Паўль Флемінг
Па́ўль Фле́мінг (па-нямецку: Paul Fleming; 5 кастрычніка 1609, Хартэнштайн — 2 красавіка 1640, Гамбург) — нямецкі паэт XVII ст. Адзін з найвыбітнейшых лірыкаў нямецкага барока.
Зьмест |
Біяґрафія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў Хартэнштайне ў Саксоніі, сын лютэранскага пастара. Да 14 гадоў атрымлівае хатнюю адукацыю, пасьля, залічаецца ў прэстыжную гімназію ў Томасшуле (Thomasschule). У 1628 годзе паступае ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт, дзе вывучае мэдыцыну й пачынае пісаць свае першыя рыфмаванкі на латыні. Менавіта ў Ляйпцыгу Флемінг сустракае Марціна Опіца й становіцца яго адданым вучнем.
Некалькі гадоў працаваў у расейскай амбасадзе. Некаторы час жыў у Рэвелі (суч. Талін, Эстонія). У кастрычніку 1635 году далучыўся да амбасады ў Пэрсіі. Па вяртаньні ў Эўропу, у 1640 годзе атрымлівае ступень доктара мэдыцыны.
Флемінг плянаваў зноў адправіцца ў Рэвель, каб ажаніцца на купецкай дачцэ Ганьне Ніхузэн (зь якой заручыўся пад час сваёй першай вандроўкі), але па дароге памёр у Гамбургу ад ятрасьці лёгкіх.
Творчасьць [рэдагаваць]
Літаратурную спадчыну Флемінга складае найцудоўнейшая лірыка таго часу. Яго любоўныя вершы ўражваюць глыбінёй пачуцьцяў, прагай да жыцьця й адначасова барочным успрыманьнем яго хісткасьці. Яго рэлігіёзныя гімны прасякнуты ўласьцівымі для таго часу ідэямі філязофіі стаіцызму. Некаторыя з гімнаў Флемінга ўключаны ў сучасныя зборы рэлігійных сьпеваў. Яго паэзія прасякнута міталягічнымі алюзіямі, сэнтэнцыямі й складанымі барочнымі мэтафарамі.
Ідэі стаіцызму яскрава праяўленыя ў ягоным творы «Развагі пра час», дзе паэт даводзіць, што час — гэта нішто іншае, як мы самі, а таму й ўсю адказнасьць нясем толькі мы. Паэт заклікае да стаічнай мудрасьці, да вернасьці свайму «я».[1] Назва яго верша «Да самога сябе» адразу вызначае тэматыку твора, адсылаючы да вядомага трактату Марка Аўрэлія «Трактат да самога сябе», дзе той зьмяшчае «шчасьце і няшчасьце» ў самым чалавеку, якое робіцца вытворным ад яго сьвядомасьці.
Зь беларускіх выданьняў верш Паўля Флемінга «Я не зьмяню што ёсьць» быў надрукаваны ў літаратурным часопісе «Калосьсе» ў перакладзе Васіля Сёмухі.[2] Верш «Як ён хоча цалавацца» ўвайшоў у анталёгію сусьветнае паэзіі «Галасы з-за небакраю».[3]
Крыніцы [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Літаратурнае радыё. Пауль Флемінг. Пераклады.
- Літаратурнае радыё. Пауль Флемінг. Да Германіі.
- Перакладчыкі з Вілейшчыны. Паўль Флемінг «Як ён хоча цалавацца»
- Творы Флемінга на сайце «Projekt Gutenberg» (ням.)
- Вершы Флемінга ў перакладзе Льва Гінзбурга (рас.)