Вустрыцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук

Ву́стрыцы (па-лацінску: Ostreidae), сямейства двухстворкавых малюскаў. Каля 50 відаў.

Вустрыца

Найбольш вядомая — вустрыца ядомая (Ostrea edulis). Даўжыня 9 — 42 см, маса да 50 г. Створкі ракавін, што ахопліваюць цела вустрыцы, несімэтрычныя: ніжняя — глыбокая, падобная на сподак, у ёй ляжыць цела, прырастаючы да сценак, верхняя — меншая, пляскатая, служыць нібыта вечкам. Унутры створкі злучаны мускулам-замыкальнікам. Жывуць пераважна ў цёплых і ўмераных морах, трымаюцца вялікімі скопішчамі, нерухомыя, прырастаюць да марскога дна. Хутка размнажаюцца.

Мяса мае своеасаблівы хімічны склад, які тлумачыць іх далікатны смак і танізуючае ўзьдзеяньне на нэрвовую сістэму. Мяса ўтрымлівае каля 7 — 14% бялку, 0,3 — 2,2% тлушчу, 6% вугляводу глікагену. 6 вустрыц агульнай вагай каля 100 г задавальняюць штодзённую патрэбу чалавека ў жалезе і медзі, каля паловы сутачнай нормы ёду, кальцыю, фосфару і 0,1 сутачнай нормы жывёльнага бялку, а таксама вітамінаў B1, B2 і PP.

Спажываюць, як правіла, жывымі — падаюць з лімонам у ракавінах на колатым лёдзе як закуску да шампанскага, каньякоў, сухіх і паўсухіх він; ракавіны спачатку прамываюць халоднай вадой і адкрываюць, выдаляюць верхнюю створку. Мяса на ніжняй створцы прамываюць кіпячонай вадой, падразаюць адмысловым нажом, аддзяляючы ад ракавіны, але пакідаючы на ёй. Выціскаюць на мяса лімонны сок (на 10 вустрыц — 1 лімон) і глытаюць цалкам, не разжоўваючы. Для гарачых страў вустрыцы пасьля мыйкі і выдаленьня створак адварваюць са спецыямі, цыбуляй і іншымі, або запякаюць у духавой шафе. Вустрыцы таксама смажаць, прыпускаюць, вараць супы і г. д. Прадаюць жывых, у выглядзе марожанага мяса, і ў кансервах (часам вэнджаных). Пры тэмпературы каля О° C вустрыцы могуць заставацца жывымі 10 — 15 дзён; пры тэмпературы ніжэй за −3° C яны гінуць. У мёртвых вустрыц створкі адчыняюцца, есьці іх нельга.

Нож для вустрыц

У кулінарыі вустрыцы вядомыя з антычнасці, у Рэчы Паспалітай з XVII стагодзьдзя, асабліва шырока распаўсюдзіліся ў магнацкім асяродзьдзі ў другой палове XVIII стагодзьдзя пад уплывам францускай моды, але ў кансэрватыўнай («сармацкай») часткі грамадзтва сустрэлі надзвычай негатыўны прыём, як і смаўжы, жабіны лапкі і іншыя. Аднак ня ўсе кансэрватары грэбавалі вустрыцамі, асабліва вызначаўся прыхільнасцю да іх Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, які часам звяртаўся па мэдычную дапамогу пасьля празьмернага спажываньня вустрыц. На славутым абедзе 1789 году ў гадавіну каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Крэўскай уніі 1385 году паміж ВКЛ і Польшчай Радзівіл пачаставаў караля і гасьцей некалькімі сотнямі паўміскаў вустрыц, хутка зьедзеных здзіўленай шляхтай, большасьць якой датуль ня мела магчымасьці пакаштаваць дарагі імпартны прадукт. У XIX стагодзьдзі вустрыцы, якіх масава вылоўлівалі па абодвух берагах Атлянтыкі, паступова зрабіліся адносна больш даступнымі для вышэйшых і сярэдніх класаў, у савецкія часы выйшлі з ужытку як атрыбут «эксплуататарскага» ладу жыцця і ў сувязі з рэзкім зьмяншэньнем колькасьці праз экстэнсіўную лоўлю. У наш час вустрыц усё больш разводзяць штучна (Японія, Францыя і іншыя краіны).

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Вустрыцысховішча мультымэдыйных матэрыялаў