Дзьвіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Рака
Дзьвіна
Дзьвіна
Дзьвіна ў Полацку
Агульныя зьвесткі
Выток возера Каракіна (Расея)
Вусьце Рыскі заліў
Краіны басэйну Беларусь, Латвія, Расея
Даўжыня 1020 км
Сярэднегадавы сьцёк 666 м³/с
Плошча басэйну 87,9 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,12 ‰
Месцазнаходжаньне
Дзьвіна на мапе
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дзьвіна́ (Захо́дняя Дзьвіна́; рас. Западная Двина, лат. Daugava) — рака ў Расеі, Беларусі і Латвіі, адна з найбуйнейшых у Беларусі. Даўжыня 1020 км (у межах Беларусі 328 км). Плошча вадазбору 87,9 тыс. км² (у межах Беларусі 33,2 тыс. км²). Выдатак вады ў вусьці 666 м³/с. Агульнае падзеньне ракі на тэрыторыі Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 .

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На рацэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна за 14 км на паўднёвы захад ад вёскі Пена Цьвярской вобласьці (Расея) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыскую затоку Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад Сураскай нізінай, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — Полацкай нізінай.

Даліна трапэцападобнай формы, каля мястэчка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўтоку Вулы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зьменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часьцей за ўсё вылучаецца абалона і 2 (некаторыя дасьледнікі адзначаюць 3—4) надабалонавыя тэрасы. Абалона ў межах Сураскай нізіны вузкая — да 60 см. Вылучаюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, рэгулярна заліваецца ў разводзьдзе) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі па шматсьнегавых зімах). Аналягічная будова захоўваецца да Віцебску, прычым шырыня нізкай абалоны 40—50 м, а высокай не перавышае 15—20 м. Каля мястэчка Руба абалона звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з двума ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных дзялянках абалона пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км). Рэчышча зьвілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусьця ракі Вула 60—120 м, зрэдку да 190 м, каля граніцы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй за Віцебск цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх далямітаў: парожыстыя дзялянкі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Дзьвіны каля места Дзісна, а таксама каля места Дрыса. Дно пяскова-камяністае і пясковае або пяскова-аточнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясковыя, радзей — пяскова-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Жыўленьне ракі мяшанае (пераважна сьнегавое зь вялікай доляй грунтавога). Асаблівасьць рэжыму — высокае веснавое разводзьдзе, нізкая летня-восеньская межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На пэрыяд веснавога разводзьдзя прыпадае 56%, летня-восеньскую межань 33%, зімовую — 11% сярэдняга сьцёку. Веснавое разводзьдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над найніжэйшай межаньню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-восеньская межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе сьнежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 дзён. Найбольшы выдатак вады каля Віцебску 3320 м³/с (1991), Полацку 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (19381939). Сярэдні сьцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу року (з выняткам пэрыядаў веснавога разводзьдзя і летне-восеньскіх паводак) гідракарбанатна-кальцыевай клясы з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам. Для памяншэньня забруджваньня Дзьвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаваньні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак яе стан пакуль не паляпшаецца. У 1990 у Наваполацку адбылася аварыя, якая адмоўна паўплывала на іхтыяфаўну да самага вусьця ракі[1], падобная аварыя адбылася і ў 2007. Назіраньне за гідралягічным рэжымам на терыторыі Беларусі сыстэматычна вядзецца з 1878 (16 пастоў). У 1983 дзейнічалі гідралягічныя пасты Сураж, Віцебск, Ула, Полацак, Дрыса.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф пераважна градава-ўзгорысты. З падвышаных формаў вылучаюцца паўночна-заходняя ўскраіна Смаленскай грады, Аршанска-Віцебскія вышыні, горы Катарсы, Браслаўская града і Невельска-Гарадоцкія вышыні. Значную частку вадазбору займаюць шырокія нізіны: Полацкая, Чашніцкая і Сураская. Сярэдняя вышыня вадазбору 187 м, сярэдні ўхіл 9,51‰.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расьліннасьць прадстаўленая пераважна мяшаным лесам зь перавагай іглічных пародаў. Масівы сухога лесу, якія займаюць каля 27% плошчы вадазбору, разьмешчаныя нераўнамерна. У вярхоўі (да вусьця ракі Мяжы) яны займаюць каля паловы тэрыторыі, ніжэй па плыні ў асноўным засяроджаныя па правабярэжжы, у Полацкай нізіне.

Балоты мохавыя або травяныя, забалочаныя землі і забалочаныя лясы займаюць 20% плошчы. Большасьць балотаў разьмяшчаюцца ў верхняй частцы вадазбору (П’янішнік, Красны Мох, Бельскі Мох, Вялікасельскае балота і інш.).

Азёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Азёрнасьць вадазбору каля 3%. Адметнасьць левабярэжных азёраў — ланцугападобнае разьмяшчэньне (Жыжыцкае, Дрысьвяты, Лукомальскае, Дрывяты, Снуды, Струста, Вялінскае, Охват і інш.). Правабярэжныя звычайна невялікія, плыткія, зарослыя. Найбольшыя зь іх — Асьвейскае, Нешчарда, Езярышча.

Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З даўніх часоў Дзьвіна — важны гандлёвы шлях, у ІХ—ХІ стст. ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаваньняў шляху з варагаў у грэкі. Засяленьне мясьціны адбылося яшчэ ў эпоху мэзаліту[2].

Рака злучаецца Бярэзінскай воднай сыстэмай (ня дзейнічае) з Дняпром. Суднаходства ажыцьцяўляецца ад Вяліжу (Расея) да Дрысы, у нізкай плыні (у межах Латвіі) — на асобных дзялянках. Суднаходству перашкаджаюць парогі.

Значная частка (больш за 16%) плошчы вадазбору ў межах Беларусі станам на 1 студзеня 2006 мэліяраваная. Мэліярацыйныя працы ў большай ступені праводзіліся ў басэйнах такіх прытокаў Дзвіны як: Каспля (20.3%), Крывінка (31.2%), Вула (20.2%), Дзісна (23.5%), Масьніца (47.8%), Янка (42.9%)[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994.
  2. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983.
  3. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Дзьвінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў