Тымур

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук

Тымур, таксама вядомы як Тамэрлан, Тамерлан, Тыму́р, Амір Тэму́р, Тэмурле́нг, Тымур Кульгавы, Жалезны кульга (па-чагатайску: تیمور, літаральна: залеза, 1336 — 18 лютага 1405) — сярэднеазіяцкі дзяржаўны дзяяч і палітык, заснавальнік дынастыі Тымурыдаў, эмір 13701405.

Нарадзіўся ў вёсцы Ходжа-Ільгар/Кешы ля Шагрэсабзу (цяпер Кашкадар’інская вобласьць, Узбэкістан). Паходзіў з атурэчанага мангольскага племені барласаў. Сын бэка Тарагая. У 1362 годзе паступіў на службу да мангольскага хана Таглук-Тымура, які захапіў уладу ў Мавэраннагры, і быў прызначаны правіцелем Кашкадар’інскага вілаету. Пасьля прызначэньня правіцелем Мавэраннагру Ільяс-Хаджы, Тымур адасобіўся і стаў самастойным уладаром. Уклаў хаўрус з правіцелем Балха і Самарканду эмірам Хусэйнам і пачаў доўгую барацьбу супраць Ільяса-Хаджы і яго бацькі. У 1362 годзе пад час адной з сутычак Тымур быў паранены ў нагу і з таго часу кульгаў (адсюль мянушка).

У 1370 годзе Тымур сам захапіў уладу над Мавэраннаграм і прыняў тытул вялікага эміра. Потым скінуў з пасаду ды забіў эміра Хусэйна, ажаніўся зь ягонай удавой і прыняў тытул «гурган» (па-чагатайску азначае «зяць» дому Чынгісхана). Тымур, ня будучы нашчадкам Чынгісхану, усё жыцьцё правіў праз падстаўных ханаў-чынгізідаў (нашчадкаў Чынгісхана), якія былі марыянэткамі ў ягоных руках. Сталіцай дзяржавы Тымура стала места Самарканд. Тымур спрыяў разьвіцьцю навукі і культуры, асабліва шмат увагі надаючы будаўніцтву палацаў, мячэтаў, маўзалеяў. Валодаючы выбітнымі арганізатарскімі і вайсковымі здольнасьцямі, сфармаваў вялікае, дысцыплінаванае і добра ўзброенае войска.

У выніку шматлікіх вайсковых выпраў Тымур захапіў і далучыў да сваёй дзяржавы амаль усе абшары тагачаснага іранамоўнага сьвету за выняткам Паўночнай Індыі: у 1381 годзе заваяваў Харасан, 1384 — Гурган, 1385 — Паўночны Іран, 1386 — Азэрбайджан, 1387 — Ісфаган. Выправы Тымура мелі захопніцкі характар. У 13761377 гадах Тымур падтрымаў хана Гійясэдзіна Тахтамыша ў барацьбе за сынгацкі пасад, пасьля чаго апошні, аб’яднаўшы Белую і Сінюю Орды, стаў супернікам Тымура У выніку трох вялікіх выпраў супраць Тахтамыша (1389, 1391, 13941396) Тымур разграміў Залатую Арду, разрабаваў яе сталіцу Сарай аль-Джадзід (Сарай Бэрке), месты Хаджы-Тархан (Астрахань), Азак (Азоў) ды іншыя. Тахтамышава войска атрымала прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім. Пад час апошняй выправы войскі Тымура двойчы набліжаліся да Вялікага Княства Літоўскага: аднаго разу, перасьледуючы эміраў Тахтамыша, дайшлі да Дняпра; пазьней войска Тымура увайшлі на Крымскую паўатоку. У 13981399 гадах зьдзейсьніў выправу ў Індыю, дзе захапіў Дэлі ды іншыя месты. У 13991400 гадах войскі Тымура захапілі і зруйнавалі Халеб ды Дамаск у Сырыі. У 1400 годзе распачаў вайну супраць турэцкага султана Баязіда І Йылдырыма («Бліскавічнага»). У 1402 годзе пад час выправы ў Малую Азію пад Анкарой Тымур разграміў турэцкае войска, узяў у палон султана і ягоных двух сыноў.

Тымур праславіўся сваёй падступнасьцю, жорсткасьцю да заваяванага мясцовага насельніцтва. Выправа Тымура ў Кітай, якая пачалася пры канцы 1404 году, была перарваная яго сьмерцю ў лютым 1405 году. Памёр у месьце Отрар (руіны яго непадалёк ад упадзеньня Арыса ў Сырдар’ю ў цяперашнім Казахстане). Пахаваны ў маўзалеі Гур-Эмір у Самаркандзе.

Тамэрлан (Амір Тэмур) лічыцца адным з нацыянальных герояў Узбэкістану, нечым накшталт нашага князя Вітаўта (які быў часткова яго сучасьнікам).

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Тымурсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах