Ян Цепляк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Ян Фэлікс Цепляк (па-расейску: Ян Гиацинтович Цепляк, па-польску: Jan Feliks Cieplak; 17 жніўня 1857, Дамброва Гурніча, Бэндзінскі павет, Келецкая губэрня17 лютага 1926, Пасаіс, Нью-Джэрзі, ЗША) — дзяяч Рымска-каталіцкай царквы.

Сям'я і адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў шахтарскай сям'і. Скончыў чатыры клясы гімназіі ў Кельцах, Духоўную сэмінарыю ў Кельцах, Імпэратарскую Пецярбурскую духоўную акадэмію са ступеньню магістра багаслоўя (1882).

Сьвятар і выкладчык[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 24 чэрвеня 1881 — сьвятар. З 1882 быў выкладчыкам Пецярбурскае духоўнае акадэміі, займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю чвэрць стагодзьдзя. Выкладаў маральнае і пастырскае багаслоўе, літургіку, царкоўны сьпеў, а затым і дагматычнае багаслоўе. Некаторы час выконваў абавязкі бібліятэкара і духоўніка Акадэміі. Па нядзельных і сьвяточных днёх служыў у капліцы Бязгрэшнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пры прытулку сясьцёр Францішканак Сям'і Марыі. З 1900 — канонік, быў капэлянам у капліцы пры прытулку «Добры пастыр».

Біскуп[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1908 прызначаны вікарным біскупам Магілёўскае архідыяцэзіі. Улетку 1909 правёў візітацыю парафіяў Сыбіры і Далёкага Ўсходу — усяго ў гэты час на дадзенай тэрыторыі дзейнічалі 31 парафіяльны касьцёл, 14 капліц і 20 малітоўных дамоў. У 1910 правёў візытацыю Менскай дыяцэзіі, якая ня мела ў то час свайго біскупа, але яна была перапыненая па патрабаваньні ўлад, якія абвінавацілі біскупа ў тым, што ён ні разу не маліўся аб імпэратары й яго сям’і, «у пропаведзях ускосна выступаў супраць праваслаўя» і намерваўся наведаць зачынены ўладамі храм у Гарадзішчы. Быў вызвалены ад пасады старшыні Духоўнай калегіі ў Пецярбургу, улады двойчы не давалі згоду на яго прызначэньне рэктарам Духоўнай акадэміі. У 1911 правёў візытацыю прыходаў у Цэнтральнай Расеі. З студзеня 1914 быў дырэктарам школы Сестранцэвіча пры прыходзе сьв. Станіслава, у тым жа году прымаў удзел у Еўхарыстычным Кангрэсе ў Лурдзе.

На чале Магілёўскай архідыяцэзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 жніўня 1914 быў абраны капітульным адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі. Падчас Першае сусьветнае вайны актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасьцю, заснаваў шэраг арганізацыяў, дапамагаў уцекачам. У 19171919 архідыяцэзіяй кіраваў арцыбіскуп Эдвард фон Роп, які вярнуўся з выгнаньня, але ўжо ў 1919 ён быў арыштаваны бальшавікамі і кіраваньне ізноў прыняў біскуп Цепляк, прызначаны 29 красавіка 1919 арцыбіскупам Охрыдзкім. Быў супернікам нацыяналізацыі касьцёльных будынкаў і перадачы касьцёлаў пад кантроль парафіяльных камітэтаў (быў пасьлядоўным прыхільнікам кананічнага прынцыпу, паводле якога на чале прыходу стаіць сьвятар), выняткі прадметаў культу з касьцёлаў нібы для падтрымкі галадаючых Паволжа. У той жа час зьбіраў у архідыяцэзіі ахвяраваньні для пацярпелых ад голаду. Лічыў, што неабходна «зрабіць з прыходу тое, чым ён павінен быць: жывым, энэргічным і дысцыплінаваным аддзелам вялікае баявое лініі ваяўнічага касьцёлу». Пры ім у архідыяцэзіі пры прыходах былі арганізаваныя таемныя школы Закона Божага, некаторы час функцыянавала нелегальная Духоўная сэмінарыя.

Па словах сьвятара Магілёўскай архідыяцэзіі Яна Васілеўскага,

галоўнымі рысамі характару арцыбіскупа Цепляка, нараўне з бясспрэчнай пакорай, былі прыроджаная мяккасьць і дабрыня. Гэтым ён прыцягваў людзей і неаднаразова ператвараў ворагаў у сяброў. У арцыбіскупе не было нічога штучнага, найгранага. Якім ён быў ля алтара, такім ён быў і ў кампаніі: прыемным, спакойным, пачцівым. Ён любіў дзяцей і моладзь і бавіў час зь імі. Ён часта прапаведаваў, і яго выдатныя простыя словы бальзамам цяклі ў сэрцы слухачоў. Здольны па натуры, ён набыў багатыя багаслоўскія веды. Ён быў добразычлівы да ўсіх. Як біскуп, ён клапаціўся аб усіх і да ўсіх ставіўся як да братоў: расейцаў, палякаў, латышоў, летувісаў, беларусаў і немцаў.

У 1920 некаторы час знаходзіўся пад арыштам; таксама арыштоўваўся ў сьнежні 1922 і 10 сакавіка 1923. 2126 сакавіка 1923 быў падсудным на судовым працэсе ў Маскве над 15 каталіцкімі сьвятарамі, абвінавачанымі ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці ў інтэрасах сусьветнай буржуазіі. Быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага, пасьля пратэстаў міжнароднай грамадзкасьці, дзесяцьцю гадамі пазбаўленьня волі. Іншы асуджаны на гэтым жа працэсе на сьмерць, прэлат Канстанты Будкевіч, быў расстраляны.

Апошнія гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 красавіка 1924 быў вызвалены з Бутырской турмы і высланы праз Рыгу ў Польшчу (прыбыў 12 красавіка 1924). Узнагароджаны Вялікім крыжам Аднаўленьня Польшчы. Празь месяц пераехаў у Рым у распараджэньне Папы Рымскага, зь якім неаднаразова сустракаўся. У пачатку 1925 арцыбіскуп Цепляк па запрашэньні амэрыканскага епіскапату выехаў у ЗША, дзе наведаў каля 400 касьцёлаў і вымавіў каля 800 пропаведзяў.

14 сьнежня 1925 Папа Рымскі прызначыў яго мітрапалітам Віленскім, але прыступіць да выкананьня абавязкаў ён ужо ня змог, бо сканаў у ЗША ад прастуды, ускладненай ператамленьнем. Пахаваны ў катэдральным саборы Вільні.

У 1952 пачаўся бэатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Яна Цепляка.

Кнігапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Книга памяти. Мартиролог Католической церкви в СССР. М., 2000.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]