Гісторыя Чачэрску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Чачэрскмагдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, палац Чарнышовых і царква Сьвятога Спаса, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, цэрквы Раства Багародзіцы і Ўшэсьця Гасподняга, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных зьвестак, Чачэрск узьнік у канцы X ст. на месцы гарадзішча Замкавай Гары, на беразе Чачоры пры ўтоку яе ў Сож. Першы пісьмовы ўпамін пра горад радзімічаў Чичерск, які князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром князю чарнігаўскаму Сьвятаполку Алегавічу, зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1159 годам. У XII—XIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ратуша, абмеры

У сярэдзіне XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласьці. У 1387—1390 гадох ён знаходзілася ў валоданьні Скіргайлы, потым местам кіравалі намесьнікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага гораду збудавалі замак. У 1501—1518 гадох Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных фэўдалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегам і інш.). У 1506 годзе места вытрымала сьпярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.

У 1509 годзе Чачэрск ўпамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводзтва[1]. У 1510 годзе ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбурскае права[2]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 1629 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год.

У 1704 годзе ў Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліцаў, дзейнічалі 4 царквы і касьцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 годзе ў месьце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 годам у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і мескія ўмацаваньні.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Раства Багародзіцы, абмеры

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чачэрск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Рагачоўскай правінцыі, пазьней — цэнтрам воласьці Рагачоўскага павету. У 1774 годзе расейскія ўлады перадалі места ў валоданьні генэрала Чарнышова. У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 годзе — паштовая кантора, у 1796 годзе — цагельня. У 2-й палове XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касьцёл і палац. З 1788 году дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 год у мястэчку было 273 двары.

На 1880 год у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучэльні і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 годзе пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл і 6 юдэйскіх малітоўных школ, працавалі лякарня, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сож, зь якой у 1900 годзе адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[3]. На 1908 год — 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 годзе пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 годзе — спажывецкае таварыствы. З 1 сакавіка 1918 да 14 студзеня 1919 году Чачэрск займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 гадох Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёну, 3 лістапада 1971 году ён атрымаў статус места.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]