Віскі
Ві́скі (па-ангельску: whisky, whiskey, ад шатляндзкага: uisque baugh ды ірляндзкага: uisce beatha — вада жыцьця) — нацыянальны алькагольны напой Шатляндыі ды Ірляндыі, які атрымліваецца шляхам перагонкі ячменнага соладу альбо зерня з наступнай вытрымкай сьпірту ў дубовых бочках. Падчас вытрымкі мае моцнасьць 60—80%, прадаецца разбаўленым да 40—50%.
[рэдагаваць] Гісторыя
Як і ўсе моцныя эўрапейскія напоі, віскі ўзыходзіць да часоў Крыжовых паходаў (12 стагодзьдзе). У манастырах Брытанскіх астравоў «ваду жыцьця» (акавіту) пачалі вырабляць пад уплывам італьянскіх тэхнічных дасягненьняў. Дагэтуль шатляндцы ды ірляндцы спрачаюцца, у якой з краінаў віскі зьявіўся ўпершыню (ангельская назва шатляндзкага віскі — whisky, ірляндзкага — whiskey). Спачатку напой выкарыстоўваўся як лекавы сродак, але зь цягам часу ўжываньне віскі пашыралася, ды ў XVI—XVII стагодзьдзях набыло велізарныя памеры. У 1579 годзе шатляндзкі парлямэнт дазволіў гнаць віскі толькі дваранству, а ў 1642 годзе брытанскі кароль увёў манаполію на вытворчасьць алькаголю. Віскі афіцыйна выраблялі толькі 8 буйных перагонных заводаў, але ў вёсках узьнікалі падпольныя вінакурні. Якасьць віскі падпольнае вытворчасьці паступова ўзрастала, як і попыт на яго, і ў 1823 годзе дробныя вінакурні былі ўзаконеныя. У Амэрыцы вытворчасьць віскі пачалася фактычна з узьнікненьнем брытанскіх калёніяў (амэрыканскі віскі часьцей называюць словам бурбон), зь цягам часу ствараюцца буйныя перагонныя заводы. Сёньня большасьць вінакурняў Шатляндыі належаць амэрыканскім алькагольным канцэрнам, якія ў сваёй краіне вырабляюць бурбоны невысокае якасьці.
[рэдагаваць] Клясыфікацыя шатляндзкіх віскі
- сынгл-молт — выраблены толькі зь ячменнага соладу на адной вінакурні (лічацца найлепшымі);
- п'юэ-молт — сумесь сынгл-молтаў з розных вінакурняў;
- сынгл-грэйн — выраблены на адной вінакурні з ужыцьцем зерня (ячмень, жыта, кукуруза);
- блэнд — сумесь сынгл-молтаў ды сынгл-грэйнаў;
- блэнд-дэлюкс — блэнд, які ўтрымлівае больш за 60% соладавага віскі.
У Шатляндыі вылучаюцца чатыры рэгіёны з істотна адрознымі тыпамі віскі: Гайлэнд, Лоўлэнд, Спэйсайд ды Айлэй.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Віскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- сайт пра віскі(рас.)
- старонка на сайце «Сьвет віна»(рас.)
- Каталёг гатункаў віскі(рас.)