Друкарня Мамонічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Друкарня Мамонічаў была заснаваная ў Вільні Пётрам Мсьціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі аддрукаваны ад 80 да 100 кнігаў, зь іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнамэнтальным аздабленьнем.

Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.

Зьмест

Пачатак працы [рэдагаваць]

У траўні 1574 году ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётры Мсьціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсьціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасьць Мсьціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[1].

Першая кніга — літургічнае «Эвангельле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 году. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для свае друкарні сам Мсьціславец. Мова кнігі, як выданьня прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская[2]. 16 студзеня 1576 году выйшаў «Псалтыр», пасьля — «Часовник».

Як вынікае з пасьляслоўяў да выдадзеных кнігаў, Пётра Мсьціславец за галоўных ініцыятараў і мэцэнатаў стварэньня друкарні ўважаў братоў Івана й Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.

Пасьля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторы, паміж Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяваньне было прысуджанае Мсьціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьме Мамонічу пасьля сплаты ім Мсьціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і ня была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала[1].

Далейшых зьвестак пра жыцьцё i дзейнасьць Мсьціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы ягоныя шрыфты зьявіліся на Валыні, у Астроскай друкарні[3].

Па Мсьціслаўцы [рэдагаваць]

Пасьля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сьведчыць пра спагнаньне судом належнага Мсьціслаўцу друкарскага абсталяваньня.

У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў з Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсыўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсыўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.

У 1583 годзе дзейнасьць друкарні была узноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, ягонага брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, зь імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда(ru), які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[1].

Да падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школаў, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданьні, кнігі для чытаньня, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданьні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпаці Пацея[4].

З XVII стагодзьдзя друкарня забясьпечвала патрэбы выключна ўніятаў[1]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных зьвестках выданьняў зьявілася ў 1609 годзе. Адсутнасьць кнігаў для праваслаўных сьведчыць пра адхіленьне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад справаў і пераходу кіраваньнем у рукі Лявона[1]. Па сьмерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 году Лявон успадкаваў друкарню[4].

За часы існаваньня друкарні Мамонічаў зь яе выйшлі каля 100 рэлігійных і сьвецкіх выданьняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасьць віленскай Траецкай друкарні[4].

Статут ВКЛ [рэдагаваць]

Трэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 15921593, 15941595 гадох.

Для выданьня Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана Федаровіча[5]. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсыўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэньні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскае вялікакняскае канцылярыі[6].

У 1614 і 1619 гадох з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.

Выданьні [рэдагаваць]

«Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586)

Пётры Мсьціслаўца [рэдагаваць]

  • «Эвангельле напрастольнае» (1575)
  • «Псалтыр» (1576)
  • «Часоўнік» (1576)

Мамонічаў [рэдагаваць]

Глядзіце таксама [рэдагаваць]

Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.
  2. ^ Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля // Запісы. — № 13. — Нью-Ёрк: 1975. — С. 3.
  3. ^ Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля // Запісы. — № 13. — Нью-Ёрк: 1975. — С. 15.
  4. ^ а б в г Лев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков
  5. ^ Кузьма Мамонич(рас.). Календарь истории Великого княжества Литовского
  6. ^ Карский Е.Ф. Белорусы. Язык белорусского народа. — Вып. I. — Минск: АН БССР, 1955. — С. 86.

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Літаратура [рэдагаваць]

  • Н. Березкина. Из истории книгопечатания в Беларуси // Вестник ББА. — № 2. — 1996.
  • Голенченко Г. Я. Статья // Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. — Мн.: 1990. — С. 412.
  • Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII век) // Исслед. и материалы. — М.: 1959.
  • 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.