Мікалай Лабачэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Мікалай Лабачэўскі
рас. Николай Лобачевский
Lobachevsky 03 crop.jpg
Партрэт 1839 г.
Нарадзіўся 1 сьнежня 1792
Ніжні Ноўгарад, Расейская імпэрыя
Памёр 24 лютага 1856
Казань, Расейская імпэрыя
Грамадзянства Расейская імпэрыя
Навуковая сфэра Матэматыка
Месца працы Казанскі ўнівэрсытэт
Альма-матэр Казанскі ўнівэрсытэт
Навуковы кіраўнік Марцін Бартэльс
Знакамітыя вучні Ёсіф Бальцані, Мікалай Зінін, Аляксандар Папоў, Эраст Янішэўскі
Вядомы як Адзін са стваральнікаў неэўклідавай геамэтрыі
Узнагароды і прэміі
Ордэн Сьвятой Ганны
Ордэн сьвятога Станіслава
Ордэн сьвятога Ўладзімера

Мікала́й Іванавіч Лабачэўскі (1 сьнежня 1792, Ніжні Ноўгарад — 24 лютага 1856, Казань) — расейскі матэматык польскага паходжаньня, стваральнік неэўклідавай геамэтрыі. Цягам 40 гадоў выкладаў у Казанскім унівэрсытэце, у тым ліку 19 гадоў кіраваў ім на пасадзе рэктара.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даты падаюцца паводле Юліянскага календара.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзед Максім быў палякам з Украіны[1]. У 1757 г. князь Міхаіл Даўгарукаў (17311794), якому ён служыў, дазволіў яму ажаніцца са сваёй прыгоннай Аграфенай, а ў 1775 г. даў ёй вольную.

Бацьку Івана (17601800) па нараджэньні хрысьцілі ў каталіцкім абрадзе, аднак пазьней ён прыняў праваслаўе. У 1787 г. яго накіравалі служыць у межавую кантору Ніжняга Ноўгараду, дзе ён хутка сканаў ад хваробы ў 40-гадовым узросьце. Па сьмерці пакінуў жонку Праскоўю з трыма сынамі.

Першыя гады жыцьця (1792—1807)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1802 годзе маці аддала сыноў у Казанскую гімназію, найбольш усходнюю з усіх у Расейскай імпэрыі, на «казённае разначынскае ўтрыманьне». Мікалай Лабачэўскі добра скончыў гімназію пры канцы 1806 г., паказаўшы выдатныя веды ў матэматыцы і лацінскай, нямецкай і францускай мовах. Цікавасьць да матэматыкі ў значнай ступені была заслугай выкладніка Рыгора Карташэўскага.

14 лютага 1805 г. расейскі імпэратар Аляксандар І сваім загадам адчыніў Казанскі ўнівэрсытэт. Шэраг настаўнікаў гімназіі перайшоў у яго выкладаць: Ільля Якоўкін стаўся прафэсарам гісторыі, геаграфіі і статыстыкі Расейскай імпэрыі і дырэктарам унівэрсытэту, Р. Карташэўскі — ад’юнктам вышэйшай матэматыкі, І. Эрых — ад’юнктам старажытнасьцяў, лацінскай і грэцкай моваў, Л. Лявіцкі — ад’юнктам абстрактнай і практычнай філязофіі, І. Запольскі — ад’юнктам прыкладной матэматыкі і досьледнай фізыкі. На прапанову Рады ўнівэрсытэту маці пагадзілася працягнуць ў ім пасьля гімназіі адукацыю сыноў. Старэйшага брата Аляксандра залічылі ва ўнівэрсытэт 18 лютага 1805 году. Мікалай у ліпені 1806 г. няўдала здаў іспыты, але 22 сьнежня прайшоў паўторны іспыт і 14 лютага 1807 г. быў залічаны. У 1807 г. малодшы брат Аляксей таксама стаўся студэнтам.

Маладыя гады (1807—1814)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першыя гады існаваньня ўнівэрсытэту не было аддзяленьняў (факультэтаў), на якія той меў дзяліцца паводле статуту. Толькі 2 курсы ва ўнівэрсытэцкай праграме 1806/1807 г. тычыліся фізыка-матэматычных навук. У 2 паўгодзьдзях (сэмэстрах) І. Запольскі чытаў курс фізыкі. У першым паўгодзьдзі Р. Карташэўскі паўтарыў са студэнтамі агульную арытмэтыку, прачытаў курс альгебры і перайшоў да выкладаньня дыфэрэнцыяльнага зьлічэньня. 5 сьнежня 1806 г. праз канфлікт з дырэктарам І. Якоўкіным яго звольнілі разам з шэрагам іншых выкладнікаў. Выкладаць матэматыку і шэраг іншых прадметаў даручылі студэнтам.

У лютым 1808 г. на запрашэньне наглядніка Казанскай навучальнай акругі Сьцяпана Румоўскага прыехаў прафэсар чыстай матэматыкі Марцін Бартэльс, які настаўляў нямецкага матэматыка Карла Фрыдрыха Гаўса. 2 сакавіка ён пачаў курс лекцыяў па чыстай матэматыцы. У верасьні ў Казань прыехаў матэматык Каспар Рэнэр, а ў 1810 г. — прафэсар тэарэтычнай і досьледнай фізыкі Франц Бронэр і прафэсар астраноміі Ёзэф Літраў.

У 1808 г. Мікалай Лабачэўскі больш увагі ўдзяляў мэдыцыне, аднак пад уплывам М. Бартэльса зацікавіўся фізыка-матэматычнымі навукамі. У 1807 г. у данясеньнях камэрных студэнтаў паводзіны Лабачэўскага прызнаваліся добрымі, аднак у 1808-ым за піратэхнічныя практыкаваньні (13 жніўня ён разам з таварышамі запусьціў ракету) яго пакаралі карцэрам. Пры гэтым 31 траўня 1809 г. Мікалай стаўся камэрным студэнтам, атрымаўшы станоўчую атэстацыю І. Якоўкіна, дзе адзначаліся ня толькі добрыя паводзіны, але і посьпехі ў навуках. Увосень 1809 г. Мікалаю даручылі праверыць інвэнтар хімічнага кабінэта, які застаўся пасьля сьмерці ад’юнкта Эвэрста. Аднак у студзені 1810 г. ён насуперак забароне ходзіць падчас навагодніх сьвятаў у госьці і ўдзельнічае ў маскарадзе. За гэта яго пазбавілі званьня дзейнага камэрнага студэнта і выплаты на кнігі і падручнікі. На апошнім 1811 г. навучаньня ў данясеньні аб паводзінах Лабачэўскага адзначаюцца: упартасьць, «летуценная самаацэнка, упёртасьць, непаслухмянасьць», а таксама «абуральныя ўчынкі» і нават «прыкметы бязбожнасьці». Навісла пагроза, што яго выключаць і аддадуць у салдаты, але заступніцтва М. Бартэльса і Ф. Бронэра дапамагло адвесьці пагрозу.

Па заканчэньні ўнівэрсытэту Лабачэўскі атрымаў ступень магістра па фізыцы і матэматыцы з адзнакай і быў пакінуты пры ўнівэрсытэце. Напярэдадні яго прымусілі пакаяцца за «дрэнныя паводзіны» і даць абяцаньне надалей прытрымлівацца ўзорных паводзінаў. Пры канцы жніўня 1811 г. Ё. Літраў разам з Лабачэўскім і Іванам Сіманавым назірае вялікую камэту. З кастрычніка М. Бартэльс пачаў займацца з Лабачэўскім вывучэньнем клясычных працаў К. Гаўса і П’ера-Сымона Ляпляса. Іх вывучэньне пабудзіла да самастойных дасьледаваньняў. У канцы 1811 г. Лабачэўскі прадстаўляе разважаньне «Тэорыя эліптычнага руху нябесных целаў». У 1813 г. прадстаўляе працу «Аб разьвязаньні альгебраічнага ўраўненьня x^m - 1 = 0». Акрамя навуковых заняткаў Мікалай працуе са студэнтамі і чытае па арытмэтыцы і геамэтрыі асобыя лекцыі для чыноўнікаў, якія ня мелі ўнівэрсытэцкай адукацыі, але жадалі атрымаць пасады 8 клясы. 26 сакавіка 1814 г. 21-гадовага Лабачэўскага на хадайніцтва Ф. Бронэра і М. Бартэльса зацьвярджаюць ад’юнктам чыстай матэматыкі.

Пачатак выкладаньня (1814—1820)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 лютага 1814 г. на пасаду рэктара зацьвярджаюць Івана Браўна, ва ўнівэрсытэце вылучаюць 4 аддзяленьні (маральна-палітычнае, фізыка-матэматычных навук, слоўнае і лекарскае), прызначаюцца дэканы аддзяленьняў. Дэканам аддзяленьня фізыка-матэматычных навук стаўся М. Бартэльс. Першы курс, які даручылі выкладаць маладому ад’юнкту Лабачэўскаму — курс тэорыі лікаў па працах К. Гаўса і Адрыена Лежандра. Гэты ж курс ён чытаў і ў наступным 1815/1816 акадэмічным годзе.

7 ліпеня 1816 г. праз хадайніцтва наглядніка Міхаіла Салтыкова перад міністрам, пасьля пярэчаньня Рады ўнівэрсытэту адносна адпаведнасьці статуту, Лабачэўскага зацьвярджаюць экстраардынарным прафэсарам. У 1816/1817 акадэмічным годзе Лабачэўскі чытае курс арытмэтыкі, альгебры і трыганамэтрыі па свайму сшытку, у 1817/1818 годзе — курс плоскай і сфэрычнай геамэтрыі па свайму сшытку, у 1818/1819 годзе — курс дыфэрэнцыяльнага і інтэгральнага зьлічэньня па працах Гаспара Монжа і Жазэфа Лягранжа. 13 кастрычніка 1816 г. Лабачэўскага абіраюць у камітэт па справе «аб непаслушэнстве студэнтаў проці начальства і чыненьні грубасьцяў». 23 траўня 1818 г. яго зацьвярджаюць у якасьці чальца Вучэльневага камітэта, які наглядаў за вучэльнямі ўсёй навучальнай акругі.

Дэкан (1820—1827)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1819 годзе рэвізор Міхаіл Магніцкі ў заключэньні аб стане справаў ва ўнівэрсытэце адзначыў гаспадарчы беспарадак, звадкі і адсутнасьць набожнасьці. З пахвалой ён абмовіўся толькі пра фізыка-матэматычны факультэт. У выніку Магніцкага прызначылі нагляднікам навучальнай акругі і даручылі ажыцьцявіць «выпраўленьне». Ён звольніў 9 прафэсараў, з ганьбай і без пэнсіі выгнаў І. Якоўкіна за тое, што ня справіўся з абавязкамі, ачысьціў бібліятэку ад «крамольных» кніг, увёў цэнзуру лекцыяў і стварыў катэдру багаслоўя. Бартэльс і іншыя чужаземцы зьехалі. 28-гадовага Лабачэўскага прызначылі замест М. Бартэльса дэканам фізыка-матэматычнага факультэта.

Яму даручылі чытаньне лекцыяў па матэматыцы, астраноміі і фізыцы, камплектацыю і ўпарадкаваньне бібліятэкі, музэя, фізычнага кабінэта, стварэньне абсэрваторыі і «нагляд за добранадзейнасьцю» навучэнцаў Казані. У 1821 г. нагляднік М. Магніцкі прадставіў Лабачэўскага да ўзнагароды ордэнам св. Ўладзімера IV ступені, які зацьвердзілі і ўручылі ў 1824 годзе. Пазьней М. Магніцкі атрымаў даносы аб саманадзейнасьці і адсутнасьці належнай набожнасьці ў Лабачэўскага.

У гэтыя гады Лабачэўскі падрыхтаваў падручнік па геамэтрыі, асуджаны рэцэнзэнтам (акадэмікам Паўлам Фусам) за выкарыстаньне мэтрычнай сыстэмы мер і празьмерны адыход ад Эўклідаўскага канона (падручнік не апублікавалі пры жыцьці аўтара). Другі напісаны ім падручнік, па альгебры, удалося апублікаваць праз 10 год (1834). 23 лютага 1826 г. Лабачэўскі выступіў са «Сьціслым выкладам пачаткаў геамэтрыі», якім заклаў асновы неэўклідавай геамэтрыі.

У 1826 г. новым нагляднікам стаўся граф Міхаіл Мусін-Пушкін, які ў маладосьці (1810) здаваў іспыты (на чын) у Казанскім унівэрсытэце. 3 траўня 1827 г. 35-гадовага Лабачэўскага тайным галасаваньнем абралі рэктарам унівэрсытэта (11 галасамі супраць 3). Неўзабаве М. Мусін-Пушкін выехаў у Пецярбург і толькі вёў перапіску з Лабачэўскім.

Рэктар (1827—1845)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казанскі ўнівэрсытэт у 1830-я гады

За часам рэктарства Лабачэўскі ўдзельнічаў у стварэньні «Казанскі весьніка». Вёў курсы па геамэтрыі, трыганамэтрыі, альгебры, аналізу, тэорыі імавернасьцяў, мэханіцы, фізыцы, астраноміі і гідраўліцы. Адначасова чытаў навукова-папулярныя лекцыі для насельніцтва. У 1829 г. Казанскі ўнівэрсытэт прымаў нямецкага прыродазнаўца Аляксандра фон Гумбальта і расейскага палярнага дасьледніка адмірала Фэрдынанда Ўрангеля.

У 1832 г. Лабачэўскі ажаніўся з Варварай Маісеевай, якая была амаль на 20 год маладзейшая за яго. Паводле паслужнога сьпісу ў шлюбе нарадзілася і выжыла 7 дзяцей.

У 1832—1834 гг. апублікаваная праца Лабачэўскага па неэўклідавай геамэтрыі зазнала крытыку ў Пецярбургу. На трэці тэрмін (1833) Лабачэўскага абралі рэктарам 9 галасамі супраць 7. У 1834 годзе па ініцыятыве Лабачэўскага замест «Казанскага весьніка» пачынаецца выданьне «Навуковых запісак Казанскага ўнівэрсытэту», дзе ён публікуе свае новыя адкрыцьці. Пецярбурскія прафэсары ацэньвалі працы Лабачэўскага адмоўна, яму так і не ўдалося абараніць дысэртацыю.

Герб Лабачэўскага, АГ 11-127

У 1836 годзе расейскі цар Мікалай I наведаў унівэрсытэт і ўзнагародзіў Лабачэўскага ордэнам сьв. Ганны II ступені, які даваў права на патомнае дваранства. 29 красавіка 1838 г. «за заслугі на службе і ў навуцы» Мікалаю Лабачэўскаму надалі дваранства і герб, у апісаньні да якога сказана[2]:

Шчыт разьдзелены. У першай, барвовай частцы, залатая з шасьцю прамянямі, складзеная з двух трохкутнікаў зорка і залатая пчала. У другой, блакітнай частцы, срэбраная перакуленая страла, над такою ж перакуленаю падковаю. Шчыт увенчаны дваранскім шлемам і каронаю. Нашлемнік: тры срэбраныя страўсавыя пёры. Шаты справа — барвовыя, з золатам, зьлева — блакітныя, са срэбрам. Рэктар Імпэратарскага Казанскага ўнівэрсытэту Мікалай Лабачэўскі на службу заступіў у 1814 годзе; 1818 сьнежня 31 ўзьведзены ў Надворныя дарадцы і, у чыне Стацкага дарадцы, 29 красавіка 1838 году атрымаў дыплём на патомную дваранскую годнасьць.

Герб Лабачэўскага ўнесены ў Агульны гербоўнік дваранскіх родаў Расейскай імпэрыі (частка 11, стар. 127).

Партрэт Лабачэўскага працы Л. Крукава (між 1833 і 1836)

У канцы 1830-х гадоў памерлі М. Бартэльс і Р. Карташэўскі, а 27 лютага 1840 г. у яго доме памерла маці. Лабачэўскі быў рэктарам Казанскага ўніверсытэту з 1827 па 1846 гады.

Апошнія гады (1845—1856)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная дошка на Доме рэктара, дзе ў 1827-1846 гадах жыў Мікалай Лабачэўскі

Праз прызначэньне ў красавіку 1845 г. нагляднікам Пецярбурскай навучальнай акругі М. Мусін-Пушкіна 18 красавіка да Лабачэўскага пераходзіць пасада наглядніка Казанскай. 20 лістапада Лабачэўскага шосты раз абралі рэктарам на новае 4-годзьдзе (аднагалосна).

8 лютага 1846 г. памерла яго 2-гадовая дачка Надзея. 11 чэрвеня па заканчэньні 30 гадоў службы паводле статута ўнівэрсытэцкая Рада паведаміла міністру, што «ня бачыць ніякіх прычынаў» адхіляць Лабачэўскага ад выкладаньня. Аднак 16 жніўня 1846 г. Міністэрства «па ўказаньню Кіроўнага сэната» звольніла Лабачэўскага з прафэсарскай катэдры і з пасады рэктара. Яго прызначылі памочнікам наглядніка Казанскай навучальнай акругі са зьніжэньнем акладу. Неўзабаве Лабачэўскі разарыўся, дом у Казані і маёнтак жонкі давялося прадаць за даўгі. У 1852 г. памёр ад сухотаў старэйшы сын Аляксей, улюбёнец Мікалая Лабачэўскага.

Апошнюю працу «Пангеамэтрыю» ў 1855 г. запісалі пад дыктоўку вучні, бо сам навуковец асьлеп. Памёр Лабачэўскі 12 (24) лютага 1856 г., у той самы дзень, у які 30 гадамі раней упершыню абнародаваў сваю вэрсію неэўклідавай геамэтрыі. Пахаваны на Арскіх могілках Казані.

Калі ў другой палове 1860-х гадоў працы Лабачэўскага ацанілі і пераклалі на асноўныя эўрапейскія мовы, Казанскі ўнівэрсытэт запрасіў 600 рублёў на выданьне «Поўнага збору працаў па геамэтрыі» Лабачэўскага. Ажыцьцявіць гэты праект удалося праз 16 год (1883). Некаторыя раньнія працы Лабачэўскага ня знойдзены дагэтуль.

Геамэтрыя Лабачэўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захаваліся студэнцкія запісы лекцыяў Лабачэўскага (ад 1817 г.), дзе ён спрабаваў даказаць пяты пастулат Эўкліда, але ў рукапісе падручніка «Геамэтрыя» (1823) ён адмовіўся ад гэтых спробаў. У «Аглядах выкладаньня чыстай матэматыкі» за 1822/23 і 1824/25 гады Лабачэўскі зазначыў, што цяжкасьць праблемы паралельнасьці «дагэтуль не пераможана», і што ў якасьці зыходных паняткаў у геамэтрыі неабходна прымаць тыя, што непасрэдна бяруцца з прыроды.

7 (19) лютага 1826 г. Лабачэўскі падаў у друк у «Запісках фізыка-матэматычнага аддзяленьня» працу «Сьціслы выклад пачаткаў геамэтрыі са строгім доказам тэарэмы аб паралельных» на францускай мове[3]. Але працу ня выдалі. Рукапіс і водгукі не захаваліся, але сам твор Лабачэўскі ўлучыў у працу «Аб пачатках геамэтрыі» (1829—1830), надрукаваную ў часопісе «Казанскі весьнік». Тая праца стала першай у сьвеце сур’ёзнай публікацыяй па неэўклідавай геамэтрыі, або геамэтрыі Лабачэўскага.

Нагляднае прадстаўленьне геамэтрыі Лабачэўскага: праз пункт M праходзяць 2 простыя, паралельныя простай D

Лабачэўскі лічыў аксіёму паралельнасьці Эўкліда адвольным абмежаваньнем. На яго погляд, гэта патрабаваньне залішне строгае і абмяжоўвала магчымасьці тэорыі, што апісвае ўласьцівасьці прасторы. У якасьці альтэрнатывы прапанаваў іншую аксіёму: на плоскасьці праз пункт, які не ляжыць на дадзенай простай, праходзіць больш чым адна простая, якая не перасякае дадзеную. Распрацаваная Лабачэўскім новая геамэтрыя не ўлучае эўклідаву геамэтрыю, аднак эўклідаву геамэтрыю можна атрымаць зь яе гранічным пераходам (пры імкненьні крывізны прасторы да нуля). У самой геамэтрыі Лабачэўскага крывізна адмоўная. Ужо ў першай публікацыі Лабачэўскі падрабязна распрацаваў трыганамэтрыю неэўклідавай прасторы, дыфэрэнцыяльную геамэтрыю (у тым ліку вылічэньне даўжыняў, плошчаў і аб'ёмаў) і сумежныя аналітычныя пытаньні.

Але яго праца «Аб пачатках геамэтрыі», прадстаўленая ў 1832 г. Радай унівэрсытэту ў Акадэмію навук, атрымала ў Міхаіла Астраградзкага адмоўную ацэнку. У водгуку на кнігу М. Астраградзкі адкрыта прызнаўся, што нічога ў ёй не зразумеў, акрамя 2 інтэгралаў, адзін зь якіх, на яго думку, быў вылічаны няправільна. Сярод іншых калегаў таксама амаль ніхто не падтрымаў Лабачэўскага, нарасталі неразуменьне і насьмешкі.

Вянцом цкаваньня стаўся зьдзеклівы ананімны пасквіль (падпісаны псэўданімам С. С.), які зьявіўся ў часопісе Фадзея Булгарына «Сын айчыны» ў 1834 годзе[4]:

Нашто ж пісаць, ды яшчэ й друкаваць, такія бязглуздыя фантазіі? <…> Як можна падумаць, каб пан Лабачэўскі, звычайны прафэсар матэматыкі, напісаў зь якой-небудзь сур’ёзнай мэтай кнігу, якая ня многа б прынесла гонару і апошняму прыходзкаму настаўніку? Калі не навуковасьць, то прынамсі здаровы розум павінен мець кожны настаўнік, а ў новай геамэтрыі нярэдка не хапае і гэтага. <…> Новая Геамэтрыя <…> напісана так, што з тых, хто яе прачытаў, ніхто амаль нічога не зразумеў.

У артыкуле зьмяшчаліся тыя ж крытычныя заўвагі, што і ў водгуку Астраградзкага.

Спроба Лабачэўскага надрукаваць у тым часопісе адказ рэдакцыя праігнаравала. У 1835—1838 ён апублікаваў у «Навуковых запісках Казанскага ўнівэрсытэту» артыкулы аб «уяўнай геамэтрыі», а затым выйшла самая поўная зь яго працаў «Новыя пачаткі геамэтрыі з поўнай тэорыяй паралельных».

У 1837 годзе артыкул Лабачэўскага «Уяўная геамэтрыя» на францускай мове зьявіўся ў бэрлінскім часопісе Аўгуста Крэле, а ў 1840 г. Лабачэўскі апублікаваў на нямецкай мове кнігу «Геамэтрычныя дасьледаваньні па тэорыі паралельных», дзе зьмясьціў дакладны і сыстэматычны выклад сваіх асноўных ідэяў. Два асобнікі атрымаў Карл Фрыдрых Гаўс, які з захапленьнем выказаўся аб кнізе ў сваіх дзёньніках і лістах блізкім сябрам. Напрыклад, у лісьце астраному Генрыху Шумахеру (1846) К. Гаўс так ацаніў працу Лабачэўскага:

Вы ведаеце, што ўжо 54 гады (з 1792 г.) я трымаюся тых жа поглядаў (зь некаторым іх разьвіцьцём, пра якое не хачу тут згадваць); такім чынам, я не знайшоў для сябе ў працы Лабачэўскага нічога фактычна новага. Але ў разьвіцьці прадмета аўтар ішоў не тым шляхам, якім ішоў я сам; яна выканана Лабачэўскім па-майстэрску, у сапраўды геамэтрычным духу. Лічу сябе абавязаным зьвярнуць Вашу ўвагу на гэту працу, якая, напэўна, прынясе Вам надзвычайную асалоду[5].

Бюст Лабачэўскага на алеі выдатных навукоўцаў каля Маскоўскага ўнівэрсытэту на Вераб’ёвых гарах

Карл Гаўс прапанаваў абраць Лабачэўскага замежным чальцом-карэспандэнтам Гётынгенскага каралеўскага навуковага таварыства. Абраньне Лабачэўскага адбылося ў 1842 г. і стала адзіным прыжыцьцёвым прызнаньнем навуковых заслуг Лабачэўскага.

Яго новы артыкул (рашэньне некаторых праблемаў аналізу) зноў атрымаў адмоўны водгук М. Астраградзкага (1842). Лабачэўскі памёр непрызнаным, не дажыўшы да перамогі сваіх ідэяў 12 год. Прызнаньню працаў Лабачэўскага пасадзейнічалі дасьледаваньні Эўджэніа Бельтрамі (1868), Фэлікса Клейна (1871) і Анры Пуанкарэ (1883). Зьяўленьне мадэлі Клейна даказала, што геамэтрыя Лабачэўскага несупярэчлівая, як і эўклідава. Усьведамленьне таго, што існуе паўнавартасная альтэрнатыва эўклідавай геамэтрыі, падштурхнула да зьяўленьня рыманавай геамэтрыі, «Эрлангенскай праграмы» Ф. Клейна і агульнай тэорыі аксіяматычных сыстэмаў[6].

Іншыя навуковыя дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У альгебры Лабачэўскі распрацаваў, незалежна ад Ж. Дзендзелена, мэтад прыбліжанага рашэньня ўраўненьняў, у матэматычным аналізе атрымаў шэраг тонкіх тэарэмаў пра трыганамэтрычныя шэрагі, удакладніў панятак непарыўнай функцыі і знайшоў прыкмету зьбежнасьці шэрагаў.

Узнагароды і званьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу жыцьця М. Лабачэўскі атрымаў шэраг узнагародаў:

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штогадовае сьвяткаваньне дня нараджэньня М. Лабачэўскага ўдзельнікамі Паволскай матэматычнай алімпіяды студэнтаў

У гонар Лабачэўскага названыя:

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Велімір Хлебнікаў у паэме «Ладамір» выкарыстаў вобраз «новай геамэтрыі» як сымвал рэвалюцыйнай пераробкі сьвету.

У фантастычным рамане Пола Андэрсана «Апэрацыя „Хаос“» героі выклікалі прывід Лабачэўскага для дапамогі ў вымярэньні, якое падпарадкоўвалася законам неэўклідавай геамэтрыі.

У 1965 г. татарскі навуковец і пісьменьнік Джавад Тарджаманаў апублікаваў дакумэнтальны раман «Юнацтва Лабачэўскага» (Казань: Татарскае кніжнае выдавецтва), прысьвечаны гадам навучаньня ва ўнівэрсытэце і нялёгкім узаемінам зь І. Якоўкіным і М. Магніцкім. Раман перавыдаваўся ў 1968 і 1987 гадах.

У сваім вершы «Канец цудоўнай эпохі» (1969 год) Ёсіф Бродзкі згадвае сьвет Лабачэўскага як мэтафару. На гэты ж верш напісана аднайменная песьня ў сольным альбоме саліста групы «Сплін» Аляксандра Васільева.

Яўген Еўтушэнка прысьвяціў Лабачэўскаму разьдзел у паэме «Казанскі ўнівэрсытэт»[10].

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Н. И. Лобачевский. Полное собрание сочинений в пяти томах. М.: ГИТТЛ.
Том 1, 1946 год.
Геометрические исследования по теории параллельных линий.
О началах геометрии.
Том 2, 1949 год.
Геометрия. Новые начала геометрии с полной теорией параллельных.
Том 3, 1951 год.
Воображаемая геометрия.
Применение воображаемой геометрии к некоторым интегралам.
Пангеометрия.
Тома 4-5, 1951 год.
Работы в других областях, письма.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Б.В. Федоренко Некоторые сведения к биографии Н. И. Лобачевского // Историко-математические исследования. — Масква: ГИТТЛ, 1956. — № 9. — С. 65-76.
  2. ^ Общий гербовник дворянских родов Всероссийской империи
  3. ^ Лаптев Б. Л. Теория параллельных прямых в ранних работах Н. И. Лобачевского. — М.: ГИТТЛ, 1951. — № 4. — С. 201-230.
  4. ^ О началах Геометрии, соч. Г. Лобачевского // Сын отечества. 1834 г. Стр. 407—416.
  5. ^ Об основаниях геометрии. Сборник классических работ по геометрии Лобачевского и развитию её идей. М.: Гостехиздат, 1956, С.119-120.
  6. ^ Хилькевич Э. К. Из истории развития и распространения идей Н. И. Лобачевского в 60-70-х годах XIX столетия. — М.-Л.: ГИТТЛ, 1949. — № 2. — С. 168-230.
  7. ^ Николай Иванович Лобачевский (1793-1943), юбилейный сборник. — М.-Л.: ГИТТЛ, 1943. — С. 18. — 100 с.
  8. ^ Гл. сьпіс ляўрэатаў прэміі імя М.І.Лабачэўскага.(рас.)
  9. ^ «Аэрофлот» ввел в эксплуатацию самолет А320 «Н. Лобачевский».(рас.)
  10. ^ Евгений Евтушенко. Казанский университет. — Казань: Татарское книжное издательство, 1971. — 98 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Мікалай Лабачэўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў