Франсіска Гоя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Франсыска Гоя»)
Франсіска Гоя
Франсіска Гоя (аўтапартрэт)
Імя пры нараджэньні Francisco José de Goya y Lucientes
Дата нараджэньня 30 красавіка 1746
Месца нараджэньня Фуэндэтодэс, Гішпанія
Дата сьмерці 15 красавіка 1828
Месца сьмерці Бардо, Францыя
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак жывапіс
Навуковая сфэра малярства і Рыціна
Жанры партрэтнае маляваньне[d][1], міталягічнае малярства[d][1], батальнае малярства[d][1], гістарычны жывапіс[2], рэлігійны жывапіс[d][2], партрэт[2], жанравае малярства[d][2] і натурморт[d][2]
Плынь партрэтызм
Пад уплывам Геранімус Босх[3]
Подпіс Выява аўтографу

Франсі́ска Хасэ́ дэ Го́я і Люсье́нтэс (па-гішпанску: Francisco José de Goya y Lucientes; 30 красавіка 1746, Фуэндэтодэс каля Сарагосы — 15 красавіка 1828, Бардо) — каралеўскі мастак пры двары гішпанскіх каралёў Карляса ІІІ Бурбона, Карла IV Бурбона і Фэрдынанда VII Бурбона.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся Франсіска Гоя ў невялікім паселішчы Фуэнтэтодэс у правінцыі Арагон. Быў сынам Хасэ Гоя і доньні Грацыі Вінцэнты Лусьентэс. Яго бацька ў гэты час кінуў працу майстра-пазалотніка (якой займаўся да гэтага ў Сарагосе) і заняўся сельскай гаспадаркай. Маці паходзіла з абяднелага вядомага гішпанскага роду, якая мела невялікія кавалкі зямлі ў Фуэнтэтодэсе. З 1760 году сям’я перасялілася ў Сарагосу, а Хасэ Гоя зноў заняўся залачэньнем. Акрамя Франсіска ў сям’і было яшчэ пяцёра дзяцей.

Мясцовы ксёндз зьвярнуў увагу на здольнасьці хлопца і ўладкаваў яго ў касьцёльную мастацкую і дэкаратарскую школу дона Хасэ Люсана і Марсінэза. Тут Франсіска, капіюючы творы старажытных мастакоў, навучыўся мастацкаму рамяству.

У 1763 годзе Гоя праз скандал, зьвязаны зь яго ўдзелам у бойцы, быў вымушаны пераехаць у Мадрыд. Ва ўзросьце сямнаццаці гадоў спрабаваў паступіць у Акадэмію Сан Фэрнанда ў Мадрыдзе, якой у гэты час кіраваў чэх Антон Рафаэль Мэнгз, які быў прыхільнікам клясыцызму. Мэнгз варожа ставіўся да вялікага вэнэцыянскага мастака Джаваньні Батыста Цьепола, які афармляў фрэскамі тронны пакой у каралеўскім палацы ў Мадрыдзе ў стылю і колерах позьняга барока. Але праца Ц’епола захапіла Гою, што перашкодзіла яму трапіць у Акадэмію. Мэнгз прызнаваў толькі мастакоў, якія капіравалі яго мастацтва, ці творы антычных аўтараў. Аднолькава скончылася для Гоі другая спроба трапіць у Акадэмію праз тры гады. Пасьля гэтай няўдачы Франсіска Гоя паступіў у школу Франсіска Баю — прыдворнага мастака, дзе капіраваў антычныя творы. Праз гэты шлях Гоя атрымаў значны вопыт мастацтва, але пакуль ня змог рэалізаваць уласнага таленту.

У 1770 годзе Гоя пераехаў у Італію. Там ён наведаў Мілян, Балёньню і Нэапаль, а потым надоўга затрымаўся ў Рыме. У Рыме вучыўся ў мастака Тадэа Палако. У красавіку 1771 году ён узяў удзел у конкурсе, абвешчаным Акадэміяй Вытанчаным Мастацтваў, у Парме. Яго праца, названая «Ганібал, які аглядае зямлю Італіі з вяршыні Альпаў», атрымала другую ўзнагароду, якая была прызначана за калярыстыку. Вярнуўся ў Гішпанію, як прызнаны ў Італіі мастак. Хутка Гоя атрымаў прапанову маляваньня фрэскаў у касьцёле Nuestra Señora del Pilar у Сарагосе. Яго эскіз быў прыняты, а ў 1772 годзе скончаная праца атрымала прызнаньне майстраў. У наступным годзе Франсіска Гоя ажаніўся з Хасэфай Баю, сястрой вядомага мастака і даўняга сябра Гоі. У сям’і нарадзіліся пяцёра дзяцей, але выжыў толькі адзін хлопчык — Хаўер.

Франсіска Баю прывёў Гою ў каралеўскую мануфактуру арасаў Санта Барбара. Мануфактурай кіраваў Мэнгз, які даў заданьне новаму мастаку выканаць сэрыю твораў для габэленаў. Гоя выканаў трыццаць праектаў на працягу чатырох гадоў і атрымаў значную грашовую ўзнагароду, а таксама вядомасьць у Гішпаніі. Наступным заказам стала сэрыя карцінаў паводле партрэтаў Дыеґа Вэласкеса. У 1780 годзе Гоя быў аднагалосна прыняты ў Акадэмію Сан Бэрнарда. Як новасьпечаны акадэмік Франсіска Гоя ўзяў удзел у мастацкім канфлікце са сваім сябрам Франсіска Баю. Канфлікт стаў вельмі балесным з-за таго, што жонка Гоі стала на бок брата. У наступным годзе памерлі бацька і сястра Рыта.

Сям’я Карла IV

У 1783 годзе Гоя выехаў у Арэнас дэ Сан Пэдра, дзе па загаду дона Люіса (брата караля Карла ІІІ) напісаў партрэт ягонай сям’і. Хутка сам кароль пажадаў мець свой партрэт пэндзлю мастака. Прызнаньне таленту Гоі каралеўскай сям’ёй стала пачаткам неверагоднай папулярнасьці мастака. Усе жадалі мець партрэт, намаляваны каралеўскім мастаком. Хутка, у 1786 годзе Франсіска Гоя афіцыйна стаў каралеўскім мастаком, а ў 1789 годзе, ужо па загаду караля Карла IV, прыдворным мастаком. Па загаду караля Гоя маляваў габэлены. Яму не падабалася гэта праца, як нявартая каралеўскага мастака, але ня мог супрацьстаяць свайму заступніку, рызыкуючы кар’ерай. У гэты час быў створаны вядомы габэлен «Лялька». Гоя стаў багатым і вядомым мастаком. Навучыўшыся францускай мове, ён пачаў падпісваць свае творы як «Francisco de Goya». Аднак для самога мастака гэты пэрыяд жыцьця быў нешчасьлівы, таму што ён лічыў, што марнуе свой талент на глупствы. Створаныя ў гэты пэрыяд па загаду караля габэлены былі напісаныя ў стылі сэнтымэнтальнага ракако. Карціны Гоі, напрыклад партрэт Сэбастыяна Мартынэза, вельмі адрозьніваліся па стылі выкананьня ад габэленаў.

Ашаламляльны посьпех скончыўся з хваробай у 1792 годзе. Мастак амаль цэлы год змагаўся са сьмерцю, паралічом і сьлепатой. Выздаравеў Гоя толькі часткова, да канца жыцьця ён застаўся глухім, але гэта спрыяла яшчэ большай вастрыні зроку. Праз год Гоя вярнуўся да маляваньня. У 1795 годзе, пасьля сьмерці свайго сябра Франсіска Баю, Гоя стаў дырэктарам Акадэміі Сан Фэрнанда.

У наступным годзе Франсіска Гоя напісаў партрэт Марыі дэль Піяр Тэрэсы Каетаны дэ Сыльва і Альварэз дэ Таледа (13 княгіні Альба), у якую закахаўся. Княгіня лічылася самай прыгожай жанчынай Гішпаніі. Пасьля сьмерці князя Альбы мастак правёў шмат часу ў Санкулар у Андалюзіі разам з княгіняй. У гэты час былі створаны карціны, якія Гоя называў лёгкімі эскізамі.

У 1797 годзе Гоя вярнуўся ў Мадрыд і стварыў сэрыю з 80 карцінаў «Капрызы», скончаную ў 1799 годзе. У гэты час распачаўся новы этап у ягонай творчасьці.

У 1800—1801 гадах Гоя намаляваў партрэт каралеўскай сям’і (сям’я Карла IV), які лічыцца шэдэўрам партрэтыстыкі ўсіх часоў. Адначасова ён маляваў партрэты шматлікіх арыстакратаў, іх жонак і дзяцей. У гэты пэрыяд узьніклі і два вядомых твора Гоі «Маха распранутая» і «Маха апранутая» намаляваныя ў 1805 годзе на загад каралеўскага міністра.

У 1808 годзе пачалася акупацыя Гішпаніі напалеонаўскімі войскамі, якія зьверглі гішпанскую манархію. У гэтым годзе ўзьнікла карціна «Калос» (ці Паніка), але аўтарства Гоі аспрэчваецца. Іншай вядомай карцінай зьяўляецца «Расстрэл мадрыдзкіх паўстанцаў», які быў намаляваны толькі ў 1814 годзе пасьля заканчэньня францускай акупацыі і прыходу да ўлады Фэрдынанда VІІ.

Пасьля адыходу французаў Гою пачалі падазраваць у супрацоўніцтве з акупантамі, і ён вымушаны быў пакінуць Мадрыд у 1819 годзе, пераехаўшы ў свой дом Quinta del Sordo. Там пасяліўся з апошняй жанчынай свайго жыцьця, маладой Леакадыяй Салінай, і іх дачкой Марыяй дэль Расарыяй. У канцы 1819 году, Франсіска Гоя перажыў чарговы прыступ хваробы, пасьля якой у яго аднялася рука. У гэты час былі створаны самая таямнічая і пэсымістычная нізка фрэсак, якая была названая «Чорныя карціны» (1820—1824), якія потым былі перанесены ў Музэй Прада.

У 1824 годзе 78-гадовы Гоя пакінуў Quinta del Sordo і Гішпанію і пераехаў у Бардо разам з 36-гадовай Леакадыяй і 10-гадовай Марыяй дэль Расарыяй. Тут былі створаны некалькі найвядомейшых твораў. Франсіска Гоя памёр 15 красавіка 1828 году.

Час паказаў, што Франсіска Гоя быў самым значным гішпанскім мастаком часоў так званага гішпанскага «залатога стагодзьдзя».

У гонар Гоі названы кратэр на Мэркурыі.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Парасон, 1777
Аголеная Маха
Апранутая Маха
Адзін з нацюрмортаў Гоі
  • «Парасон», 1777;
  • «Прадавец посуду» й «Мадрыдскі рынак», 1778;
  • «Гульня ў пэлоту», 1779;
  • «Малады бык», 1780;
  • «Ранены муляр», 1786;
  • «Гульня ў жмуркі», 1791.

