадных лясных рэсурсаў, а таксама пабочнае лесакарыстаньне. Згодна з 38-м артыкулам дакумэнтамі, на падставе якіх узьнікае права лесакарыстаньня, зьяўляюцца: 1) рашэньне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, 2) дамова арэнды дзялянкі ляснога фонду, 3) канцэсійная дамова; 4) дазвольныя дакумэнты. У 39-м артыкуле прадугледжвалася, што «дазвольныя дакумэнты выдаюцца на: 1) высечкі лесу — лесавысякальны білет; 2) высечкі лесу грамадзянамі аб'ёмам ня больш за 50 кубічных мэтраў драўніны — ордэр; 3) нарыхтоўку жывіцы, нарыхтоўку другарадных лясных рэсурсаў і пабочнае лесакарыстаньне — лясны білет». Паводле 44-га артыкула, «грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазвольных дакумэнтаў бясплатна ажыцьцяўляць для задавальнення ўласных патрэбаў збор дзікарослых ягадаў, грыбоў, пладоў, арэхаў, лясной подсьцілкі, апалага лісьця, нарыхтоўку дрэўных сокаў, бяросты і галінаў дрэваў, дзікарослых расьлінаў і іх частак, мху, удзельнічаць у культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і спартова-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і спартовых мерапрыемствах». Пры гэтым «нарыхтоўка драўніны на дзялянках ляснога фонду грамадзянамі ажыцьцяўляецца за плату на падставе ордэра. Разьмяшчэньне вульляў і пчальнікоў, касьба, пасьба жывёлы грамадзянамі на дзялянках ляснога фонду ажыцьцяўляюцца бясплатна на падставе ляснога білета»[1].

Дзясятая глава Кодэксу зьмяшчала 4 артыкулы (45—49), якія акрэсьлівалі: парадак арэнды лясных дзялянак для нарыхтоўкі драўніны, жывіцы і другасных лясных багацьцяў, для пабочнага лесакарыстаньня і ў мэтах аздараўленьня. Паводле 45-га артыкула, «дзялянкі ляснога фонду для нарыхтоўкі драўніны аддаюцца ў арэнду юрыдычным асобам, якія вырабляюць прадукцыю дрэваапрацоўкі». Пры гэтым, «тэрмін, на які аддаюцца дзялянкі ляснога фонду ў арэнду, ня можа перавышаць 15 гадоў». Згодна з 46-м артыкулам «рашэньне аб аддаваньні дзялянкі ляснога фонду ў арэнду для нарыхтоўкі драўніны прымаецца абласным выканаўчым камітэтам», а для нарыхтоўкі жывіцы і другарадных лясных рэсурсаў, пабочнага і аздараўленчага лесакарыстаньня — раённым выканаўчым камітэтам. Згодна з 47-м артыкулам арэндная плата за карыстаньне лясной дзялянкай лічыцца штогод зыходзячы з таксавага кошту і ўліковай стаўкі Нацыянальнага банку Беларусі на 1 студзеня кожнага году знаходжаньня ў арэндзе (кошт х стаўка / 100)[1].

Аўкцыён і абмежаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзінаццатая глава Ляснога кодэксу ўлучала 2 артыкулы пра лясныя аўкцыёны, біржавы гандаль і канцэсію лясоў. Паводле 50-га артыкула, «лясныя аўкцыёны праводзяцца ў выпадку, калі на права лесакарыстаньня па адным і тым жа відзе лесакарыстаньня на адной і той жа дзялянцы ляснога фонду прэтэндуюць 2 і больш індывідуальных прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы (пры гэтым 2-я заява аб аддаваньні права аднаго і таго ж віду лесакарыстаньня на адной і той жа дзялянцы ляснога фонду пададзена не пазьней за 15 дзён з дня паступленьня 1-й заявы)». Пагатоў, падметам лясных аўкцыёнаў ёсьць: 1) нарыхтоўка жывіцы; 2) нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў; 3) пабочнае лесакарыстаньне[1].

Дванаццатая глава налічвала 4 артыкулы (52—55) наконт: абмежаваньня, спыненьня і пераходу права лесакарыстаньня; абмежаваньня шкоднага для лясоў гаспадараньня. Паводле 52-га артыкула, «права лесакарыстаньня абмяжоўваецца дзяржаўнымі органамі, якія ажыцьцяўляюць кантроль у галіне выкарыстаньня, аховы, абароны і ўзнаўленьня лясоў, у межах іх паўнамоцтваў у выпадку:

  1. парушэньня лесакарыстальнікам патрабаваньняў заканадаўства аб выкарыстаньні, ахове, абароне і ўзнаўленьні лясоў, аб ахове навакольнага асяродзьдзя і умоваў, выкладзеных у дакумэнтах, на падставе якіх узьнікае права лесакарыстаньня, якое цягне прычыненьне шкоды лясам і стварэньне небясьпекі прычыненьня такой шкоды ў будучыні;
  2. неўнясеньня ва ўстаноўлены тэрмін выплатаў за лесакарыстаньне;
  3. надзвычайных сытуацыяў і пры наступленьні іншых абставінаў, якія носяць надзвычайны характар;
  4. нямэтавага выкарыстаньня дзялянкі ляснога фонду, які аддаваўся для лесакарыстаньня;
  5. выдачы дакумэнтаў, на падставе якіх узьнікае права лесакарыстаньня, з парушэньнем парадку»;
  6. «непрадстаўленьня лесакарыстальнікам інфармацыі аб лесакарыстаньні»[1].

Абавязкі, правы і асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трынаццатая глава Кодэксу зьмяшчала 3 артыкулы (56—58), якія вызначалі абавязкі і правы лесакарыстальнікаў, а таксама абарону і гарантыі іх правоў. Згодна з 56-м артыкулам «лесакарыстальнікі маюць права:

  • ажыцьцяўляць лесакарыстаньне на дзялянках ляснога фонду, аддадзеных ім, паводле відаў, аб'ёмаў, тэрмінаў і на ўмовах, пазначаных у дакумэнтах, на падставе якіх узьнікае права лесакарыстаньня;
  • атрымліваць ад юрыдычных асобаў, якія вядуць лясную гаспадарку, інфармацыю аб дзялянках ляснога фонду, аддадзеных ім для лесакарыстаньня;
  • распараджацца законна нарыхтаванай, сабранай, вынятай лясной прадукцыяй»;
  • «праводзіць высечкі лесу на дзялянках ляснога фонду, на якіх прадугледжана ўзьвядзеньне часовых аб'ектаў (пад'язныя шляхі да лесасекі (шырынёй ня больш за 5 мэтраў), лесапагрузачныя пункты, месцы часовага складаваньня лясной прадукцыі, месца запраўкі і стаянкі тэхнікі, іншага абсталяваньня, памяшканьні, прызначаныя для харчаваньня і адпачынку працаўнікоў, і іншыя часовыя аб'екты, узьвядзеньне якіх неабходна для ажыцьцяўленьня лесакарыстаньня), і ажыцьцяўляць іх узьвядзеньне»;
  • «прыцягваць грамадзянаў, юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў для аказаньня паслуг па лесакарыстанні на падставе грамадзянска-прававой дамовы»[1].

Чатырнаццатая глава Кодэксу ўлучала 5 артыкулаў (59—63) пра: асаблівасьці вядзеньня лясной гаспадаркі для патрэбаў абароны, у памежнай зоне і паласе, на радыяактыўна забруджаных дзялянках, а таксама ў межах генэтычных рэзэрватаў і плюсавых насаджэньняў; плянтацыйныя лясныя культуры. Паводле 60-га артыкула, «у памежнай паласе забараняюцца правядзеньне высечак рэканструкцыі, рэканструкцыя малакаштоўных лясных насаджэньняў, нарыхтоўка жывіцы, лесакарыстаньне ў мэтах правядзеньня культурна- аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і спартова-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і спартовых мерапрыемстваў»[1].

Высечка і жывіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пятнаццатая глава Ляснога кодэксу Беларусі налічвала 9 артыкулаў (64—72) датычна: патрабаваньняў пры высечцы лесу, вызначэньня ўзросту высечкі, разьліковай лесасекі, нарыхтоўкі драўніны і высечкі прамежкавага карыстаньня, адводу і таксацыі лесасекі, тэхналягічнай карты на распрацоўку лесасекі, тэрміну і парадку высечкі і вывазу драўніны, агляду лесасекі. Паводле 66-га артыкула, «разьліковая лесасека на чарговы год зацьвярджаецца не пазней за 1 ліпеня папярэдняга году» Міністэрствам лясной гаспадаркі Беларусі па ўзгадньні зь Мінпрыроды Беларусі і «ўводзіцца ў дзеяньне з 1 студзеня году, які ідзе сьледам за годам яе зацьвярджэньня». Згодна з 67-м артыкулам «дадатковы (звыш разьліковай лесасекі на бягучы год) водпуск драўніны на пні для нарыхтоўкі драўніны пры высечках галоўнага карыстаньня можа ажыцьцяўляцца ў аб'ёме ня поўнасьцю выкарыстанай разьліковай лесасекі папярэдніх 5 гадоў паводле хадайніцтва юрыдычнай асобы, якая вядзе лясную гаспадарку, з дазволу» Мінлясгасу Беларусі. У 69-м артыкуле прадугледжвалася, што «пры водпуску лесакарыстальнікам драўніны на пні для нарыхтоўкі дроваў у парадку правядзеньня суцэльных высечак дазваляецца аддаваць ім лесасекі з наяўнасьцю на іх ня больш за 15 % дзелавой драўніны». Паводле 71-га артыкула, «вываз драўніны можа ажыцьцяўляцца да 15 сакавіка (у Віцебскай вобласьці — да 15 красавіка) году, які ідзе сьледам за годам правядзеньня высечак лесу». Таксама «пры правядзеньні высечак лесу асобы, якія іх ажыцьцяўляюць, павінны мець пры сабе на лесасецы наступныя дакумэнты (іх завераныя копіі): 1) лесавысякальны білет або ордэр; 2) тэхналягічную карту на распрацоўку лесасекі (за выключэньнем высечак лесу, якія праводзяцца на падставе ордэра)». Згодна з 72-м артыкулам «агляд лесасек праводзіцца юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку, на працягу 30 дзён: 1) пасьля заканчэньня тэрміну дзеяння лесавысякальнага білета або заканчэньня высечак лесу і вывазу драўніны раней за тэрміны, пазначаныя ў лесавысякальным білеце»; 2) з дня спыненьня права лесакарыстаньня[1].

Шаснаццатая глава Кодэксу зьмяшчала 4 артыкулы (73—76), дзе акрэсьліваліся: дзялянкі лесу для нарыхтоўкі жывіцы, іх адвод і перадача, тэрміны і парадак нарыхтоўкі, агляд аддадзеных для нарыхтоўкі дзялянак. Згодна зь 73-м артыкулам «нарыхтоўка жывіцы ажыцьцяўляецца на дзялянках ляснога фонду, на якіх растуць сьпелыя і перастойныя сасновыя дрэвастоі». Паводле 75-га артыкула, «дзялянкі ляснога фонду, запраектаваныя лесаўпарадкавальным праектам для паступовай высечкі, перадаюцца для нарыхтоўкі жывіцы за 5 гадоў да першага прыёму высечкі». Таксама «ўсе працы па нарыхтоўцы жывіцы павінны завяршацца штогод у тэрмін да 30 лістапада». Урэшце «пры наяўнасьці на дзялянцы ляснога фонду, які аддаваўся для нарыхтоўкі жывіцы, больш як 15 % сухастойных дрэваў ад іх агульнай колькасьці нарыхтоўка жывіцы спыняецца паводле рашэньня юрыдычнай асобы, якая вядзе лясную гаспадарку, аб спыненьні права лесакарыстаньня на нарыхтоўку жывіцы шляхам скасаваньня ляснога білета або паводле рашэньня раённага выканаўчага камітэту (у выпадку аддаваньня дзялянкі для нарыхтоўкі жывіцы на праве арэнды)»[1].

