Мір (мястэчка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 17:38, 30 ліпеня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Мір
Замак Ільлінічаў — Радзівілаў
Замак Ільлінічаў — Радзівілаў
Герб Міру Сьцяг Міру
Першыя згадкі: 1345
Магдэбурскае права: 27 сьнежня 1579
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Карэліцкі
Пасялковы савет: Мірскі
Насельніцтва: 2,4 тыс. (2008)
Часавы пас: UTC+2
Тэлефонны код: +375-1596
Паштовы індэкс: 231444
Аўтамабільны код: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°27′ пн. ш. 26°28′ у. д. / 53.45° пн. ш. 26.467° у. д. / 53.45; 26.467Каардынаты: 53°27′ пн. ш. 26°28′ у. д. / 53.45° пн. ш. 26.467° у. д. / 53.45; 26.467
Мір на мапе Беларусі
Мір
Мір
Мір
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Мір — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Міранка. Цэнтар пассавету Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 2,4 тыс. чал. (2008). Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Менск — Наваградак.

Мір — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільлінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО

Назва

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму «Мір». Беларускі географ В. Жучкевіч лічыў, што назва паселішча, імаверна, утварылася ад слова сацыяльнага значэньня «мір» — калектыў удзельнікаў грамадзтва, часам раўназначнага паняцьцю «грамады»[1]. На думку В. Калніна тапонім мае зьвязкі з словам «эмір» (паводле найменьня вайскавода аддзелу ваяроў-татараў, што месьціліся тут). Згодна зь меркаваньнем Уладзіслава Сыракомлі, паселішча атрымала сваю назву паводле простага значэньня слова «мір» (у гэтай мясцовасьці праходзіла мяжа паміж Русьсю ды Літвою, аднак невядомым застаецца факт складаньня тут якой-кольвек мірнай дамовы)[2]. На думку некаторых дасьледнікаў, назва паселішча пайшла ад лацінскага слова «mirum», што перакладаецца як «цуд»[3].

Таксама вядома, што пасяленьні вясковага тыпу ў XXI стст. у гiстарычных хронiках (напр. «Аповесьць мінулых часоў») завуцца «пагост» або «мiр» (у лясной паласе)[4].

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Мір датуецца 1395[5], калі крыжакі на чале з Конрадам фон Юнгінгенам зруйнавалі паселішча. Па нападзе вялікі князь Вітаўт перадаў двор Мір свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, які ў 1434 будучы ўжо вялікім князем падараваў паселішча свайму паплечніку, кашталяну віленскаму Сеньку Гедыгольдавічу.

З 1486 Мір знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, якія абнесьлі ўласны двор землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарогаў: Замкавая, Віленская, Менская і Слонімская. У 1520-я Юры Ільлініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўспамін пра які датуецца 1527. У 1553 мястэчка зрабілася сталіцай Мірскага графства. Ільлінічы атрымалі графскі тытул ад імпэратара Фэрдынанда I[6]. У 1569, паводле тэстамэнту Ю. Ільлініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касьцёл (1585) і Траецкую царкву (1595).

27 сьнежня 1579 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Міру Магдэбурскае права (няпоўнае). З 1589 места знаходзілася ў складзе Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў кан. XVI — пач. XVII стст. узьвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаваньняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўяздной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнэсансу ўзьвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сьценамі надбудавалі галерэі з байніцамі[7].

За часамі Трынаццацігадовай вайны ў 1655 казакі І. Залатарэнкі зруйнавалі Мір[6]. Па ваенных спусташэньнях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамесьнікі 49 спэцыяльнасьцяў[6]. У 1705 пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базылянскі кляштар. У Вялікую Паўночную вайну (17001721) места пэўны час займалі войскі караля Швэцыі Карла XII. У 1-й пал. XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Наваградзкім павеце Менскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 расейскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнаў, з 1891 — у валоданьні Сьвятаполк-Мірскіх.

Станам на 1886 у Міры было 2 царквы, 7 сынагогаў, мячэт, павятовая вучэльня, школа, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы[8]. У 1893 тут збудавалі вінакурны завод. У кан. ХIХ — пач. ХХ стст. у мястэчку праводзілася 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды зьяжджаліся сяляне нават зь вёсак навакольля Менску[9]. 14 красавіка 1919 адбылося антыбальшавіцкае паўстаньне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў[10].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва. За польскім часам тут меліся паштовая ўправа, мескі суд, 7-клясная школа.

У 1939 Мір увайшоў у БССР, дзе ў 1940 зрабіўся цэнтрам раёну Баранавіцкай, з 1954 — Гарадзенскай вобласьці1956 Мірскі раён скасавалі). У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 2000 Мірскі замак улучылі ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. У 2002 тут прайшло сьвята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 пачаў праводзіцца рэгулярны Рэгіянальны фэст мастацтваў «Мірскі замак». 24 сьнежня 2008 году на аснове гарадзкога пасёлку створаны аграгарадок[11].

Насельніцтва

Адукацыя

У Міры працуюць сярэдняя школа і дзіцячы садок.

У зьвязку зь міжнароднымі патрабаваньнямі да якасьці рэстаўрацыі замка тут адкрылася адзіная ў Беларусі вучэльня рэстаўратараў: Мірская дзяржаўная мастацкая прафэсійна-тэхнічная вучэльня № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных працаў.

Мэдыцына

Мэдычныя паслугі надае местачковая лякарня.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

  • РУП «Мірскі сьпіртзавод»

Турыстычная інфармацыя

У мястэчку працуе філія Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі «Замкавы комплекс Мір». Сіламі энтузіяста-аматара таксама створаны прыватны музэй — сядзіба-музэй «Мірскі пасад», якая разьмяшчаецца, паводле ўладальніка, у будынку той самай карчмы, дзе Ўладзіслаў Сыракомля напісаў свой верш «Паштальён» (1844) на падставе пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком...». Экспазыцыя музэя прадстаўляе гісторыю мястэчка, сапраўдную мэблю з замка, а таксама побытавую культуру мiрскіх насельнікаў розных канфэсіяў.

Выдатныя мясьціны

Мірскі замак увесну
  • Гістарычная забудова (кан. XIX — 1-я пал. XX стст.; фрагмэнты)
  • Замак (XVIXVII стст.)
  • Капліца (1909)
  • Капліца-пахавальня Сьвятаполкаў-Мірскіх (1904)
  • Касьцёл Сьвятога Мікалая (1599—1604)
  • Могілкі: габрэйскія, каталіцкія, татарскія (Мізар), праваслаўныя
  • Парк (XIX ст.)
  • Сынагогальны двор (XVIII—ХІХ стст.)
  • Царква Сьвятога Георгія; могілкі старыя праваслаўныя (1910)
  • Царква Сьвятой Тройцы (1533—1550)
  • Фальварак «Замір’е» (XVII ст.)

Страчаная спадчына

  • Мячэт (XVIIІ ст.)
  • Палац Сьвятаполкаў-Мірскіх (ХІХ ст.)

Галерэя

Вядомыя асобы

Крыніцы

  1. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 234—235.
  2. ^ О происхождении названия поселка Мир (рас.). Исторический проект Мир-Несвиж.comПраверана 5 кастрычніка 2010 г.
  3. ^ Марына Кузьміч. Няхай яблыні ў Міры цвітуць! // «Народная газета» № 159 (4827), 26 жніўня 2008.
  4. ^ Разалiя Александровіч. Татарскi след у назвах зямлi беларускай // «Беларусь у ХХ стагоддзі». Вып. 3. — Мн.: 2004.
  5. ^ Решение Кореличского районного Совета депутатов от 22 декабря 2006 г. №125 «Об утверждении программ социально-экономического развития поселков городского типа Кореличи и Мир на 2006—2010 годы»
  6. ^ а б в Мір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 352.
  7. ^ Валянцін Калнін. Мірскі замак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 314.
  8. ^ Міхаіл Гурын. Мір // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 205.
  9. ^ «Была такая вёска…» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 86.
  10. ^ Мірскае паўстаньне // Віцьбіч, Ю. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. — Вільня: Gudas, 2007.
  11. ^ Решение Кореличского районного Совета депутатов от 24.12.2008 № 92 «О преобразовании деревни Оюцевичи и городского поселка Мир Кореличского района в агрогородки»
  12. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
  13. ^ Міхаіл Гурын. Мір // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 204.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Мір (мястэчка)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў