Штутгарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Штутгарт
ням. Stuttgart
Герб Штутгарту


Краіна: Нямеччына
Зямля: Бадэн-Вюртэмбэрг
Кіраўнік: Франк Нопэр[d][1]
Плошча:
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 0711
Паштовы індэкс: 70173, 70174, 70176, 70178, 70180, 70182, 70184, 70186, 70188, 70190, 70191, 70192, 70193, 70195, 70197, 70199, 70327, 70329, 70372, 70374, 70378, 70435, 70437, 70439, 70376, 70469, 70499, 70563, 70565, 70567, 70569, 70597, 70599, 70619
Нумарны знак: S
Геаграфічныя каардынаты: 48°46′39″ пн. ш. 9°10′48″ у. д. / 48.7775° пн. ш. 9.18° у. д. / 48.7775; 9.18Каардынаты: 48°46′39″ пн. ш. 9°10′48″ у. д. / 48.7775° пн. ш. 9.18° у. д. / 48.7775; 9.18
Штутгарт на мапе Нямеччыны
Штутгарт
Штутгарт
Штутгарт
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.stuttgart.de

Шту́тгарт (па-нямецку: Stuttgart) — горад у Нямеччыне, сталіца зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг. Адзін з найважнейшых прамысловых цэнтраў Нямеччыны і важны культурны цэнтар. Месьціцца на беразу ракі Нэкару ва ўрадлівай даліне. Гэта шосты паводле колькасьці насельніцтва горад Нямеччыны, маючы на сваім рахунку 630 305 чалавек паводле стану на 31 сьнежня 2020 году. У той жа час Штутгарт ёсьць цэнтрам аглямэрацыі з насельніцтвам 2,8 млн чалавек[4], а таксама цэнтар мэтрапольнага рэгіёну Штутгарт, у якім пражывае каля 5,3 млн чалавек[5]. Горад як мэгаполіс нязьменна ўваходзіць у сьпіс самых заможных мэгаполісаў Эўропы паводле паказчыку СУП. Mercer улучыла Штутгарт у свой сьпіс гарадоў паводле якасьці жыцьця на 21 радок.

З даўніх часоў горад кіраваўся Вюртэмбэргамі, якія зрабілі горад сталіцай спачатку свайго графства, а потым герцагства і каралеўства. Да 1918 году Штутгарт квітнеў, не зважаючы на ​​няўдачы ў Трыццацігадовай вайне і разбуральныя паветраныя налёты хаўрусьнікаў на горад падчас Другой сусьветнай вайны праз наяўнасьць у горадзе буйной аўтамабільнай вытворчасьці. Аднак, да 1952 году горад аднавіўся і стаў буйным эканамічным, прамысловым, турыстычным і выдавецкім цэнтрам, якім ёсьць і дасюль[6]. Штутгарт таксама ёсьць важным транспартным вузлом і валодае сёмым паводле велічыні аэрапортам Нямеччыны. Некалькі буйных кампаніяў маюць сваю штаб-кватэру ў Штутгарце, у тым ліку Porsche[7], Bosch[8], Mercedes-Benz[9] і Daimler AG[10].

Геаграфія і клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штутгарт знаходзіцца ў цэнтральнай частцы зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг на паўднёвым захадзе Нямеччыны, на рацэ Нэкар і яе прытоках. Горад разьмешчаны на лясістых і вінаградных узгорках (у т. л., у самым цэнтры) і ў далінах, на вышыні ад 207 м да 549 м над узроўням мора. Адміністрацыйна падзяляецца на 23 раёны, якія складаюцца з 152 гарадзкіх частак (больш дробных раёнаў).

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат Штутгарту — кантынэнтальны. У летнія месяцы, горныя масівы Шварцвальд і Швабскі Альб абараняюць горад ад сур’ёзнай непагадзі, аднак у гэты час году ў горадзе здараюцца і навальніцы. Узімку выпадае сьнег, які ляжыць толькі некалькі дзён. У цэнтры гораду, названым мясцовымі жыхарамі як «Kessel» (ням. Кацёл), улетку заўсёды гарачэй і ўзімку снегу менш, чым у прадмесьцях.

Зіма ў Штутгарце доўжыцца са сьнежня па сакавік. Самы халодны месяц — студзень, зь сярэдняй тэмпературай 0°C. Сьнег не выпадае больш чым на некалькі дзён, аднак, згодна з мэтэаралагічнымі зьвесткамі 2004 году ў гэты самы пэрыяд, сьнег праляжаў некалькі тыдняў. Лета цёплае, зь сярэдняй тэмпэратурай 20°C у самых гарачых месяцах лета — ліпені і жніўні. Лета звычайна доўжыцца з траўня да верасьня.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычны выгляд рынкавага пляцу з заходняга боку 1881 году.

Першае пасяленьне на тэрыторыі сучаснага Штутгарту ўзьнікла ў 90 годзе н. э. у раёне Канштату спачатку як рымскі кастэль, а потым — вёска. Між 926 і 948 гадамі ў даліне Нэзэнбаху імаверна герцагам Людольфам Швабскім, які быў сынам імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Атона I, быў заснаваны конны завод (па-старанямецку Stuotengarten) падчас вугорскіх уварваньняў у Эўропу, што і лічыцца пачаткам гісторыі Штутгарту. Людольф заставаўся герцагам Швабіі пакуль ня быў зрынуты з пасады сваім бацькам, які здушыў паўстаньне ўласнага сына. Штутгарцкае вінаградарства, упершыню дакумэнтавае ў 1108 годзе[11], трымала людзей у гэтым рэгіёне, але вёска была ў ценю больш магутнага Канштату, які меў больш прыбыткое становішча на перакрыжаваньні асноўных эўрапейскіх гандлёвых шляхоў[12]. У 1219 годзе маркграф Гэрман V Бадэнскі надаў мястэчку статус гораду. Места зноў згадваецца ў 1229 годзе, але на гэты раз папам Грыгорыюсам IX[13]. У 1251 годзе праз шлюб Мэхтыльды Бадэнскай Штутгарт перайшоў у рукі да графаў Вюртэмбэрскіх. У 1495 годзе Эбэргард І быў узьведзены ў герцагі, і Штутгарт стаў ягонай рэзыдэнцыяй. Менавіта ён стаў першым, хто распачаў шматлікія буйныя пашырэньні мястэчка.

У 1520—1534 гадах горад, як і ўвесь Вюртэмбэрг, належыў Габсбургам. У 1553—1570/1578 гадах замак быў перабудаваны ў стылі рэнэсанс. У Трыццацігадовую вайну быў акупаваны Габсбургамі з 1634 па 1638 год. У 1718 годзе герцаг Эбэргард Людвіг пераносіць рэзыдэнцую ў Людвігсбург, але яго стрыечны брат і наступнік Карл Аляксандар у 1733 годзе зноў вяртае герцагскую рэзыдэнцыю ў Штутгарт. У 1744 годзе герцаг Карл Яўген заклаў першы камень у будаўніцтва Новага замку.

У 1803 годзе Штутгарт становіцца сталіцай Курфюрства Вюртэмбэрг, а ў 1806 годзе — Каралеўства Вюртэмбэрг, што было канчаткова пацьверджана Венскім кангрэсам у 1815 годзе. У 1818 годзе ўпершыню быў зладжаны Канштацкі народны фэст, які праводзіцца й дагэтуль. У XIX стагодзьдзі Штутгарт становіцца важным літаратурным цэнтрам: тут жывуць і твораць Вільгельм Гаўф, Людвіг Улянд, Густаў Шваб. Напрыканцы стагодзьдзя ён становіцца таксама і прамысловым цэнтрам, то бок у 1887 годзе Готліб Даймлер заснаваў тут аўтамабільны канцэрн[14]. У выніку места лічаць калыскай сусьветнай аўтамабільнай прамысловасьці[15], і дасюль тут знаходзяцца штаб-кватэры буйных аўтамабільных канцэрнаў, як то Mercedes-Benz і Porsche. Годам раней за Бэнца, то бок у 1886 годзе, Робэрт Бош адкрыў у Штутгарце сваю першую майстэрню. У 1907 годзе ў горадзе ладзіўся Міжнародны сацыялістычны кангрэс, у якім узялі ўдзел каля 60 тысяч чалавек[16]. У 1912 годзе быў заснаваны футбольны клюб «Штутгарт»[17].

Галоўны чыгуначны вакзал гораду. Фатаздымак 1965 году.

Напрыканцы Першай сусьветнай вайны ў Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя, якая ахапіла і Вюртэмбэрг. 30 лістапада 1918 году паўстанцы ўварваліся ў Вільгэльмпалац, каб прымусіць караля Вільгэльма II адрачыся ад трону, але яны пацярпелі няўдачу. У рэшце рэшт пад ціскам рэвалюцыянэраў Вільгэльм II адмовіўся ад кароны, але і не адрокся ад трону[18]. Тым ня менш, падзеі ўсё ж прымусілі караля сысьці, у выніку чаго была ўтвораная свабодная дзяржава Вюртэмбэрг у складзе Ваймарскай рэспублікі, а Штутгарт быў абвешчаны ейнай сталіцай. 26 красавіка 1919 году была распрацаваная новая канстытуцыя, а канчатковы праект быў ухвалены і ратыфікаваны 25 верасьня 1919 году ўстаноўчым сходам. У 1920 годзе Штутгарт часова стаў рэзыдэнцыяй нямецкага нацыянальнага ўраду, калі адміністрацыя зьбегла з Бэрліна, ратуючыся ад Капаўскага путчу. Таксама ў 1920 годзе Эрвін Ромэль стаў камандзірам роты 13-га пяхотнага палку, які базаваўся ў Штутгарце, і заставаўся на кіраўнічай пасадзе на працягу наступных дзевяці гадоў.

Штутгарт, як і многія іншыя буйныя гарады Трэцяга Райху, на працягу ўсёй Другой сусьветнай вайны быў спустошаны авіяналётамі хаўрусьнікаў. У першыя чатыры гады вайны пасьпяховыя авіяналёты на горад былі рэдкасьцю праз баяздольную абароны гораду сухаземнымі войскамі вэрмахту, люфтвафэ і выкарыстаньнем штучнага туману[19]. Не зважаючы на тое, што паводле​ ​меркаваньня некаторых кіраўнікоў вайскова-паветраных сілаў Вялікабрытаніі, што авіяналёты на горад былі сапраўдным вар’яцтвам[19], істотная шкода прамысловым магутнасьцям гораду час ад часу спрычынялася, як то бамбардаваньне заводу Daimler AG 25 жніўня 1940 году[19]. Пасьля Другой сусьветнай вайны, у 1946 годзе, ён стаў сталіцай зямлі Вюртэмбэрг-Бадэн, а ў 1952 годзе — зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг. 9 верасьня 1962 году горад наведаў прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь, 24 траўня 1965 — каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, а 14 чэрвеня 1989 — генэральны сакратар СССР Міхаіл Гарбачоў. У 2006 годзе (як дагэтуль і ў 1974 годзе) Штутгарт быў адным з гарадоў, што прымалі чэмпіянат сьвету па футболе. Улетку 2010 году ў Штутгарце праходзілі масавыя пратэсты супраць плянаў перабудовы чыгуначнага вакзалу — гэтак званага праекту Штутгарт 21.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сярэднявеччы і ў Новы час Штутгарт быў невялічкім горадам, яго насельніцтва не аднойчы памяньшалася праз шматлікія войны. Хутка расьці ён пачынае ў другой палове XIX стагодзьдзя, і ўжо ў 1874 годзе налічваў 100 000 жыхароў. У XX стагодзьдзі далучэньне шэрагу прадмесьцяў у склад гораду прывяло да далейшага росту яго насельніцтва: у 1942 годзе яно ўжо складала 498 016 чалавек. Яшчэ праз 20 гадоў, у 1962 годзе, яно дасягнула 640 560 чалавек — найбольшы паказчык у гісторыі Штутгарту, пасьля чаго пачало паніжацца (551 904 чалавекі ў 1987 годзе), а потым зноў пачало расьці, у асноўным, за конт імігрантаў. На 31 сьнежня 2011 году насельніцтва Штутгарту складае 591 015 чалавек.

На 2007 год, 40% насельніцтва гораду мае замежнае паходжаньне (найбольшая доля замежнікаў сярод усіх буйных гарадоў Нямеччыны), а сярод наймаладзейшых яго жыхароў (ва ўзросьце да 5 гадоў) гэты паказчык дасягае 64%.

31% насельніцтва гораду належыць да лютэранства, 26% — да каталіцтва, 11,3% вызнаюць іслам, а астатнія — або належаць да іншых веравызнаньяў, або зьяўляюцца атэістамі.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак Музэю Mercedes-Benz у Штутгарце

Штутгарт належыць да найважнейшых эканамічных цэнтраў Нямеччыны і Эўропы ў цэлым. У горадзе разьмешчаны штаб-кватэры такіх сусьветнавядомых канцэрнаў як Daimler (вядомага вытворчасьцю аўтамабіляў Mercedes-Benz) і Porsche, а ў яго навакольлі — Bosch. Акрамя таго, у Штутгарце маюць свае прадстаўніцтвы Siemens, Kodak, Lenovo. Тут знаходзяцца таксама вядомыя інжэнэрныя (SBP, Leonhardt Andrä und Partner, Knippers Helbig) і архітэктурныя бюро (Behnisch & Partner, Behnisch Architekten).

Штутгарцкая біржа — другая, пасьля Франкфурцкай, паводле значнасьці ў Нямеччыне.

Будаўнічыя прадпрыемствы прадстаўлены ў Штутгарце такімі буйнымі фірмамі як Wolff & Müller, Züblin і Gottlob Rommel.

З 1996 году Штутгарт мае сваё казіно — трэцяе ў Бадэн-Вюртэмбэргу, пасьля Бадэн-Бадэнскага і Канстанцаўскага.

Штутгарт таксама належыць да найбуйнейшых вінаградарскіх камунаў Нямеччыны: 400 гэктараў на яго тэрыторыі займаюць вінаграднікі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штутгарт — адзін з найважнейшых культурных цэнтраў Нямеччыны. Яго Дзяржаўны тэатар, у склад якога ўваходзяць Штутгарцкая Опэра, Штутгарцкі Балет і Штутгарцкі тэатар, зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце трохгаліновым тэатральным аб’яднаньнем. Сярод іншых тэатраў Штутгарту варта назваць Стары тэатар (па-нямецку: Das Alte Schauspielhaus), Тэатар камэдыі ў Маркварце (па-нямецку: Komödie im Marquardt), Тэатар пантамімы (па-нямецку: Pantomimetheater Makal City Theater GmbH), лялечны тэатар на Фадэне (па-нямецку: Theater am Faden).

Музэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Штутгарце знаходзіцца шмат музэяў: толькі дзяржаўных налічваецца пяць. Адзін зь іх — Штутгарцкая старая і новая Дзяржаўная галерэя, у якой сабраныя творы мастацтва сусьветнага значэньня, ад XIV стагодзьдзя да нашых дзён, у т.л. карціны Люкаса Кранаха Старэйшага, Рубэнса, Рэмбранта, Манэ, Рэнуара, Сэзана, Пікаса.

У Старым замку разьмешчаны Музэй зямлі Вюртэмбэрг, заснаваны ў 1862 годзе герцагам Вюртэмбэргу Вільгельмам I. З 1987 году існуе таксама Музэй гісторыі зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг. Сярод іншых музэяў варта адзначыць Дзяржаўны музэй прыродазнаўства, Музэй палеанталёгіі і геалёгіі (г.зв. «Музэй ля Львінай брамы», (па-нямецку: Museum am Löwentor), Музэй біялёгіі ў замку Розэйштайн, Этнаграфічны музэй (афіцыйная назва па-нямецку: Linden-Museum), Музэй Mercedes-Benz, Музэй Porsche, Музэй мастацтваў, дом-музэй Гэгеля.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штутгарцкая Штыфтскірхэ.

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акрамя таго, партнэрскія сувязі падтрымліваюцца з наступнымі гарадамі:

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б https://www.stuttgart.de/vv/personen/nopper-frank.php
  2. ^ http://www.statistik.baden-wuerttemberg.de/BevoelkGebiet/Bevoelkerung/01515020.tab?R=GS111000
  3. ^ Alle politisch selbständigen Gemeinden mit ausgewählten Merkmalen am 31.12.2022 (ням.)DESTATIS, 2023.
  4. ^ «Bevölkerung nach Nationalität — vierteljährlich». Statistisches Landesamt BW.
  5. ^ «Stuttgart». Initiativkreis Europäische Metropolregionen.
  6. ^ «Stuttgart». World Cities.
  7. ^ «Historie». Porsche Engineering.
  8. ^ «Bosch».
  9. ^ «About Mercedes-Benz». Mercedes-Benz.
  10. ^ «Contact». Daimler AG.
  11. ^ «Chronicle Stuttgart». Pangloss.
  12. ^ «The History of Stuttgart». World Travel Guide.
  13. ^ «Das Mittelalter (bis 1500)». Die Geschichte von Stuttgart.
  14. ^ «Stuttgart — Where Business Meets the Future». CD issued by Stuttgart Town Hall, Department for Economic Development, 2005.
  15. ^ «Things to Do in Germany». TripSavvy.
  16. ^ «Lenin: The International Socialist Congress in Stuttgart (Proletary)». Marxists.
  17. ^ «Die Geschichte von Stuttgart: Die Moderne (ab 1800)». Die Geschichte von Stuttgart.
  18. ^ Sauer, Paul (1994). «Württembergs letzter König: Das Leben Wilhelms II». — ISBN 978-3421067029.
  19. ^ а б в «Stuttgart im zweiten Weltkrieg: 2. Weltkrieg (1939 bis 1945)». Die Geschichte von Stuttgart.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]