Пачынаючы з 1780-х гадоў Гоя набывае вядомасьць і ў якасьці партрэтыста:

  • Партрэт графа Фларыдабланка,1782-83 (банк Уркыха, Мадрыд)
  • «Сям’я герцага Осуна», 1787, (Прада);
  • Партрэт маркізы А. Пантэхас, каля 1787 (Нацыянальная галерэя мастацтваў, Вашынгтон);
  • Сэньёра Бэрмудас (Музэй выяўленчых мастацтваў, Будапэшт);
  • Ф. Баеў (Прада), Доктар Пэраль (Нацыянальная галерэя, Лёндан) абодва ў 1796 г. ;
  • Ф. Гыймардэ, 1798 (Люўр, Парыж),
  • «Ля Тырана», 1799 (АХ, Мадрыд);
  • «Сям’я караля Карла IV» 1800 (Прада);
  • Ф. Саваса Гарсп, каля 1805 (Нацыянальная галерэя мастацтваў, Вашынгтон);
  • И. Ковас дэ Парсэль, каля 1806 (Нацыянальная галерэя, Лёндан);
  • партрэт Т. Пэрэса, (1820 (Мэтраполітан-музэй);
  • П. дэ Маліна, 1828 (собрание О. Рэйнгарта, Ўінтэртур).

Характар яго мастацтва рэзка зьмяняецца з пачаткам 1790-х гадоў перад падзеямі Вялікай францускай рэвалюцыі. Жыцьцесьцьвярджэньне ў творчасьці Гоя зьмяняецца глыбокай незадаволенасьцю, сьвяточная галоснасьць і вытанчанасьць сьветлых адценьняў — рэзкімі сутыкненьнямі цёмнага і сьветлага, захапленьне Т’епола — засваеньнем традыцый Вэласкеса, Эль Грэка, а пазьней Рэмбрандта. У яго жывапісу ўсё яшчэ пануюць трагізм і змрок, які паглынае фігуры, графіка становіцца рэзкай: імклівасьць першага малюнка, царапаючы штрых іглы ў афорце, сьветлаценевыя эфэкты акватынты. Блізкасьць з гішпанскімі асьветнікамі абвастрае енпрыязнасьць Гоя да фэўдальна-клерыкальнай Гішпаніі. Сярод вядомых твораў таго часу — Сон розуму, які спраджае пачвараў.

Сэрыі афортаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Капрычас», 1797—1798 — твор на 80 аркушах з камэнтарамі, які раскрывае пачварнасьць маральных, палітычных і духоўных асноваў гішпанскага «старога парадку»;
  • «Таврамахія», 1815 — выдадзены ў 1816 у Мадрыдзе;
  • «Бедзтва войны», 1810—1820 — 82 аркушы, выдадезны ў 1863 у Мадрыдзе), выкананыя збольшага ў пэрыяд народна-вызваленчых войнаў супраць напалеонаўскага нашэсьця і першай гішпанскай рэвалюцыі (1808—1814);
  • «Дыспаратэс» («Дзівацтвы»), 1820—1823 — 22 аркушы, выдадзеныя ў 1863 у Мадрыдзе пад назвай «Los Proverbios» («Прытчы», «Прыказкі»)[4].

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Левіна І. М., Гоя, Л. — М., 1958;
  • Пракоф’еў В. Н., «Капрызы» Гойі, М., 1970;
  • Cardera, Valentin. Biografia de D.Francisco Goya, pintor. El Artista, 2 1835
  • El Libro de Los. CAPRICHOS. Francisco de Goya. Мадрид. 1999. ISBN 84-87317-82-0
  • Mayer A., Francisco de Goya, Munch., 1923;
  • Klingender F. D., Goya in the democratic tradition, L., 1948, 2 ed., N. Y., 1968;
  • Sanchez Canton F. J., Vida у obras de Goya, Madrid, 1951;
  • Holland V., Goya. A pictorial biography, L., 1961;
  • Harris Т., Goya. Engravings and litographs, v. 1-2, Oxf., 1964:
  • Wyndham Lewis D. B., The world of Goya. L., 1968:
  • Gudiol J., Goya, L. — N. Y., 1969;
  • Goya. Konigliche Gemaldegalerie «Mauritshuis». Katalog, Haag, 1970 (бібл.).
  • Фэйхтванґер Л., Гоя.