Галісійцы
Галісійцы (саманазва galego "галье́га") – народ у Гішпаніі, асноўнае насельніцтва гістарычнай вобласці Галісія.
Зьмест |
Тэрыторыя пражываньня і колькасьць [рэдагаваць]
Агульная колькасьць галісійцаў – больш за 4 мільёны чалавек, зь іх больш за 3 мільёны — у Гішпаніі, больш за 500 тыс. — у Аргентыне, рэшта – у іншых краінах Лацінскай Амэрыкі, ЗША і Партугаліі. Галісійцы складаюць 8,2 % насельніцтва Гішпаніі.[1]
Мова [рэдагаваць]
- Галоўны артыкул: Галісійская мова.
Галісійцы размаўляюць па-галісійску (больш за 90% насельніцтва Галісіі). Галісійская мова (гальега) належыць да заходне-раманскай падгрупы раманскай групы індаэўрапейскай моўнай сям'і і блізкая да партугальскай. Пісьмовасьць на аснове лацінкі. Біблію на галісійскую мову цалкам пераклалі толькі ў 1989-1992 гг.[2]
Гісторыя [рэдагаваць]
Этнагенэз галісійцаў зьвязаны з плямёнамі галаікаў, што ўзьніклі ў выніку зьмяшаньня міграцыяў кельтаў і карэнных эстрымніяў. Па паходжаньні галісійцы блізкія партугальцам. Да сярэдзіны 14 ст. у партугальцаў і галісійцаў была адна мова (галісійска-партугальская), пазьней яны разьдзяліліся. У Сярэднявеччы, у зьвязку з далучэньнем да Кастыліі (Гішпаніі), былі аб'ектам кастылізацыі (гішпанізацыі), а галісійская мова на ўзровень простанароднай (15 ст.). З пачатку 19 ст. узьнік рух за адраджэньне галісійскае нацыі, мовы і культуры галісійцаў. У канцы 19 – пачатку 20 стагодзьдзяў вялікая колькасьць галісійцаў эмігравала ў Лацінскую Амэрыку, у тым ліку ў Аргентыну і Уругвай. У 1981 годзе галісійцы атрымалі аўтаномію. З 1990-х гг. адбываецца ўздым цікавасьці да нацыянальнай культуры сярод галісійцаў.
За ўсю сваю гісторыю Галісія мела дзяржаўнасьць толькі аднойчы, у 1111 годзе, калі быў каранаваны галісійскі кароль. Але ўжо праз колькі гадоў Галісійскае Каралеўства было заваяванае маўрамі, а яго паўднёвая частка адыйшла да Партугаліі.
Духоўная культура [рэдагаваць]
У духоўнай культуры (песенны фальклёр) адчуваюцца кельцкія ўплывы. Традыцыйны музычны інструмент — гайта (дуда). Арыгінальнасьцю вызначаецца галісійскі танцавальны фальклёр — сярод танцаў мужчынскія танцы-змаганьні і зьмешаны танец муньейра.
У катэдральным саборы сталіцы Галісіі, месьце Сант'яга-дэ-Кампастэла пахаваныя мошчы аднаго з 12 апосталаў Хрыста — сьвятога Якава (па-гішпанску: Яга, па-галісійску: Хаймэ). Паводле легенды сьвяты Якаў, хрысьціцель і патрон усяе Гішпаніі, прайшоў пешкі ўсю дарогу на Пірэнейскую паўвыспу. Таму больш за 1000 гадоў існуе каталіцкі шлях-прошча — шлях сьвятога Якава, які вядзе ў сталіцу Галісіі. Гэты шлях ня раз быў тэмай сюжэтаў літаратуры і кінамастацтва.
Матэрыяльная культура [рэдагаваць]
Этнаграфічна галісійцы блізкія рэшце насельніцтва поўначы Пірэнейскай (Ібэрыйскай) паўвыспы.
Галісійцам уласьцівыя дробныя паселішчы, разьмешчаныя недалёка адно ад аднаго і бяз строгай пляніроўкі, а таксама хутары. Адмысловае галісійскае жытло — пальёса.
У нацыянальных строях пераважаюць цёмныя колеры і тоўстыя ваўняныя тканіны, сукно, флянэлі. Жаночы нацыянальны касцюм — доўгая спадніца і кофта з карсажам, ў якасьці дэталяў — спадніца-накідка (мантэо) і хустка-дэнгэ, якой закрывалі сьпіну, а завязвалі накрыж на грудзях. Жаночае адзеньне звычайна аздобленае стужкамі і ўпрыгожаньнямі з бурштыну. Галаўны ўбор — таксама хустка. Мужчынскі нацыянальны строй галісійцаў складаецца з вузкіх (святочныя) альбо шырокіх (будзённых, дзеля працы на палетку) штаноў да каленяў, кашулі, камізэлькі і кароткай курткі. Мужчынскі і жаночы абутак — скураныя чаравікі.
Галісійская кухня адзначаецца простасьцю і сціпласьцю. Нацыянальныя стравы — пульпада, потэ гальега, каўбаскі зь свініны (чарысас), суп з гародніны (кальда гальега), сала з дадаткамі розных спэцыяў і жытнёвы хлеб. Сярод напояў папулярныя, як і паўсюль ў Гішпаніі, віно і лікёры.
У галісійскай кухні да нядаўняга часу існавала негалосная забарона на ўжываньне грыбоў, пагатоў дзіўная, бо Галісія — лясістая краіна. Непрыйманьне грыбоў у галісійскай культуры было такім моцным, што нават існавала прыслоў'е: «Найпрасьцейшы спосаб памерці — зьесці грыб». Гэтае табу знікла толькі пад уплывам глябалізацыі.
У сусьветнай цывілізацыі [рэдагаваць]
Галісійскія крыніцы ахвотна называюць вялізнае мноства палітычных, вайсковых, культурніцкіх дзеячоў з галісійскімі каранямі, але вядомых у свеце як гішпанцы, аргентынцы і г.д., бо галісійцы — недзяржаўны этнас. Звычайна такіх дзеячоў разрозьніваюць на тры групы: 1) галісійцаў; 2) галісійцаў паводле паходжаньня, але вядомых у іншых культурных кантэкстох; 3) асобаў, чыё галісійскае паходжанне спрэчнае.
Сярод вядомых галісійцаў:
- Мэндыньё, сярэднявечны галісійскі паэт-трубадур, які жыў у 13—14 стагодзьдзях. Захавалася яго паэма.
- Радрыка дэ Кірога Лопэс дэ Улоа (1512—1580), заваёўнік Амерыкі, двойчы быў каралеўскім генэрал-губэрнатарам Чылі.
- П. Мантоха-і-Пасарон, адмірал, камандуючы гішпанскім флётам у час бітвы ў Манільскай бухце ў час гішпанска-амэрыканскай вайны (1898).
- Аншо Кінтана, палітык, дзейны кіраўнік Галісійскага нацыяналістычнага блёку (Bloque Nacionalista Galego), вядучай патрыятычнай партыі галісійцаў.
- Ш. Л. Фэрын (Ferrín), галісійскі пісьменьнік, прапанаваны ў 1999 годзе Асацыяцыяй галісійскіх пісьменьнікаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі зь літаратуры.
- Спартоўцы — Мічэль Сальгада, гулец зборнай Гішпаніі па футболе і Оскар Пэрэйра, пераможца Тур-дэ-Франс 2006 году.
Сярод галісійцаў паводле паходжаньня:
- У палітыцы — кубінскія кіраўнікі Фідэль Кастра і Рауль Кастра (абодва з бацькоў з Галісіі) і дзеючы прэзыдэнт Уругвая Т. Васкес.
- У літаратуры — гішпанскі драматург Р. М. дэль Валье Інклан (лічыцца класікам гішпанскай літаратуры), гішпанскі пісьменьнік Каміло Хосэ Сэла (Нобэлеўскі ляўрэат у вобласьці літаратуры 1989 году); гішпанская пісьменьніца, кіраўнічка фэміністычнага руху Эмілія Парда Басан.
- У шоў-бізнэсе і спорце — сьпевакі Хуліо Іглесіяс і Энрыке Іглесіяс; поп-сьпявачкі мэксыканка Паўліна Рубіо і ўругвайка Наталія Арэйра (вядомая ўдзелам у аргентынскіх сэрыялох); аргентынскі футбаліст Дыега Марадона.
Сярод вядомых асобаў, чыё галісійскае паходжанне спрэчнае або недаведзенае:
- амэрыканскі астранаўт Ф. Кальдэйра (нашчадак галісійскіх эмігрантаў); аўстрыйскі аўтагоншчык, тройчы пераможца Чэмпіянату Формулы-1 Нікі Лаўда. Таксама лічыцца, что галісійскае паходжання мелі Сымон Балівар (паводле іншых зьвестак, у яго баскскія карані), Хуан Пэрон і нават Мігель Сэрвантэс.
Крыніцы [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Народы мира. Историко-этнографический справочник, М.: "Советская энциклопедия", 1988, стар. 130-131 (артыкул "Галісійцы") (рас.)
- Нарыс гісторыі Галісіі (анг.)
- Даведнік Этналог, 15-ы выпуск (анг.)
- Хрысціянская этналягічная старонка ў Сеціве з падзелам народаў па дзяржавах - народы Гішпаніі (анг.)
- Anaya Santos G. La depresión cultural gallega, Vigo, 1970 (гішп.)
- Lisón Tolosana C. Perfiles simbólico-morales de la cultura gallega, Madrid, 1974 (гішп.)
- Los gallegos, Madrid, 1976 (гішп.)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
| Вікіпэдыя мае вэрсію на галісійскай мове |
Насельніцтва Галісіі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Галісійска-гішпанскі перакладнік (па-гішпанску і па-галісійску)
- Галісійскія народныя казкі (па-ўкраінску)
- Галісійскія народныя казкі (па-галісійску)
- Старонка у Сеціве пра галісійцаў (па-ангельску)
- Галісійскі інфармацыйны партал (па-галісійску)
- Он-ляйнавы турыстычны апэратар па Галісіі (па-гішпанску)