Фрэнсіс Дрэйк
| Сэр Фрэнсіс Дрэйк | |
| Francis Drake | |
| Род дзейнасьці | мараплавец і карсар |
|---|---|
| Дата нараджэньня | люты — сакавік 1540 |
| Месца нараджэньня | Дэваншыр, Англія |
| Дата сьмерці | 28 студзеня 1596 |
| Месца сьмерці | Панама |
Сэр Фрэнсіс Дрэйк (па-ангельску: Francis Drake; каля 1540 — 28 студзеня 1596) — англійскі мараплавец і карсар часоў Лізаветы I. Першы ангелец, які зьдзейсніў кругасьветнае падарожжа (у 1577—1580 г.).
Фрэнсіс Дрэйк нарадзіўся ў Дэваншыры ў сям’і фэрмэра (бацька — Эдмунд Дрэйк), які пазьней стаў сьвятаром. Наагул у сям’і Дрэйкаў было дванаццаць дзяцей, Фрэнсіс быў старэйшым. У 1549 сям’я Дрэйка перабралася ў Кент. З 13 гадоў стаў мараком, быў намесьнікам капітана, а ў 20 гадоў прыняў камандаваньне караблём. Першыя плаваньні — у Паўночным моры.
У 1567 выправіўся ў плаваньне ў Гвінэю і Вэст-Індыю, камандуючы караблём у нявольніцкагандлёвай экспэдыцыі свайго сваяка Джона Хокінса. Падчас гэтай экспэдыцыі на караблі ангельцаў напалі гішпанцы, і вялікая частка ангельскіх суднаў была патопленая. Паводле розных зьвестак ацалела ад аднаго (карабель Дрэйка) да трох караблёў.
У 1572 выправіўся ва ўласную экспэдыцыю ў Гішпанскія ўладаньні ў Вэст-Індыі, захапіў места Номбрэ-дэ-Дыас на Панамскім пярэсмыку, захапіў караблі ў гавані Картахены, спаліў Партабэла. Падчас гэтага рэйду Дрэйк некалькі разоў перасёк па сушы Панамскі пярэсмык і захапіў гішпанскі «Срэбны караван» (каля 30 тонаў срэбра). 9 жніўня 1573 Дрэйк вярнуўся ў Плімут знакамітым.
У 1577 Дрэйк быў пасланы каралевай Лізаветай у экспэдыцыю да ціхаакіянскага ўзьбярэжжа Амэрыкі. Афіцыйнай мэтай падарожжа было адкрыцьцё новых земляў, у прыватнасьці Аўстраліі. Фрэнсіс выправіўся ў гэтае падарожжа на 100-тонавым флягмане «Пелікан», які суправаджалі яшчэ 4 караблі. Не заходзячы ў Магеланаву пратоку, Дрэйк першым абышоў Агністую Зямлю, тым самым высьветліўшы, што яна не зьяўляецца часткай гіпатэтычнага паўднёвага кантынэнта. Шырокая пратока паміж Агністай Зямлёй і Антарктыдай зараз носіць ягонае імя. Пасьля таго, як флягман «Пелікан» — адзіны з усіх караблёў — «прабіўся» да Ціхага акіяну, ён быў пераназваны ў «Залатую лань». Дрэйк прайшоўся ўздоўж ціхаакіянскага ўзьбярэжжа, атакуючы гішпанскія парты, як то Вальпараіса, і дасьледаваў узьбярэжжа паўночней гішпанскіх калёніяў, прыблізна да сучаснага Ванкувэра. 17 чэрвеня 1579 Дрэйк высадзіўся, як мяркуецца, у раёне Сан-Францыска (па іншых дадзеных, у сучасным Арэгоне) і абвесьціў гэты бераг ангельскім уладаньнем («Новы альбіён»). Пасля папаўненьня запасаў харчу і рамонту, Дрэйк перасёк Ціхі акіян і выйшаў да Малуцкіх абтокаў. Абыйшоўшы Афрыку, Дрэйк вярнуўся ў Ангельшчыну ў верасьні 1580. За гэтую экспэдыцыю Дрэйк быў уганараваны рыцарскім званьнем. Разграміў гішпанскі флёт («Непераможную Армаду») у Гравэлінскай бітве 1588. Памёр ад крываўкі.
Крыніцы [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Фрэнсіс Дрэйк — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў