Магабгарата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Бітва пры Курукшэтры. Выява з манускрыпта.

Магабгарата (санскрыт: महाभारत, MahābhārataIAST, у перакладзе «Сказаньне пра вялікіх Бхаратаў») — старажытнаіндыйскі эпас, адзін з буйнейшых літаратурных твораў сьвету. Паэма складаецца з 18 кнігаў, некалькіх уводных эпічных сказаньняў і многіх сказаньняў і легенд пераважна фальклёрнага характару, а таксама лірыка-дыдактычных дыялёгаў, дыдактычных разважаньняў багаслоўскага, палітычнага, прававога характару, касмаганічных мітаў, генеалёгій, гімнаў, плачаў, аб'яднаных па тыповаму для вялікіх форм індыйскай літаратуры прынцыпу абрамленьня; утрымлівае больш за 100 000 двухрадкоўяў, што ў чатыры разы даўжэй за Біблію й ў сем разоў — за «Іліяду» й «Адысэю». У індыйскай традыцыі лічыцца «пятай Ведай».

Эпас паступова склаўся на аснове вусных сказаньняў і легендаў плямёнаў і народнасьцей паўночна-заходняй і паўночнай Індыі пачынаючы з другой паловы 2-га тысячагодзьдзя да н. э. Сучасны выгляд набыў да V стагодзьдзя н.э. Лічыцца, што першапачатковае сказаньне «Магабгараты» створана на пракрытах і толькі потым выкладзена на санскрыце. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму мудрацу Віясу.

У цэнтры «Магабгараты» аповед пра бітву двух родаў (Пандаваў і Каўраваў) і іх зьвязьнікаў за панаваньне над Хастынапурай (цяпер — Дэлі). Дасьледчыкі лічаць, што ў аснову эпасу ляглі паданьні пра рэальныя падзеі, што адбываліся ў паўночнай Індыі ў позневедыйскі пэрыяд — вайну паміж зьвязамі плямёнаў куру й панчалаў, якая завяршылася перамогай апошніх. Радаводы старажытнаіндыйскіх ўладароў дазваляюць датаваць бітву XI стагодзьдзем да н.э.

«Магабгарата» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіцьцё ў нацыянальных літаратурах народаў Індыі, Інданэзіі, М'янмы, Камбоджы, Тайлянда, Лаоса, Шры-Ланкі, а таксама адлюстраваліся ў літаратурах Тыбэта й Манголіі. У кожнай з нацыянальных літаратур сюжэты «Магабгараты» маюць сваю інтэрпрэтацыю ў адпаведнасьці з эпохай і канкрэтным нацыянальным асяродзьдзем. У Эўропе «Магабгарата» вядома з канца XVIII стагодзьдзя.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Магабгаратасховішча мультымэдыйных матэрыялаў