Другарадныя багацьці і пабочнае карыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямнаццатая глава Кодэксу ўлучала 6 артыкулаў (77—82), якія апісвалі патрабаваньні пры нарыхтоўцы другарадных лясных рэсурсаў, у тым ліку пнёў і каранёў, бяросты і галінаў дрэваў, навагодніх елак і яловак серкі, кары і лубу. Паводле 77-га артыкула, «нарыхтоўка бяросты і галінаў дрэваў грамадзянамі ажыцьцяўляецца без афармленьня ляснога білета». Згодна зь 78-м артыкулам «нарыхтоўка пнёў і каранёў ажыцьцяўляецца на працягу ўсяго году на дзялянках ляснога фонду, на якіх праведзеныя высечкі галоўнага карыстаньня і суцэльныя санітарныя высечкі, да правядзеньня на гэтых дзялянках працаў па лесааднаўленьні». У 79-м артыкуле згадвалася, што «нарыхтоўка бяросты і галінаў дрэваў ажыцьцяўляецца: 1) з высечаных дрэваў на лесасеках; 2) з сухастойных і бураломных дрэваў; 3) з дрэваў, якія растуць, запраектаваных лесаўпарадкавальным праектам для высечак лесу, ня больш чым за 2 гады да іх высечкі». Пры гэтым «нарыхтоўка бяросты з дрэваў, якія растуць, дазваляецца ў пэрыяд з 1 красавіка па 30 лістапада, а нарыхтоўка галінаў — на працягу ўсяго году». Таксама нарыхтоўка адпаведных галінаў «павінна ажыцьцяўляцца ня больш чым на 1/3 кроны дрэва, а бяросты — ня больш чым да паловы агульнай вышыні дрэва без пашкоджаньня лубу. Паводле 80-га артыкула, «нарыхтоўка навагодніх дрэваў хвойных пародаў ажыцьцяўляецца: на спэцыяльна створаных лясных плянтацыях для вырошчваньня навагодніх дрэваў хвойных пародаў; пры правядзеньні ўсіх відаў высечак з ліку дрэваў, якія не падлягаюць захаваньню пасьля высечак у адпаведнасьці з дазвольнымі дакумэнтамі». Згодна з 81-м артыкулам «нарыхтоўка яловай серкі ажыцьцяўляецца на дзялянках ляснога фонду, на якіх растуць сьпелыя і перастойныя дрэвастоі, запраектаваных лесаўпарадкавальным праектам для высечак галоўнага карыстаньня, ня больш чым за 5 гадоў да іх высечкі, а таксама ў дрэвастоях, запраектаваных лесаўпарадкавальным праектам для суцэльнай санітарнай высечкі». Пры гэтым «нарыхтоўка яловай серкі ажыцьцяўляецца з дрэваў, якія маюць наплывы зацвярдзелай яловай смалы». Пагатоў, «яловая серка зьбіраецца тупымі мэталічнымі, драўлянымі або плястмасавымі прыстасаваньнямі (нажамі, спэцыяльнымі скрабкамі, лапатачкамі) на працягу ўсяго году. Пры гэтым, каб пазьбегнуць пашкоджаньня лубу і драўніны дрэваў, забараняецца праводзіць удары і рабіць засклюдаваньні». У 82-м артыкуле прадугледжвалася, што «нарыхтоўка лубу ліпы, вярбовай і яловай кары ажыцьцяўляецца з дрэваў: высечаных на лесасеках пры правядзеньні ўсіх відаў высечак лесу; якія растуць на дзялянках ляснога фонду, разьмешчаных у межах зямельнай дзялянкі, якая адбіраецца для мэтаў, не зьвязаных зь вядзеннем лясной гаспадаркі»[1].

Васямнаццатая глава Кодэксу налічвала 10 артыкулаў (84—93), якія акрэсьлівалі: патрабаваньні да пабочнага лесакарыстаньня; нарыхтоўку дрэўных сокаў; збор дзікарослых пладоў і ягадаў, а таксама арэхаў і грыбоў; нарыхтоўку дзікарослых расьлінаў і мху, збор лясной подсьлілкі і апалага лісьця; разьмяшчэньне вульляў і пчальнікаў; касьбу і пасьбу жывёлы; нарыхтоўку і збор лекавых расьлінаў на пладова-ягадных і арэхаплодных лясных плянтацыях; вынятку дзікарослых расьлінаў у лесе. Паводле 84-га артыкула, «нарыхтоўка дрэўных сокаў ажыцьцяўляецца на дзялянках ляснога фонду не раней чым за 5 гадоў да наступленьня ўзросту высечак лесу, а таксама на дзялянках ляснога фонду, аддадзеных для высечак галоўнага карыстаньня». Пры гэтым, «для нарыхтоўкі дрэўных сокаў падбіраюцца дрэвы дыямэтрам 20 сантымэтраў і болей». Згодна з 85-м артыкулам «збор дзікарослых ягадаў і грыбоў ажыцьцяўляецца на любых дзялянках ляснога фонду». Аднак «тэрміны пачатку збору брусьніцаў і журавінаў штогод устанаўліваюцца рашэньнямі абласных выканаўчых камітэтаў, інфармацыя аб якіх даводзіцца да ўсеагульнага ведама шляхам яе разьмяшчэньня на іх афіцыйных сайтах» і ў СМІ. Пры гэтым «збор дзікарослых ягадаў павінен ажыцьцяўляцца спосабамі і прыстасаваньнямі, якія не наносяць шкоды ягаднікам». Урэшце «разгортваньне лясной подсьцілкі ў мэтах збору грыбоў забараняецца». У 86-м артыкуле згадвалася, што «збор дзікарослых пладоў яблыні, грушы, рабіны, каліны, шыпшыны, глогу, іншых пладоў, арэхаў арэшніка, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці харчовых лясных рэсурсаў, ажыцьцяўляецца на любых дзялянках ляснога фонду». Пры гэтым забараняўся «збор дзікарослых пладоў і арэхаў шляхам высечкі драўнінна- хмызьняковай расліннасьці». Паводле 87-га артыкула, «нарыхтоўка дзікарослых расьлінаў, іх лісьця, галінаў (акрамя галінаў дрэваў), пупышак, кары (акрамя яловай і вярбовай), кветак, суквецьцяў, насеньня, спораў, каранёў, карэнішчаў і клубняў (цыбулін), якія выкарыстоўваюцца ў якасьці лекавай, тэхнічнай, харчовай, парфумэрнай і іншай сыравіны, а таксама пладоў, арэхаў, ягадаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасьці нехарчовай сыравіны, ажыцьцяўляецца на любых дзялянках ляснога фонду». Пры гэтым «нарыхтоўка пупышак і кары ажыцьцяўляецца з высечаных на лесасеках дрэваў або зрэзаных галінаў». Таксама «нарыхтоўка пупышак пачынаецца на стадыі іх набуханьня (калі пупышачныя лускі яшчэ не пачалі разыходзіцца)» і «спыняецца, калі іх верхавіны пачынаюць зелянець». У прыватнасьці «нарыхтоўка пупышак сасны ажыцьцяўляецца ў пэрыяд з 15 лютага па 15 траўня». Тым часам, «нарыхтоўка кары ажыцьцяўляецца ў пэрыяд веснавога руху сокаў», для чаго «дапускаецца сьсякаць або зразаць галіны хмызьнякоў, пакідаючы пянькі вышынёй 10—15 сантымэтраў для парасткавага аднаўленьня». Таксама «нарыхтоўка ўсіх надземных частак травяністых расьлінаў ажыцьцяўляецца ў пачатку квітненьня або пры поўным квітненьні». Пагатоў, «пры нарыхтоўцы лісьця, кветак, суквецьцяў, пладоў, пупышак і спораў вырываць расьліны з коранем забараняецца». Сярод іншага, «нарыхтоўка галінаў ажыцьцяўляецца на працягу ўсяго году з прымяненьнем мэханічных і іншых прыстасаваньняў (нажа і сякатара)». Прадугледжвалася, што «нарыхтоўка суквецьцяў і кветак ажыцьцяўляецца ў пачатковай фазе квітненьня шляхам зразаньня іх мэханічнымі і іншымі прыстасаваньнямі». Пры гэтым «пакідаецца прынамсі 20 % расьлінаў ад іх агульнай колькасьці на дзялянцы ляснога фонду, на якой ажыцьцяўляецца нарыхтоўка». Таксама прадпісвалася, што «збор пладоў, арэхаў, ягадаў і нарыхтоўка насеньня ажыцьцяўляюцца ў стане іх сьпеласьці ўручную». Адпаведна «нарыхтоўка спораў ажыцьцяўляецца ў пэрыяд, калі каласкі споравай расьліны набываюць жоўтае адценьне». Урэшце «нарыхтоўка клубняў, каранёў і карэнішчаў ажыцьцяўляецца ў пэрыяд адміраньня надземных частак або раньняй вясной да пачатку вэгетацыі. Пры нарыхтоўцы клубняў, каранёў і карэнішчаў прынамсі 10 % іх пакідаецца ў глебе». Пры гэтым, забараняўся збор дурманлівых і занесеных у Чырвоную кнігу расьлінаў[1].

Дасьледаваньне, аздараўленьне і кадастр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзевятнаццатая глава Ляснога кодэксу зьмяшчала 2 артыкулы наконт карыстаньня лесам дзеля адукацыі і дасьледаваньня, а таксама дзеля аздараўленьня, гульняў і падарожжаў. Паводле 94-га артыкула, лесам у дасьледчых і асьветных мэтах карысталіся паводле рашэньня Мінлясгасу Беларусі. Аздараўленьне, гульні падарожжы праводзіліся «ў адпаведнасьці з рашэньнем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, якое прымаецца па ўзгадненьні зь юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку, і дамовай арэнды». Дваццатая глава Кодэксу таксама ўлучала 2 артыкулы пра дзяржаўны лясны кадастр і маніторынг лясоў[1].

Лясная ахова і эканамічны мэханізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21-я глава Кодэксу налічвала 3 артыкулы (98—100), дзе вызначаліся службовыя асобы дзяржаўнай лясной аховы Беларусі і іх паўнамоцтвы. Паводле 99-га артыкула, у пералік службоўцаў, на якіх ускладаюцца паўнамоцтвы дзяржаўнай лясной аховы, уваходзяць наступныя супрацоўнікі лясных гаспадарак: егеры і лесьнікі, кантралёры КПП і майстры лесу, інспэктары аховы прыроды і начальнікі дзялянак аховы прыродных мясьцінаў, начальнікі гадавальнікаў і пажарна-хімічных станцыяў, лясьнічыя і іх памагатыя, інспэктары і інжынэры лясьніцтваў, кіраўнікі лясьніцтваў і паляўнічых гаспадарак, а таксама іх намесьнікі. Такімі ж паўнамоцтвамі валодалі загаднікі лябараторыяў і кіраўніцтва Інстытуту лесу НАНБ, адмыслоўцы і наглядчыкі, дарадцы і кіраўніцтва Мінлясгасу Беларусі, а таксама інжынэры і начальства «Беллесааховы». Згодна з 100-м артыкулам службоўцы дзяржаўнай лясной аховы Беларусі мелі паўнамоцтвы:

  1. ахоўваць і бараніць лес;
  2. правяраць дакумэнты на права лесакарыстаньня і спыняюць для гэтага транспартныя сродкі;
  3. абсьледаваць лясныя дзялянкі на прадмет прытрымліваньня ўмоваў, пазначаных у дакумэнтах на права лесакарыстаньня;
  4. выдаваць абавязковыя для выкананьня прадпісаньні аб выпраўленьні парушэньняў патрабаваньняў ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства;
  5. складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, ажыцьцяўляць «падрыхтоўку і разгляд справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях заканадаўства аб выкарыстаньні, ахове, абароне і ўзнаўленьні лясоў, аб ахове навакольнага асяродзьдзя ў адпаведнасьці з працэсуальна-выканаўчым заканадаўствам аб адміністрацыйных правапарушэньнях»;
  6. адбіраць незаконна нарыхтаваныя лясныя вырабы і выкарыстаныя пры гэтым прылады ў грамадзянаў, юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў у выпадку ўстанаўленьня фактаў парушэньня імі заканадаўства;
  7. уносіць прапановы аб абмежаваньні, спыненьні права лесакарыстаньня;
  8. насіць, захоўваць і выкарыстоўваць пры выкананьні службовых абавязкаў зброю і боепрыпасы да яе, а таксама спэцыяльныя сродкі[1].

22-я глава Кодэксу зьмяшчала 5 артыкулаў (101—105), якія апісвалі: складнікі гаспадарчага мэханізму аховы і выкарыстаньня лясоў, фінансаваньне дзяржаўных праграмаў па лесаводзтве і выплаты за лесакарыстаньне, пакрыцьцё стратаў лесагаспадарчай вытворчасьці і гаспадарчае заахвочваньне аховы і ўзнаўленьня лясоў. Паводле 102-га артыкула, «фінансаваньне вядзеньня лясной гаспадаркі ажыцьцяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, паступленьня сродкаў ад выплаты за лесакарыстаньне, ад рэалізацыі лясной прадукцыі». Пры гэтым, «выдаткі па вядзеньні лясной гаспадаркі ўключаюць у сябе выдаткі па дзяржаўным кіраваньні лясамі, правядзеньні лесагаспадарчых мерапрыемстваў, будаўніцтве лесагаспадарчых дарог, вядзеньні дзяржаўнага ляснога кадастру і маніторынгу лясоў, лесаўпарадкаваньні, навукова-дасьледчых, досьледна-канструктарскіх і праектных працах, забесьпячэньні форменным адзеньнем, знакамі адрозьненьня службовых асобаў, на якіх ускладзеныя функцыі дзяржаўнай лясной аховы Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў, а таксама капітальныя выдаткі»[1].

Кантроль і заключныя палажэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23-я глава Ляснога кодэксу Беларусі ўлучала 5 артыкулаў (106—110), што вызначалі: кантроль у галіне лесакарыстаньня, адказнасьць за парушэньне ляснога заканадаўства, пакрыцьцё шкоды лесу, адабраньне незаконна нарыхтаваных лясных вырабаў і вырашэньне спрэчак. Паводле 106-га артыкула, «кантроль у галіне выкарыстаньня, аховы, абароны і ўзнаўленьня лясоў у межах іх паўнамоцтваў ажыцьцяўляюць:

  1. органы Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
  2. Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і дзяржаўныя прыродаахоўныя і лесагаспадарчыя арганізацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні КСП РБ»;
  3. Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і падначаленыя яму дзяржаўныя вытворчыя лесагаспадарчыя аб’яднаньні;
  4. Мінпрыроды Беларусі і яго тэрытарыяльныя органы;
  5. Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету[1].

24-я глава Ляснога кодэксу 2015 году налічвала 4 артыкулы (111—114) пра страту сілы ранейшымі законамі, пераходныя ўмовы, прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць з новым Кодэксам і набыцьцё ім моцы. Паводле 113-га артыкула, «лесаўпарадкавальныя праекты павінны быць прыведзеныя ў адпаведнасьць з гэтым Кодэксам да 31 сьнежня 2020 году»[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч А. Лукашэнка. Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2015 г. № 332-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 кастрычніка 2020 г.
  2. ^ Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 кастрычніка 2020 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2015 г. № 332-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 25 чэрвеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Ухвалены пераклад на беларускую мову Ляснага кодэксу Рэспублікі Беларусь (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 15 ліпеня 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2021 г.