Аляксандар Бурбіс
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Бурбіс, Аляксандар (Алесь) Лаўрэнавіч (псэўданімы і крыптанім: Стары Піліп, А.Алексенка, А.В.) (8 кастрычніка 1885, Вільня - 20 сакавіка 1922, Менск) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыст, актор і рэжысёр. Адзін са стваральнікаў беларускага прафэсійнага тэатру, аўтар дасьледаваньняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.
[рэдагаваць] Грамадзка-палітычная дзейнасьць
Алесь Бурбіс з маленства браў удзел у адраджэнскай актыўнасьці. Ён зьяўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ), ужо ў васемнаццацігадовым узросьце стаяў у цэнтры гэтай партыі, быў у складзе яе ЦК.
У 1906 годзе Грамада арганізавала масавыя страйкі ў аграрнай сфэры. Асабіста А.Бурбіс арганізоўваў забастоўкі ў Навагрудзкім павеце і ў самім Менску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэньню прафсаюзаў. Дарэчы, варта зазначыць, што Бурбіс здолеў далучыць за гэты час да менскіх прафсаюзаў нават габрэяў, распаўсюджваючы лістоўкі на ідыш. Расейскія ўлады не засталіся ў даўгу і пачалі паляваць на арганізатараў і агітатараў гэтых акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня, і ўжо ў жніўні 1906 ля Шчорсаў на Навагрудчыне Бурбіса арыштавалі. У зьняволеньні ён заставаўся да сярэдзіны 1909, дзе захварэў на сухоты. Пасьля вызваленьня працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі.
У 1915 Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. Пасьля, адзін раз у 1917 і потым яшчэ ў 1918, яго арыштоўвалі ўжо органы Савецкай ўлады. З 1918 Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі у Маскве. З сярэдзіны 1919 ён — у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР, з сярэдзіны 1921 — намесьнік народнага камісара замежных спраў БССР. Удзельнічаў у распрацоўцы дагаворнай умовы паміж БССР і РСФСР. Чалец Камуністычнай партыі.
[рэдагаваць] Грамадзка-культурніцкая дзейнасьць
Бурбіс быў ня толькі выбітным грамадзка-палітычным дзеячам, але і таленавітым рэжысёрам, выканаўцам камэдыйных і драматычных роляў. Ён удзельнічаў у Першай беларускай трупе І.Буйніцкага, у Беларускім музычна-драматычным гуртку ў Вільні (у гуртку таксама бралі ўдзел браты Антон і Іван Луцкевічы). Перакладаў польскія, расейскія і ўкраінскія п'есы для пастановак на беларускай сцэне. Паставіў спэктаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Друкаваўся пад рознымі псэўданімамі ў Нашай ніве. У 1920 удзельнічаў у выданьні беларускамоўнай газэты ЦК Кампартыі Летувы й Беларусі — «Савецкая Беларусь». Уваходзіў у яе рэдкалегію.

