Фёдар Аляшкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляшкевіч.
Фёдар Аляшкевіч
Дата нараджэньня 5 траўня 1936
Месца нараджэньня Балотца, Наваградзкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 29 сьнежня 2008
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца вучобы Менскі мэдычны інстытут (1959)
Занятак нэўрахірург, лекар, прафэсар унівэрсытэту, вынаходнік
Навуковая сфэра хірургія
Месца працы Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт
Вядомы як распрацоўнік лячэньня артэрыяльнай спазмы мазгавых судзінаў навакаінамідам
Навуковая ступень доктар навук (1973)
Навуковы кіраўнік Эфраім Злотнік
Вучні Аляксандр Сяргеевіч Фядулаў[d]
Узнагароды Выдатнік аховы здароўя, Ганаровая грамата Міністэрства аховы здароўя Беларусі

Фёдар Васільевіч Аляшкевіч (1936, Балотца, цяпер Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 2008, Менск, Беларусь) — беларускі нэўрахірург.

Дасьледаваў судзінныя парушэньні і пухліны галаўнога мозга, чэрапна-мазгавыя траўмы, болевы сындром і эпілепсію. Доктар мэдычных навук (1973), прафэсар (1980), акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996). Галоўны нэўрахірург Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР (1980—1991) і Беларусі (1991—2000). Напісаў звыш 300 навуковых працаў[2], у тым ліку стварыў 8 манаграфіяў і 6 вынаходак. Выдатнік аховы здароўя[3]. Заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1997).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1959 годзе скончыў Менскі мэдычны інстытут і заняў пасаду загадніка хірургічнага аддзяленьня Субоцінскай участковай лякарні. У кастрычніку 1959 году стаў намесьнікам галоўнага лекара Іўеўскага раёну па лекавай частцы[3]. У 1961 годзе паступіў у асьпірантуру ў галіне нэўрахірургіі ў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыятэрапіі. У 1964 годзе стаў ардынатарам нэўрахірургічнага аддзяленьня Менскай абласной лякарні. У 1965 годзе абараніў у Віцебскім дзяржаўным мэдычным інстытуце кандыдацкую дысэртацыю «Клініка і дыягностыка супратэнтарыяльных артэрыя-вянозных анэўрызмаў судзінаў галаўнога мозга» і заняў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка БелНДІ нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыятэрапіі[4].

У 1973 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Хірургічнае лячэньне ўнутрычарапных мяшковых анэўрызмаў» (232 с.) і выдаў сумесную манаграфію «Ангіяграфічная дыягностыка судзінных паражэньняў і пухлінаў галаўнога мозга» разам з Эфраімам Злотнікам, Ігнатам Антонавым і З.М. Кастрыцкай. У 1974 годзе атрымаў годнасьць дацэнта Менскага мэдычнага інстытуту, дзе пачаў весьці курс неўрахірургіі. У 1980 годзе стаў прафэсарам Менскага мэдінстытуту, выдаў сумесную манаграфію «Траўматычныя субдуральныя гематомы» (127 с.) зь Нікандрам Ражанцом, а таксама заняў пасаду галоўнага нэўрахірурга Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР[3].

У 1982—1999 гадох адначасна быў навуковым кіраўніком Рэспубліканскага цэнтру хірургічнага лячэньня эпілепсіі, дзе штогод выконваў каля 40 апэрацыяў. У 1988 годзе выдаў манаграфію «Траўма нэрвовай сыстэмы». У 1989 годзе заняў пасаду загадніка катэдры Менскага мэдычнага інстытуту, якую працягваў узначальваць да 2007 году. У 1993 годзе выдаў даведнік «Нэўрахірургія: апэрацыі на галаўным мазгу» (292 с.) разам з А.Ф. Аляшкевічам. У 1994 годзе атрымаў годнасьць сябра-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі. У 2000—2004 гадох быў сябрам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 2-га скліканьня ад Карэліцкага і Наваградзкага раёнаў[3].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледаваньні Фёдара Аляшкевіча тычыліся дыгностыкі і лячэньня судзінных хваробаў галаўнога мозга. Ён прапанаваў новыя спосабы лячэньня эпілепсіі, дыягностыкі і лячэньня цяжкіх удараў галаўнога мозга і ўнутрычарапных гематомаў. Распрацаваў і ўкараніў новы спосаб лячэньня артэрыяльнай спазмы мазгавых судзінаў празь мясцовае ўзьдзеяньне навакаінаміда на судзіны мозга. Упершыню вывучыў значэньне перакіснага акісьленьня ліпідаў пры чэрапна-мазгавой траўме падчас працы ў лябараторыі псыханэўрахірургіі БДМУ, якую заснаваў у 1977 годзе. Пры гэтым пасьпяхова выпрабавалі эмаксіпін і дыявітол. На яго прапанову адчынілі 2 Рэспубліканскія цэнтры: сьпінальнай траўмы і дзіцячай хірургіі[4]. У Інстытуце фізыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на яго прапанову стварылі навуковы цэнтар нэўратрансплянтацыі і аднаўляльнай хірургіі. Быў намесьнікам старшыні Навуковага таварыства нэўролягаў Беларусі. Загадваў працай клінік нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў 9-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.

Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Наваградку імем Фёдара Аляшкевіча назвалі вуліцу. У Шчорсах на будынку школы, якую ён скончыў, усталявалі памятную дошку.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвязда (белар.)Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — вып. 82 (27692). — С. 8. — ISSN 1990-763X
  2. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 6 траўня 2014. — № 82 27692). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г Аляшкевіч Фёдар Васільевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2023 г. Праверана 10 сьнежня 2023 г.
  4. ^ а б Аляшкевіч Фёдар Васільевіч // Наваградзкі раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці, 2 лютага 2019 г. Праверана 10 сьнежня 2023 г.