Банк міжнародных разьлікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Банк міжнародных разьлікаў
франц. Banque des règlements internationaux

Галаўная сядзіба БМР (2014 год)

Дзяржавы-ўдзельніцы БМР (2022 год)
Абрэвіятура БМР
Дата ўтварэньня 17 траўня 1930 (93 гады таму)
Тып банк
Юрыдычны статус таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Мэта спрыяньне разьлікам між галоўнымі банкамі
Штаб-кватэра Базэль, раён Вялікі Базэль, мікрараён Сьвяты Олбан, Галоўная чыгуначная плошча, д. 2[1]
Месцазнаходжаньне Швайцарыя
Каардынаты 47°32′52″ пн. ш. 7°35′30″ у. д. / 47.54778° пн. ш. 7.59167° у. д. / 47.54778; 7.59167Каардынаты: 47°32′52″ пн. ш. 7°35′30″ у. д. / 47.54778° пн. ш. 7.59167° у. д. / 47.54778; 7.59167
Дзейнічае ў рэгіёнах Кітай, Мэксыка, Ангельшчына, ЗША, Нямеччына, Швэцыя
Сяброўства 63 галоўныя банкі (2023 год)
Афіцыйныя мовы ангельская
Старшыня Франсуа Вільруа дэ Галё
Галоўны распараднік Агустын Карстэнс
Намесьнік гал. распарадніка Луіс Пэрэйра да Сылва
Кіраўнік Інстытуту фінансавай устойлівасьці Фэрнанда Рэстой[2]
Асноўныя асобы Крыстын Лягард, Джэром Паўэл[3]
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Зьвязаныя кампаніі Базэльскі камітэт банкаўскага нагляду, Інстытут фінансавай устойлівасьці
Бюджэт 337 млн СПЗ (2022 год)
Колькасьць супрацоўнікаў 637 (2023 год)[4]
Сайт bis.org

Банк міжнародных разьлікаў (анг. Bank for International Settlements) — міждзяржаўны банк, заснаваны ў траўні 1930 году ў Базэлі (Швайцарыя).

Паводле 55-га артыкула Статуту БМР, маёмасьць і сродкі банку незалежна ад разьмяшчэньня і ўстановы ўтрыманьня не падлягаюць захопу, арышту і замарозцы, як і давераныя яму ўклады[5]. На 2023 год яго пайшчыкамі былі 63 галоўныя банкі краінаў, на якія прыпадала каля 95% сусьветнага сукупнага ўнутранага прадукту. Улучаў Інстытут фінансавай устойлівасьці, 2 прадстаўніцтвы ў Ганконгу (Кітай) і Мэхіка (Мэксыка)[6], а таксама 6 асяродкаў новаўвядзеньняў у Ганконгу, Нью-Ёрку (ЗША) і 4 у краінах Эўропы: Цюрыху (Швайцарыя), Франкфурце-на-Майне (Нямеччына), Лёндане (Ангельшчына) і Стакгольме (Швэцыя)[7]. На 31 сакавіка 2023 году БМР меў сродкі на 350 млрд спэцыяльных правоў запазычаньня (СПЗ) ў Міжнародным валютным фондзе (ЗША). Сярод іх 38% складалі дзяржаўныя аблігацыі, 20% — наяўныя грошы ў галоўных банках, 18% — пагадненьні зваротнага выкупу дзяржаўных аблігацыяў, 14% — пазыкі і 8% — золата і пазыкі ім (102 тоны). Абавязкі на 308 млрд СПЗ складаліся з валютных укладаў галоўных банкаў[8].

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 21-га артыкула Статуту, Банк міжнародных разьлікаў меў паўнамоцтвы:

  • набываць і прадаваць залатыя манэты або зьліткі на свой рахунак або на рахунак галоўных банкаў;
  • захоўваць золата на ўласным рахунку паводле прызначэньня ў галоўных банках;
  • прымаць золата на захоўваньне для рахункаў галоўных банкаў;
  • даваць задатак галоўным банкам і пазычаць у іх пад заклад золата, пераводных вэксэляў і іншых кароткатэрміновых аблігацыяў першаснай плыннасьці або іншых ухваленых каштоўных папераў;
  • адлічаць, пераадлічаць, набываць і прадаваць пераводныя вэксэлі, чэкі і іншыя кароткатэрміновыя аблігацыі першаснай плыннасьці, улучна з казначэйскімі вэксэлямі і іншымі падобнымі ўрадавымі кароткатэрміновымі каштоўнымі паперамі ў продажы;
  • набываць і прадаваць сродкі абмену для свайго рахунку і рахункаў галоўных банкаў;
  • набываць і прадаваць даступныя каштоўныя паперы, акрамя паёў, для свайго рахунку і рахункаў галоўных банкаў;
  • адлічаць для галоўных банкаў вэксэлі зь іх партфоліё і пераадлічаць у іх вэксэлі са свайго ўласнага партфоліё;
  • адчыняць і трымаць бягучыя рахункі і ўклады ў галоўных банках;
  • прымаць уклады ад галоўных банкаў на бягучы рахунак і ва ўклад, а таксама ўклады ў сувязі давернымі пагадненьнямі з урадамі для міжнародных разьлікаў;
  • дзеіць у якасьці пасярэдніка і карэспандэнта ўсялякага галоўнага банка;
  • дамовіцца з усялякім галоўным банкам, каб той выступаў яго пасярэднікам і карэспандэнтам;
  • уступаць у пагадненьні, каб дзеіць у якасьці давернага кіраўніка і пасярэдніка для міжнародных разьлікаў[5].

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Агульны сход. Складаўся з прадстаўнікоў галоўных банкаў. Галасы разьмяркоўваліся ў адпаведнасьці з колькасьцю паёў БМР, на якія падпісаўся адпаведны галоўны банк. Склікаўся штогод цягам 4-х месяцаў пасьля сканчэньня фінансавага году 31 сакавіка. Засядае на галаўной сядзібе БМР у Базэлі. Ухваляў штогадовую справаздачу з высновамі незалежных аўдытараў і зьмяненьні заробкаў сябраў Рады кіраўнікоў. Вылучаў сродкі ў запас і абвяшчае суму дывідэндаў. Абіраў незалежных аўдытараў на наступны год і вызначае іх заробкі.
  • Рада кіраўнікоў. Складалася з: кіраўнікоў галоўных банкаў Бэльгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Нямеччыны і Францыі; адной асобы, сумесна прызначанай кіраўнікамі 6 вышэйзгаданых галоўных банкаў на 3 гады з правам пераабраньня зь ліку грамадзянаў іх краінаў; да 11 асобаў, абраных 2/3 галасоў Рады кіраўнікоў на 3 гады зь ліку кіраўнікоў іншых галоўных банкаў, якія падпісаліся на паі БМР, пры праве на пераабраньне. Прымала рашэньні простай большасьцю галасоў, за выняткам рашэньняў пра капітал банку і зьмяненьне яго Статуту, якія прымалі 2/3 галасоў. Склікалася прынамсі 6 разоў на год, зь іх прынамсі 4 разы на галаўной сядзібе ў Базэлі. Рашэньні маглі прымаць на аддаленай відэанарадзе пры адсутнасьці пярэчаньня 5 кіраўнікоў. Запісы рашэньняў рассылалі сябрам цягам 8 дзён. Абірала старшыню і прынамсі аднаго намесьніка на тэрмін да 3-х гадоў, а таксама галоўнага распарадніка і яго намесьніка на прапанову старшыні на тэрмін да 5 гадоў. Зацьвярджала будову і кіраўнікоў аддзелаў на прапанову галоўнага распарадніка. Прадпісвала выгляд штомесячнай Заявы аб рахунку.
  • Выканаўчы камітэт. Складалася з галоўнага распарадніка, яго намесьніка і кіраўнікоў аддзелаў[5].
Франсуа Вільруа дэ Галё — 21-ы старшыня БМР зь 2022 году

На 2023 год пры Банку міжнародных разьлікаў працавала 6 камітэтаў у рамках 3-х згуртаваньняў.

  • Сустрэча па сусьветнай гаспадарцы (ССГ). Праходзіла кожныя 2 месяцы. Зьбірала кіраўнікоў 30 галоўных банкаў з краінаў, што стваралі 80% сусьветнага сукупнага ўнутранага прадукту. Яе вёў старшыня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША. Пад яе кіраўніцтвам працавалі 3 камітэты: Камітэт па сусьветнай фінансавай сыстэме, Камітэт плацежна-рынкавай інфраструктуры і Камітэт па рынках. Падрыхтоўку працы ССГ вёў Гаспадарчы дарадчы камітэт, у які ўваходзілі ўсе 18 сябраў Рады кіраўнікоў і галоўны распараднік БМР[9].
  • Сустрэча ўсіх кіраўнікоў. Праводзілася кожныя 2 месяцы. Улучала ўсе 63 галоўныя банкі-пайшчыкі БМР. У яе складзе дзенічалі: Форум кіраваньня галоўнымі банкамі і Камітэт Ірвінга Фішэра па статыстыцы галоўных банкаў[10].
  • Базэльскі камітэт банкаўскага нагляду. Налічваў 45 сябраў з 28 краінаў[11].

Урэшце, на сядзібе БМР працавалі Рада фінансавай устойлівасьці, Міжнароднае аб’яднаньне страхавых наглядчыкаў і Міжнароднае аб’яднаньне страхаўнікоў укладаў[10].

Прыбытак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агустын Карстэнс — 11-ы галоўны распараднік БМР зь 2017 году

Паводле 51-га артыкула Статуту БМР, 5% чыстага прыбытку вылучаўся ў Праўны запасны фонд да дасягненьня 10% ад аплачанага капіталу БМР. Пасьля выплаты дывідэндаў, вызначаных Агульным сходам БМР: 1) 50% рэшты чыстага прыбытку мелі выплочвацца ў Праўны запасны фонд да дасягненьня памеру аплачанага капіталу БМР; 2) 40% — да дасягненьня 2-кратнага памеру аплачанага капіталу; 3) 20% — да дасягненьня 4-кратнага памеру аплачанага капіталу; 4) 10% — да дасягненьня 5-кратнага памеру аплачанага капіталу; 5) 5% — надалей[5].

Сяброўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год удзел у Банку міжнародных разьлікаў бралі 63 галоўныя банкі, зь іх:

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гасьцініца Сусьвету на Галоўнай чыгуначнай вуліцы Базэля (2023 год), дзе БМР месьціўся да 1977 году

20 студзеня 1930 году ў Гаазе (Нідэрлянды) прадстаўнікі 7 урадаў падпісалі па-француску і па-ангельску Пагадненьне «Аб Банку міжнародных разьлікаў» (БМР) з 3-х артыкулаў. З аднаго боку Пагадненьне заключылі Нямеччына, Бэльгія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія і Японія. Зь іншага боку Швайцарыя мела надаць моц закону Хартыі БМР і самавольна не зьмяняць Статуту БМР. Згодна з 3-м артыкулам Пагадненьне набывала моц на 15 гадоў па ўхваленьні ўрадам Швайцарыі. Пагадненьне ўлучала Хартыю БМР, згодна зь якой заснавальнікамі БМР станавіліся галоўныя банкі 6 дзяржаваў і група 3-х банкаў ЗША «Дж.П. Морган» (Нью-Ёрк), «Першы нацыянальны банк Нью-Ёрка» і «Першы нацыянальны банк Чыкага». Разам яны забавязаліся сабраць статутны капітал на 500 млн швайцарскіх франкаў у эквіваленце 145,161 тонаў золата. Пры гэтым урад Швайцарыі вызваляў БМР ад усіх падаткаў, у тым ліку на прыбытак і заробкі супрацоўнікаў. Таксама сродкі і ўклады ў банку не падлягалі абмежаваньню на вываз і ўвоз валюты і золата нават падчас вайны, як і адбору ды захопу[13].

Пагадненьне таксама мела Дадатак, які ўлучаў Статут БМР. У 2-м артыкуле Статуту прадугледзелі разьмясьціць банк у Базэлі. Паводле 3-га артыкула, задачамі БМР былі: спрыяньне супрацы галоўных банкаў у міжнародных разьліках і дзеяньне ў якасьці давернага кіраўніка міжнароднымі разьлікамі. У 4-м артыкуле БМР згадваўся ў якасьці пасярэдніка пры атрыманьні і разьмеркаваньні нямецкіх рэпарацыяў. Згодна з 6-м артыкулам падпіску на капітал у роўных долях мелі атрымаць Нацыянальны банк Бэльгіі, Банк Ангельшчыны, Банк Францыі, Дзяржаўны банк Нямеччыны, Банк Італіі, упаўнаважаныя прадстаўнікі ад Банку Японіі і прадстаўнікі групы 3-х банкаў ЗША. БМР меў пачаць дзейнасьць па дасягненьні падпіскі на 112 000 (56%) з 200 000 паёў. Паводле 7-га артыкула, на падпіску вылучылі 2 гады. У 8-м артыкуле згадвалася патрэба аплаты 1/4 вартасьці паёў падчас падпіскі. Згодна з 21-м артыкулам БМР меў весьці ўласныя разьлікі толькі ў валютах, якія адпавядалі патрабаваньням залатога стандарту[13].

У красавіку 1930 году ў Базэлі адбылося 1-е неафіцыйнае паседжаньне Рады дырэктароў Банку міжнародных разьлікаў[14]. 17 траўня 1930 году Банк міжнародных разьлікаў адкрыўся. Рада кіраўнікоў БМР складалася зь кіраўнікоў галоўных банкаў Брытаніі, Бэльгіі, Італіі, Нямеччыны і Францыі. У яе склад таксама абралі кіраўнікоў галоўных банкаў Нідэрляндаў, Швайцарыі і Швэцыі. Паседжаньні праходзілі 10 разоў за год. Да канца 1931 году пайшчыкамі БМР былі 24 галоўныя банкі Эўропы і 2 прыватныя банкаўскія холдынгі ЗША і Японіі[15]. У 1931 годзе ў сувязі зь Вялікай дэпрэсіяй БМР выдаў пазыкі галоўным банкам Аўстрыі, Нямеччыны, Данцыга і Югаславіі[16]. Пры канцы 1930-х гадоў на запыт Сусьветнага паштовага саюзу стварылі разьлікі, каб зьменшыць патрэбу ў перавозцы золата[17].

Ад чэрвеня 1938 году па чэрвень 1940-га БМР перавёз звыш 140 тонаў золата ад імя галоўны банкаў Эўропы ў Нью-Ёрк (ЗША). У сакавіку 1939 году БМР выканаў загад Чэхаславацкага народнага банку пра перавод часткі золата ў Дзяржаўны банк Нямеччыны з рахунку ў Банку Ангельшчыны, хоць пачалася нямецкая акупацыя Прагі (Чэхаславаччына). У траўні—кастрычніку 1940 году БМР часова працаваў у Шато-Дэ (кантон Во) ў сувязі з вынасам з памежжа з нагоды пачатку Другой сусьветнай вайны. У ходзе Другой сусьветнай вайны БМР атрымаў ад Дзяржаўнага банку Нямеччыны 3,7 тонаў золата за пазыкі 1930—1931 гадоў. У траўні 1948 году БМР перадаў гэтае золата Трохбаковай камісіі па вяртаньні манэтарнага золата, якая выявіла крадзеж гэтага золата з галоўных банкаў Бэльгіі і Нідэрляндаў з далейшай пераплаўкай на Прускай мынцы[18].

У лістападзе 1947 году ўрады Бэльгіі, Італіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў і Францыі заключылі Пагадненьне «Аб шматбаковым валютным пакрыцьці», для пасярэдніцтва ў якім зьвярнуліся ў БМР. У верасьні 1950 году 18 дзяржаваў Эўропы заснавалі Эўрапейскі плацежны зьвяз (ЭПЗ), пасярэднікам якога прызначылі БМР. Кожная дзяржава ЭПЗ стала штомесяц паведамляць БМР сваё сальда двухбаковага гандлю зь іншымі дзяржавамі ЭПЗ. БМР вылічаў агульнае сальда кожнай дзяржавы адносна ўсяго ЭПЗ. У выніку да канца 1958 году дзяржавы ЭПЗ дасягнулі вольнай канвэртацыі сваіх валютаў за кошт адтэрміноўкі выплаты ўзаемнай запазычанасьці па бягучых рахунках[19].

У лютым 1953 годзе падпісалі Лёнданскае пагадненьне аб нямецкіх даўгах, што ўзнавіла даваенныя выплаты праз БМР, што працягваліся да 2010 году[16]. Са сьнежня 1960 году службоўцы Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША пачалі штораз наведваць паседжаньні БМР у Базэлі[15]. У 1961 годзе БМР адыграў важную ролю ва ўзгадненьні пачынаньняў галоўных банкаў Групы дзесяці, у якую ўваходзілі Бэльгія, Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Нідэрлянды, Нямеччына, Францыя, Швэцыя і Японія. Сярод іх: у лістападзе 1961 годзе 7 галоўных банкаў Эўропы і Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША стварылі залатога пулу для ўмяшаньня ў прыватны рынак золата ў 1961—1968 гадох; у 1962 годзе праз Фэдэральны рэзэровы банк Нью-Ёрка ўтварылі міжбанкаўскую сетку валютнага абмену; У 1966 і 1968 гадох прадпрымалі сумесныя захады ўмацаваньня брытанскага фунта стэрлінгаў і францускага франка[20].

У 1964 годзе ў БМР стварылі Камітэт па золаце і валютным абмене з удзелам Групы дзесяці, які ў 2002 годзе перайменавалі ў Камітэт па рынках[15]. У 1964 годзе Рада Эўрапейскай эканамічнай камісіі (ЭЭК) заснавала Камітэт кіраўнікоў галоўных банкаў краінаў-удзельніцаў ЭЭК. Камітэт стаў засядаць у Базэлі на сядзібе БМР, што забясьпечваў яго сакратарыятам[19]. У студзені 1970 годзе пайшчыкамі БМР сталі Банк Канады і Банк Японіі. Цягам 1970—1971 гадоў пайшчыкамі сталі Рэзэрвовы банк Аўстраліі і Паўднёва-Афрыканскі рэзэрвовы банк, чые краіны былі аднымі з асноўных вытворцаў золата[15].

У 1971 годзе ў БМР стварылі Пастаянны камітэт па эўравалютах з удзелам Групы дзесяці, які ў 1999 годзе перайменавалі ў Камітэт па сусьветнай фінансавай сыстэме (КСФС)[21]. 1 чэрвеня 1973 году ў Базэлі пачаў дзейнічаць Эўрапейскі фонд валютнай супрацы, тэхнічную падтрымку якому аказваў БМР[19]. У сьнежні 1973 годзе пачалі выпускаць штоквартальную статыстыку рынку эўравалютаў, якую ў ліпені 1983 году пашырылі да сусьветнага абшару[21]. У сьнежні 1974 году кіраўнікі галоўных банкаў Групы дзесяці стварылі Камітэт банкаўскіх правілаў і наглядніцкіх практык у адказ на разарэньне банкаўскага дому «Герштат» у Нямеччыне (Кёльн) і «Нацыянальны банк Франкліна» ў ЗША (Нью-Ёрк)[20], які ў 1990 годзе перайменавалі ў Базэльскі камітэт банкаўскага нагляду (БКБН)[21]. У 1979 годзе запрацавала Эўрапейская валютная сыстэма пры тэхнічнай падтрымцы БМР[19], у будынку якога 13 сакавіка кіраўнікі галоўных банкаў падпісалі адпаведнае пагадненьне[15]. У 1982—1983 гадох БМР выдаваў акрэдытыў галоўным банкам Усходняй Эўропы і Лацінскай Амэрыцы, якія вялі перамовы зь Міжнародным валютным фондам, да атрыманьня імі пазыкі[16]. Ад сакавіка 1986 году БМР праводзіў разьлікі ў эўрапейскай грашовай адзінцы[22]. У ліпені 1988 году Базэльскі камітэт банкаўскага нагляду выдаў Базэльскае пагадненьне аб капітале, якім да 1992 году ўвялі рамкі вымярэньня пазыковай рызыкі ў якасьці міжнародна прызнанага стандарту[20].

У 1988—1989 гадох у Базэлі засядаў Камітэт вывучэньня гаспадарча-валютнага зьвязу на чале старшынём Эўрапейскай камісіі Жакам Дэлёрам, які правёў тэхнічную падрыхтоўку рашэньня Эўрапейскай рады пра пераход да Эўрапейскага валютнага зьвязу, які зацьвердзіла Маастрыхцкая дамова 1992 году. У выніку пры канцы 1993 году Камітэт кіраўнікоў галоўных банкаў пераўтварылі ў Эўрапейскі валютны інстытут, які ў лістападзе 1994 годзе перамясьцілі з Базэля ў Франкфурт-на-Майне (Нямеччына), дзе той стаў Эўрапейскім цэнтральным банкам у 1997 годзе[19].

У ліпені 1990 году БМР заснаваў Службу для Ўсходне-Эўрапейскіх краінаў, каб узгадняць тэхнічную дапамогу галоўным банкам краінаў-удзельніцаў Рады эканамічнай узаемадапамогі[15]. У 1990 годзе ў БМР стварылі Камітэт плацежна-разьліковых сыстэмаў з удзелам Групы дзесяці, які ў 2014 годзе перайменавалі ў Камітэт плацежна-рынкавай інфраструктуры (КПРІ). Таксама БМР стварыў асяродак для распаўсюду статыстыкі між галоўнымі банкамі і для абнародаваньня статыстыкі пра рынкі каштоўных папераў, абмену валюты і вытворнікаў. 13 верасьня 1994 году адбылося 1-е паседжаньне Рады кіраўнікоў БМР, у якім узяў удзел прадстаўнік Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША. У 1996 годзе сяброўства ў БМР пашырылі на найбольшыя разьвіцьцёвыя краіны сьвету[20]. На 1996 год удзельнікамі Банку міжнародных разьлікаў былі галоўныя банкі 30 краінаў Эўропы, а таксама Аўстраліі, ЗША, Канады, Паўднёвай Афрыкі і Японіі. Працай загадваў агульны сход кіраўнікоў банкаў. Ставіў за мэту спрыяць разьлікам між галоўнымі банкамі. Выдаваў пазыкі, ладзіў грашовыя пераводы і трацейства між галоўнымі банкамі і міжнароднымі арганізацыямі. Служыў дапаможным органам у Эўропе для Міжнароднага валютнага фонду і Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЗША)[22]. У жніўні 1996 году БМР пачаў выпускаць Штоквартальны агляд міжнароднага разьвіцьця банкаўскай справы і фінансавага рынку[21]. У верасьні 1997 годзе зацьвердзілі Асноўныя прынцыпы дзейснага банкаўскага нагляду[23].

Будынак БМР на Попельнай плошчы Базэля (2014 год)

У ліпені 1998 годзе падпісалі пагадненьне ад адкрыцьці ў Ганконгу (Кітай) прадстаўніцтва БМР для Азіі і Акіяніі. У 1998 годзе набылі будынак на Попельнай плошчы Базэля, дзе разьмясьцілі аддзел інфармацыйных тэхналёгіяў. Пазьней тамсама дадалі падразьдзяленьне кіраваньня рызыкай[20]. У ліпені 1998 году пры БМР стварылі Інстытут фінансавай устойлівасьці для падрыхтоўкі фінансавых наглядчыкаў[15]. У адказ на Азіяцкі крызіс 1997 году ў лютым 1999 году міністры скарбу і кіраўнікі галоўных банкаў Групы сямі стварылі Форум фінансавай устойлівасьці (ФФУ) для распрацоўкі міжнародных захадаў фінансавага нагляду, які ў 2009 годзе пераўтварылі ў Раду фінансавай устойлівасьці. У 1999—2003 гадох першым старшынём ФФУ быў галоўны распараднік БМР Эндру Крокет, які разьмясьціў сакратарыят ФФУ на сядзібе БМР у Базэлі[24]. У лістападзе 1999 году да ўдзелу ў БМР запрасілі яшчэ 4 галоўныя банкі[15].

У 2001 годзе спынілі прыватны ўдзел у паях БМР. У лістападзе 2002 году ў Мэхіка (Мэксыка) адчынілі прадстаўніцтва БМР для Амэрыкі[20]. У красавіку 2003 году адзінку рахункаў у БМР зьмянілі з залатога франка на спэцыяльныя правы запазычаньня (СПЗ) ў МВФ[16]. У траўні 2003 годзе да ўдзелу ў БМР запрасілі яшчэ 6 галоўных банкаў[15]. У 2004 годзе Базэльскі камітэт банкаўскага нагляду выдаў 2-я Базэльскія рамкі для празрыстага вымярэньня банкаўскай рызыкі[20]. У студзені 2006 году БМР пераняў паседжаньні Камітэту Ірвінга Фішэра па статыстыцы галоўных банкаў, які заснавалі ў 1995 годзе і быў сябрам Міжнароднага статыстычнага інстытуту (Нідэрлянды)[21]. У чэрвені 2011 годзе Базэльскі камітэт выпусьціў 3-я Базэльскія рамкі, які кіраўнікі галоўных банкаў ухвалілі ў 2017 годзе[23]. У 2011 годзе быць пайшчыкамі БМР запрасілі яшчэ 4 галоўныя банкі[15]. У 2012 годзе ў БМР заснавалі галоўны асяродак дадзеных пра закрэдытаванасьць найбольшых банкаў[24]. На 30 чэрвеня 2018 году пайшчыкамі БМР былі 60 галоўных банкаў[20]. У 2019 годзе адчынілі Асяродкі новаўвядзеньняў у Цюрыху, Ганконгу і Сынгапуры[17]. У 2020 годзе ў БМР запрасілі яшчэ 3 банкі[15]. У выніку 63 галоўныя банкі, што мелі долі ў БМР, прадстаўлялі краіны, на якія прыпадала каля 95% сусьветнага сукупнага ўнутранага прадукту[24]. У чэрвені 2021 году адчынілі Асяродкі новаўвядзеньняў у Лёндане (Ангельшчына) і Стакгольме (Швэцыя)[17].

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Гейтс Макгара (красавік 1930 — травень 1933; ЗША)
  2. Леон Фрэйзэр (травень 1933 — травень 1935; ЗША)
  3. Леанардус Трып (травень 1935 — травень 1937; Нідэрлянды)
  4. Ота Німэер (травень 1937 — травень 1940; Вялікабрытанія)
  5. Эрнст Вэбэр (сьнежань 1942 — лістапад 1945; Швайцарыя)
  6. Марыс Фрэр (ліпень 1946 — чэрвень 1958; Бэльгія)
  7. Марыюс Гольтрап (ліпень 1958 — чэрвень 1967; Нідэрлянды)
  8. Еле Зэйльстра (ліпень 1967 — сьнежань 1981; Нідэрлянды)
  9. Фрыц Лёйтвілер (студзень 1982 — сьнежань 1984; Швайцарыя)
  10. Жан Гадо (студзень 1985 — сьнежань 1987; Бэльгія)
  11. Вілем Дуйзэнбэрг (студзень 1988 — сьнежань 1990; Нідэрлянды)
  12. Бэнт Дэніс (студзень 1991 — сьнежань 1993; Швэцыя)
  13. Вілем Дуйзэнбэрг (студзень 1994 — чэрвень 1997; Нідэрлянды)
  14. Альфонс Вэрплятсэ (ліпень 1997 — люты 1999; Бэльгія)
  15. Урбан Бэкстрэм (сакавік 1999 — люты 2002; Швэцыя)
  16. Арнаўт Вэлінк (сакавік 2002 — люты 2006; Нідэрлянды)
  17. Жан-П’ер Рот (сакавік 2006 — люты 2009; Швайцарыя)
  18. Гільерма Артыс (сакавік—сьнежань 2009; Мэксыка)
  19. Крыстыян Нуае (сакавік 2010 — кастрычнік 2015; Францыя)
  20. Енс Вайдман (лістапад 2015 — сьнежань 2021; Нямеччына)[25]
  21. Франсуа Вільруа дэ Галё (са студзеня 2022 году; Францыя)

Галоўныя распараднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. П’ер Кэнэ (красавік 1930 — верасень 1937; Францыя)
  2. Ражэ Абуан (студзень 1938 — верасень 1958; Францыя)
  3. Гіём Гіндэй (кастрычнік 1958 — сакавік 1963; Францыя)
  4. Габрыель Фэра (красавік 1963 — сьнежань 1970; Францыя)
  5. Рэнэ Ляр (травень 1971 — люты 1981; Францыя)
  6. Гюнтэр Шляймінгер (сакавік 1981 — красавік 1985; Нямеччына)
  7. Аляксандар Лямфалюсі (травень 1985 — сьнежань 1993; Бэльгія)
  8. Эндру Крокет (студзень 1994 — сакавік 2003; Вялікабрытанія)
  9. Малькальм Найт (красавік 2003 — верасень 2008; Канада)
  10. Хаймэ Каруана (красавік 2009 — лістапад 2017; Гішпанія)
  11. Агустын Карстэнс (са сьнежня 2017 году; Мэксыка)[26]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  3. ^ Рада кіраўнікоў (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  4. ^ Гадавая справаздача БМР за 2022 год (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 25 чэрвеня 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  5. ^ а б в г Статут БМР з папраўкамі ад 7 лістапада 2016 году (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  6. ^ Пра БМР (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  7. ^ Асяродкі новаўвядзеньняў БМР (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  8. ^ Фінансавыя зьвесткі (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  9. ^ Сустрэчы кожныя 2 месяцы (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  10. ^ а б Кіраваньне і арганізацыя (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  11. ^ Базэльскі камітэт - агляд (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  12. ^ Галоўныя банкі-ўдзельнікі БМР (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  13. ^ а б № 2398. Пагадненьне аб Банку міжнародных разьлікаў з Дадаткам, падпісанае ў Гаазе 20 студзеня 1930 году // Ліга народаў = Société des Nations. — 1930 Т. 104. — С. 441—471. — 550 с. — (Recueil des Traités).
  14. ^ Гісторыя - заснаваньне і крызіс (1930-1939) (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  15. ^ а б в г д е ё ж з і к Супольнасьць галоўных банкаў (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  16. ^ а б в г Банк для галоўных банкаў (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  17. ^ а б в Новаўвядзеньні (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  18. ^ Гісторыя - БМР падчас Другой сусьветнай вайны (1939-1948) (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  19. ^ а б в г д Гісторыя - БМР як форум эўрапейскай валютнай супрацы (1947-1993) (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  20. ^ а б в г д е ё ж Гісторыя - БМР становіцца сусьветным (з 1961-га) (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  21. ^ а б в г д Спрыяньне абмеркаваньню праз дасьледаваньне і стастытыку (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  22. ^ а б Банк міжнародных разьлікаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 281. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  23. ^ а б Прасоўваньне здаровых фінансавых стандартаў і правілаў (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  24. ^ а б в Гісторыя - БМР у новай фінансавай інфраструктуры (з 1997-га) (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  25. ^ Былыя сябры Рады кіраўнікоў БМР (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.
  26. ^ Цяперашнія і былыя сябры кіраўніцтва БМР (анг.) // Банк міжнародных разьлікаў, 2023 г. Праверана 19 жніўня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]