Купал
Купал (па-італьянску: cupola — купал, скляпеньне, ад лац. cupula — бочачка) — прасторавае перакрыцьцё збудаваньняў з рознымі плянамі, а таксама іхных частак.
У спалучэньні зь іншымі канструкцыйнымі элемэнтамі (ветразь і інш.) купал дазваляе перакрываць аб'ёмы круглай, квадратнай, шматкутнай і эліптычнай формаў[1]. У канструкцыі купала звычайна ўзьнікае гарызантальнае напружаньне, якое перадаецца на ніжняе нясучае кальцо самога купала.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Гісторыя купалоў распачалася яшчэ ў старажытныя часы, але тэхналягічна складаныя і вялікія купалы пачалі будаваць толькі ў Рымскай імпэрыі, дзе іх выкарыстоўвалі ў архітэктуры бажніцаў і буйных грамадзкіх збудаваньняў. У наш час найстаражытнейшы з існых купалоў знаходзіцца ў рымскім Пантэоне, збудаваным каля 128 нашай эры. Апроч таго, рымляне выкарысталі купалы ў шэрагу пабудоваў (у тым ліку і хрысьціянскіх храмаў), датаваных I—VI стст.
Пазьней традыцыю будовы купалоў пераняла бізантыйская рэлігійная і сакральная архітэктура. Кульмінацыяй гэтага пэрыяду зрабілася ўжываньне рэвалюцыйнай ветразнай тэхналёгіі пры ўзьвядзеньні Сафійскага сабору ў Канстантынопалі.
Па заваёве мусульманамі імпэрыі Сасанідаў і Бізантыйскага Блізкага Ўсходу, купал зрабіўся таксама часткай мусульманскай архітэктуры.
У Заходняй Эўропе купалы зноў набылі папулярнасьць у эпоху Рэнэсансу, і дасягнулі росквіту напачатку XVIII ст. у архітэктуры барока.
На Беларусі купалы зьявіліся ў ХІ стагодзьдзі і неўзабаве атрымалі шырокае распаўсюджаньне ў розных тыпах пабудоваў і разнастайных стылявых кірунках.
Віды купалоў [рэдагаваць]
Бізантыйскія купалы [рэдагаваць]
Бізантыйскія або ветразныя купалы ўяўляюць сабою ветразь, асновы якога ня проста ўтвараюць аркі для падтрымкі купала над ім, а сыходзяцца ў цэнтры прасторы і такім чынам самі ўтвараюць купал. Завяршэньні падобнага кшталту маюць падабенства з квадратным ветразем, замацаваным знізу ў чатырох кутах і пададзьмутым зьнізу.
Дадзеныя купалы адносіцца да тыпу найбольш простых канструкцыя: для падтрыманьня формы, у адрозьненьні ад купалоў-шаломаў, не патрабуецца стварэньня драўлянага ці мэталёвага каркасу або запаўненьня нутранай прасторы цэглай.
Згодна з найбольш пашыраным меркаваньнем бізантыйскі тып завяршэньня сакральных будынкаў панаваў на Русі (Кіеў, Чарнігаў, Смаленск і інш.) да мангольскай навалы.
Такім чынам, менавіта бізантыйскія (ветразныя) купалы выкарыстоўваліся пры будове Кіеўскага і Полацкага Сафійскіх сабораў.
Банькі [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Баня (купал)
Баняй або банькай называюць купальнае пакрыцьцё паўкруглай формы або круглы купал у завяршэньні вежаў ці вярхоў[3].
Таксама гэтае слова пазначае шмат’ярусныя фігурныя самкнутыя купалы грушападобнай формы з заломамі, пашыраныя ў сакральнай архітэктуры барока[4].
У адрозьненьні ад гладкіх купалоў-цыбулінаў маскоўскіх праваслаўных храмаў, банькі маюць складаны сылюэт і падзел на грані[5].
Купалы-цыбуліны [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Купал-цыбуліна
Купалы-цыбуліны маюць пукатую форму з плыўным завострываньнем у верхавіне і падобныя на цыбуліну. Традыцыйна ўжываюцца ў Расеі, Турэччыне, Індыі і на Сярэднім Усходзе. Дадзеныя купалы звычайна маюць большы дыямэтар, чым аснова, на якой яны стаяць, а іхная вышыня пераўзыходзіць шырыню. Асноўныя адрозьненьні гэтых купалоў ад традыцыйных для дойлідзтва Беларусі барокавых завяршэньняў сакральных збудаваньняў — баняў — адсутнасьць падзелу на грані, просты сылюэт[5].
Згодна з найбольш пашыраным меркаваньнем, выкладзеным у шэрагу падручнікаў, даведнікаў, навуковых і папулярных працаў[6], купалы-цыбуліны ўпершыню пачалі выкарыстоўвацца ў архітэктуры Маскоўскай дзяржавы ў 2-й пал. XVI ст. Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што купалы падобнага кшталту, старэйшыя за мяжу XVI—XVII стст., да нашага часу не захаваліся[7].
Некаторыя дасьледнікі разглядаюць дадзены архітэктурны элемэнт як запазычаньне ў мусульманаў[8][9][10], існуюць і іншыя тлумачэньні[11][6]
Купалы-шаломы [рэдагаваць]
Згодна з найбольш пашыраным азначэньнем, купалы-шаломы маюць спэцыфічную форму з кілепаддобным верхам, блізкую да формы старажытнарускага шалома. У адрозьненьні ад купалоў-цыбулінаў, вышыня гэтых купальных завяршэньняў заўжды меншая за шырыню[6].
Расейскі мастацтвазнавец С. Заграеўскі пераканаўча давёў, што дадзеная форма купалоў зьявілася толькі ў XVII ст. Менавіта ў гэты час расейскія ўлады пачалі масава замяніць на шаломы старыя цыбулепадобныя завяршэньні з мэтай стылізацыі ўласных цэркваў «пад даўніну»[6]. У выніку падобнай фальсыфікацыі зьявілася тэорыя паступовай эвалюцыя купальных завяршэньняў, згодна зь якой на першым этапе запазычаныя зь Бізантыі купалы паступова «выцягваліся» ўгару (як і прапорцыі саміх храмаў) і ператварыліся ў купалы-шаломы. Затым, пасьля таго як у XVI ст. зьявілася шатровае дойлідзтва, «вышыннасьць» шаломападобных частак зрабілася недастатковай, і над купалам пачалі надбудоўваць канструкцыі ў форме цыбулінаў[12].
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Купал // Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў / Уклад. Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2001.
- ^ Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 137.
- ^ Якимович, Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. — Мн., 1991.
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. С. 281.
- ^ а б Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 132.
- ^ а б в г д Заграевский С. В. Формы глав (купольных покрытий) древнерусских храмов. — М., 2008.
- ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 58.
- ^ Бондаренко И. А. К вопросу о происхождении луковичной формы церковных глав // Народное зодчество. — Петрозаводск, 1998.
- ^ Смирнова Э. С. Московская икона XIV—XVII веков. — Л., 1988. С. 47.
- ^ Сяргей Харэўскі. Мosquées à Moscou, альбо яшчэ раз пра «цыбуліны» // «Наша Ніва», 19 лістапада 2010.
- ^ Лидов А. М. Иерусалимский кувуклий. О происхождении луковичных глав // Иконография архитектуры. — М., 1990. С. 59.
- ^ Новицкий А. П. Луковичная форма глав русских церквей // Московское археологическое общество. Древности. Труды комиссии по сохранению древних памятников. Т. III. — М., 1909. С. 349—362.
Літаратура [рэдагаваць]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Купал — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||||||||||||||||||||