Шчарбіны (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шчарбіны
трансьліт. Ščarbiny
Першыя згадкі: 1683 год
Былыя назвы: Шчарбіны альбо Жыжэнкі (Жыжэмкі), хутар Жыжэмскі альбо Маркевічаўскі[a]
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская вобласьць
Раён: Брагінскі раён
Сельсавет: Астраглядаўскі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2344
СААТА: 3203846056
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′41″ пн. ш. 30°10′30″ у. д. / 51.79472° пн. ш. 30.175° у. д. / 51.79472; 30.175Каардынаты: 51°47′41″ пн. ш. 30°10′30″ у. д. / 51.79472° пн. ш. 30.175° у. д. / 51.79472; 30.175
Шчарбіны на мапе Беларусі
Шчарбіны
Шчарбіны
Шчарбіны

Шчарбіны — былая вёска ў Астраглядаўскім сельсавеце Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 7 км на захад ад Брагіна, 20 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 126 км ад Гомля.

Транспартная сетка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Хвойнікі. Пляноўка складалася з кароткай просталінейнай шыротнай вуліцы, забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Сьвяты Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[b].

Найбольш раньняя згадка пра хутар Шчарбіны (futor Szczerbiny) сустрэтая пакуль што ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў Кіеўскага ваяводзтва 1683 году[c]. Належаў да włości Choynickiej князя Канстанціна Яна Шуйскага. Якая сума выплачвалася зь яго аднаго дыму ня ўказана[4].

Жыхары хутара Жыжэнкі (Шчарбіны) і іх плацёжныя павіннасьці ў 1698, 1716, 1721 гг.

Наступная зьвестка ў інвэнтары Астраглядаўскага маёнтку пазначана 1698 годам, калі добры перадаваліся князем Дамінікам Шуйскім у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце. Тады гаспадар хутара Жыжэнкі ўрочнік Сава Шчарбіна выплачваў чыншу 15 злотых, а іншыя павіннасьці выконваў «iako y w Wielkim Boru», г. зн. – па 3 дні на розных працах што да паншчыны і яшчэ падводная павіннасьць. Паводле рэвізіі Хвойніцкага маёнтку, учыненай у 1716 годзе, гаспадар Кузьма Жыжэнка, акрамя 1 бельца мёду, выплачваў 4 злотыя і 15 грошаў чыншу, а нехта Лаўрыновіч[d], што таксама карыстаўся грунтам у Жыжэнках, плаціў 10 злотых. Згодна з інвэнтаром маёнтку Хвойнікі cum attinentiis (з прылегласьцямі) ад 20 сакавіка 1721 году, пададзенага былым пасэсарам ксяндзом Юзафатам Парышэвічам, біскупам валоскім, князю Мікалаю, сыну Дамініка, Шуйскаму, гаспадары хутара Жыжэмкі Кузьма Жыжэмка і Самуіл Грэгарэнка (Hrehorenko), акрамя дзякла, выплачвалі адпаведна 5 злотых чыншу, паўтары бельцы даніны мядовай і 5 злотых чыншу[5].

У тарыфе 1754 году вёска, па-ранейшаму прыналежная да Хвойніцкага маёнтку, зноў згаданая пад назвай Шчарбіны (wieś Szczerbiny). Зь яе 7 двароў (×6 — каля 42 жыхароў) «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотыя і 6 грошаў[6].

Габрэйскія перапісы засьведчылі пражываньне ў Шчарбінах у 1778 годзе 2 чалавек (głow), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, што належалі да Хвойніцкага кагалу, а ў 1784 годзе хрысьціяніна, які пагалоўшчыне не падлягаў[7].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб уласны роду Прозараў.
Шчарбіны на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шчарбіны — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 году 9 двароў хутара Шчарбіны з 39 душамі мужчынскага і 36 жаночага полу сялян пажыцьцёва трымаў ад абозных Прозараў пан Юзаф, сын Міхала, Букаты Ельскі[e], а эканомам у яго на той час названы Ян, сын Базыля, Віславух[9].

Згодна з шляхецкай рэвізіяй 1811 года, 70-гадовы ротмістар польскай службы Юзаф Букаты працягваў трымаць у заставе ад дзедзічных уладальнікаў паноў Прозараў фальварак Шчарбіны і аднайменную вёску з 36 душамі падданых мужчынскага полу[10].

З інвэнтару Хвойніцкага маёнтку, якім у 1844 годзе валодаў Уладыслаў, сын Караля, Прозар, вынікае, што да фальварку Маратон належалі вёскі Дуброўнае з 21 дваром і Шчарбіны з 15 дварамі[11].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 82 жыхароў абодвух полаў вёскі Шчарбіны зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Троіцкай царквы ў Астраглядавічах, а 6 мужчын і 3 жанчыны з фальварку Шчарбіны былі парафіянамі Астраглядавіцкага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[12]

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцескага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Шчарбіны ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].

У 1931 годзе арганізаваны калгас. У 1959 годзе Шчарбіны ўваходзілі ў склад калгасу «Чырвоная ніва» (цэнтар — вёска Буркі).

Пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджваньня жыхары пераселены ў чыстыя месцы. У 2005 годзе вёска была выключана са зьвестак па ўліку населеных пунктаў[14].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1850 год — 15 двароў, 91 жыхар.
  • 1897 год — 26 двароў, 131 жыхар (паводле перапісу).
  • 1908 год — 29 двароў, 171 жыхар.
  • 1930 год — 48 двароў, 297 жыхароў.
  • 1959 год — 338 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1980-я гады — жыхары пераселеныя.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У гэтым жа месцы ў запісе, датаваным 24 красавіка 1752 г., названы «хутар Тышоўскі на грунце Маркевічаўскім», аддадзены ў заставу за 3 000 польскіх злотых Ігнацыем і Людвікай са Збароўскіх Шуйскімі панам Шчыпілам[1]. Цікава, што сярод зямянаў, якія былі «na wsłudze» ў князёў Шуйскіх у 1698, 1716, 1721 гг., названы Стэфан Маркевіч, а ў 1716 г. — Ян Тышкевіч «na czynszu»[2]. Напэўна, гэта асабіста вольныя людзі, што зь нейкіх прычынаў страцілі бацькоўскія землі...
  2. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  3. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[3]
  4. ^ Імаверна, з шляхты.
  5. ^ У тэксьце чамусьці запісана: Бельскі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 7. S. 2
  2. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 126, 132, 142
  3. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
  4. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  5. ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 127, 132адв., 142
  6. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
  7. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391
  8. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  9. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 262—263адв. Спр. 181. А. 231; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  10. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 4
  11. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 13etc.
  12. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 700
  13. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  14. ^ Решение Гомельского областного исполнительного комитета 20 января 2005 г. № 29 Об исключении из данных по учёту и регистрации административно-территориальных единиц населённых пунктов Брагинского, Добрушского, Кормянского и Наровлянского районов

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]