Пародыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Пародыя (грэц. παρῳδία — сьпевы навыварат) — камічнае перайманьне стылю і кірунку пісьменства, што знарок скажае і акарыкатурвае рысы арыгінала дзеля высьмейваньня. Ёсьць крытыкай твора паводле мысьленнага і стылёвага напаўненьня, мастацкага разуменьня і грамадзкага стаўленьня творцы. Пры перайманьні жанра арыгінала захоўвае яго кампазыцыю і стыль. Супярэчнасьць выгляду арыгінала паводле зьместу спрыяе адрознаму сэнсаваму напаўненьню і адваротнаму тлумачэньню яго асноўнай думкі. Мастацкая вартасьць заключаецца ў выразнай пазнавальнасьці рысаў арыгінала.

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьместу бывае: 1) грамадзянская (Якуб Колас «Малебен»), 2) літаратурная (Цімох Дзераза «Літаратурная пародыя») і 3) побытавая (Георгі Юрчанка «З Уладзімера Скарынкіна»). Вылучаюцца парадыйныя ода (Аляксандар Сумарокаў), памфлет (Вальтэр, Даніель Дэфо і Джанатан Сўіфт), раман (Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль») і трагедыя (Іван Крылоў «Падшчыпа»). Бываюць пародыі на прамову, рэпартаж, дэтэктыўныя, паэтычныя, празаічныя і драматычныя творы, крытычныя працы.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускай літаратуры сустракаецца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 стагодзьдзя. Склалася ў жанр да сярэдзіны 19 стагодзьдзя (паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына і «Энэіда навыварат» Вікенція Равінскага). Блізкія да побытавай і грамадзянскай пародыі «Калыханка» Францішка Багушэвіча, «Янка і свабода» і «Ісьцінна чорнае трыо» Я.Купалы ды «Пратэст» Ядвігіна Ш. Надзённасьцю вызначаюцца пародыі Кандрата Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску» і «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі "Гвалт над формай"»). У 19201930-я гг. пародыі пісалі Андрэй Александровіч, Я.Колас, Янка Купала, Паўлюк Трус і Мікола Хведаровіч. Сустракаецца ў Рыгора Барадуліна, Васіля Віткі, Артура Вольскага, Анатоля Вялюгіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Дзяргая, Хведара Жычкі, Аляксея Зарыцкага, Петруся Макаля, Міколы Мятліцкага, Міхася Скрыпкі і Язэпа Таўшчэзнага. У пачатку 1970-х гадоў зьявілася паэма Н.Гілевіча «Сказ пра Лысую гару» аб нечаканасьцях жыцьця пісьменьніцкага гурту і тагачаснай пісьменьніцкай творчасьці. Парадыйныя складнікі знаходзяцца ў празаічных творах Міраслава Адамчыка, Пятра Васючэнкі, А.Вырвіча, Адама Глёбуса, у п’есах Алега Ждана, Сяргея Кавалёва і Алеся Петрашкевіча[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Любоў Гарэлік. Пародыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 101. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Пародыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў