Норн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Норн
Ужываецца ў сучаснай Вялікабрытаніі
Рэгіён Аркнэйскія, Шэтландзкія астравы, Кейтнэс
Клясыфікацыя

Індаэўрапейская сям'я

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Рэгулюецца
Код мовы
ISO 639-2(T) nrn
Languages of Scotland 1400 AD.svg
Мовы Шатляндыі ў XV ст. Арэал мовы норн — аранжавым

Норн — вымерлая мова заходняй падгрупы паўночнагерманскай групы германскай галіны індаэўрапейскай сям’і моваў, гістарычна распаўсюджаная на астравох на поўнач ад Шатляндыі (Аркнэйскія, Шэтландзкія астравы), а таксама на паўночна-ўсходняй ускраіне рэгіёну (графства Кейтнэс). Пасьля перадачы Аркнэйскіх і Шэтландзкіх астравоў у 14681469 гадох Нарвэгіяй Шатляндыі мова пачала зазнаваць заняпад і выцясьняцца шатляндзкай германскай мовай.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак засваеньня Шэтландзкіх і Аркнэйскіх астравоў вікінгамі пачалося, імаверна, у ІХ ст.[1] Гэтыя перасяленцы, на думку некаторых дасьледчыкаў, прыбылі ў параўнальна вялікай колькасьці з рэгіёну сучаснай заходняй Нарвэгіі[2]. Напрыклад, тапаніміка Шэтландзкага архіпэлягу мае некаторыя паралелі з паўночна-заходняй Нарвэгіяй, у той час як лексыка мовы норн мае большыя сувязі з поўднем краіны[3]. У 14681469 гадох Аркнэйскі й Шэтландзкі архіпэлягі трапілі ў заклад шатляндзкаму каралю Якубу ІІІ, з чым зьвязваецца асноўны этап пачатку заняпаду норну й пераходу ягоных носьбітаў на шатляндзкую германскую мову. Між тым, да скарачэньня ўжытку мовы норн на Аркнэйскіх астравох маглі прывесьці пераход тэрыторыяў у рукі шатляндзкага клану Сінклэраў і пачатковы пераход моўнага прэстыжу на карысьць шатляндзкай германскай мовы ў пачатку XV ст.[4] На астравох Шэтландзкага архіпэлягу моўны зрух пачаўся пазьней, аднак прыкладна да канца XV ст. абодва архіпэлягі заставаліся дзьвюхмоўнымі[5]. Нягледзячы на гэта, працэс заняпаду мовы ня стаў поўнасьцю раўнамерным, у выніку чаго норн быў распаўсюджаны як асноўная мова зносінаў на Аркнэйскіх і Шэтландзкіх астравох да канца XVI ст. і пачатку-сярэдзіны XVII ст. адпаведна[6][7].

Дакладнай даты канчатковага выміраньня норну няма. Крыніцы пэрыяду XVIII-ХІХ стагодзьдзі згадваюць мову норн (радзей — пад назвамі старажытнаскандынаўская, нарвэская або дацкая) як мову, што знаходзіцца ў стане заняпаду, адзначаючы, што становішча мовы на Шэтландзкім архіпэлягу мацнейшы за стан мовы на Аркнэйскіх астравох. Хроніка 1670 году ўзгадвае, што мова распаўсюджаная толькі ў трох або чатырох прыходах у асноўным у хатніх умовах[8], у сваю чаргу, крыніцы 1701 году адзначалі пэўную колькасьць аднамоўных носьбітаў норну і большую колькасьць носьбітаў на Шэтландзкіх, чымся на Аркнэйскіх астравох[8]. Зьвесткі 1703 году сьцьвярджаюць, што насельніцтва Шэтландзкіх астравоў размаўляла пераважна па-ангельску, але захоўвалі старажытную дацкую мову. Між іншым, у 1750 годзе ўраджэнец Аркнэйскіх астравоў Джэймз Макензі пісаў, што мова захоўвалася ў асяродзьдзі людзей пажылога ўзросту, якія карысталіся моваю між сабою[9]. Урэшце, апошнія паведамленьні пра носьбітаў мовы норн прыпадаюць на ХІХ ст., аднак больш верагодныя зьвесткі датуюць сьмерць мовы канцом XVIII ст.[10] Варта зазначыць, што на 1893 год прыходзяцца паведамленьні пра наяўнасьць на ізаляваных астравох Шэтландзкага архіпэлягу, Анст і Фула, людзей, якія памяталі некаторыя сказы й урыўкі зь песень і вершаў на мове норн[10]. Ўолтэр Сазэрлэнд, жыхар паселішча Ско (востраў Фула), які памёр у 1850 годзе, лічыцца апошнім носьбітам норну. Аднак нягледзячы на сьмерць мовы, яе сьляды захоўваюцца ў якасьці тапонімаў і дыялектызмаў для пазначэньня расьлінаў, жывёлаў, надвор’я, рыбалоўных зьяваў.

У сваю чаргу, сьмерць мовы норн у Кейтнэсе датуецца значна ранейшым тэрмінам, прыкладна XV ст.[6], што дазваляе некаторым дасьледчыкам вылучаць кейтнэскія гаворкі норну. Пра гэтыя гаворкі сьведчаньняў засталося значна менш у адрозьненьне ад гаворак Шэтландзкага й Аркнэйскага архіпэлягаў.

Мова норн аказала значны ўплыў на мясцовыя дыялекты шатляндзкай германскай мовы, асабліва на аркнэйскі. У сваю чаргу, норн зьведаў значны лексычны ўплыў шатляндзкае германскае мовы, калі яе словы пранікалі нават у асноўны слоўнікавы фонд, пра што можна меркаваць, кіруючыся прыкладамі малітвы Ойча наш, Гільдынавай баляды і загадак.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісьмовых помнікаў норну амаль не захавалася. Усе тэксты, што дайшлі да нашых дзён, уключаюць у сябе пераклад малітвы Ойча наш і ўзор народнае творчасьці ў выглядзе баляды.

Дасьледаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Норн не была пісьмоваю моваю, але норн захаваўся ў параўнальна позьніх запісах антыквараў. Так, у 1693 годзе сьвятар Джэймз Ўолес уключыў аркнэйскі варыянт малітвы Ойча наш у сваё апісаньне Аркнэйскага архіпэлягу, у 1774 годзе Джордж Лоў запісаў рад тэкстаў на шэтландзкім дыялекце на востраве Фула, уключаючы шэтландзкі варыянт Ойча наш і самы доўгі тэкст на мове — баляду Hildinakvadet. Запісы Лоў даволі ненадзейныя, паколькі ён ня быў носьбітам мовы і карыстаўся ангельскай артаграфіяй, аднак ён разумеў адрозьненьне мовы арыгіналу ад ангельскай і выкарыстоўваў літару j для пазначэньня гуку ёт на ўзор скандынаўскіх моваў. У 1900 годзе Марыюсам Гегстадам быў выдадзены камэнтаваны варыянт баляды ў Осьлё. Скандынаўскі фолк-выканаўца Гаральд Фос выканаў Hildinakvadet у музычным суправаджэньні.

Лінгвістычныя дасьледаваньні норну таксама ладзілі фарэрац Якаб Якабсэн і шатляндзец Г’ю Марўік.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова норн належыць да паўночнагерманскае групы германскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і, утвараючы разам з фарэрскай, ісьляндзкай і нарвэскай мовамі заходнюю падгрупу ў складзе паўночнагерманскае групы. Заходняя падгрупа, у сваю чаргу, супрацьпастаўленая ўсходняй падгрупе, якую ўтвараюць швэдзкая, дацкая і гутнійская мовы. Гэтая клясыфікацыя засноўваецца на крытэры адрозьненьняў між мовамі паўночнагерманскае групы на момант іх падзелу, але сучасныя характарыстыкі, заснаваныя на ўзаемазразумеласьці паўночнагерманскіх моваў, падзяляе іх на астраўную й мацерыковую падгрупы. У межах гэтае гіпотэзы норн адносіцца да адной падгрупы толькі разам з ісьляндзкай і фарэрскай. Норн гістарычна падзяляў з фарэрскай мовай вялікую колькасьць агульных фаналягічных і граматычных рысаў, зьяўляючыся, магчыма, узаемназразумелай з гэтай мовай.

Мову норн ня трэба блытаць з шэтландзкім дыялектам шатляндзкай германскай мовы.

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаналёгія мовы норн ня можа быць дакладна выяўленай праз адсутнасьць зыходных зьвестак, але карціна гукавага ладу мовы можа быць прыкладна адноўленая дзякуючы пісьмовым зьвесткам. З дыялектамі паўднёва-заходняй Нарвэгіі мова збліжаецца праз існаваньне азванчэньня зычных /p, t, k/ у [b, d, ɡ] перад або між галоснымі і пераходу /θ/, /ð/ у [t] і [d] адпаведна. Першая ўласьцівасьць, аднак, поўнасьцю прасочвалася толькі ў шэтландзкім дыялекце, будучы толькі частковай на Аркнэйскім архіпэлягу.

Граматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматычна норн быў блізкім да іншых паўночнагерманскіх моваў. Існавала два лікі, тры роды й чатыры склоны: назоўны, родны, давальны й вінавальны. Дзеяслоў меў два асноўныя спражэньні ў мінулым і цяперашнім часох. Як і ў іншых паўночнагерманскіх мовах, для адлюстраваньня пэўнасьці назоўніку выкарыстоўваўся суфікс замест прэпазыцыйнага артыкля: man(n), але mannen[a]. Граматычныя сьведчаньні норну даволі бедныя, аднак яны дазваляюць меркаваць, што будова сказу набліжалася да моваў заходняй падгрупы паўночнагерманскай групы.

Сучаснае выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большая частка выпадкаў выкарыстаньня норну або іншых формаў старажытнаскандынаўскага маўленьня адносяцца да сымбалічных мэтаў (напрыклад, сьлёган Шэтландзкіх астравоў — Með lögum skal land byggja). Іншыя прыклады выкарыстаньня норну або старажытнаскандынаўскай мовы можна знайсьці ў назвах мясцовых паромаў[11]. Іншым цікавым фактам зьяўляецца захваньне словаў норну ў назвах пародаў або колераў мясцовых авечак.

Некаторыя групы энтузіястаў, засноўваючыся на лінгвістычным аналізе захаваных пісьмовых помнікаў і старажытнаскандынаўскай лінгвістыкі наогул, займаюцца распрацоўкай і папулярызацыяй сучаснай формы норну, якая вядомая як нюнорн (літаральна «новы норн»)[12].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Чалавек». Больш дакладны пераклад абедзьвюх формаў гэтага слова на беларускую мову немагчымы праз адсутнасьць у беларускай мове паняцьця пра артыкль і пэўнасьць.
  1. ^ Stenroos, Merja-Riitta et al. Language Contact and Development around the North Sea. — John Benjamins Publishing Company, 2012. — С. 218. — ISBN 978-90-272-4839-8
  2. ^ Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 358. — ISBN 978-0-521-28409-7
  3. ^ Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 361.
  4. ^ Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 352. — ISBN 978-0-521-28409-7
  5. ^ Jones, Charles. The Edinburgh History of the Scots Language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 62. — ISBN 978-0-7486-0754-9
  6. ^ а б Jones, Charles. The Edinburgh History of the Scots Language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 394. — ISBN 978-0-7486-0754-9
  7. ^ Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 354. — ISBN 978-0-521-28409-7
  8. ^ а б Millar, Robert McColl. Northern and Insular Scots. — Edinburgh University Press, 2007. — С. 126. — ISBN 978-0-7486-2317-4
  9. ^ Hoops, Johannes. Reallexikon Der Germanischen Altertumskunde: Band 21. — Walter De Gruyter Inc, 2003. — С. 385.
  10. ^ а б Glanville Price. The Languages of Britain. — London: Edward Arnold, 1984. — С. 203-204. — ISBN 978-0-7131-6452-7
  11. ^ The fleet — new Yell Sound ferries(анг.) Афіцыйная старонка Рады Шэтландзкіх астравоў. Рада Шэтландзкіх астравоў. Праверана 27 сакавіка 2014 г.
  12. ^ Norn, the ancient language of Orkney and Shetland(анг.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Barnes, Michael P. „Orkney and Shetland Norn”. In Language in the British Isles, ed. Peter Trudgill, 352-66. Cambridge: Cambridge University Press, 1984.
  • Jakobsen, Jakob. An Etymological Dictionary of the Norn Language in Shetland. 2 vols. London/Copenhagen: David Nutt/Vilhelm Prior, 1928-32.
  • Hægstad, Marius, 1900. Hildinakvadet, med utgreiding um det norske maal paa Shetland i eldre Tid. Videnskabsselskabets skrifter, II. Historisk-filosofiske Klasse, 2. Christiania: Jacob Dybwad, 1902
  • Low, George. A Tour through the Islands of Orkney and Schetland. Kirkwall: William Peace, 1879.
  • Marwick, Hugh. The Orkney Norn. London: Oxford University Press, 1929.
  • Rendboe, Laurits. „The Lord’s Prayer in Orkney and Shetland Norn 1-2”. North-Western European Language Evolution 14 (1989): 77-112 and 15 (1990): 49-111.
  • Wallace, James. An Account of the Islands of Orkney. London: Jacob Tonson, 1700.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]