Вануату

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вануату
Ripablik blong Vanuatu
République de Vanuatu
Сьцяг Вануату Герб Вануату
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Long God yumi stanap» («За Богам мы стаім»)
Дзяржаўны гімн: «Yumi, Yumi, Yumi»
Месцазнаходжаньне Вануату
Афіцыйная мова Біслама, ангельская, француская
Сталіца Порт Віла
Найбуйнейшы горад Порт Віла
Форма кіраваньня Рэспубліка
Ёлу Абіл
Сато Кілман
Плошча
 • агульная
161-е месца ў сьвеце
12 189 км²
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 • шчыльнасьць
183-е месца ў сьвеце
224 564
19,7/км²
СУП
 • агульны (2010)
 • на душу насельніцтва
175 месца ў сьвеце
$1,216 млрд
$5500
Валюта Вату (VUV)
Часавы пас VUT (UTC+11)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі і Францыі

30 ліпеня 1980
Аўтамабільны знак VAN
Дамэн верхняга ўзроўню .vu
Тэлефонны код +678
Мапа Вануату
Мапа Вануату

Рэспубліка Вануату (па-ангельску: Republic of Vanuatu) — ціхаакіянская дзяржава ў Мэлянэзіі. Мяжуе на поўначы з тэрытарыяльнымі водамі Саламонавых астравоў, на захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Аўстраліі, на паўднёвым захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Новай Каледоніі, на ўсходзе — з тэрытарыяльнымі водамі Фіджы. Працягласьць прыбярэжнай паласы — 2528 км. Рэспубліка Вануату разьмешчаная на 83 выспах архіпэлягу Новыя Гебрыды. Агульная плошча сушы — 12 336 км². Насельніцтва Вануату — 221 506 чал. (2006). Сталіца — Порт Віла. Першай выспай, заўважанай эўрапейцамі, стала Эсьпірыту-Санта, адкрытая гішпанскім мараплаўцам Пэдра Фэрнандэсам Кірасам у 1606 годзе і прынятая за частку «Паўднёвай зямлі» (гэта значыць Аўстраліі). У 1906 годзе выспы сталі кандамініюмам Брытаніі і Францыі пад назвай «Новыя Гебрыды». 30 ліпеня 1980 году выспы атрымалі незалежнасьць пад назвай «Рэспубліка Вануату». Вануату — чалец ААН, Садружнасьці нацыяў, Франкафоніі, Паўднёваціхаакіянскай камісіі і Форума ціхаакіянскіх выспаў.

Сучасны назоў краіны, Вануату (што азначае «гэтая зямля назаўжды»), стаў афіцыйна выкарыстоўвацца з 30 ліпеня 1980 году, калі выспы атрымалі незалежнасьць ад Вялікабрытаніі і Францыі. Датуль архіпэляг зваўся «Новыя Гебрыды», як яго назваў у 1774 годзе ангельскі мараплаўца Джэймз Кук у гонар Гебрыдзкіх выспаў, разьмешчаных на захад ад Шатляндыі.

Мэлянэзійская дзяржава Вануату ўяўляе сабой ланцуг выспаў Y-падобнай формы, выцягнуты з поўначы на поўдзень на 1176 км. Найбліжэйшая дзяржава, Саламонавы выспы, разьмешчаная прыблізна ў 170 км на поўнач ад Вануату, Новая Каледонія — у 230 км на паўднёвы захад, Фіджы — у 800 км на ўсход, Аўстралія — у 1750 км на захад.

Плошча сушы Вануату складае 12 336 км². Архіпэляг складаецца з 14 буйных і 60 драбнейшых, але населеных выспаў. Увогуле, у склад Вануату ўваходзіць 83 выспы. Найбольш важнымі зь іх зьяўляюцца выспы Эфатэ, Эсьпірыту-Санта, Танна і Малекула. Найбуйнейшай выспай Вануату зьяўляецца выспа Эсьпірыту-Санта, на тэрыторыі якой таксама знаходзіцца вышэйшая кропка краіны — гара Табвэмасана (1879 м). На выспах Амбрым, Оба і Танна размешчаныя горы, вышыня якіх перавышае 1000 м над узроўнем акіяна. Вялікая частка выспаў мае гарысты рэльеф, што выклікана рухам акіянічных плітаў. Некаторыя выспы з стромымі скаламі акружаныя навакол каралавымі рыфамі. На захад ад архіпэлягу разьмешчаная акіянічная ўпадзіна глыбінёй да 8000 м.

Самай паўночнай выспай Вануату зьяўляецца выспа Хіу ў групе Торэс: яна разьмешчаная ў некалькіх кілямэтрах ад самай паўднёвай групы Саламонавых выспаў — выспаў Санта-Крус. Афіцыйна самай паўднёвай выспай краіны зьяўляецца выспа Анэйцьюм, аднак Рэспубліка аспрэчвае ў Новай Каледоніі больш паўднёвыя выспы Мацью і Хантэр.

З пункта гледжаньня геалёгіі выспы Вануату маладыя, а іх фармаваньне адбылося падчас чатырох асноўных этапаў вульканічнай актыўнасьці, спрычыненай рухам літасфэрных плітаў у рэгіёне. Структурна выспы Новых Гебрыдаў складаюцца пераважна з выкінутай вонкі вульканічнай пароды: матчынай пароды, базальту, андэзытаў, вульканаклястычных адкладаньняў і вапняку.

Паводле апошняга перапісу 1999 году колькасьць насельніцтва Вануату складала 186 678 чал. Да 2006 году гэтая лічба павялічылася да 221 506 чал., пры гэтым у сталіцы дзяржавы, горадзе Порт Віла, пражывала 33 700 чал.

Прыкладна дзьве траціны насельніцтва Вануату разьмешчана на чатырох асноўных выспах рэспублікі: Эфатэ (дзе знаходзіцца сталіца, места Порт Віла), Эсьпірыту-Санта (дзе знаходзіцца другое найбуйнейшае места краіны Луганвіль — 10 700 чал.), Малекуле і Тафэа. Вялікая частка насельніцтва пражывае на ўзьбярэжжы або паблізу ад яго. Унутраныя раёны буйных выспаў, пакрытыя густымі зарасьнікамі, звычайна незаселеныя.

У 2005 годзе прырост насельніцтва склаў 2,2 %. У выніку, паводле прагнозаў да 2029 году, колькасьць насельніцтва Вануату ўзрасьце да 395 017 чал. Гэтыя паказьнікі моцна кантрастуюць з паказьнікамі XIX стагодзьдзя, калі ў выніку каляніяльнай палітыкі эўрапейцаў, завезеных хваробаў, пандэміі колькасьць насельніцтва Вануату скарацілася з амаль 1 млн чалавек да менш чым 41 тысячы. Некаторыя выспы, напрыклад, Анэйцьюм і Эраманга, страцілі больш за 95 % свайго насельніцтва ў гэты пэрыяд гісторыі краіны.

Па этнічным складзе 94 % насельніцтва краіны складаюць карэнныя жыхары Вануату — ні-вануату. Астатнія 4 % — эўрапейцы, 2 % — іншыя народы Акіяніі і Азіі.

У Вануату тры дзяржаўныя мовы — ангельская, француская і біслама (крэольская мова пераважна на аснове ангельскай). Колькасьць тых, хто размаўляе на біслама як на роднай мове — 6200 чалавек, у асноўным, у сталіцы Порт Віла і ў месьце Луганвіль, пры гэтым яе разумее вялікая частка жыхароў краіны. Таксама біслама распаўсюджаная ў Новай Каледоніі.

Акрамя гэтых афіцыйных моваў яшчэ існуюць 109 мясцовых моваў (у розных крыніцах лічба значна вагаецца з-за цяжкасьцяў, зьвязаных з адрозьніваньнем дыялектаў ад асобных моваў, а таксама з-за няспыннага выміраньня карэнных моваў). Сярэдняя колькасьць носьбітаў аднае нейкае мовы складае 2 тысячы чалавек; усе яны ўваходзяць у аўстранэзійскую сям’ю моваў. Значная частка карэнных моваў знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Самая вялікая канцэнтрацыя моваў — на выспах Эсьпірыту-Санта і Малекула (каля 24 моваў на кожным). Мовы выспаў Анэйцьюм, Танна і Эраманга, якія ўваходзяць у склад правінцыі Тафэа, значна адасобленыя ад астатніх моваў краіны і блізкія мовам Новай Каледоніі. Апрача мэлянэзійскіх моваў у Вануату існуюць таксама тры палінэзійскія мовы: мялізна-філа, футуна-аніва і эмаэ. Яны сфармаваліся ў выніку зваротнай міграцыі палінэзійцаў з Усходняй Палінэзіі. Самымі распаўсюджанымі карэннымі мовамі зьяўляюцца рага (7 тысяч носьбітаў), ленакел (6500 носьбітаў), паама (6 тысяч), уріпів-вала-рана-атчын (6 тысяч), усходняя амбаэ (5 тысяч), заходняя амбаэ (4500), апма (4500) і паўднёвая эфатэ (3750).

Першыя хрысьціянскія місыянэры на Новых Гебрыдах зьявіліся ў XIX ст., аднак на працягу вельмі доўгага часу іх дзейнасьць была малаэфэктыўнай, а жыцьцё рэлігійных настаўнікаў — небясьпечным. Напрыклад, вядомы місіянэр зь Лёнданскага місыянэрскага таварыства Джон Уільямз быў забіты і зьедзены мясцовымі жыхарамі выспы Эраманга. Толькі ў сярэдзіне XX ст. хрысьціянства стала паноўнай рэлігіяй сярод мэлянэзійскага насельніцтва Новых Гебрыдаў.

Акрамя хрысьціянскіх вучэньняў шырокае распаўсюджаньне ў Вануату атрымаў культ карга, які зарадзіўся на выспах у гады Другой сусьветнай вайны і сустракаецца на выспах Танна, Малекула і Эсьпірыту-Санта. Найбольш вядомымі зь іх зьяўляюцца рух Джона Фрума (на высьпе Танна), а таксама рух Прынца Піліпа (на высьпе Танна; у ім ушаноўваюць Піліпа, герцага Эдынбургскага).

Да зьяўленьня на выспах хрысьціянскіх місыянэраў на Новых Гебрыдах практыкаваўся анімізм, сьляды якога заўважныя і ў сучаснай рэлігіі, якая па сутнасьці ўяўляе сабой сьпляценьне традыцыйных вераваньняў у духаў і хрысьціянскай веры. У каляніяльны пэрыяд рэлігія і адукацыя былі цесна ўзаемазьвязаныя адно з адным, а пісьменнасьць большасьці мясцовых моваў была распрацаваная хрысьціянскімі місыянэрамі. Аднак і ў сучасным грамадзтве рэлігія грае вельмі важную ролю, нават нацыянальны дэвіз абвяшчае: «Long God yumi stanap» (у перакладзе з мовы біслама «За богам мы стаім»).

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмены ў форме дзяржаўнага ладу пачаліся ў пачатку 1940-х гадоў, калі ў кандамініюме зьявіліся першыя нацыяналістычныя арганізацыі. Першая палітычная партыя на выспах зьявілася толькі на пачатку 1970-х гадоў і атрымала назву Нацыянальная партыя Новых Гебрыдаў, адным з заснавальнікаў якой стаў Бацька Ўолтар Ліны (пасьля — прэм’ер-міністар Вануату). У 1974 годзе партыя была пераназваная ў «Вануа’аку Паці». Асноўным кірункам яе дзейнасьці стала змаганьне за незалежнасьць Новых Гебрыдаў. Незалежнасьць была набытая 30 ліпеня 1980, а краіна атрымала назву Рэспубліка Вануату.

Па стане на 2006 год СУП Вануату складаў $739 млн, а СУП на душу насельніцтва па стане на 2003 год — $2900, што рабіла краіну трэцяй па беднасьці дзяржавай Ціхага акіяну. З 1995 году Вануату ўважаецца ААН адной з найменш разьвітых краінаў сьвету. Пры гэтым узровень пісьменнасьці ў краіне складаў 74 %, а верагодная працягласьць жыцьця пры нараджэньні — усяго 63 гады.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вануатусховішча мультымэдыйных матэрыялаў