Барталамей (апостал)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Апостал Барталамей
Matteo di Giovanni 003.jpg
«Сьвяты Барталамей з садранай скурай»
Матэа дэ Джавані, 1480
Сьвяты
Нарадзіўся I ст.
Юдэя, Палестына
Памёр I ст.
Вялікая Армэнія. Зьдзёртая скура й раскрыжаваны
Шануецца большасьцю хрысьціянскіх цэркваў
У ліку апосталаў
Галоўная сьвятыня Мошчы ў царкве Сант-Барталамея ў Рыме, Кентэрбэрыйскі сабор, Франкфурцкі сабор, Сабор Сант-Барталамеа ў Ліпары
Дзень памяці 24 жніўня (каталіцызм)
11 чэрвеня (праваслаўе)
Патрон Армэнія; пераплётчыкі; мясьнікі; Флярэнтыйскія гандляры сырам і саленьнем; Гамбатэза, Італія; гарбары; нэўралягічныя хваробы; тынкоўшчыкі; паляўнічыя
Атрыбуты нож, ягоная зьдзёртая скура
Падзьвіжніцтва апостальская пропаведзь, пакутніцкая сьмерць

Барталамей (Варфаламей) (Натанаіл) (на іўрыце: תולמי-בר, па-грэцку: Βαρθολομαίος, па-лацінску: Bartholomaeus) — адзін з дванаццаці апосталаў (вучняў) Ісуса Хрыста, згаданы ў Новым Запавеце.

Навазаветная гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згаданы ў сьпісах апосталаў у Эвангельлі паводле Мацьвея (Мц.10:3), паводле Марка (Мк.3:18), а таксама ў Дзеях Сьвятх Апосталаў (Дзеі.1:13). Імя «Барталамей» магчыма зьяўляецца арамэйскім патранамічным імем (імем па бацьку) «bar talamai» — «сын Талмая»[1], дзе Талмай — скажонае на арамэйскі лад грэцкае імя Пталамей.

Існуе практычна аднадушнае меркаваньне біблеістаў пра тое, што згаданы ў Эвангельлі паводле Яна (Ян.1:45—50) Натанаіл — гэта адна асоба з Барталамеем. Такім чынам, апостал Барталамей — адзін зь першых вучняў Хрыста, закліканы чацьвёртым усьлед за Андрэем, Пятром і Піліпам.

Эвангеліст паведамляе, што Барталамей быў родам з Каны Галілейскай (Ян.21:2). Як відаць, ён быў сваяком ці блізкім сябрам апостала Піліпа, паколькі менавіта Піліп прывёў Барталамея да Ісуса, і ў сьпісах апосталаў яны згадваюцца побач. У сцэне пакліканьня Натанаіла-Барталамея ён прамаўляе знакамітую фразу «З Назарэта ці ж можа быць што добрае?». Ісус, пабачыўшы яго, кажа пра яго «Вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці». Больш пэўных зьвестак Сьвятое Пісаньне пра Барталамея не дае, большая частка ягонага жыцьцяпісу вядомая па апакрыфічных крыніцах.

Паданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня Барталамей разам зь Піліпам прапаведаваў у гарадах Малой Азіі, асабліва ў сувязі зь імем апостала Барталамея згадваюць горад Ерапаліс. Традыцыя паведамляе таксама пра яго паездку ў Індыю й пропаведзі ў Армэніі, дзе на Арташацкім узгорку ён сустрэўся з апосталам Юдам Тадэем (армянская царква шануе іх, як сваіх заснавальнікаў). Еўсевій Кесарыйскі паведамляе, што ў Індыі Барталамей пакінуў заснаванай ім абшчыне Эвангельле паводле Мацьвея на габрэйскай мове, якое было знойдзена філёзафам Пантэнам, выкладчыкам Александрыйскай школы.[2]

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня, па падгавору паганскіх жрацоў брат армянскага цара Астыяг «схапіў сьвятога апостала й у горадзе Альбане»[3] Барталамея раскрыжавалі ўніз галавой, але ён працягваў сваю пропаведзь, тады яго зьнялі з крыжа, зьнялі скуру, а затым абезгаловілі[4]. Вернікі ўзялі «яго цела, галаву й скуру, паклалі іх у алавяную ра́ку й пахавалі ў тым жа горадзе, Альбане, што ў Вялікай Армэніі».

Існуюць разнастайныя вэрсіі па ідэнтыфікацыі гораду Альбаны (Альбанапаль, Урбанапаль):

  • праваслаўная традыцыя атаясамлівае яго з Баку[3], у якім пры раскопках у Дзявоцкай вежы былі выяўленыя рэшткі старажытнага храма, які атаясамліваецца з базылікай, збудаванай над месцам згубы апостала;
  • Мішэль ван Эсбрук мяркуе, што пад Альбанай разумееца пантыйскі горад Нікопаль;
  • паводле іншай вэрсіі, апостал Барталамей пахаваны на тэрыторыі іранскай правінцыі Заходні Азэрбайджан, дзе ў XIV стагодзьдзі на месцы меркаванага пахаваньня быў пабудаваны армянскі манастыр Сурб Барталамеас;

Каля 410 году мошчы Барталамея былі перанесеныя з Ахбака ў Мартыропаль, а каля 507 году ў горад Дара (Мэсапатамія). Пры нашэсьці пэрсаў у 574 годзе, па паведамленьні Грыгорыя Турскага, ра́ку з мошчамі кінулі ў мора й ён цудным чынам прыплыў да выспы Ліпары. Каля 838 году мошчы перанесьлі ў Бэнэвэнта, дзе яны захоўваюцца ў наш час. З X стагодзьдзя частка мошчаў апостала захоўваецца на высьпе Тыбэрына (Рым) у царкве Сан-Барталамеа, прысьвечанай апосталу. Часьціцы мошчаў апостала Барталамея таксама захоўваюцца ў шэрагу афонскіх манастыроў, катэдральным саборы Сьвятых Жонак-міраносіц у Баку (перададзеная ў 2003 году Канстантынопальскім патрыярхам[5]) і іншых месцах.

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ М. А. Маханько Варфоломей // Православная энциклопедия. Том VI. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2003. — С. 706—711. — 752 с. — 39000 экз. — ISBN 5-89572-010-2
  2. ^ Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. V, 10
  3. ^ а б Димитрий Ростовский. Житие и страдания святого апостола Варфоломея
  4. ^ Апостол Варфоломей
  5. ^ Константинопольский Патриарх передал православным Азербайджана часть мощей св. апостола Варфоломея (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Барталамей (апостал)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў