БелКА
БелКА (скарот ад Беларускі Касьмічны Апарат) — супольны беларуска-расейскі касьмічны праект, першы штучны спадарожнік Зямлі, які належыў Беларусі.
Першапачаткова запуск сатэліта быў заплянаваны на 5 сьнежня 2005 году, але пасьля яго перанесьлі на 26 ліпеня 2006. У красавіку 2005 году спадарожнік быў перавезены зь Менску ў Маскву ў навукова-вытворчае аб'яднаньне НВА «Энэргія». Наземны пункт прыёму інфармацыі зь беларускага сатэліта быў створаны ў Менску (прадугледжваліся запасныя пункты ў Маскве і Ханты-Мансійску), для гэтага ў Менску на адным з высотных будынкаў была ўсталявана радыё-люстра радыюсам 9 мэтраў.
Праект распачаўся ў 2003 годзе. Працы над стварэньнем спадарожніка былі часткова засакрэчаныя: створаная ў сыстэме Нацыянальнай Акадэміі Навук прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сыстэмы» ад кантактаў з прэсай устрымлівалася. Сярод галоўных функцыяў спадарожніка «БелКА» — інфармацыя для геадэзіі і картаграфіі, сачэньне за пажаранебясьпечнай сытуацыяй, забруджаньнем вады і навакольнага асяродзьдзя. Плянавалася, што дадзеныя са спадарожніку будуць выкарыстаныя Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях, Міністэрствам прыроды, Міністэрствам транспарту і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі структурамі.
Плянавалася, што сатэліт «БелКА» будзе лятаць на вышыні 510 кілямэтраў, аблятаючы за содні ўсю паверхню Зямлі, у тым ліку пралятаючы над Беларусьсю адзін раз за трое сутак. Здымкі, якія плянавалася атрымліваць са спадарожніка, павінны былі даць магчымасьць разглядаць аб'екты на зямной паверхні ў панхраматычным рэжыме з дакладнасьцю распазнаваньня ў 2-2,5 мэтры (адзін канал), або ў шматканальным рэжыме (4 каналы) з распазнаваньнем 10 мэтраў. Інакш кажучы, беларускі спадарожнік мог бы «заўважыць» наземныя аб'екты, якія маюць памер ад двух мэтраў. Плянаваўся таксама камэрцыйны продаж фотаздымкаў з арбіты.
Беларускі спадарожнік «БелКА», які меў прыкладную масу 200-250 кг, а таксама расейскі спадарожнік «Баўманец», плянавалася даставіць на касьмічную арбіту расейскай канвэрсійнай ракетай-носьбітам «Дняпро». Мінімальны тэрмін працы «БелКА» на арбіце — 5 гадоў.
Падчас пуску з касмадрому «Байканур» у Казахстане першы варыянт БелКА загінуў: ракета-носьбіт РС-20 «Дняпро», якая павінна была вывесьці апарат на калязямную арбіту, узарвалася.