Полацкі Богаяўленскі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Краіна Беларусь
Места Полацак
Каардынаты 55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д. / 55.48417° пн. ш. 28.76833° у. д. / 55.48417; 28.76833Каардынаты: 55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д. / 55.48417° пн. ш. 28.76833° у. д. / 55.48417; 28.76833
Канфэсія праваслаўе
Статус Ахоўная зона
Полацкі Богаяўленскі манастыр на мапе Беларусі
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Полацкі Богаяўленскі манастыр
Полацкі Богаяўленскі манастыр на Вікісховішчы

Полацкі Богаяўленскі манастыр — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Полацку. Знаходзіцца на правым беразе Дзьвіны, на гістарычнай Вялікай вуліцы[a]. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока і клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з Богаяўленскай царквы і жылога корпуса зь дзьвюма цёплымі Эўрасіньнеўскай і Кацярынінскай цэрквамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля пабудовы манастыра 8 траўня 1582 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў два пляцы і вызваліў яго ад мескіх павіннасьцяў[1]. У XVI—XVIII стагодзьдзяў манастыр складаўся з драўлянай царквы і будынка брацкай школы. Падпарадкоўваўся беспасярэдне Кіеўскай мітраполіі і канстантынопальскаму патрыярху. Упамінаецца ў 1633—1636 гадох, калі князь Самуэль Леў Агінскі і міравы земскі судзьдзя Сэбастыян Мірскі аднавілі прыстанак па пажары і паспрыялі заснаваньню праваслаўнага брацтва. У 1633 годзе манастыр як праваслаўны зацьвердзіў сваёй граматай кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза. Сэбастыян Мірскі ахвяраваў пляц на Вялікай вуліцы дзеля пабудовы тэатра і школы (у 1656—1659 гадох у ёй выкладаў беларускі пісьменьнік і філёзаф Сімяон Полацкі). У 1650-я гады маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч перадаў манастыру апусьцелы Спаскі манастыр зь яго вёскамі і двума млынамі на рацэ Палаце. У манастырскім архіве захоўваліся старажытныя акты і прывілеі, сярод якіх былі граматы маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча 1655—1660 гадоў. Асноўнай уласнасьцю манастыра была вёска Ропна.

У чэрвені 1683 году манастыр пацярпеў ад мескага пажару, таму манахі мусілі закласьці на правабярэжным баку Полацка капліцу і новую царкву. Па пажары 1757 году ў 1761—1779 гадох збудавалі мураваную Богаяўленскую царкву.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Полацак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1782 годзе архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект пашырэньня манастыра. Прадугледжвалася раскрыцьцё архітэктурнага ансамбля ўздоўж Вялікай вуліцы — з бакоў царквы паўсталі два 2-павярховыя будынкі, разьмешчаныя чырвонай лініяй вуліцы: з захаду жылы корпус, з усходу — школа (з 1835 году мужчынская духоўная вучэльня, не захавалася). У 1798 годзе манастыр пакінулі за штатам, а ў 1842 годзе ўзьвялі ў другую клясу. У пачатку XIX ст. з усходу ад царквы збудавалі «эканамічны дом» (не захаваўся). У пачатку XX ст. пры манастыры налічвалася 28 чалавек браціі пад кіраўніцтвам архімандрыта Яўфімія.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920-я гады савецкія ўлады зачынілі манастыр. У 1970-я гады жылы корпус рэстаўравалі, па чым яго выкарыстоўвалі як жылы дом. Пазьней будынак прыстасавалі пад музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага і музэй беларускага кнігадрукаваньня. У 1959 годзе на будынку павесілі мэмарыяльную дошку Сімяону Полацкаму.

Па рэстаўрацыі ў 1981 годзе ў царкве разьмяшчалася карцінная галерэя. У 1991 годзе царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Богаяўленская царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сабор Божага Яўленьня (Полацак)

Царква Божага Яўленьня — помнік архітэктуры барока. Гэта крыжова-купальная базыліка з 2 вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе і паўкруглай апсыдай. Над перакражаваньнем асноўнага аб’ёму і трансэпту — высокі сьветлавы барабан з сфэрычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купаламі завяршаюцца 1-ярусныя фасадныя вежы, паўночная зь якіх зьяўлялася званіцай (7 званоў). Сьцены вежы, грані барабана праразаюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і падзяляюцца пілястрамі ў прасьценках. Галоўны фасад вэртыкальна падзяляецца магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, восьсю сымэтрыі аркавы ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сымэтрыі бакавых фасадаў падкрэсьліваецца рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Пэрымэтрам будынка праходзіць карніз простага профілю.

Усярэдзіне 4 масіўныя слупы квадратнага сечавы, перакінутыя церазь іх аркі і ветразі нясуць сфэрычны купал зь ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам мае выгляд ратонды. Перакрыцьці — цыліндрычныя скляпеньні на распалубках. Над нартэксам на тройной аркадзе разьмяшчаюцца хоры з каванай агароджай. На левым перадалтарным слупе месьціцца ракальная арка — выхад на колішні амбон. Фрагмэнтарна захаваўся фрэскавы росьпіс на ўнутранай паверхні барабана.

Жылы корпус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жылы корпус — помнік архітэктуры барока і клясыцызму. Гэта Г-падобны ў пляне будынак. Ва ўсходнім крыле разьмяшчаліся кельлі манахаў, пакоі ігумена, у кутняй частцы — дзьве цёплыя царквы: Эўфрасіньнеўская і Кацярынінская (плян зьмяніўся). З прычыны няроўнасьці рэльефу частка будынка мае наўпадвальны паверх. Галоўны (паўночны) фасад арыентуецца на гістарычную Вялікую вуліцу. У кампазыцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстоўваецца характэрны для клясыцызму прынцып ордэру, але безь яго вэртыкальных частак. Першы паверх выступае як п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, дэкаруецца рустам і падзяляецца невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі. На гладкай паверхні сьценаў другога паверха — шырокі пасак, вокны больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завяршаюцца разьвітым прафіляваным карнізам. Кутняя частка (тут знаходзіліся кельлі) вылучаецца чатырма дарыцкімі паўкалёнамі, завяршаецца франтонам і невялікай вежай з купалам на цыліндрычным барабане[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Ніжне-Пакроўская, 22, 24

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Полацкі Богаяўленскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 452.
  2. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000617