Ярамір Ягр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ярамір Ягр
Jaromir Jagr - New Jersey Devils.jpg
Рост 191 см
Вага 100 кг
Пазыцыя Правы нападнік
Кідок левы
Дата нараджэньня 15 лютага 1972
Месца нараджэньня Кладна, Чэхаславаччына
Клюб
Былыя клюбы
Нью-Джэрзі Дэвілз
Нацыянальная зборная Чэхія  
Чэхаславаччына
Драфт НХЛ 5-ы, 1990
Пітсбург Пінгвінз
Гульнявая кар’ера 1988 — цяпер

Я́рамір Ягр (па-чэску: Jaromír Jágr, ˈjaromiːr ˈjaːɡr̩; * 15 лютага 1972, Кладна, Чэхаславаччына) — чэскі хакейны правы нападнік, гулец клюбу Нацыянальнай хакейнай лігі «Нью-Джэрзі Дэвілз». Самы прадуктыўны эўрапейскі гулец у НХЛ, лічыцца адным з найвыбітнейшых прафэсійных хакеістаў усіх часоў.

Гульнявую кар’еру пачаў на радзіме ў 1988 року, але ўжо ў 1990 быў задрафтаваны пад 5-м нумарам клюбам «Пітсбург Пінгвінз» (з драфту 1990 року, акрамя яго, дагэтуль працягвае кар’еру толькі Марцін Брадэр). Ягр выйграваў Кубак Стэнлі ў 1991 і 1992 сэзонах з «Пінгвінамі», пяць разоў (чатыры разы запар) — трафэй Арта Роса, тройчы — ўзнагароду Лэстэра Пірсана і аднойчы — мэмарыяльны трафэй Гарта, прычым яшчэ чатыры разы станавіўся ягоным фіналістам.

Ярамір Ягр — уладальнік найбольшае колькасьці трафэяў Арта Роса сярод не-канадцаў. Таксама ён адзін з 25 гульцоў, якія складаюць «залатую хакейную тройку» як пераможца Кубку Стэнлі (1991, 1992), чэмпіянату сьвету (2005, 2010) і Алімпіяды (1998). У «залатую тройку», акрамя Ягра, уваходзіць яшчэ адзін чэскі хакеіст — Іржы Шлегр[1].

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягр пачаў катацца на каньках у трохгадовым узросьце і адразу ж стаў паказваць выдатныя здольнасьці. У 16 гадоў ён выступаў на найвышэйшым узроўні ў Чэхаславаччыне за клюб «Кладна».

Клюбная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пітсбург Пінгвінз (1990—2001)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягр стаў першым задрафтаваным клюбам НХЛ чэхаславацкім хакеістам, якому не давялося дзеля гэтага зьбягаць на Захад, паколькі ў гэты час Жалезная заслона ўжо развальвалася[2]. Таму пасьля свайго драфту Ярамір Ягр адразу пераехаў у Паўночную Амэрыку, дзе дапамог «Пінгвінам» двойчы запар заваяваць Кубак Стэнлі 1991 і 1992 рокаў. У 20-гадовым узросьце ён стаў адным з наймаладзейшых гульцоў у гісторыі НХЛ, якія закідалі шайбы ў фінале Кубку Стэнлі.

У сэзоне 1994—1995 Ягр атрымаў свой першы трафэй Арта Роса як найлепшы бамбардзір (32 шайбы + 38 перадачаў). У наступным року Ягр устанавіў рэкорд сярод эўрапейскіх гульцоў па колькасьці пунктаў (149, 62 + 87), непераўзыдзены дагэтуль. Паказьнікі па голах і пасах у 1995—96 застаюцца рэкорднымі сярод правых скрайніх нападнікаў. Пасьля пераходу Рона Фрэнсіса ў Караліну Гарыкейнз па сканчэньні сэзону 1997—1998 Ярамір Ягр стаў капітанам Пінгвінаў. Чатыры сэзоны запар (з 1997-98 да 2000-01) Ягр станавіўся найлепшым бамбардзірам НХЛ. У 1999 атрымаў мэмарыяльны трафэй Гарта як найкаштоўнейшы гулец, а таксама ўзнагароду Лэстэра Пірсана. Акрамя таго, зь ім зборная Чэхіі атрымала залатыя мэдалі Алімпіяды ў Нагана.

30 сьнежня 1999 у матчы зь «Нью-Ёрк Айлэндэрс» Ягр усталяваў свой асабісты рэкорд за гульню, закінуўшы 3 шайбы і аддаўшы 4 перадачы. Пазьней ён паўтарыў гэты вынік 11 студзеня 2003, гуляючы за «Вашынгтон» супраць «Флорыды Пантэрз».

Сэзон 2000-01 складаўся для Ягра няпроста, да таго ж яго крытыкавалі за ўплыў на галоўнага трэнэра Івана Глінку[3]. Каб дапамагчы клюбу і ў прыватнасьці свайму вучню, у склад Пінгвінаў нават вярнуўся Марыё Лем’ё, аднак паміж двума супэрзоркамі зьявілася напружаньне: Ягр быў капітанам, а большасьць фанаў лічылі Лем’ё талісманам каманды. Да таго ж бюджэт «Пінгвінаў» болей не дазваляў плаціць Ягру ранейшы заработак. 11 ліпеня 2001 Ярамір Ягр і Францішак Кучэра былі абмененыя ў «Вашынгтон Кэпіталз» на Крыча Біча, Міхала Сівэка і Роса Лупашчука.

Ярамір правёў за «Пітсбург» 806 гульняў, стаўшы другі «пінгвінам» пасьля Лем’ё, якія пераадолелі адзнаку 1000 набраных пунктаў. Па ўсіх атакуючых паказьніках «пінгвінаў» Ягр займае другое месца пасьля Лем’ё, за выняткам сярэдняе колькасьці пунктаў за гульню, дзе яго абышоў яшчэ Сыдні Кросьбі.

Вашынгтон Кэпіталз (2001—2004)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы клюб падпісаў зь Ярамірам Яграм найбуйнейшы на той час кантракт у гісторыі НХЛ — $77 мільёнаў на 7 гадоў зь сярэднім заработкам $11 мільёнаў за год і магчымасьцю працягу на восьмы год. Аднак Ягр не апраўдаў чаканьняў, і «Сталічнікі» ня здолелі адстаяць свой тытул у дывізіёне ды ня выйшлі ў плэй-оф—2002. Упершыню за час выступаў за «Вашынгтон» Ягр ня трапіў ані ў сьпіс найлепшых бамбардзіраў, ані ў пасьлясэзоньне, ані ў каманду ўсіх зорак. Улетку 2002 кампанію Ягру склаў былы партнэр па зьвяне Робэрт Ланг. У наступным сэзоне «Вашынгтон» стаў 6-м ва Ўсходняй канфэрэнцыі, аднак у першым коле плэй-офу саступіў «Тампе Бэй Лайтнінг».

Гэта змусіла «сталічнікаў» пачаць распродаж сваіх дарагіх гульцоў, прычым ня толькі дзеля скарачэньня выдаткаў, аднак і як прызнаньне таго, што стаўка на высокааплатных вэтэранаў правалілася. Аднак цягам 2003 клюб ня здолеў абмяняць Ягра, паколькі ніякая каманда за год да падпісаньня новай дамовы пра калектыўныя дагаворы ў НХЛ не наважвалася плаціць гульцу $11 мільёнаў.

23 студзеня 2004 ён быў абменены ў «Нью-Ёрк Рэйнджэрз» замест Энсана Картэра пры ўмове, што «Вашынгтон» штогод будзе аплочваць ад $4 да $4,5 мільёнаў заработку Ягра. Акрамя таго, Ярамір пагадзіўся на зьмяншэньне штогадовых выплатаў на 1 мільён пры ўмове, што яны будуць выплачаныя пазьней з адсоткамі[4].

Нью-Ёрк Рэйнджэрз (2004—2008)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягр у складзе «Рэйнджэрз» у плэй-оф 2008 року

Аднак пасьля падпісаньня новае дамовы пра калектыўныя дагаворы Яграў заработак быў зьменшаны да $7,8 мільёнаў, паколькі гэткі максымум быў усталяваны дамовай.

Падчас працоўнага лякаўту 2004—2005 хакеіст гуляў за чэскі «Кладна» і расейскі «Авангард Омск». На чэмпіянаце сьвету 2005 року ў Аўстрыі Ярамір Ягр ізноў прывёў зборную Чэхіі да перамогі і стаў найлепшым гульцом чэмпіянату. Гэтая перамога дазволіла яму ўвайсьці ў прэстыжную «залатую хакейную тройку» гульцоў, якія выйгравалі Кубак Стэнлі, Чэмпіянат сьвету і Алімпійскія гульні.

«Нью-Ёрк Рэйнджэрз», які дагэтуль 7 гадоў не трапляў у плэй-оф НХЛ, а перад сэзонам распрадаў дорагааплатных вэтэранаў, якія былі касьцяком складу, ды яшчэ пазбавіўся шматгадовага капітана Марка Мэсье, ацэньваўся спэцыялістамі найгоршым клюбам лігі. Ярамір Ягр з гэтым не пагадзіўся і на пачатку сэзону паказаў уражвальныя вынікі, стаўшыся чацьвертым гульцом у гісторыі НХЛ, якія забілі 10 і болей галоў у 10 гульнях з пачатку сэзону. Лідэрства Ягра дазволіла «Рэйнджэрам» нарэшце трапіць у плэй-оф кубку Стэнлі, аднак праз траўмы Ягра й іншых хакеістаў клюб вылецеў у першым коле супраць адвечных супернікаў зь «Нью-Джэрзі Дэвілз».

2 сакавіка 2006 Ягр зарабіў свой 1400-ы пункт у гульні зь «Філядэльфіяй Флаерз». Гэта вывела яго на другое месца сярод усіх эўрапейскіх гульцоў у гісторыі НХЛ. Пазьней ён пераўзышоў Стэна Мікіту і стаў лідэрам усіх часоў.

18 сакавіка 2006 у матчы з «Таронта Мэйпл Ліфс» Ягр стаў шостым гульцом «Рэйнджэрз», які пераўзышоў 100-пунктавы бар’ер і стаў у іхнім складзе першым правым нападнікам, які зарабіў 100 пунктаў за адзін сэзон.

27 сакавіка 2006 у матчы з «Бафала Сэйбрз» Ягр закінуў шайбу і аддаў перадачу, паўтарыўшы рэкорд сярод гульцоў «Рэйнджэрз» па колькасьці закінутых шайбаў за сэзон, устаноўлены ў 1993—1994 роках Адамам Грэйвзам — 52 галы, — і рэкорд па колькасьці заробленых пунктаў за сэзон — 109 (Жан Ратэль, 1971—72). Праз два дні, 29 сакавіка 2006, Ярамір Ягр аддаў галявы пас у гульні зь «Нью-Ёрк Айлэндэрз» і абышоў Жана Ратэля, а 8 красавіка супраць «Бостан Бруінз» пераўзышоў і рэкорд па колькасьці шайбаў за сэзон.

Ягр на шоў узнагароджаньня НХЛ 2006

Лідзіруючы ў лізе па колькасьці пунктаў і шайбаў у 2005—2006, Ягр у апошні тыдзень сэзону саступіў па абодвух паказьніках гульцам «Сан-Хасэ Шаркс» і фінішаваў з вынікам 123 пункты, 54 галы, 24 галы ў большасьці — другімі ў лізе. Акрамя таго, ён заняў трэція месцы па колькасьці перадачаў (69) і +/- (+34). Аднак у першым матчы плэй-оф Ярамір атрымаў траўму пляча, а клюб вылецеў у першым жа коле пасьля чатырох гульняў зь «Нью-Джэрзі». Гульцу давялося перанесьці апэрацыю на плячы[5].

Нягледзячы на тое, што Ярамір Ягр саступіў Джо Торнтану ў барацьбе за трафэі Арта Роса і Гарта, Ягр у трэці раз атрымаў узнагароду Лестэра Пірсана як выбітны гулец лігі і трапіў у сямёрку ўсіх зорак.

5 кастрычніка 2006, перад першай гульнёй наступнага сэзону, Ягр стаў 24-м капітанам «Нью-Ёрк Рэйнджэрз», замяніўшы Марка Мэсье. У першы ж выхад на пляцоўку, праз 30 сэкундаў ад пачатку гульні, Ягр закінуў шайбу ў браму «Кэпіталз».

19 лістапада 2006 Ярамір закінуў сваю 600-ю шайбу ў НХЛ, стаўшыся 16-м такім гульцом у гісторыі лігі. Праз тры тыдні ягоны калега па зьвяне Брэндан Шэнаган паўтарыў гэты вынік, і яны ўвайшлі ў гісторыю першымі аднаклюбнікамі, хто дасягнулі 600-галявога паказьніку ў адным і тым жа сэзоне.

10 лютага 2007 супраць «Вашынгтон Кэпіталз» Ягр зарабіў галявую перадачу і дасягнуў адзнакі 1500 пунктаў за кар’еру. Толькі 12 гульцоў дасягалі гэтае адзнакі; акрамя таго, ён стаў сярод іх чацьвертым па хуткасьці дасягненьня пасьля Марсэля Дыёна, Марыё Лем’ё і Ўэйна Грэцкага.

5 красавіка ў матчы з «Манрэаль Канадыенз» Ягр закінуў сваю 30-ю шайбу ў сэзоне, адзначыўшы 15 сэзонаў запар з такім ці большым паказьнікам шайбаў. Дагэтуль такі рэкорд трымаў толькі Майк Гартнэр.

У чвэрцьфінале Ўсходняе канфэрэнцыі «Нью-Ёрк Рэйнджэрз» на чале з капітанам выбілі з розыгрышу «Атланту Трэшэрз», аднак у паўфінале саступілі «Бафала Сэйбрз» пасьля шасьці гульняў.

14 лістапада 2007 зь Нью-Джэрзі Ягр закінуў 4-ю шайбу новага сэзону на стадыёне Prudential Center у Ньюарку, стаўшы такім чынам першым гульцом, які забіваў на 53 розных арэнах НХЛ.

Авангард Омск (2008—2011)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 ліпеня 2008 Ягр, які ўпершыню ў кар’еры апынуўся вольным агентам, быў праінфармаваны генэральным мэнэджэрам «Рэйнджэраў» Гленам Сатэрам пра тое, што клюб надалей зьбіраецца абысьціся безь ягоных паслугаў. Ягр выказаў жаданьне скончыць кар’еру ў клюбе свайго бацькі, «Кладне»[6]. 4 ліпеня ён заключыў двухгадовую ўгоду з омскім «Авангардам» з Кантынэнтальнай хакейнай лігі[7]. 30 студзеня 2009 Ярамір стаў капітанам омскага клюбу.

Хоць гулец і выказваў жаданьне вярнуцца ў НХЛ, і нават называў клюб, у якім ён бы мог выступаць — «Эдмантан Ойлерз», — аднак па сканчэньні кантракту з «Авангардам» Ягр працягнуў яго на наступны сэзон[8].

Філядэльфія Флаерз (2011—2012)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ярамір Ягр у складзе «Флаерз» (2011)

1 ліпеня 2011 Ярамір Ягр вярнуўся ў Паўночную Амэрыку і заключыў аднагадовы кантракт на $3,3 мільёны зь «Філядэльфіяй Флаерз», заўзятым супернікам свайго першага клюбу[9]. У сваёй дэбютнай гульні 6 кастрычніка 2011 за новы клюб Ягр зарабіў 1600-ы пункт, аддаўшы галявы пас на Клёда Жыро. У зьвяне з Жыро і Скотам Гартнэлам Ягр уваходзіў у сьпіс найлепшых бамбардыраў на пачатку сэзону. 29 кастрычніка 2011 ён закінуў сваю 650-ю і 651-ю шайбу ў НХЛ[10]. Па выхадзе клюбу ў плэй-оф Ягр забіў толькі адну шайбу ў сэрыі зь «Пітсбургам», а пазьней «Філядэльфія» саступіла «Нью-Джэрзі Дэвілз».

Далас Старз (2012—2013)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 ліпеня 2012 Ягр заключыў з «Далас Старз» гадавы кантракт, які па паведамленьнях абышоўся клюбу ў $4,5 мільёны. Упершыню ў кар’еры Ягр выступаў за клюб Заходняе канфэрэнцыі НХЛ.

У часе лякаўту сэзону 2012—2013 рокаў Ягр вяртаўся ў свой родны клюб «Рыцары Кладна», у якім закінуў 24 шайбы і аддаў 33 перадачы ў 34 гульнях, і на момант сыходу ў «Далас» займаў другое месца ў сьпісе бамбардзіраў Чэскай экстралігі. Дэбют у складзе «зорак» адбыўся па сканчэньні лякаўту, 19 студзеня 2013, і ён у гэтым матчы закінуў у браму «Фінікс Каётыз» дзьве шайбы і аддаў дзьве перадачы[11].

29 сакавіка 2013 у матчы супраць «Мінэсоты Ўайлд» Ягр перасягнуў адзнаку ў 1000 галявых перадачаў, стаўшы 12-м падобным гульцом і першым не-канадцам[12].

Бостан Бруінз (2013)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе «Бруінз» падчас фіналу Ўсходняе канфэрэнцыі-2013

2 красавіка 2013 Ягр быў абменены ў «Бостан Бруінз» на двух гульцоў фарм-клюбу(en) і права выбару на драфце[13]. 4 красавіка ў дэбютным матчы ён забіў адзіны гол у браму «Нью-Джэрзі Дэвілз»[14]; пасьля сваёй другой шайбы ў складзе «Бруінз», першай у перамозе 3:0 над «Флорыдай Пантэрз» 21 красавіка 2013, Ягр зраўняўся па колькасьці пераможных шайбаў у матчах НХЛ з колішнім гульцом «Бруінзаў» Філам Эспазыта[15].

Выйшаўшы на лёд у першай гульні фіналу Кубку Стэнлі 2013 року, Ярамір Ягр усталяваў новы рэкорд па найдаўжэйшым перапынку паміж гульнямі ў фіналах — 21 год, пабіўшы папярэдні рэкорд у 19 гадоў, усталяваны Гэры Робэртсам у 2008[16]. Пасьля паразы ад «Чыкага Блэкгокс» «Бостан» паведаміў, што не зьбіраецца працягваць дачыненьні зь Яграм[17].

Нью-Джэрзі Дэвілз (з 2013)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 ліпеня 2013 Ягр падпісаў гадавы кантракт зь «Нью-Джэрзі Дэвілз», спадзеючыся ў новым клюбе замяніць Ільлю Кавальчука. Першы свой гол за «Нью-Джэрзі» забіў 7 кастрычніка 2013, у 23-ю гадавіну свайго першага голу ў НХЛ, які, што цікава, быў акурат у браму «Дэвілаў».

21 лістапада 2013 Ягр зраўняўся з Гордзі Гоў па колькасьці пераможных шайбаў — 121, а па колькасьці закінутых агулам шайбаў (690) выйшаў на 9-е месца (разам з былым паплечнікам Марыё Лем’ё) сярод бамбардыраў усіх часоў[18]. 20 сьнежня 2013 ён закінуў 693-ю шайбу і пераўзышоў Стыва Айзэрмана[19], празь дзень зраўняўся з Маркам Мэсье з 694 шайбамі[20], а ў студзені 2014 року пераўзышоў і яго[21]. 1 сакавіка 2014 Ягр забіў 700-ы гол у НХЛ[22]. 8 красавіка 2014, перад сканчэньнем сэзону, Ягр быў названы найбольш каштоўным гульцом Нью-Джэрзі ў сэзоне. У апошняй гульні «д’яблаў» Ярамір Ягр зрабіў дзьве перадачы і такім чынам пераўзышоў Гордзі Гоў ў сьпісе найлепшых пасуючых НХЛ усіх часоў ды падзяліў шостае месца з Стывам Айзэрманам (1755 пунктаў)[23]. Па выніках сэзону Ягр стаў найлепшым бамбардырам у складзе клюбу ды ўпершыню пасьля сэзону 2007—2008 рокаў паказаў асабістыя лепшыя вынікі. Пасьля такога выступу «Нью-Джэрзі» вырашыў працягнуць зь ім кантракт на наступны сэзон[24].

Міжнародная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спартовыя ўзнагароды
Jágr during the 2010 Winter Olympics in Vancouver
Алімпійскія гульні
Золата Нагана 1998 Чэхія
Бронза Турын 2006 Чэхія
Кубак сьвету
Бронза Кубак сьвету 2004 Чэхія
Чэмпіянат сьвету
Золата Вена 2005 Чэхія
Золата Кёльн 2010 Чэхія
Бронза Бэрн 1990 Чэхаславаччына
Бронза Браціслава 2011 Чэхія
Юніёрскі чэмпіянат сьвету
Бронза Фінляндыя 1990 Чэхаславаччына
Юніёрскі чэмпіянат Эўропы
Срэбра Кіеў 1989 Чэхаславаччына
Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў
Золата Санкт-Пецярбург 2005 Авангард Омск

У зборнай Чэхіі хакеіст дэбютаваў у 1994 року, далучыўшыся да зборнай разам з Марцінам Стракам у разгары чэмпіянату сьвету. Аднак пакуль Ягр здолеў уліцца ў каманду, зборная Чэхіі саступіла свой чвэрцьфінальны матч. Таксама ён ня здолеў апраўдаць чаканьняў і на Кубку сьвету-1996, бо быў аслаблены грыпам. Каманда ў цэлым таксама выступіла нездавальняюча, саступіўшы 3:7 фінам, 0:3 — швэдам і нават слабейшым немцам — 1:7 — ды ня здолеўшы выйсьці ў плэй-оф.

Але ўсё гэта забылася, калі на Алімпіядзе ў Нагана зборная Чэхіі заваявала залатыя мэдалі. Гэтая перамога стала толькі трэцім залатым мэдалём чэхаславацкіх/чэскіх спартоўцаў на зімовых алімпіядах і таму дагэтуль цёпла згадваецца.

Ягр прапусьціў чэмпіянаты сьвету 1996, 1999, 2000 і 2001 року, на якім Чэхія заваявала золата. Ён выступаў на Чэмпіянаце сьвету 2004 року ў Празе, дзе гаспадары спадзяваліся на перамогу, выйгралі ўсе матчы ў групе, аднак саступілі ў чвэрцьфінале.

Нарэшце ў 2005 року Ярамір Ягр здолеў стаць чэмпіёнам сьвету са зборнай. Нягледзячы на пералом пальцу ў адной зь першых гульняў супраць Нямеччыны, ён працягнуў абараняць колеры нацыянальнай каманды Чэхіі з павязкаю.

Праз год на зімовай Алімпіядзе ў Турыне Ярамір зноў атрымаў траўму ў гульні супраць Фінляндыі: Ярка Руўту расьсёк яму брыво, аднак траўма апынулася не такою страшнай, як сьпярша здавалася, і хакеіст працягнуў гуляць з зашытай ранай. У гульні за трэцяе месца Ягр атрымаў пашкоджаньне цягліцы і ня здолеў завяршыць матч, але тым ня меней атрымаў бронзавы мэдаль. На наступнай Алімпіядзе Ярамір Ягр быў сьцяганосьцам Чэхіі; тут хакеісты зборнай занялі сёмае месца пасьля паразы ад Фінляндыі ў чвэрцьфінале.

На Алімпіядзе 2014 року ў Сочы Ягр забіў дзьве шайбы і аддаў адну перадачу ў пяці гульнях. Зборная Чэхіі ізноў вылецела ў чвэрцьфінале.

Пасьля паразы ад зборнай Швэцыі ў матчы за трэцяе месца на Чэмпіянаце сьвету-2014 у Менску Ярамір Ягр абвясьціў пра сканчэньне выступаў за зборную, каб сканцэнтравацца на кар’еры ў клюбе «Нью-Джэрсі Дэвілз».

У цэлым выступы Яраміра Ягра на міжнацыянальным узроўні варта прызнаць менш пасьпяховымі, чым у Нацыянальнай хакейнай лізе.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам усёй сваёй кар’еры Ярамір носіць хакейную вопратку з нумарам 68 у гонар падзеяў у Чэхаславаччыне ў 1968 року і дзядулі, які памёр тады ж у турме.

Бацька хакеіста, таксама Ярамір, валодае сеткай гатэляў у Чэхіі.

Падчас міжсэзоньня Ярамір жыве ў Чэхіі, дзе з 2011 року валодае клюбам Кладна[25][26].

Ягр — праваслаўны хрысьціянін; у 2001 хрысьціўся ў праскага мітрапаліта[27].

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэгулярныя сэзоны і плэй-оф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэгулярны сэзон Плэй-офы
Сэзон Клюб Ліга Гульняў Г П Пт Ш Гульняў Г П Пт Ш
1984—1985 Моладзевы клюб Кладна Чэх-мол. 34 24 17 41  —
1985—1986 Моладзевы клюб Кладна Чэх-мол. 36 41 29 70
1986—1987 Моладзевы клюб Кладна Чэх-мол. 30 35 35 70
1987—1988 Моладзевы клюб Кладна Чэх-мол. 35 57 27 84
1988—1989 Кладна Чэх 29 3 3 6 4 10 5 7 12 0
1989—1990 Кладна Чэх 42 22 28 50 9 8 2 10
1990—1991 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 80 27 30 57 42 24 3 10 13 6
1991—1992 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 70 32 37 69 34 21 11 13 24 6
1992—1993 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 81 34 60 94 61 12 5 4 9 23
1993—1994 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 80 32 67 99 61 6 2 4 6 16
1994—1995 Кладна Чэх 11 8 14 22 10
1994—1995 Бальцана Іта 6 8 8 16 4
1994—1995 Шалькер Шаркс Ням.2 1 1 10 11 0
1994—1995 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 48 32 38 70 37 12 10 5 15 6
1995—1996 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 82 62 87 149 96 18 11 12 23 18
1996—1997 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 63 47 48 95 40 5 4 4 8 4
1997—1998 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 77 35 67 102 64 6 4 5 9 2
1998—1999 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 81 44 83 127 66 9 5 7 12 16
1999—2000 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 63 42 54 96 50 11 8 8 16 6
2000—2001 Пітсбург Пінгвінз НХЛ 81 52 69 121 42 16 2 10 12 18
2001—2002 Вашынгтон Кэпіталз НХЛ 69 31 48 79 30  —  —  —  —
2002—2003 Вашынгтон Кэпіталз НХЛ 75 36 41 77 38 6 2 5 7 2
2003—2004 Вашынгтон Кэпіталз НХЛ 46 16 29 45 26
2003—2004 Нью-Ёрк Рэйнджэрз НХЛ 31 15 14 29 12
2004—2005 Кладна Чэх 17 11 17 28 16
2004—2005 Авангард Омск РХЛ 32 16 22 38 63 11 4 10 14 22
2005—2006 Нью-Ёрк Рэйнджэрз НХЛ 82 54 69 123 72 3 0 1 1 2
2006—2007 Нью-Ёрк Рэйнджэрз НХЛ 82 30 66 96 78 10 5 6 11 12
2007—2008 Нью-Ёрк Рэйнджэрз НХЛ 82 25 46 71 58 10 5 10 15 12
2008—2009 Авангард Омск КХЛ 55 25 28 53 62 9 4 5 9 4
2009—2010 Авангард Омск КХЛ 51 22 20 42 50 3 1 1 2 0
2010—2011 Авангард Омск КХЛ 49 19 31 50 48 14 2 7 9 8
2011—2012 Філядэльфія Флаерз НХЛ 73 19 35 54 30 11 1 7 8 2
2012—2013 Кладна Чэх 34 24 33 57 28
2012—2013 Далас Старз НХЛ 34 14 12 26 20
2012—2013 Бостан Бруінз НХЛ 11 2 7 9 2 22 0 10 10 8
2013—2014 Нью-Джэрзі Дэвілз НХЛ 82 24 43 67 46
Агулам у Чэх 133 68 95 163 50 19 13 9 22 0
Агулам у РХЛ/КХЛ 187 82 102 184 223 37 11 30 41 34
Агулам у НХЛ 1473 705 1050 1755 1005 202 78 121 199 159

Міжнародная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рок Каманда Спаборніцтва Вынік Гульняў Г П Пт Ш
1989 Чэхаславаччына ЧЭЮ 2 5 8 4 12 2
1990 Чэхаславаччына ЧСЮ 3 7 5 13 18 6
1990 Чэхаславаччына ЧС 3 10 3 2 5 2
1991 Чэхаславаччына КК 6 5 1 0 1 0
1994 Чэхія ЧС 7 3 0 2 2 2
1996 Чэхія КС 8 3 1 0 1 2
1998 Чэхія АГ 1 6 1 4 5 2
2002 Чэхія АГ 7 4 2 3 5 4
2002 Чэхія ЧС 5 7 4 4 8 2
2004 Чэхія ЧС 7 5 4 9 6
2004 Чэхія КС 3 5 1 1 2 2
2005 Чэхія ЧС 1 8 2 7 9 2
2006 Чэхія АГ 3 8 2 5 7 6
2009 Чэхія ЧС 6 7 3 6 9 0
2010 Чэхія АГ 7 5 2 1 3 6
2010 Чэхія ЧС 1 9 3 4 7 12
2011 Чэхія ЧС 3 9 5 4 9 4
2014 Чэхія АГ 6 5 2 1 3 2
2014 Чэхія ЧС 4 10 4 4 8 14
Агулам юніёры 12 13 17 30 8
Агулам дарослыя 111 41 53 93 68

Рэкорды ў НХЛ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвесткі паводле стану на 13 красавіка 2014.

  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў — 124
  • Найбольшая колькасьць галоў у авэртаймах — 18
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў правага нападніка — 1050
  • Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон правага нападніка — 149
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 87
  • Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон эўрапейскага гульца — 149
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон эўрапейскага гульца — 87
  • Найбольшая колькасьць галоў эўрапейскага гульца — 705
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў эўрапейскага гульца — 1050
  • Найбольшая колькасьць пунктаў эўрапейскага гульца — 1755
  • Найбольшая колькасьць нічыйных галоў эўрапейскага гульца — 11 (разам з Тээму Сэлянэ)
  • Найбольшая колькасьць кідкоў эўрапейскага гульца — 5109
  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 16
  • Найбольшая колькасьць сэзонаў запар з 30 і болей галамі (19912007) — 15 (разам з Майкам Гартнэрам)
  • Найбольшая колькасьць сэзонаў запар з 70 і болей пунктамі — 15
  • Найбольшы перапынак паміж выхадамі ў фінал Кубка Стэнлі — 21 год
  • Адзіны гулец, які выступаў у фіналах Кубка Стэнлі падлеткам і ва ўзросьце болей за 40 гадоў
  • Найстарэйшы гулец, які зарабіў 60 пунктаў за сэзон.

Рэкорды «Пітсбург Пінгвінз»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Пітсбург Пінгвінз», чэмпіёны 1990—1992
  • Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон правага нападніка — 149
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 87
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон эўрапейскага гульца — 87
  • Найбольшая колькасьць галоў у большасьці за сэзон эўрапейскага гульца — 20
  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў за сэзон — 12
  • Найбольшая колькасьць кідкоў за сэзон — 403
  • Найбольшая колькасьць пунктаў правага нападніка — 1079
  • Найбольшая колькасьць пунктаў эўрапейскага гульца — 1079
  • Найбольшая колькасьць галоў правага нападніка — 439
  • Найбольшая колькасьць галоў эўрапейскага гульца — 439
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў правага нападніка — 640
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў эўрапейскага гульца — 640
  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф — 78
  • Найбольшая колькасьць галоў у большасьці правага нападніка — 110
  • Найбольшая колькасьць галоў у большасьці эўрапейскага гульца — 110
  • Найбольшая колькасьць галоў у меншасьці эўрапейскага гульца — 9
  • Найбольшая колькасьць галоў у авэртаймах — 9
  • Найбольшая колькасьць нічыйных галоў — 10
  • Найбольшая колькасьць кідкоў правага нападніка — 2911
  • Найбольшая колькасьць кідкоў эўрапейскага гульца — 2911
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф правага нападніка — 65
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 65
  • Найбольшая колькасьць пунктаў у плэй-оф правага нападніка — 147
  • Найбольшая колькасьць пунктаў у плэй-оф эўрапейскага гульца — 147
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у меншасьці правага нападніка — 2 (разам з Эдзі Ольчыкам)
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у меншасьці эўрапейскага гульца — 2
  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў у плэй-оф — 14
  • Найбольшая колькасьць галоў у авэртайме плэй-оф — 4
  • Найбольшая колькасьць кідкоў у плэй-оф — 461
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у большасьці правага нападніка — 19
  • Найбольшая колькасьць галоў у плэй-оф у большасьці эўрапейскага гульца — 19

Рэкорды «Нью-Ёрк Рэйнджэрз»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Найбольшая колькасьць галоў за сэзон — 54
  • Найбольшая колькасьць пунктаў за сэзон — 123
  • Найбольшая колькасьць галоў у большасьці за сэзон — 24
  • Найбольшая колькасьць кідкоў за сэзон — 368
  • Найбольшая колькасьць пераможных галоў за сэзон — 9 (разам з Маркам Мэсье і Донам Мэрдакам)
  • Найбольшая колькасьць галявых перадачаў за сэзон правага нападніка — 69

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ярамір Ягр у складзе «Бруінз» узнагароджаны трафэем Прынца Ўэйлзу пасьля разгрому «Пітсбургу» ў фінале Ўсходняй канфэрэнцыі

НХЛ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода Рок(і)
Трафэй Арта Роса 1995, 1998, 1999, 2000, 2001[28]
Мэмарыяльны трафэй Гарта 1999[29]
Узнагарода Лэстэра Пірсана 1999, 2000, 2006[30]
Зборная навічкоў НХЛ 1991[31]
Удзельнік матчу ўсіх зорак НХЛ 1992, 1993, 1996, 1998, 1999, 2000, 2002, 2003, 2004[32]
Першая зборная ўсіх зорак НХЛ 1995, 1996, 1998, 1999, 2000, 2001, 2006[33]
Другая зборная ўсіх зорак НХЛ 1997[33]
Уладальнік Кубка Стэнлі 1991, 1992[32]

Чэхія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода Рок(і)
Спартовец году 2005[34]
Спартовая каманда году 1998, 2005, 2010[34]
Залатая клюшка 1995, 1996, 1999, 2000, 2002, 2005, 2006, 2007, 2008, 2011[34]

Міжнародныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ярамір Ягр — чэмпіён сьвету-2010
Узнагарода Рок(і)
Зборная ўсіх зорак чэмпіянатаў сьвету 2004, 2005, 2011[35]
Найлепшы нападнік чэмпіянату сьвету 2011[36]

КХЛ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода Рок(і)
Кантынэнтальны кубак 2011[37]
Удзельнік матчаў усіх зорак КХЛ 2009, 2010, 2011

Іншыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода Рок(і)
Узнагарода ESPY найлепшаму гульцу НХЛ 2006
Мэдаль за заслугі другой ступені 2010

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Triple Gold Club(анг.) The IIHF. IIHFПраверана 7 ліпеня 2014 г.
  2. ^ Athlete profile: Jaromir Jagr(анг.) 1998 Nagano Olympics. CNN/SI (3 лютага 1998). Праверана 31 траўня 2014 г.
  3. ^ Super disappointment. Frustrated Jagr struggles to find lost scoring touch(анг.) // CNN/SI, 9 сьнежня 2000 г. Праверана 31 траўня 2014 г.
  4. ^ Capitals get Carter in return(анг.). ESPN (26 студзеня 2004). Праверана 31 траўня 2014 г.
  5. ^ Rangers' Jagr has shoulder surgery(анг.). ESPN (8 траўня 2006). Праверана 7 чэрвеня 2014 г.
  6. ^ Lynn Zinser.. Jagr’s New York Exit Becomes N.H.L. Farewell(анг.) // New Your Times, 5 ліпеня 2008 г. Праверана 8 чэрвеня 2014 г.
  7. ^ Jagr signs two-year deal with Avangard Omsk(анг.). TSN (4 ліпеня 2008). Праверана 8 чэрвеня 2014 г.
  8. ^ Jagr stays with Avangard Omsk(анг.). ESPN (5 траўня 2010). Праверана 8 чэрвеня 2014 г.
  9. ^ Associated Press. Jaromir Jagr returns to the NHL, signs one-year deal with new-look Flyers(анг.) // Internet Archive, 1 ліпеня 2011 г. Праверана 8 чэрвеня 2014 г.
  10. ^ Dan Rosen. (29 кастрычніка 2011) Giroux, Jagr power Flyers past 'Canes 5-1(анг.). NHL. Праверана 8 чэрвеня 2014 г.
  11. ^ Associated Press. (20 студзеня 2013) Jaromir Jagr (2 G, 2 A) dazzles in Dallas debut as Stars outlast Coyotes, 4-3(анг.) Dallas News. The Dallas Morning News. Праверана 11 чэрвеня 2014 г.
  12. ^ Associated Press. (30 сакавіка 2013) Jagr reaches assists milestone; Stars end wild’s win streak(анг.) NHL. TSN. Праверана 11 чэрвеня 2014 г.
  13. ^ The Associated Press. (2 красавіка 2013) Stars trade Jagr to Bruins for two prospects, draft pick(анг.) NHL. TSN. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  14. ^ Matt Kalman. (4 красавіка 2013) Jagr scores only goal in Bruins’ shutout of Devils(анг.). НХЛ. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  15. ^ Caryn Switaj. (21 красавіка 2013) Moving in the Right Direction(анг.). «Бостан Бруінз». Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  16. ^ Corey Masisak. (11 чэрвеня 2013) After 21 years, Bruins’ Jagr back in Stanley Cup Final(анг.). НХЛ. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  17. ^ Adam Gretz. (26 чэрвеня 2013) Jaromir Jagr won't be back with Bruins(анг.) CBS Sports Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  18. ^ Eric Duhatschek. (22 лістапада 2013) Ageless Jagr reaches two more career milestones(анг.) Sports » Hockey. The globe and mail. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  19. ^ Stats(анг.). НХЛ. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  20. ^ Jagr ties Messier for seventh place on NHL goals list(анг.). НХЛ (22 сьнежня 2013). Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  21. ^ Rod Perry. (14 студзеня 2014) Jaromir Jagr scores 695th career goal, passes Messier(анг.) NHL. CBS Sports. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  22. ^ Allan Kreda. (1 сакавіка 2014) Jaromir Jagr Gets 700th Goal, and Devils Rout the Islanders(анг.) Hockey. New York Times. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  23. ^ Mike G. Morreale. (13 красавіка 2014) Devils’ Jagr passes Howe on all-time assists list(анг.). НХЛ. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  24. ^ Jagr announces retirement from international play(анг.). НХЛ (25 траўня 2014). Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  25. ^ Historie klubu(чэс.) Historie. Hokejový klub KladnoПраверана 7 ліпеня 2014 г.
  26. ^ Jaromir Jagr(анг.). Nutrend. Праверана 7 ліпеня 2014 г.
  27. ^ Jsem pravoslavný křesťan, přiznal Jágr(чэс.) // iDNES.Cz, 4 чэрвеня 2003 г. Праверана 1 ліпеня 2014 г.
  28. ^ Art Ross Trophy(анг.). НХЛ. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  29. ^ Hart Memorial Trophy(анг.). НХЛ. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  30. ^ Ted Lindsay Award(анг.). НХЛ. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  31. ^ NHL All-Rookie Teams(анг.) Hockey-Reference. Sports Reference LLC.. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  32. ^ а б Jaromir Jagr(анг.) Hockey-Reference. Sports Reference LLC.. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  33. ^ а б NHL All-Star Teams(анг.) Hockey-Reference. Sports Reference LLC.. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  34. ^ а б в Jaromír Jágr(чэс.) Sportovci.cz Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  35. ^ All-Star Teams — IIHF World Championship(анг.). Hockey Canada. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  36. ^ IIHF Directorate Awards and Most Valuable Player — IIHF World Championship(анг.). Hockey Canada. Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  37. ^ Alexei Shevchenko. (18 лютага 2011) Continental Cup to Omsk(анг.). КХЛ. Праверана 23 ліпеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ярамір Ягрсховішча мультымэдыйных матэрыялаў