Людвіг Міс ван дэр Раэ
| Людвіг Міс ван дэр Раэ | |
| Імя пры нараджэньні: | Ludwig Mies van der Rohe |
|---|---|
| Нарадзіўся: | 27 сакавіка 1886 Аахэн, Германская імпэрыя |
| Памёр: | 17 жніўня 1969 |
| Нацыянальнасьць: | |
| Заняткі: | архітэктура |
| Плынь: | мадэрнізм |
| Працы: | Шкляны дом, хмарачос Сітгрэм Білдзінг, хмарачос ІВМ Плаза |
Людвіг Міс ван дэр Раэ (па-нямецку: Ludwig Mies van der Rohe, нар. 27 сакавіка 1886 года ў Аахэне, пам. 17 жніўня 1969 года ў Чыкага) – выбітны нямецкі архітэктар-мадэрніст, прадстаўнік "інтэрнацыянальнага стылю", адзін з архітэктараў, якія вызначылі выгляд архітэктуры ХХ стагодзьдзя.
Біяграфія [рэдагаваць]
Людвіг Міс быў самым малодшым сынам архітэктара Міхаэля Міса (1851 – 1927 г.г.) і яго жонкі Амаліі Раэ (1843 – 1928 г.г.). У дзяцінстве працаваў у майстэрні бацькі, а з 1899 года вучыўся ў школе рамёстваў па спэцыяльнасьці цагельніка. У 1904 годзе прайшоў практытку ў архітэктурным бюро. У 1905 годзе Людвіг атрымаў працу ў майстэрні Бруна Паўля ў Бэрліне, а ў 1908 годзе яго прынялі ў бюро Пэтэра Бэрэнса дзе ён працаваў да 1912 года. У 1913 годзе ён ажаніўся з Адэ Брухн, і хутка ў іх нарадзіліся тры дачкі але ў 1926 годзе яны разьвяліся. Пад уплывам Бэрэнса Міс выпрацаваў уласны стыль, які спалучаў мажлівасьці сучасных матэрыялаў і клясыцызм у духу Карла Фрыдрыха Шынкля. Некаторы ўплыў на творчасьць Міса аказалі ў перакананьні канструктывістаў.
Пераломам у карьеры Міса было апублікаваньне чарцяжоў будынка які павінен быў быць пабудаваны на трохкутнай пляцоўцы ў Бэрліне. Наступныя радыкальныя мадэрнісцкія праекты доўгі час былі стандартамі тагачаснага праектаваньня.
У 1927 годзе разам Міс кіруе Міжнароднай выставай жытла ў Штутгарце, дзе распрацаваў генэральны плян узорнага паселішча Вайсэнхоф. Асноўным унёскам Міса ў праект стаў трохпавярховы дом, які адрозьніваўся ад звычайных праетаў тым, што ў ім можна было ствараць кватэры рознага памеру і формы. Кухні і ванныя пакоі разьмяшчаліся ў фіксаваным месцы кватэры, а ўся астатняя прастора дзялілася рухомымі перагародкамі (т. зв. “вольная пляніроўка”).
Як мастацкі дырэктар Веркбунду, Міс арганізаваў выставу гэтай архітэктурнай групы ў Штутгарце, а ў 1930 - 1932 г.г ён стаў дырэктарам Баўхаўзу. У гэта час ён спраектаваў некалькі прыватных дамоў.
У 1937 годзе, бачачы адсутнасьць інтарэсы да яго працы, а так сама не прымаючы парадкі нацысцкай Германіі, Міс пераехаў у ЗША. Пасьля кароткага наведваньня Германіі ў наступным годзе, зьвязанага з вырашэньне пытаньняў прыналежнасьці яго патэнтаў на мэблю, паступленьні ад якой сталі асноўнай крыніцай яго прыбытку, Міс застаўся ў ЗША на заўсёды. У Злучаных Штатах Міс пасяліўся ў Чыкага, дзе яму было прапанавана пасада кіраўніка Архітэктурнай Школы ў Ілінойскім Тэхналягічным інстытуце. Ён пагадзіўся заняць пасаду з умовай поўнай свабоды ў праектаваньні кампусу школы. У гэты час узьніклі некаторыя з яго найвядомейшых будынкаў, шматлікія зь якіх функцыянуюць і да нашых дзён.
Кіруючыся прынцыпам “меней – азначае болей” (Less is more), у “амэрыканскі” пэрыяд свайго жыцьця, Міс разьвівае канцэпцыю “унівэрсальнага“ будынку – вельмі простага па форме шклянога паралелепіпэда, паверхня якога падзелена паўтараючыміся стойкамі. Дзякуючы шырока ўжыванаму шклу, будынкі Міса атрымліваюцца вельмі сьветлымі – у адпаведнасьці з філязофіяй неатамізма, якую падзяляў Міс.
У 1944 годзе Міс прыняў амэрыканскае грамадзянства.
У 1946 – 1851 г.г. у Плэйна, Ілінойс, Міс будуе “Шкляны дом” (Фарнсуорт-Хауз) для доктара Эдзіт Фарнсуорт, вядомай жанчыны-хірурга. Дом прадстаўляе сабой шкляны белы каркас, які стаіць на прыўзьнятай на стойках над узроўнем разьліва вады пліце. Дом як быццам уздымаецца над паверхняй. У самім доме няма унутраных перагародак, ён складаецца з адзінага пакоя, поўнасьцю адкрытага на навакольны пэйзаж. Гэты дом быў абвешчаны помнікам архітэктуры Ілінойса, дзе ў нашы дні адчынены музэй.
Другім значным накірункам дзейнасьці Міса стала будаўніцтва хмарачосаў. Самым вядомым стаў пабудаваны ў 1958 годзе хмарачос Сітгрэм Білдзінг у Нью-Ёрку, які стаў прататыпам шматлікіх карпаратыўных офісаў па ўсяму сьвету.
Пасьля Сігрэма, у майстэрні Міса ствараюцца яшчэ некалькі хмарачосаў, сярод якіх ІВМ Плаза ў Чыкага і хмарачосы ў Таронта.
Адначасова Міс будуе высотныя жылыя дамы, якія амаль не адрозьніваюцца ад офісных будынкаў і значна адрозьніваюцца ад традыцыйнай цаглянай забудовы жылых раёнаў. Самым вядомым высотным шматкватэрным домам стаў будынак Лэйк Шор Драйв 860/880, які цяпер адносіцца да ліку славутасьцяў Чыкага.
У 1963 годзе прэзыдэнт Джон Кэнэдзі ўзнагародзіў яго Мэдалём Волі.
Апошняй буйной працай Міса стаў будынак Новай нацыянальнай Галерэі ў Заходнім Бэрліне, які быў пабудаваны ў 1968 годзе.
Людвіг Міс ван дэр Раэ памёр 17 жніўня 1969 года ў Чыкага.
Спасылкі [рэдагаваць]
Людвіг Міс ван дэр Раэ — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў